top of page

I КЛІКАЛІ Ў БОЙ...

З успамінаў былога рэдактара

газеты «Знамя Советов» 11 арміі У. Фарберава

1974 .........................

Першая ваенная зіма... Акупанты, засеўшы ў дзотах і акопах, не праяўляюць пад Старой Русай асаблівай актыўнасці. Паражэнне пад Масквою збіла фанабэрыю «непераможнай» фашысцкай арміі. Толькі зрэдку, для супакою сваіх нерваў, яны адкрываюць артылерыйскі і мінамётны агонь ды ўначы феерверкам рознакаляровых ракет ярка асвятляюць пярэдні край абароны.

Аднойчы сцюдзёным вечарам у самым прасторным памяшканні рэдакцыі сабраліся супрацоўнікі газеты на творчую справаздачу Аркадзя Куляшова. Сюды ж прыйшлі і некаторыя афіцэры штаба і раненыя з размешчанага ў вёсцы медсанбата. Неўзабаве памяшканне было запоўнена.

А ён, Аркадзь Аляксандравіч, сядзеў за непакрытым, так-сяк змайстраваным, сталом і ўважліва назіраў за прысутнымі. Здалёк, гледзячы на яго, можна было падумаць, што паэт спакойны. Але я сядзеў побач з ім і бачыў, што ён вельмі хвалюецца.

З аглядам творчасці Куляшова выступіў пісьменнік Ігар Чэкін, які тады працаваў у рэдакцыі. Ён расказаў аб вялікай і шматграннай рабоце паэта, гаварыў аб папулярнасці, якой карыстаюцца вершы Аркадзя Аляксандравіча ў воінаў.

Усе выступаўшыя затым гаварылі, што паэзія Куляшова – гэта паэзія глыбокіх ду мак і высокіх патрыятычных пачуццяў, што сваёй творчасцю Аркадзь Аляксандравіч натхняе савецкіх воінаў на разгром фашысцкіх акупантаў.

Шмат добрых і цёплых слоў аб сваёй творчасці выслухаў паэт у гэты вечар. Але, бадай, самым значным і прыемным для яго было выступленне параненага салдата. Высокага росту, немалады, ён сядзеў ля сцяны і ўважліва слухаў. Некалькі разоў спрабаваў скруціць «казіную ножку», але, зірнуўшы на паэта, хаваў паперу і тытунь у вышываны кісет. Калі абмеркаванне набліжалася к канцу, ён, абапіраючыся на мыліцы, устаў і папрасіў слова. Прастуджаным голасам, окаючы, ён сказаў:

s26 І клікалі ў бой.jpg
бдамлм.png

Асобнік газеты «Знамя Советов»
ад 16 кастрычніка 1941 г. з дароўным надпісам
У. Фарберава А. Куляшову. 
19.05.1973 г.


(БДАМЛМ, ф.4п, воп.1, спр.44, арк.4)

– Дзякуй вам, таварыш паэт, за вершы. Яны ў вас душэўныя. I вось гэтыя, – сказаў ён, расшпільваючы кажушок і выцягваючы з кішэні гімнасцёркі акуратна складзеную выразку з газеты, – пякуць сэрца і не даюць спакою.

Расправіўшы выразку і адкашляўшыся, ён пачаў чытаць заключныя радкі верша Куляшова «Прысуд бацькі».

Нешматслоўным было выступленне Куляшова. Хвалюючыся, ён падзякаваў прысутным за ўвагу і добрыя словы аб яго творчасці. Чытаннем верша «Млынар» пад апладысменты закончыў ён сваё выступленне.

На вечары ўсё было так, як звычайна на такіх сустрэчах бывае ў мірнай абстаноўцы. Толькі блізкая артылерыйская дуэль, маскіроўка на вокнах, вайсковая форма і перавязкі на галовах, руках і нагах многіх удзельнікаў сустрэчы гаварылі аб тым, што абмеркаванне творчасці паэта адбываецца не ў глыбокім тыле, а непадалёк ад перадавых пазіцый.

Фарбераў, У. І клікалі ў бой… / У. Фарбераў //
Літаратура і мастацтва. – 1974. – 8 лютага. – С. 5.


 

bottom of page