top of page

ТВОРЧАСЦЬ

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДЧЫКА

"Кожны паэт павінен займацца перакладамі. Я лічу пераклад часткай сваёй творчасці. Таму нароўні з тым, што пішу сваё, перакладаю вершы паэтаў, якія мне падабаюцца. Далучэнне да творчых крыніц Шаўчэнкі, Пушкіна, Лермантава, Лангфэла з'явілася для мяне вялікай школай паэтычнага майстэрства. Пераклады – асабліва з класічнай паэзіі – акрамя таго, што ўзбагачаюць паэта, раскрываюць магчымасці і нашай мовы, дапамагаюць распрацоўцы літаратурнага стылю".

Аркадзь Куляшоў

СПЕЎ АБ ГАЯВАЦЕ

Ад перакладчыка

Паэма Генры Лангфэла «Спеў аб Гаяваце» па праву займае выдатнае месца сярод здабыткаў сусветнай паэзіі. З часу свайго з'яўлення (1855 г.) і да нашых дзён яна здзіўляе чытача магутнасцю паэтычных малюнкаў, свежасцю вобразаў, глыбінёй думкі.

Пабудаваная на аснове індзейскіх паданняў і легенд, глыбока народная па сваёй сутнасці, паэма ўваскрашае перад чытачамі светаўспрыманне першабытнага чалавека з яго амаль дзіцячай непасрэднасцю, шчырасцю і высакароднасцю, жыццём і працай сярод вялікаснай нерушы навакольнай прыроды. Менавіта ў непасрэднасці светаўспрымання і светаадчування адзін з сакрэтаў паэтычнасці гэтай паэмы. Але не толькі ў гэтым яе вартасць. «Спеў аб Гаяваце» – гэта песня аб чалавечнасці, страсны заклік паэта да міру, да братэрства і дружбы паміж народамі.

Напісаная аб тым гістарычным часе, калі жыхары Еўропы ўпершыню ступілі на бераг Паўночнай Амерыкі, паэма не пазбаўлена трывогі за лёс індзейцаў, што апынуліся на мяжы першабытнага і капіталістычнага ладу і трапілі ў поўную залежнасць ад новых, не зразумелых ім грамадскіх сіл. Некалі карэнныя жыхары Паўночнай Амерыкі, загнаныя на горшыя землі, асуджаныя на выміранне, індзейцы ў наш час гінуць у рэзервацыях ад голаду і холаду. Ці не гэтую трагедыю старажытнага народа меў на ўвазе Лангфэла, калі, вуснамі Гаяваты, героя сваёй эпапеі, выказаў такое прадбачанне:

 

Там свайго народу рэшткі

Бачыў я, што варты жалю,

Як сухое лісце ўвосень,

Бурай гнанае на захад.

 

«Спеў аб Гаяваце» перакладзены на многія мовы і даўно ўжо здабыў сусветную славу непаўторнага, арыгінальнага твора. Перакладаючы гэты твор з англійскай мовы на беларускую, я імкнуўся, у меру сваёй здольнасці, захаваць не толькі змест славутай эпапеі, але і яе форму, строгі рытм, паўторы, народны каларыт, багацце і дакладнасць вобразаў. У паэме сустракаюцца індзейскія словы, выразы, якія, як і ў арыгінале, тлумачацца ў тэксце. Напрыклад: «Вава, гусь», «Чапля шызая, Шух-шух-га», «Іза, іза! Сорам, сорам!» і г. д.

Прапануючы пераклад «Спеву аб Гаяваце», буду вельмі задаволены, калі гэтая мая паэтычная спроба знойдзе прыхільны водгук у беларускага чытача.

 

Уступ

 

Вы спытаеце: дзе ўзяты

Казкі гэтыя, паданні?

Дзе народжаны легенды

З іх лясным духмяным пахам,

З халадком лугоў вільготных,

З мірным дымам над вігвамам,

З рэк імклівасцю і гулам

Стогалосым, што падобны

Да грымот з іх горным рэхам?

 

Я скажу, я адкажу вам:

«У лясах, палях раздольных,

Ля азёр Зямлі Паўночнай,

На зямлі Аджыбуэяў,

На прыстанішчах Дакотаў,

На палянах верасовых,

На балоце, дзе пасецца

Чапля шызая, Шух-шух-га.

Казкі гэтыя, паданні

Чуў я з вуснаў Навадагі –

Мілагучнага музыкі».

 

Дзе, спытаеце, знайшоў іх,

Песні гэтыя, легенды,

Мілагучны Навадага, –

Я скажу, я адкажу вам:

«У лясных птушыных гнёздах,

У баброў таемных сховах,

У цяжкіх слядах бізонаў,

У арліных уладаннях.

 

На тарфянішчы маркотным,

На балоце непралазным

Іх яму спявалі птушкі:

Манг, чырок, гусь Вава, чапля

Шызакрылая Шух-шух-га,

Чытавейк, зуёк, глушыца

Мушкадаза і гагара».

 

А каб вы яшчэ спыталі:

«Хто такі ён, Навадага?

Раскажы нам пра музыку», –

Гэтак я на запытанне

Адказаў бы вам адразу:

 

«У даліне Тавазента,

На лугоў улонні ціхім,

Каля шпаркіх рэк гуллівых

Жыў музыка Навадага.

За паселішчам індзейскім,

Дзе ён жыў, шумелі нівы,

Там стаяў, зялёны – летам,

А зімой – адзеты ў іней,

Бор вячысты, што заўсёды

Уяттыкаў, спяваў, шаптаўся.

 

Вілаваты след рачулак

Быў прыкметны на даліне

Па паводках іх – вясною,

Па алешынах – улетку,

Па туманнай плыні – ўвосень,

 

А зімой – па стужках чорных.

Там і жыў ён, Навадага,

У даліне Тавазента

На лугоў улонні ціхім.

 

Там спяваў аб Гаяваце,

Аб ягоным нараджэнні,

Аб яго жыцці дзівосным:

Як пасціў ён і маліўся,

Як рабіўся паступова

Змагаром за лёс народа,

За яго дабро і шчасце».

 

Вам, хто любіць луг зялёны,

Дол, заліты ззяннем сонца,

Змрок лясны, і шэпты лісця,

I дажджы, і завірухі,

і нястрымныя патокі

Сярод пушчы першароднай,

I грымотаў горных рэха,

Што падобна на арліных

Крылаў лопанне глухое, –

Прапаную я паслухаць

Старажыгныя паданні,

Гэты Спеў аб Гаяваце!

 

Вам, хто любіць слухаць казкі,

Галасы легенд далёкіх,

Тых, якія запрашаюць

Нас спыніцца на хвіліну,

Што гучаць так непасрэдна,

Ціха так, што не адрозніць –

Гукі гэта альбо словы, –

Прапаную я легенду,

Гэты Спеў аб Гаяваце!

 

Вам, хто сэрцам першародным

Верыць богу і прыродзе,

Шчыра ўпэўнены, што людзі

Быць заўжды людзьмі павінны,

Лічыць, што і ў жорсткім сэрцы

Абудзіцца можа прага

Да дабра і спраў карысных,

 

Што слабыя і сляпыя

Праўду вобмацкам знаходзяць

У глухой адвечнай цемры

Іх цяжкога існавання, –

Прапаную прастадушна

Гэты Спеў аб Гаяваце!

 

Вы, хто іншы раз блукае

Па даўно забытых сцежках,

Дзе да змрочнай агарожы,

Што ад часу заімшэла,

Барбарыс прыпаў чырвоны;

Хто схіляецца з увагай

Над магільнаю плітою,

Разглядае, сцёрты часам,

Верш няўмелы, надпіс просты,

Але поўны шкадавання,

Веры чыстай і развагі

Аб Мінулым і Наступным, –

Прыпыніцеся, чытайце

Гэты надпіс мой няхітры,

Гэты Спеў аб Гаяваце!

 

I.

Люлька міру

 

На гарах сярод раўніны,

На высокім іх кар'еры,

На абрыве Скал Чырвоных

Гітчы Маніта магутны,

Уладар Жыцця, ўзвышаўся –

I адтуль склікаў народы,

Жыхароў краін вакольных.

 

З-пад яго слядоў імкліва

Бегла рэчка на світанні,

Зіхацела, як камета,

I зрывалася ў бяздонне.

I Уладар Жыцця рукою

Ёй накрэсліў на даліне

Вілаваты шлях, сказаўшы:

«Вось твой шлях з хвіліны гэтай!»

 

Ад скалы чырвонай потым

Адламаў рукой кавалак

Гітчы Маніта, і ў люльку

Камень той ператварыў ён;

 

Вырваў з рэчкі чараціну

I зрабіў цыбук для люлькі,

I, карой вярбы чырвонай

Люльку гэтую набіўшы,

Ён на лес суседні дзьмухнуў,

Каб здабыць агонь, – і дрэвы

Сталі церціся сукамі,

Загарэліся, як свечкі, –

Ад іх полымя ляснога

Прыпаліўшы Люльку Міру,

Гітчы Маніта народам

Падаваў сігнал прызыўны.

 

З люлькі дым паціху віўся

Урачыста на світанні:

Рыскай цёмнаю – спачатку,

А пасля ўжо – сіняй парай,

А далей – як дрэў вяршыні,

Што да воблакаў падобны,

Над зямлёю заклубіўся,

Покуль неба не крануўся,

Не разбіўся аб нябёсы,

Не разлёгся па прасторах.

 

На даліне Тавазента,

На даліне Ваямінга,

У лясістай Таскалузе,

Са Скалістых Гор далёкіх

I азёр Зямлі Паўночнай

Людзі ўбачылі выразна

Той сігнал, той дым далёкі –

Дым Пакваны, Люлькі Міру.

 

I празорцы ўсіх народаў

Гаварылі: «Дым Пакваны!

Гэтым дымам, што дадолу,

Як вярба, з паклонам нізкім

Нахіляецца гасцінна,

Гітчы Маніта магутны

На нараду ўсе плямёны

Навакольныя склікае!»

 

I ад кожнага народа

Пасланцы ішлі са зброяй,

Пасланцы Аджыбуэяў,

Далавераў і Магокаў,

Чарнаногіх і Дакотаў;

I Чактосы, і Каманчы,

I Шашоны, і Амогі,

I Гуроны, і Мэндэны

Пасыходзіліся разам

Па сігналу Люлькі Міру

Да вяршыні, дзе чакаў іх

Гітчы Маніта магутны.

 

Там стаялі ў фарбах яркіх

Пасланцы – як дрэвы ўвосень

Альбо неба на світанні –

I адзін другога дзіка,

Ваяўніча аглядалі;

Вочы іх – смяротны выклік,

Сэрцы – лютая варожасць,

Помсты прага – неадольны

Запавет адвечны продкаў.

 

Гітчы Маніта ўсеўладны,

Што стварыў усе народы,

Пазіраў на іх з бацькоўскім

Жалем, любасцю, спагадай –

Іхні гнеў яму здаваўся

Смешнай злосцю малалетак,

Спрэчкі – забаўкай дзіцячай.

 

Ён прасцёр руку над імі,

Каб іх лютасць папярэдзіць,

Каб стрымаць шалёны нораў

Усеўладнаю рукою.

I вялікасны пачуўся

Голас, шуму рэк падобны,

Шуму гулкіх вадаспадаў,

Як дакор і засцярога:

 

«Дзеці горкія, о дзеці,

Неразумныя, малыя!

Слова мудрае звяртаю,

Слова мірнае парады

Я да вас, ваш бацька родны!

 

Я зямлю вам даў – палюйце!

Даў ваду – лавіце рыбу!

Даў мядзведзя і бізона,

Даў аленя і казулю,

Даў бабра вам і казарку;

Засяліў я рыбай рэкі,

А балота – птушкай дзікай;

Хто ж вас, дзеці, прымушае

Паляваць адзін другога?

 

Я стаміўся ад штодзённых

Вашых сварак, вашых спрэчак,

Ад крывавых вашых боек

I ад крэўнай помсты вашай.

Ваша сіла – толькі ў згодзе,

А бяссілле – у разладзе.

Памірыцеся, жывіце,

Як браты, заўсёды ў згодзе!

 

Я пашлю да вас Прарока,

Знае шлях ён да ратунку;

Будзе жыць ён разам з вамі

I пакутваць з вамі разам.

Слухаць будзеце яго вы –

Свет пазбавіцца разладаў,

А не будзеце – асудзяць

Вас разлады на знішчэнне!

 

Акунайцеся, змывайце

З твараў фарбы баявыя,

Змыйце з пальцаў кроў, і зброю

Закапайце назаўсёды,

Так, як я, зрабіце люлькі,

Люлькі Міру, Люлькі Згоды,

Чарацін для іх нарвіце,

Ярка пер'ямі ўпрыгожце,

Закурыце Люлькі Міру,

Як браты, жывіце ў згодзе!»

 

Пасланцы свае даспехі

Паздымалі, паскідалі

На зямлю сваё адзенне,

Смела кінуліся ў рэчку,

Змылі фарбы баявыя.

З гор на іх вада лілася

Чыстай хваляй са скалы той,

Дзе Ўладар Жыцця ўзвышаўся,

А далей паток каціўся,

Як крывёй афарбаваны,

Мутнай хваляю чырвонай.

 

Змыўшы фарбы баявыя,

Выйшлі воіны на бераг,

Закапалі на ўзбярэжжы

Зброю ўсю і ўсе даспехі.

Гітчы Маніта магутны,

Дух Вялікі і Стваральнік,

Іх усмешкай стрэў зычлівай.

 

Ад скалы чырвоны камень

Адкалоўшы, Люлькі Міру

Пасланцы з яго зрабілі,

Каля рэчкі чарацінак

Наламалі, яркім пер'ем

Цыбукі пааздаблялі

I пайшлі дамоў – і хмаркі

У той самы час над імі

Расступіліся, і згінуў

Гітчы Маніта ў тых хмарках,

Знік у белых клубах дыму

Ад Пакваны, Люлькі Міру.

Азнаямленчы фрагмент. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page