top of page

МЫ АДЧУВАЕМ
ЯГО ЖЫВУЮ ПРЫСУТНАСЦЬ...

 

1984 ...............................

З Аркадзем Куляшовым я пазнаёміўся восенню сорак трэцяга.

Гэта быў шчаслівы час для Бранскага фронту. Нашы войскі ўжо вызвалілі Мцэнск, Арол, Карачаў, Бранск, падышлі да межаў Беларусі, а перадавыя часці займалі Гомельскую і Магілёўскую вобласці.

У дні наступлення да нас з паўночнага захаду перакінулі Адзінаццатую армію. Склалася так, што мяне, карэспандэнта франтавой газеты «На разгром врага», камандзіравалі якраз у раён баявых дзеянняў Адзінаццатай. Менавіта ў гэтай арміі, у паходнай рэдакцыі, амаль з першых дзён вайны і служыў Куляшоў.

Вось мы і сустрэліся ва Ўнечы – драўляным гарадку, які нядаўна вызвалілі. Першая сустрэча наша была кароткая. Я выконваў тэрміновае даручэнне. Аркадзь таксама спяшаўся – армейская газета здымалася з месца. Усё тады было ў руху.

Невысокі, худзенькі, шэравокі, у да рэшты выцвілай гімнасцёрцы з палявымі пагонамі, у фуражцы, запыленых ботах, Аркадзь не вельмі каб нагадваў славутага паэта, аўтара «Сцяга брыгады». Трымаўся ён сціпла, сярод іншых супрацоўнікаў нібыта і не вылучаўся. Але з першых хвілін гутаркі выявіўся яго востры розум, за знешняй стрыманасцю праглядваў характар патрабавальны і неспакойны, позірк быў праніклівы. I пры гэтым час ад часу нагадвала пра сябе пачуццё гумару, без якога сапраўдны талент уявіць немагчыма.

Наогул, я прыкіпеў да яго адразу. Са свайго боку, Куляшоў таксама паставіўся да мяне душэўна і з даверам. Я даўно ведаў яго завочна, ён чуў пра мяне ад агульных сяброў. Як гэта здараецца ў маладосці, мы адразу перайшлі на «ты».

«Віліс», на якім мне трэба было прадоўжыць шлях, стаяў на выездзе з Унечы. У маім планшэце меўся квадрат новай карты, на ім лёгка можна было знайсці назвы пасёлкаў, ніткі дарог і звівы рэчак, знаёмых Куляшову з дзяцінства.

– Ты толькі зірні, – казаў ён, водзячы алоўкам па карце, разасланай на радыятары,– ад Унечы да Суража зусім блізка. Ён ужо вызвалены. Гэта яшчэ, як бачыш, бранская зямля. А наступная станцыя – вось яна – Касцюковічы, Беларусь. Дваццаць кіламетраў лявей – і я ў Саматэвічах, дзе нарадзіўся, дзе настаўнічаў мой бацька. Шэсцьдзесят правей – і будзе Хоцімск, дзе потым пасяліліся мае бацькі. Яны засталіся ў акупацыі. Ці жывыя яны?

Забягаючы наперад, нагадаю, што Куляшову пашчасціла. Дабраўшыся да Хоцімска, ён знайшоў сваіх старых. Але тады, ва Унечы, ён яшчэ не ведаў, што наперадзе. Вадзіў алоўкам па карце, і ў вачах свяцілася надзея.

Я ўспомніў у тыя хвіліны першыя радкі «Сцяга брыгады»:

«Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны, родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны...»

Адарваны лісток вяртаўся да роднай галіны. У жыцці дрэў такога цуду не здараецца. У чалавечым жыцці, на шчасце, бывае. Каб падбадзёрыць Куляшова, я падзяліўся з ім гэтай няхітрай, але суцяшальнай асацыяцыяй. Ён пастукаў па ствале прыдарожнай бярозы – каб не сурочыць.

Мы абняліся. Машына рушыла з месца. Аркадзь доўга стаяў на дарозе, махаючы рукой.

...З таго часу пачалося наша сяброўства – і чалавечае, і творчае,– якое прадаўжалася звыш трох дзесяцігоддзяў.

Няма патрэбы падрабязна гаварыць пра тое, што створана гэтым выдатным майстрам за перыяд ад сярэдзіны саракавых да канца сямідзесятых. Яго паэзія на віду, на слыху, у сэрцы кожнага з нас.

Шмат сказана і напісана пра яго асобу. Хацелася б асабліва выдзеліць адну ўласцівасць яго натуры: ён быў вялікі працаўнік. Яго выдатны талент спалучаўся з нязменным творчым напружаннем. Чалавеку недасведчанаму магло здацца, што ў Куляшова бываюць прастоі. Між паэмамі і кнігамі вершаў сапраўды здараліся немалыя паўзы. Але гэта толькі на павярхоўны погляд. Напісанню новай рэчы папярэднічалі тыдні, месяцы, нават гады паўсядзённай работы, доўгага роздуму. Толькі пасля таго, як задума прымала акрэсленыя абрысы, паэт браўся за пяро. Першы варыянт звычайна пісаўся хутка, і Куляшову тут жа хацелася ўведаць думку двух-трох блізкіх людзей. I, вядома, думку мяркуемага перакладчыка. Ён прыслухоўваўся да парад і заўваг, але далёка не з усімі згаджаўся. Але аддаваў перавагу менавіта заўвагам. Пахвалы, зразумела, былі яму прыемнымі, аднак ён і сам ведаў цану напісанаму. Унёсшы папраўкі, якія лічыў неабходнымі, Аркадзь абвяшчаў: «Зараз можна перакладаць».

А перакладаць было нялёгка. Не толькі таму, што куляшоўскі верш адрозніваецца гушчынёй пісьма, метафарычнасцю, у пазнейшыя гады – класічнай чаканкай. Для перакладчыцкага манеўру магчымасцей амаль не заставалася. Самае складанае пачыналася тады, калі думалася, што асноўныя цяжкасці адолены і пераклад удаўся. Пры сустрэчы з аўтарам гэтыя ілюзіі ў момант рассейваліся.

У рабоце Куляшоў быў нястрымны. У тэкст урываўся з поўным правам – рускай валодаў бездакорна. Спрачаліся мы да хрыпаты, пакуль не знаходзілі сумеснымі намаганнямі па-снайперску дакладны варыянт. Калі знаходка належала самому Куляшову, ён шчыра радаваўся. Калі перакладчыку – усклікваў: «Гэта ж здорава! Трэба ў гэтым месцы ўдакладніць арыгінал».

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page