top of page

«Я – АКІЯНУ ЖЫТНЯГА КАЛОССЕ...»
Па старонках «Летапісу жыцця і творчасці
Аркадзя Куляшова». 1941–1944

 

2005 ........................

Аркадзь Куляшоў – выдатны паэт, публіцыст, перакладчык, вядомы сцэнарыст, грамадскі дзеяч. Яго пяру належаць такія творы, як паэмы «Крыўда» (1930), «Аманал» (1931), «Гарбун» (1933; пазнейшая назва «Антон Шандабыла»), «Баранаў Васіль» (1937), «У зялёнай дуброве» (1938), «Хлопцы апошняй вайны» (1940), «Сцяг брыгады» (1943), «Прыгоды цымбал» (1944), «Новае рэчышча» (1948), «Простыя людзі» (1949; пазнейшая назва «Перамога»), «Толькі ўперад» (1950), «Грозная пушча» (1953–1956), «Маналог» (1964–1965), «Цунамі» (1968), «Варшаўскі шлях» (1972), «Хамуціус» (1974–1975), «Далёка да акіяна» (1969–1971) і інш.

Творчасць Аркадзя Куляшова перыяду Вялікай Айчыннай вайны багатая і разнастайная. Яна прасякнута пафасам мужнасці і гераізму. Вершы, напісаныя па гарачых слядах падзей, даносяць нам праўду таго суровага часу, раскрываюць духоўную веліч салдата, воіна, які мужна абараняе родную зямлю. Вызваліцель клянецца вярнуцца «ў дом» не «слабым жабраком», «а як бацька», які прынясе «сонца», мірнае жыццё, свабоду, дабрабыт. Сярод напісанага А. Куляшовым у гады вайны – вершы «Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Маці», «Камсамольскі білет», «На Минском шоссе», «Песня о безымянном герое», паэмы «Сцяг брыгады», «Прыгоды цымбал». Менавіта гэтыя творы выяўляюць сутнасць і значнасць сказанага паэтам-франтавіком, канцэнтруюць у сабе найбольшую эмацыйную сілу, сведчаць пра творчую сталасць мастака слова. Нельга не пагадзіцца з выказваннем украінскага літаратуразнаўцы Леаніда Навічэнкі, што ваенная паэзія А. Куляшова выяўляе «шматграннасць сувязяў мастака з рэчаіснасцю, з ідэйным і мастацкім жыццём эпохі, з сучаснасцю і мінулым» [10, 31].

Нямала кніг напісана пра творчасць народнага паэта Беларусі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова. Але пакінутая выдатным мастаком духоўная спадчына яшчэ чакае свайго асэнсавання, а творчае майстэрства спрыяе больш глыбокаму ўсведамленню многіх гісторыка-літаратурных падзей XX ст. На сучасным этапе, калі адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў, калі існуе патрэба ў новым прачытанні даволі значнай колькасці твораў, адсутнасць навукова-каментаванага выдання Збору твораў паэта з’яўляецца стрымальным фактарам у развіцці куляшовазнаўства. На пачатку 80-х гг. мінулага стагоддзя ў Інстытуце літаратуры НАН Беларусі была распачата праца па падрыхтоўцы такога выдання, але па незалежных ад Інстытута прычынах засталася незавершанай. З таго часу паспелі выйсці Збор твораў Петруся Броўкі ў 9 тамах (1987–1992), Поўны збор твораў Максіма Багдановіча ў 3 тамах (1992–1995), Поўны збор твораў Янкі Купалы ў 9 тамах (1995–2003), рыхтуецца новы, васемнаццацітомавы, Збор твораў Якуба Коласа. А. Куляшоў належыць да яркіх зорак беларускай літаратуры – тых, чыя спадчына мае права быць выдадзенай у поўным аб’ёме. Даўно пара аддаць даніну павагі выдатнаму мастаку слова, творчасць якога істотна ўзбагаціла скарбніцу нацыянальнай культуры, з’яўляецца важкім набыткам беларускай літаратуры.

Навукова-каментаванае выданне творчай спадчыны Аркадзя Куляшова значна папоўніцца за кошт не ўключаных у апошні прыжыццёвы Збор твораў пісьменніка ў 5 тамах (1974–1977) паэтычных твораў, літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, эпісталярнай спадчыны, дакументаў, ілюстрацыйнага матэрыялу, варыянтаў і розначытанняў тэкстаў, каментараў да твораў. Змястоўную старонку складзе «Летапіс жыцця і творчасці А. Куляшова». Безумоўна, вычарпальныя звесткі пра жыццё і творчасць А. Куляшова можна сабраць толькі калектыўнымі намаганнямі літаратараў, бібліёграфаў, архівістаў, блізкіх і знаёмых пісьменніка. Але ўжо нават той матэрыял, які назапашаны ў час падрыхтоўкі нявыдадзенага Поўнага збору твораў, заўважна папаўняе сціслыя аўтабіяграфічныя дадзеныя паэта. Пры гэтым выразна вымалёўваецца сацыяльна-побытавы кантэкст, эпоха, у якую давялося жыць і працаваць пісьменніку. Лаканічна пададзеныя ў пэўнай сістэме звесткі і спасылкі на адпаведныя крыніцы з’яўляюцца каштоўнай падказкай пры пошуку неабходнага матэрыялу для даследавання і асвятлення самых розных пытанняў, звязаных з жыццём і творчасцю як А. Куляшова, так і яго сучаснікаў, з нацыянальна-культурнымі падзеямі той пары.

Перагорнем франтавыя старонкі «Летапісу...» і засяродзім увагу на тых момантах, што невядомыя ці малавядомыя шырокаму колу чытачоў.

Аркадзь Куляшоў у аўтабіяграфіі засведчыў: «24 чэрвеня 1941 года пакінуў разбураны фашысцкай бамбардзіроўкай, ахоплены пажарам Мінск» [4, 326]. Менавіта гэтай датай у большасці падручнікаў пазначаны пачатак ваеннага шляху паэта. Аднак, як вядома, вайна пачалася 22 чэрвеня. Дзе ж у той дзень знаходзіўся малады творца? Як павёў сябе Куляшоў-ваеннаабавязаны, Куляшоў – паэт і грамадзянін?

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page