top of page

1990 ......................................

ЦЁРКІН ПРЫІЛЬМЕННЯ

 

Ён нетаропка пераліствае аднатомнік выбраных твораў Аркадзя Куляшова, выдадзены Ленінградскім аддзяленнем выдавецтва «Советский писатель». На нейкі момант перапыняе размову, учытваецца ў той ці іншы радок, як бы нешта прыпамінаючы, а потым зноў працягвае свой расказ. Праўда, на гэты раз Уладзімір Васільевіч Цюрын некалькі адхіліўся ад тэмы, але ўсё роўна гэта датычыць нашага земляка-паэта.

– Добрая памяць пра народнага паэта зямлі беларускай да 70-годдзя з дня яго нараджэння, – кажа, паказваючы на кнігу, дацэнт кафедры літаратуры Ноўгарадскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута У.В. Цюрын. – Пастараўся крытык Варлен Бечык, які напісаў да гэтага найбольш поўнага выдання вершаў і паэм Аркадзя Аляксандравіча на рускай мове артыкул пра жыццёвы і творчы шлях паэта. «Цёркін Прыільмення» – так называлі ў суровыя ваенныя гады Аркадзя Куляшова. I невыпадкова...

s6 Цёркін Прыільмення.jpg
бдамлм.png

«Рассказ о том, как бьет врагов
на фронте
Алексей Петров.
Простая арифметика».
Выразка з газеты
«Знамя Советов».

23 лютага 1942 г.


(БДАМЛМ, ф.4п, воп.1, спр.44, арк.3)

У час вайны Аркадзь Куляаюў атрымлівае накіраванне ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам. Але праходзіць азбуку ваенных навук яму доўга не давялося. Немцы ўжо захапілі гарады Востраў, Вялікія Лукі, Пскоў, дабраліся і да Ноўгарада. У гэтыя дні войскі 11-й арміі з цяжкімі баямі адыходзяць да Старой Русы. У маляўнічым месцы каля вёскі Меднікава размясціўся штаб рэдакцыі газеты «Знамя Советов», куды быў залічаны на пасаду пісьменніка (была такая) Аркадзь Куляшоў. Там і пазнаёміліся беларускі паэт і сённяшні выкладчык літаратуры з Ноўгарада.

Становішча патрабавала аператыўнасці, рознабаковасці жанраў. Хутка адбылася першая нарада супрацоўнікаў рэдакцыі газеты «Знамя Советов», на якой разглядалася пытанне пра франтавы гумар і сатыру на яе старонках. Пасля гарачага абмеркавання была прынята прапанова Аркадзя Куляшова. Так у газеце з’явіўся куток, у якім у вершаванай форме сталі асвятляцца справы аднаго воіна, бывалага і вопытнага. Была падтрымана назва кутка: «Рассказ о том, как бьет врагов на фронте Алексей Петров». Ужо ў пачатку верасня адбылася першая сустрэча-знаёмства воінаў 11-й арміі з Пятровым:

 

Познакомимся с Петровым –

Где родился он, как звать?

Алексей – душевным словом –

с детства звала его мать.

 

Становішча на фронцё было тады вельмі цяжкае: 11-я армія апынулася ў акружэнні. Але ўсё-такі газета «Знамя Советов» трапляла на ўдарныя пазіцыі, водгукі пра Аляксея Пятрова, якія прывозілі з камандзіроўкі супрацоўнікі рэдакцыі, былі самыя прыхільныя, найлепшыя. Байцы ўбачылі ў літаратурным героі смельчака, майстра сваёй справы, прасілі рэдакцыю хутчэй паведамляць пра яго далейшыя прыгоды.

I вершаваныя расказы аб прыгодах своеасаблівага Васілія Цёркіна сталі з’яўляцца на старонках газеты праз два-чатыры дні. Запомніліся байцам вершаваныя расказы «Как Петров уничтожил диверсантов», «Случай на дороге», «Приманка против фашистсного танка», «Групповой огонь», «На ловца и зверь бежит» і іншыя. Адным словам, Пятроў у 11-й арміі з’яўляўся эталонам, узорам паводзін воінаў на фронце; ён стаў папулярным, у рэальнасць яго існавання паверылі. Больш за год са старонак «Знамени Советов» біў ворага Аляксей Пятроў, палавіну вершаваных расказаў пра яго (а іх было некалькі дзясяткаў) стварыў А. Куляшоў, да астатніх прыклаў руку пісьменнік I. Чэкін.

– Так, Аляксей Пятроў заняў належнае месца ў шэрагу літаратурных герояў, пабрацімаў Васілія Цёркіна, – працягвае свой расказ дацэнт У.В. Цюрын. – Баявым гімнам 11-й арміі стала створаная беларускім паэтам «Песня нашего соединения». Кіраўнік армейскага ансамбля М. Смузікаў напісаў музыку. Песня гэта была вельмі папулярная сярод салдат.

Аркадзь Куляшоў шмат пісаў у гады Вялікай Айчыннай. Ноўгарадцы любяць яго паэзію, бо многія творы паэта нарадзіліся на старажытнай зямлі Прыільмення. Думаецца, вельмі дарэчы ўспомніць пра гэта ў слаўныя 45-ыя ўгодкі перамогі над фашысцкай Германіяй.

Жамойда, С. Цёркін Прыільмення / Сямён Жамойда //
Літаратура і мастацтва. – 1990. – 20 ліпеня. – С. 15.


 

bottom of page