top of page

ТАМ, НА ПАЧАТКУ ВАЙНЫ

 

Было гэта ў канцы чэрвеня 1941 года. На зборным пункце ў Калініне, каля штабнога аўтобуса я ўбачыў чалавека з няголеным тварам. Ён павольна хадзіў, заняты сваімі думкамі. Падалося, што гэта Аркадзь Куляшоў. Але ўпэўненасці яшчэ не было. I вось позіркі нашы сустрэліся.

– Аркадзь Аляксандравіч! Хіба гэта вы? Не пазнаеце земляка?

– Пазнаю. Як не пазнаць віхрастага газетчыка. Вельмі рад сустрэчы, – адказаў А. Куляшоў.

...Зборны пункт размяшчаўся за горадам, на лузе, зарослым хмызняком. Паміж кустоў стаялі палаткі, прыкрытыя зялёнымі галінкамі, а троху наводдаль ваенныя спецмашыны. Сюды ваеннаабавязаныя прыбывалі тысячамі. Іх размяркоўвалі па вайсковых спецыяльнасцях і адпраўлялі ў часці. Праўда, далёка не кожнаму шанцавала хутка выбрацца адсюль. Затрымаліся тут і мы з Куляшовым. Нас прызначылі палітбайцамі.

Штодзень мы праводзілі з байцамі гутаркі аб ходзе баёў, міжнародным становішчы. Часценька заходзіла размова аб літаратуры, мастацтве. I ўсё ж вольнага часу заставалася яшчэ шмат. Надвячоркам Аркадзь Аляксандравіч любіў пахадзіць па росным лузе, паразважаць уголас. Цікава было яго слухаць, бо словы ішлі ад сэрца, гаварыў ён аб тым, што яго непакоіла, аб чым неадступна думаў. I, вядома, аб чым бы мы ні гаварылі, зноў і зноў вярталіся да перажытага ў час вандравання з Мінска, аб роднай зямлі, якую топчуць цяпер акупанты.

Аркадзь Аляксандравіч не спыняў работы. Вёў дзённік. Рабіў накіды новых вершаў. Словы гневу, заклік да барацьбы з ворагам прасіліся на паперу, і А. Куляшоў даваў ім выйсце. Аднойчы ён папрасіў пайсці з ім у рэдакцыю абласной газеты. Ён успомніў і запісаў свой верш у перакладзе на рускую мову і рашыў аднесці яго ў газету. Рэдактар прачытаў рукапіс адразу ж і напісаў у левым кутку: «У набор».

– Дзякую за добры верш, – сказаў ён. – Будзе ў заўтрашнім нумары.

Ад Аркадзя Аляксандравіча я даведаўся, што з Мінска ён, як і мы, выйшаў 24 чэрвеня. Спадарожнікам быў яго аднафамілец Іван Куляшоў.

– На Маскоўскай шашы, дзесьці ў раёне Уручча, – расказваў А. Куляшоў, – нас затрымаў ваенны патруль. Сярод салдат быў журналіст, былы супрацоўнік «Чырвонай змены». Прозвішча не помню. Ён пазнаў мяне і хацеў дапамагчы транспартам. Але з гэтага нічога не атрымалася. Разам з Іванам Куляшовым пешшу дайшоў да Смалявіч.

Там знайшлі ваенкамат і папрасіліся добраахвотнікамі на фронт. Просьбу нашу задаволілі. Маладых мужчын набралася з паўтысячы. Забралі ў нас ваенныя білеты. Скамплектавалі маршавы батальён і загадалі ісці ў вайсковую часць, якая размяшчалася ў раёне станцыі Калодзішчы. Толькі ўвечары 25 чэрвеня мы прыйшлі туды, але вайсковая часць, у якую мы павінны былі ўліцца, знялася ўжо з месца. Нас разбілі на некалькі груп і загадалі ісці ў напрамку Смалявічы–Барысаў. Там, сказалі нам, знойдзеце прадстаўнікоў мінскіх ваенкаматаў. Але сустрэліся мы з імі толькі ў Крупках.

У Крупках Аркадзя Аляксандравіча накіравалі ў Оршу, потым у Віцебск.

– Да Оршы, – працягваў ён свой расказ, – ішлі прасёлкамі, лясамі, хаваючыся ад нямецкіх сцярвятнікаў. Ішлі галодныя, абутак ледзь трымаўся на нагах. У лесе, каля Талачына, свае байцы прынялі нас за дыверсантаў. Пад канвоем адвялі на камандны пункт. Афіцэр праверыў дакументы і больш за ўсё паверыў майму пасведчанню члена Саюза пісьменнікаў БССР.

Аб сваіх думках, болю, з якім ён пакідаў родны кут, блуканнях па дарогах у першыя дні вайны, Аркадзь Аляксандравіч расказаў крыху пазней у сваёй бліскучай паэме «Сцяг брыгады»:

...Падхапіла мяне, маё гора,

Жаданні, трывогі

I панесла за горад

Па бітаму шклу мае ногі.

Як у час навальніцы

Ад дрэва лісток адарваны,

Пакідаў я сталіцу,

Пажарам бязлітасным гнаны.

...Другая палавіна ліпеня 1941 года. Мы з Куляшовым яшчэ знаходзімся на зборным пункце. Штодзень ходзім да начальніка палітаддзела з адной і той жа просьбай – каб хутчэй накіравалі на фронт.

– Давядзецца пачакаць, – сказаў аднойчы батальённы камісар. – Ёсць загад пісьменнікаў і журналістаў накіроўваць у часці толькі па заяўках, узгодненых з Галоўным палітычным Упраўленнем Чырвонай Арміі і палітупраўленнямі франтоў.

Зноў чакаць! Колькі можа гэта цягнуцца! Мы ўжо выходзілі з палаткі, як пачуўся зычны голас:

– Пачакайце! Адну заяўку атрымаў сёння. Рэдакцыі 242 стралковай дывізіі, якая фарміруецца ў Калініне, патрэбен сакратар. Думаю, што гэта пасада больш падыдзе Пучынскаму. Падумайце. Калі згодны, магу даць накіраванне.

Ад начальніка палітаддзела выйшлі разам з А. Куляшовым. Ён маўчаў. Але па яго твары я бачыў, што ён узрушаны.

– Ну вось, ты атрымаў кан крэтную справу, а мне яшчэ загараць.

Рассталіся мы ў канцы ліпеня. Нашу дывізію накіравалі на фронт. Праз некалькі дзён мы ўжо занялі абарону ў раёне Батурына – Белы Смаленскай вобласці. Куляшоў жа яшчэ заставаўся на зборным пункце. Але хутка і яго накіравалі ў распараджэнне 11-ай арміі ў раён Старой Русы.

Так, па волі лёсу ў суровае ліхалецце мы апынуліся разам. Незвычайныя абставіны зблізілі нас. Для мяне Аркадзь Аляксандравіч у той час быў самым блізкім чалавекам. Такім ён застаўся для мяне на ўсё жыццё.

1980 ....................................

Пучынскі, І. Там, на пачатку вайны / І. Пучынскі //
Літаратура і мастацтва. – 1980. – 22 лютага. – С. 15.


 

bottom of page