Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
«У ПЯКЕЛЬНЫМ АГНІ ТРАГЕДЫІ»
З «Кнігі пра бацьку»
1986 .............................
Рукапісаў бацька мой не зберагаў, але асобныя лісткі розных фарматаў – ад дарожнага блакнота да школьнага сшытка – пранёс праз усе франты. Гэта рукапіс паэмы «Сцяг брыгады». Першы яе варыянт, тое, што вырвалася з яго збалелай душы за лета і восень 42-га.
«Зімой 1942 года ў адной маскоўскай кватэры сабраўся гурток сяброў-пісьменнікаў, каб паслухаць беларускага паэта Аркадзя Куляшова, які прыехаў з фронту з новай паэмай у палявой сумцы.
Першае знаёмства з гэтым творам – адно з найбольш яркіх і дарагіх для мяне ўспамінаў ваеннай пары», – напіша пасля А. Твардоўскі ў артыкуле «Паэма «Сцяг брыгады».
Пэўны час паэму чыталі вось так, у пісьменніцкіх колах, а ў студзені 1942 адбыліся яе чытанні ў Доме літаратараў у Маскве.
П. Панчанка, напрыклад, упершыню пачуў «Сцяг брыгады» ў выкананні Куляшова ў нумары гасцініцы «Масква», дзе той спыніўся, прыехаўшы з фронту. Пімен Емяльянавіч слухаў тады паэму не адзін, а ў кампаніі з А. Фадзеевым, А. Малышкам і А. Твардоўскім, адзіным, хто ўжо чуў паэму раней, але заўсёды слухаў яе з нязменным захапленнем.
Дачка выдатнага беларускага празаіка Кузьмы Чорнага Р. Раманоўская неяк у размове са мной успомніла даўні эпізод, сведкай якога яна стала ў тыя дні.
Да яе хворага, прыкаванага да ложка, бацькі прыйшлі ў адведзіны два невядомыя беларускія паэты, якія, як і Чорны, жылі ў гасцініцы «Масква». Убачыўшы на тумбачцы рукапіс «Сцяга брыгады», паэмы, якую яны станоўча не прымалі, паэты так раз’юшыліся, што Чорны, хвалюючыся за лёс рукапісу, вымушаны быў стрымліваць іх:
– Хлопцы, – прасіў ён слабым голасам, што вы робіце, гэта ж твор вялікага таленту!
Рагнедзе Мікалаеўне ішоў тады пятнаццаты год, але сцэна гэтая адбілася ў яе памяці яшчэ і таму, што яна не была абыякавай да таго, што адбывалася на яе вачах. У гэты час яна ўжо была пазаштатным перакладчыкам Беларускага радыё (перадачы ішлі на тэрыторыю акупіраванай немцамі Беларусі), аб яе рабоце добра адзываўся рэдактар С. Майхровіч.
У тым, што паэма Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады», якая сёння па праву ўваходзіць у залаты фонд савецкай літаратуры, не ўсюды і не адразу знайшла належную ацэнку, няма нічога дзіўнага, бо яна не толькі ў пэўнай ступені ламала традыцыі вершаскладання, якія ўжо ўстаяліся ў беларускай паэзіі, але ўзрывала і ўсе каноны пабудовы сюжэта, уводзячы ў паэзію будзённыя дні вайны з іх нетыповымі для мірнага часу трагедыямі. І трэба было быць Твардоўскім, каб зразумець вартасць паэмы і даць ёй аб’ектыўную ацэнку.
Не так даўно, калі я зноў гартала дарагі мне рукапіс, маю ўвагу прыцягнулі да сябе наступныя радкі:
Ці дарога пеш змагла,
Што глядзець я не змог,
Невядома,
Толькі вочы заслала імгла
I зямля з-пад ног паплыла,
I я ўпаў
I згубіў прытомнасць.