top of page

МСЦІСЛАЎ У ЖЫЦЦІ ПАЭТА А. КУЛЯШОВА
 

2017 ...................

Жыццё вядомага беларускага пісьменніка Аркадзя Аляксандравіча Куляшова непарыўна звязана з нашым горадам. У 1928–1930 гадах ён вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме. Аркадзь Куляшоў лічыў, што яму пашанцавала апынуцца ў Мсціславе сярод выключна таленавітых людзей.
Тут ён набываў грунтоўныя веды, напісаў нямала юнацкіх вершаў. Яго нагамі тут густа ўтаптаны сцежкі. За час вучобы ў Мсціславе паэт наведаў многія мясціны, прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, сустракаўся з беларускімі пісьменнікамі, якія нярэдка прыязджалі сюды. Тут склалася выдатная супольнасць трох сяброў, якую К. Крапіва трапна ахрысціў амсціслаўскай пляядай: супольнасць 3. Астапенка – Ю. Таўбін – А. Куляшоў.
У тыя гады Мсціслаў быў своеасаблівым цэнтрам пачынаючых паэтаў і празаікаў, якія групаваліся вакол літаратурнага аб’яднання «Маладняк», што было створана ў лютым 1927 года пры педтэхнікуме. Філія «Маладняк» у педтэхнікуме налічвала каля дваццаці чалавек. Яго кіраўніком быў абраны Іван Міхневіч – адзін з пачынаючых аўтараў.
Жыццё ў Мсціславе было кіпучае, вясёлае, бурнае і цікавае. У гэтае кіпучае студэнцкае жыццё акунуўся А. Куляшоў. У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў: «3. Астапенка і Ю. Таўбін былі старэйшыя за мяне, творчая дружба з больш вопытнымі таварышамі станоўча ўплывала на далейшае развіццё маіх паэтычных здольнасцей».
А. Куляшоў у час вучобы на першым курсе жыў на кватэры ў С.А. Таўбінай – маці Ю. Таўбіна. Гэта кватэра была чымсьці накшталт літаратурнага клуба. У кватэры Таўбіных, дзе жыў З. Астапенка, А. Куляшоў, збіраліся пасля заняткаў Янка Гоманаў, Зяма Півавараў, Сяргей Калугін, Яўген Сінякоў і іншыя. Тут абмяркоўваліся новыя творы таварышаў, розныя літаратурныя навіны, планы друкаванага на машынцы часопіса «Юнацкі кліч».
Спрачаліся пра паэзію і прозу, пра новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў, пра літаратурныя арганізацыі і плыні ў Беларусі, пра падзеі ў краіне, педтэхнікуме. Тут заўжды гучаў смех, было шумна, весела і цікава.
А. Куляшоў адразу звярнуў на сябе ўвагу членаў арганізацыі. Вучачыся ў сямігодцы, Аркадзь надрукаваў ужо некалькі сваіх вершаў у газеце «Наш працаўнік» пад псеўданімам Аркадзь Дуда. У гэтай газеце змяшчалі свае творы пачынаючыя аўтары з Мсціслава, друкавалі свае допісы мясцовыя селькоры.
Аркадзь звычайна гаварыў мала, спрачацца асабліва не любіў, больш слухаў старэйшых таварышаў. Хлопец ён быў ціхі, сціплы, вытрыманы, за што падабаўся ўсім. Заданні па прадметах выконваў старанна.
На другім курсе педтэхнікума А. Куляшоў жыў у студэнцкім інтэрнаце. Сябры прыдумалі назвы сваім інтэрнатам: «Версаль», «Парыж». I да гэтага часу будынак насупраць школы № 1 называецца Парыжам.
У гады вучобы ў Мсціслаўскім педтэхнікуме вершы А. Куляшова друкуюцца на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў, а ў 1930 годзе выходзіць яго паэтычны зборнік «Росквіт зямлі».
3 трапяткой уважлівасцю адносіўся паэт да памяці сваіх сяброў па Мсціслаўскаму педтэхнікуму 3. Астапенкі і Ю. Таўбіна. Нават адчуваў нейкую віну перад імі: іх няма, а я жыву. Памяці сваіх юнацкіх сяброў прысвяціў уражлівую паэму «Маналог» (1964–1965).
Беларусь памятае свайго выдатнага сына. Адноўлены яго музей на Касцюкоўшчыне, перавыдаюцца вершы і паэмы. Устаноўлена літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. Адна з вуліц горада Мсціслава названа ў гонар паэта. Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт таксама носіць яго імя.
У 1996 годзе ў Мсціслаў прыязджала дачка Аркадзя Куляшова са сваёй унучкай. Ёй цікава было паглядзець тыя мясціны, якія звязаны з імем яе бацькі. Яна наведала сярэднюю школу № 1. Адбылася сустрэча з вучнямі. Цікава было слухаць пра тое, як яна прывозіла бацьку ў Мціслаў, як ён купаўся ў Віхры, хадзіў па вуліцах, успамінаючы свае маладыя гады...
Горад Мсціслаў застаўся ў памяці А. Куляшова назаўсёды.

Сідарэнка, Л. Мсціслаў у жыцці паэта А. Куляшова / Л. Сідарэнка //

Святло кастрычніка (Мсціслаў). — 2017. — 21 студзеня. — С. 3. 

bottom of page