top of page

ХЛОПЦЫ АПОШНЯЙ ВАЙНЫ

 

Гэтую паэму – «Хлопцы апошняй вайны» – Аркадзь Куляшоў напісаў у 1940 годзе. Другая сусветная вайна колькі месяцаў ужо грымела на Захадзе. Гітлераўскія арміі, лёгка сціраючы бранявой навалай дзяржаўныя граніцы, усё шырэй распаўзаліся па Еўропе. Тады мала хто з нас верыў у трываласць дагавору аб ненападзе, які падпісала фашысцкая Германія з Савецкім Саюзам. Па вядомых прычынах нам думалася, што любая агрэсія супраць Краіны Саветаў будзе хутка адбіта. Такую ўпэўненасць многіх выяўляў і тагачасны фільм «Калі заўтра вайна», у якім спявалася: «Мы врага разобьем малой кровью, могучим ударом».

Дваццаціпяцігадовы паэт не чакаў лёгкай перамогі ў гэтай, як ён уяўляў, апошняй вайне, – апошняй не каляндарна, а наогул апошняй для чалавецтва.

 

I застанецца вайна тая ў казках, –

Як дзесяць хлопцаў ішлі ў яе дым

У вопратках сініх,

У цёмных касках

I як у жывых застаўся адзін...

Пра гэта

Раскажа дзесяты, жывы...

 

І давялося паэту расказаць пра вайну за кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, што загінуў у яе полымі, расказваць у вершах, паэмах «Сцяг брыгады», «Прыгоды цымбал», «Простыя людзі»…

Паэму «Хлопцы апошняй вайны» нагадаў яму ў далёкім горадзе Калініне. Я апынуўся там на дзевяты дзень вайны. Неяк у гарачы дзень першай паловы ліпеня, паблізу гарадскога тэатра, я чакаў у чарзе ля кіёска, каб выпіць шклянку морсу. Раптам пачуў сваё прозвішча. Азірнуўся і ўбачыў Аркадзя Куляшова. Нізкарослы, у шэрай кепцы і шэрым пакамечаным гарнітуры, ён не вылучаўся ў стракатым натоўпе гараджан і прыезджых. У звычайны час, можа б, кінулася ў вочы яго чорнае скураное  паліто, што вісела на левай сагнутай руцэ. Ён шырока ўсміхнуўся цёмнымі засмяглымі губамі:

– Вось дык сустрэча!..

Мне здалося, што не бачыў яго ўжо некалькі год, бо шмат было перажыта ў апошнія дні. А сустракаліся мы на святочным вечары пад Першае мая ў Доме пісьменніка ў Мінску. Пятро Глебка выступаў з дакладам. Я зайшоў ў буфет, і мяне там запрасіў да свайго століка Аркадзь Куляшоў. Ён сказаў некалькі прыемных слоў наконт маіх вершаў, нядаўна змешчаных стараннямі Рыгора Бярозкіна на першай старонцы газеты «Літаратура і мастацтва». Пацягваючы папяросу і прыжмурыўшы вочы, паэт неяк непрыкметна ў гаворцы перайшоў ад паэзіі да будучыні, і я быў здзіўлены захапленнем, з якім ён гаварыў пра камунізм, духоўную свабоду чалавека, пра палёты да планет...

Цяпер мы пілі морс, і Аркадзь Куляшоў расказваў сваю Адысею. Пакінуўшы полымем ахоплены Мінск дваццаць чацвёртага чэрвеня, ён ішоў на ўсход удзень і ўночы, галодны, пад абстрэлам дыверсантаў і бамбёжкамі. Пешкі дабраўся да Оршы. Я зведаў гэты вогненны шлях, бо выйшаў з Мінска дваццаць пятага чэрвеня і пехатой адолеў палову дарогі да Оршы. На вакзале ў Оршы ўсіх ваеннаабавязаных, што прыходзілі туды, падзялялі на дзве групы – на радавых і камандны састаў. Адтуль эшалоны ішлі да Калініна.

Цяпер мы ў розных камандах рэзерву, з якога па патрэбе адсылаюць камандзіраў у палкі, што фарміруюцца ў горадзе. Абмундзіраванымі, са стадыёна, яны з музыкай ідуць на вакзал.

Яго каманда начуе ў тэатры, а мая – у школе на ўскраіне горада. Абедаем у сталоўцы тэкстыльнай фабрыкі «Пралетарка». Удзень – страявыя заняткі, кіданне супрацьтанкавай гранаты, прыёмы стральбы, вывучэнне вайсковых статутаў.

На душы было смутна і трывожна. Вораг усё далей прабіваўся на ўсход. Думалася: мусім жа мы хоць на трэцім тыдні вайны ачомацца, сабрацца сілаю і ўдарыць па ім!.. Адзін-другі раз прыглядаўся, як рушаць па чыгунцы саставы, гружаныя платформы. На іх не танкі, не ствалы гармат узняты ўгору, а нікчэмныя аглоблі павозак.

Куляшоў быў засмучаны і тым, што не ведаў пэўна, дзе яго сям’я. Але ён ужо тут напісаў рускай моваю два вершы пра вайну і здаў у рэдакцыю калінінскай газеты. Праз дзень-два яго накіруюць на фронт. Задаволена паведаміў – відаць, недзе чуў, – што Максім Танк паспеў выбрацца з Заходняй Беларусі.

Пры развітанні я сказаў:

– Вось дзе мы апынуліся – хлопцы апошняй вайны...

Куляшоў сумна ўсміхнуўся і жартаўліва адказаў радкамі пушкінскага «Прарока»:

– Нам «шестикрылый серафим» не даў замест языка «жало мудрыя змеи...»

На вайне кожны атрымаў сваё, «наканаванае лёсам». Пасля Дня Перамогі мне яшчэ давялося пабываць з нашымі войскамі ў Манголіі, а потым – у Кітаі. Калі ехаў з Порт-Артура ў 1947 годзе, мне трапілася на нейкай сібірскай станцыі паэма Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады», перакладзеная на рускую мову Ісакоўскім. Захапілі жвавасць апавядання, рытмічны малюнак, навізна, рэльефнасць простых вобразаў. Прыемна было бачыць у першай палове паэмы нешта з перажытага і расказанага мне ў Калініне.

Калі вярнуўся ў разбураны Мінск – працаваў у Саюзе пісьменнікаў. Ён мясціўся тады ў трох пакоях ацалелага Дома ўрада за залай пасяджэння Вярхоўнага Савета. Звычайна ў канцы рабочага дня ў Саюз наведваўся Куляшоў, каб з кім-небудзь згуляць у шахматы. Найчасцей партнёрам быў Павел Кавалёў, тагачасны адказны сакратар Саюза. Навокал абступалі «балельшчыкі». Сваіх партнёраў Куляшоў часта азадачваў чарговым ходам. Яны надоўга задумваліся. А ён не проста браў фігуру праціўніка, а жартаўлівым жэстам падсякаў яе рукой з прымаўкай: «Цап-лап», або, недзе прачытаўшы на дзвярах: «Габінет урача», казаў: «Габ і нет урача...» I тут адчувалася яго няспынная праца над словам.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1984 ....................................

bottom of page