top of page

ТВОРЧАСЦЬ

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДЧЫКА

"Кожны паэт павінен займацца перакладамі. Я лічу пераклад часткай сваёй творчасці. Таму нароўні з тым, што пішу сваё, перакладаю вершы паэтаў, якія мне падабаюцца. Далучэнне да творчых крыніц Шаўчэнкі, Пушкіна, Лермантава, Лангфэла з'явілася для мяне вялікай школай паэтычнага майстэрства. Пераклады – асабліва з класічнай паэзіі – акрамя таго, што ўзбагачаюць паэта, раскрываюць магчымасці і нашай мовы, дапамагаюць распрацоўцы літаратурнага стылю".

Аркадзь Куляшоў

ЖОЎТАЕ ЛІСЦЕ

Дожджык ідзе, і ўсё капае, капае

Ён на галіны амаль ужо голыя.

Лісце з галін ўсё падае, падае,

Падае жоўтае і невясёлае.

 

Вецер – ліхі гаспадар, завірухаю,

Сіверам злосным штурхаючы ў карак,

Гоніць з двароў сваіх, хвошчачы пугаю,

Лісце па вуліцах, па тратуарах.

 

Коні падковамі, людзі падэшвамі

Топчуць іх, топчуць, мяшаюць з гразёю.

Пэўна, забылі, як сэрцы ім цешылі

Летнія дрэвы лістоты красою.

 

Знаю я, лісце адродзіцца новае,

Зазелянее вясной, як заўсёды.

Але чаму мне ўяўляецца многае

Крыўдным у вечных законах прыроды?

ЦАДЗІНСКІ МАГІЛЬНІК

Цадзінскі магільнік...

Пазбыўшы трывогі,

Суседзі, адвечным заснулі вы сном.

Вярнуўся дамоў я з далёкай дарогі,

Вы тут, але вам не вярнуцца ў свой дом.

 

У родным ауле радні малавата,

З гадамі ўсё меней знаёмых людзей.

Дачка майго брата – старэйшага брата,

Чаму не сустрэла мяне, як раней?

 

Чаму я не чую твой голас вясёлы?

Вадою цякуць над табою гады.

Твае аднакласніцы скончылі школу,

А ты пяцікласніцай будзеш заўжды.

 

На гэтых кладах, дзе навек закапана

Жыццё землякоў незабыўных маіх,

Здалося мне раптам – зурны Біяслана

Напеў незабыты трывожыць мой слых.

 

I сябра ягонага Абусамата

Мне чуецца бубен у гуках зурны,

Нібы на вяселлі суседа заўзята

Іграюць музыкі, гуляюць яны.

 

Не!.. Тут на кладах жыхары не з шумлівых

Пакліч, нічыіх не дачуешся слоў...

Цадзінскі магільнік – прытулак маўклівы

Апошняя сакля маіх землякоў.

 

Расцеш ты, свае пашыраеш граніцы,

Цясней з кожным годам надтрунням тваім

Я знаю, што ў межах тваіх пасяліцца

I мне давядзецца ў свой час назусім.

 

Ды тут, дзе сыходзяцца нашы дарогі,

Дзе ўсім нам прызначана месца адно,

З цадзінцаў знаёмых не бачу я многіх,

Хоць знаю – на свеце няма іх даўно.

 

Салдат маладых і сівых ветэранаў

На гэтым апошнім прыпынку няма.

Дзе ты пахаваны, Ісхак Біясланаў,

Дзе ты, мой таварыш, Гаджы Магама?

 

Браты мае, дзе вас варожыя кулі

Скасілі? Дзе вас адспявала бяда?

Ні вашых слядоў не знайшоў я ў ауле,

Ні вашых магіл за аулам Цада.

 

Вам лютая смерць, пахаваным глыбока,

Ні вочы працерці, ні ўстаць не дае...

Цадзінскія могілкі, як вы далёка

Разнеслі па евеце магілы свае!

 

I сёння ў краінах, дзе сонца заходзіць,

Дзе спёка, дзе люта завеі мятуць,

Да вашых магіл не аваркі прыходзяць

З любоўю і кветкі ў жалобе кладуць.

* * *

Бягуць мае леты, а тут, на бульвары,

Часцей і часцей між людзей пажылых

Мільгаюць вясёлыя, юныя твары

Прыгожых і зграбных зямлячак маіх.

 

Усё тут: юнацкія спрэчкі і стрэчы,

Праводзяць сябровак сваіх юнакі,

Накінуўшы любым на зябкія плечы

Адпрасаваныя пінжакі.

 

А мне не да гульняў юнацкіх і сходак,

Прыйду я са шпацыру, жонка ўпікне,

I дома, падпёршы рукой падбародак,

Я буду пахмура сядзець пры акне.

* * *

Я адзін блукаю па аулах,

Сярод скал сцяжынкаю былой.

Дружбака гадоў маіх мінулых

Тут няма, даўно няма са мной.

 

Я адзін, ажыўшым летуценням

Хочацца размову аднавіць.

3 кім жа размаўляю? Можа, з ценем

Дружбака, з маленствам, можа быць.

* * *

Нават непрыкметныя пясчынкі

Могуць сцерці ногі да крыві,

Боты скінь, сышоўшы са сцяжынкі,

Вытрасай іх, бога не гняві.

 

Дачытаць, мой дружа, верш твой новы

Я не змог, прызнацца ў тым дазволь.

Нехлямяжыя радкі і словы,

Як лясчьшкі, прычыняюць боль.

* * *

Сэрца маё – гэта стол святочны,

Таварыша я запрасіў да стала,

З’явіўся мой сябра, а ў час паўночны

Няпрошанай госцяю ты прыйшла.

 

Перад тваёй красой маладою

Мы тост узнялі за тваю маладосць,

I гаспадыняю і тамадою

Ты стала. А я – твой няпрошаны госць.

* * *

Трава выгарае на доле спякотным

Ад сонца ў гарачыя летнія дні.

I я, як трава, выгараю самотна,

Хоць мне не хапае тваёй цеплыні.

 

Гне ліпеньскі лівень да долу пшаніцу,

З дна рэчкі ўсплывае наверх каламуць.

А мне б, напаткаўшы крыніцу, напіцца,

А мне б у бяздонні вачэй патануць.

* * *

Слова скажы мне, пяшчотна зірні,

Я на вяршыню ўзбяруся крутую,

Кінуся ў пекла я – толькі кіўні,

Кінуся ў бездань марскую.

 

Я абыду паўпланеты зараз,

Імя тваё праслаўляючы.

Усё я зраблю. Толькі дай мне наказ

Ды пацалуй, выпраўляючы.

* * *

Я свой узрост забыў, чаму ж мяне

Ты крыўдна папракаеш сівізною?

Хто ведае, у гэтай сівізне,

Магчыма, маладосць твая віною.

 

Мяне не трэба ў старасці вініць,

Як плынь ракі, плынь часу незваротная.

Параненаму жорстка гаварыць

Аб ране той, што для яго смяротная.

* * *

– Чаго зажурыўся, чаму ты прыціх

Мой спадарожнік, кунак мой новы?

Што ссунуў папаху з брывей густых,

Што раптам пазбавіўея мовы?

 

Так я запытаў, і таварыш мой

Прыпаў да акна, маркотны:

– Ёсць гара за той далёкай гарой,

А за ёю аул мой родны.

* * *

Нудная ноч, як раман бясконцы,

Цёмная ноч, як сумленне забойцы.

Ноч – надакучлівы госць, што гудзе,

Як калаўротак, а прэч не ідзе.

 

Ноч за акном, спяць у доме глыбока

Друг мой ідзе, ён яшчэ далёка.

Я ўсё не сплю, я чакаю, што ранак

Друга майго прывядзе на ганак.

* * *

А ці цяжка гінуць дзеля справы!

Подзвіг – міг, але жыццё пражыць

Так, каб вартым быць уласнай славы,

Шмат цяжэй, чым нават кроў праліць.

 

А ці цяжка, здрадзіўшы, не ўмерці!

Ганьбы міг кароткі, ды затым

Цяжка метку чорнай здрады сцерці

Альбо век пражыць з кляймом такім!

* * *

Юнацкай прагай палымнеючы,

Лічу, сівы ўжо, як зіма,

Хоць і змяніўся свет, а мне яшчэ

Дагэтуль дваццаці няма.

 

Не знаю, плакаць альбо песні пець

Мне з той нагоды, з тых нягод,

Што не бяруць мяне ў равеснікі

Усе, каму па дваццаць год.

 

I перад гэтай горкай праўдаю

На грудзі з левай стараны

Кладу руку трывожна правую,

Як не кладуць яшчэ яны.

КАЛЯ ТАГО АКНА

«Ты дзе, маё сэрца, адказ мне дай?»

«Каля таго акна!»

Няма ў мяне сэрца, адзін адчай,

Пакута ў грудзях адна.

 

«Дзе мае мары, светлыя, дзе?»

«Каля фіранкі той!»

За маім акном чалавек у бядзе,

Нібы лядоўня, пакой.

 

«Дзе ты, праменне вачэй маіх?»

«Каля таго акна!»

Сляза ў правалах вачэй пустых –

Ад солі гарчэй яна.

 

«Дзе, вершы сардэчныя? Дзе вы, сляды

Радкоў? У палоне чыім?

Словы, спяшаецеся куды?»

«Мы да акна ляцім!»

 

«Дзе, думкі мае, вы і ноччу і днём?»

«Каля таго акна!»

«А хто там, а хто там жыве за акном?»

«Двое: ён і яна».

 

Жонка і муж, а пры чым тут я?

Была не чужой мне яна...

Не раз, сустракаючы ранак дня,

Глядзеў я з таго акна.

* * *

Баюся ўсяго я.

Баюся, што, можа,

Мая засдярога цябе абміне.

Што, можа, знаёмы ці проста прахожы

Абразіць твой гонар, не гэтак зірне.

 

Баюся, няпрошаны вецер напасці

Парве нетрывалую нітку надзей,

Баюся шкляным уявіць наша шчасце, –

А шкло, чым буйней яно, б’ецца лягчэй.

 

Баюся я, мора турботы і гора

Цябе захлісне, за сабой павядзе.

I ў хвалі салёнага гэтага мора,

Баюся, слязінка твая упадзе.

ТЫ МАЁ ЖЫЦЦЁ

Жыццё мне здаецца дзівоснаю штукай,

Шматфарбнаю вышаўкай на палатне.

Яно то скуе мяне чорнай дакукай,

То смехам іскрыстым душу ўскалыхне.

 

То гордым арлом узнясе па-над лесам,

Над прорвай сляпой, то шпурне мяне ў пыл,

На цвёрдыя ногі паставіць жалезна,

То нібы вяроўку віе з маіх жыл.

 

То радасцю ўзрушыць, то горам захмарыць.

То вытачыць нож і лязо да грудзей

Нрыставіць, па сэрцу бязлітасна ўдарыць, –

Імя тваё ў ім, што жыцця даражэй.

 

I ты на жыццё маё, гэтак, як вока

На вока, падобна, ты ўладай сваёй

Загнаць мяне можаш у дол і высока

Узняць мяне можаш, як сцяг, над зямлёй.

* * *

– Вясна, чым багата ты ў леее і ў полі?

– Дарэмна пытаеш, дзівак чалавек,

Мяне зразумець ты не зможаш ніколі,

Пакуль на далінах не выпадзе снег!

 

– Юнацтва, таіць свае скарбы даволі,

Хваліся багаццем вясёлым сваім.

– Дзівак, ты не ўцяміш нічога, ніколі,

Пакуль не змарнееш, не станеш сівым!

* * *

Падрастаюць дзеці ў белым свеце,

Штосьці страшна мне, а што тут страшнага?

Яблыні вясною ў белым цвеце,

Штосьці страшна мне, а што тут страшнага?

 

Шлях адкрыты ўглыб нябёс ракетам,

Штосьці страшна мне, а што тут страшнага?

Дрэннага няма нічога ў гэтым,

Апроч страху і майго і вашага.

* * *

Як саклю на высокім горным скаце

Я будаваў, з карэннем рваў траву,

Пабудаваў, пажыў, трава ж на хаце

Расце і нібы шэпча: я жыву!

 

Як не знішчай траву, яна ўваскрэсне,

Не пад нагамі, дык над галавой.

I я сказаў сваёй любімай песні:

– Будзь, мая песня, горнаю травой.

* * *

Я думаў, на дрэвах вясна расцвітае,

Пад’ехаў бліжэй – не пялёсткі, а снег.

Я думаў, кахаеш мяне, дарагая,

А трапіў у пастку тваю, як на грэх.

 

Імчаў я цяснінай, дзе сцежка віляе,

I бурку не ўзяў, а дажджы палілі.

Мая дарагая, мая ледзяная,

Скажы, што рабіць, пашкадуй, прытулі.

* * *

Каб гарэў я сонцам над зямлёю,

Ноччу, як і днём, я б стаў свяціць,

Асвятляў бы летам і зімою

Тых, хто без мяне не можа жыць.

 

Нібы сонца лютаю зімою,

Ты, маё каханне, дзень пры дні

Шлях мой абыходзіш цеплынёю,

Скупа свецячы з далечыні.

* * *

Б’ецца ручай пад высокай скалою,

Пад абыякавай, гордай скалой.

Як я яго не адчую настрою,

Хто тады мой зразумее настрой?

Стогне ручай, ды не можа, бурлівы,

Разварушыць раўнадушны спакой

Гэтай скалы, што падобна на дзіва

Да бессардэчнай каханай маёй.

* * *

Махае крыллем арол над гарамі,

Гнёзды звілі вераб’і ў дяснінах.

Сябе вераб’і ўяўляюць арламі,

Ды бог не даў ім крылляў арліных.

 

На моры штормы хвалі ўздымаюць

Рачулкі спяць і ў час непагоды.

Рачулкі марамі сябе ўяўляюць,

Але абмінаюць іх параходы.

* * *

Як чабаны, вяршыні на дасвецці,

На іх папахі белыя – снягі,

I ручаі адтуль бягуць, як дзеці,

Звіняць, парваўшы сцюжы ланцугі.

 

За вокнамі капеж звініць ледзь чутна,

Ляжыць на ложку дзед каля сцяны.

– Няўжо, няўжо,– ўздыхае ён пакутна,

Не будзе болей на зямлі вясны!

* * *

Мой сусед размову вёў паважную,

Мы ягоны слухалі расказ.

Раптам пракульгала нехлямяжая

Са збанком бабулька міма нас.

 

I стары замоўк і, негаворачы,

Позіркам старую да вугла

Ён праводзіў і ўздыхнуў ад горычы:

«А якой красуняю была!»

* * *

Арол замірае ў палёце над хмарамі,

Крылы яго нібы свет абдымаюць.

Мне б рукі прасцерці свае над абшарамі,

Усіх вас абняць, што зямлю насяляюць.

 

Усіх, хто на гэтых жыве прасторах,

Усіх, хто смяецца, гаруе і плача,

Песні б такія спяваць, ад каторых

Камень становіцца шэрсцю ягнячай.

bottom of page