top of page

ТВОРЧАСЦЬ

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДЧЫКА

"Кожны паэт павінен займацца перакладамі. Я лічу пераклад часткай сваёй творчасці. Таму нароўні з тым, што пішу сваё, перакладаю вершы паэтаў, якія мне падабаюцца. Далучэнне да творчых крыніц Шаўчэнкі, Пушкіна, Лермантава, Лангфэла з'явілася для мяне вялікай школай паэтычнага майстэрства. Пераклады – асабліва з класічнай паэзіі – акрамя таго, што ўзбагачаюць паэта, раскрываюць магчымасці і нашай мовы, дапамагаюць распрацоўцы літаратурнага стылю".

Аркадзь Куляшоў

* * *

Ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,

У стэп пакаціўся, бязлітаснай бураю гнаны;

Засох і завяў ён ад холаду, спёкі і гора;

I вось дакаціўся нарэшце да Чорнага мора.

 

Ля Чорнага мора стаіць маладая чынара;

З ёй ветрык дурэе, галін не зазмрочвае хмара;

Гайдаюцца райскія птушкі на веццях зялёных,

Марскую царэўну ўслаўляюць у песнях натхнёных.

 

Вандроўнік прыпаў да карэнняў чынары высокай,

Прытулку шукаючы, гэтак, з тугою глыбокай,

Ён просіць: «Я бедны лісточак з галінкі дубовай,

Да тэрміну выспеў і ўзрос я ў краіне суровай.

 

Адзін і без мэты даўно я па свеце блукаю,

Без ценю засох я, ні сну, ні спакою не маю.

Прымі ж, прытулі ты чужынца між лісцяў нябёсных,

Нямала я ведаю песень і казак дзівосных».

 

«Навошта ты мне? – маладая гаворыць чынара. –

Ты жоўты і пыльны – сынам маім свежым не пара.

Ты шмат чаго бачыў – навошта мне байкі ды былі?

Мой слых і без іх ужо райскія птушкі стамілі.

 

Ідзі, не спыняйся, вандроўнік! Цябе я не знаю!

Любімая сонцам, я тут для яго расцвітаю;

Пад небам галіны раскінула я на прасторы,

Карэнні глыбока ў халодным купаючы моры».

СМЕРЦЬ ПАЭТА

Адпомсці, гасудар, адпомсці!

Укленчыўшы, прашу цябе:

Праўдзівы будзь і пакарай забойцу,

Каб пакаранне будучым вякам

Твой справядлівы суд апавясціла,

Каб прыклад бачылі злачынцы ў ім.

 

Памёр паэт! – закатаваны

Велікасвецкаю маной –

Упаў, з агнём смяротнай раны

I з помсты прагаю святой!..

Не вытрымаць было паэту

Няславы гонару свайго,

Адзін ён супраць думкі свету

Паўстаў... і вось няма яго!

Няма!.. Не трэба ні прызнанняў

Пустых яму, ні горкіх слёз,

Ні вартых жалю апраўданняў...

Прысуд суровы вынес лёс.

Хіба не вы так злосна гналі

Яго высокі, вольны дар

I для пацехі раздзьмувалі

Гатовы выбухнуць пажар?

Што ж? смейцеся...– Жыцця нягоды

Спынілі сэрца мерны крок:

Згас дзіўны светач, назаўсёды

Завянуў генія вянок.

Забойца свой удар спакойна

Навёў... асуджаны паэт.

Пустое сэрца б’ецца роўна,

Не скалануўся пісталет.

Што ж дзіўнага?.. яго з чужыны,

На лоўлю шчасця і чыноў,

Вандроўны лёс уцекачоў

Прывёў да нашае айчыны.

Яму закон наш – не закон,

Чужы наш звычай, нашы справы;

Не шанаваў ён нашай славы;

Не разумеў у час крывавы,

На што наводзіў зброю ён!..

 

I ўзят паэт сырой зямлёю,

Як той пясняр з натхнёнаю душою,

Ахвяра рэўнасці глухой,

Якога ўзнёс ён ліраю сваёю,

Забіты, як і ён, бязлітаснай рукой.

 

Навошта дружбы свет пяшчотны, прастадушны

Ён прамяняў на свет зайздрослівы і душны

Для сэрца вольнага свайго і пачуцця?

Навошта даў руку паклёпнікам нікчэмным,

Навошта верыў ён прысягам іх дарэмным,

Ён, рана зразумеўшы сэнс жыцця?..

Ранейшы скінуўшы вянок – яны цярновы

Надзелі, лаўрамі ўпрыгожаны, вянок:

Калючкі тайныя сурова

Палілі скронь, сляпілі зрок;

Атручаны яго хвілін апошніх мары

Каварства шэптамі і невуцтвам людзей,

I ён памёр – з дарэмнай прагай кары,

3 таемнай прыкрасцю няздзейсненых надзей.

Змоўк дзіўных песень лад віхурны,

Ім больш ніколі не гучаць:

Яго прытулак цесны, хмурны,

На вуснах песняра пячаць.

*

А вы, пыхлівыя патомкі

Вядомай подласцю праслаўленых бацькоў,

Вы топчаце пятой нявольніцкай абломкі

Здрадлівай доляю пакрыўджаных радоў!

Забойцы Генія, і Славы, і Свабоды,

З нахабнай прагнасцю вы абступілі трон!

Законы вас ахоўваюць заўсёды,

I вам ні суд, ні праўда – не закон!..

Але ёсць божы суд, распусту ён карае!

I ёсць суддзя: чакае ён;

Ён думкі ўсе наперад знае,

Яго сумленнасці не купіць срэбра звон.

Не засланіцца вам аховай тою:

Яна вас не ўратуе зноў,

I вы не змыеце ўсёй вашаю крывёю

Паэта праведную кроў!

ВЕТРАЗЬ

Бялее ветразь адзінокі

Там, дзе блакітны небасхіл.

Чым вабіць свет яго далёкі

Чым родны край яму не міл

 

Б'е хваля, вецер завывае,

І мачта гнецца і рыпіць;

Ды не! ён шчасця не шукае

І не ад шчасця прэч бяжыць!

Пад ім струмень святлей за просінь,

Над ім прамень нябесны той…

А ён, бунтоўны, буры просіць,

Нібыта ў бурах ёсць спакой!

БАРАДЗІНО

«Скажы мне, дзядзька: хоць шугала

Агнём Масква, ды каштавала

Французам страт яна.

Былі ж хвіліны баявыя,

Ды, кажуць, не абы-якія!

І помніць нездарма Расія

Пра дзень Барадзіна!»

 

– Так, знаў людзей я ў нашым часе,

Парода волатаў звялася,

Не той народ – не вы!

Цяжкая іх сустрэла доля:

З іх мала хто вярнуўся з поля…

Каб не святых нябёсаў воля,

Не аддалі б Масквы.

 

Мы доўга моўчкі адступалі.

Злаваліся, баёў чакалі

Вусатыя дзядзькі:

«Што ж? На зімовыя кватэры?

Хіба варожыя намеры

Стрымаь не могуць афіцэры

І рускія штыкі?»

 

І вось знайшлі мясціну ў полі:

Ёсць развінуцца дзе на волі!

Збудованы рэдут.

Не будзе ворагу спагады!

Ледзь ранак асвятліў гарматы

І цёмна-сіні лес зубчаты –

Французы тут як тут.

 

Забіў зарад я ў жэрла туга

І думаў: пачастую друга!

Чакай, братик мусью:

Што хітраваць, выходзь да бою;

Ужо як рушым мы сцяною,

Ужо адкажам галавою

Мы за зямлю сваю!

 

Два дні са стрэльб мы білі ўдала,

Ды сэнсу ў страляніне мала.

Чакаўся трэці дзень.

Скрозь гаманілі, як на вечы:

«Час дабірацца да карцечы!»

І вось на поле грознай сечы

Упаў паўночы цень.

 

Я лёг паспаць каля лафета

І песні чуў да ранку – гэта

Узрадваўся француз.

А наш бівак маўчаў пагрозна:

Хто ківер чысціў свой дапозна,

Хто злосна штык вастрыў і злосна

Кусаў даўжэзны вус.

 

Ледзь ранне неба асвятліла,

У рух прыйшла двух станаў сіла;

За радам рад – пайшлі.

Быў наш палкоўнік зухаваты:

Слуга цару і брат салдатам…

Шкада: загінуў над булатам.

Спіць у сырой зямлі.

 

Сказаў ён, бліснуўшы вачамі:

«Браткі! Ці ж не Масква за намі?

Памром жа пад Масквой,

Як нашы продкі паміралі!»

І мы памерці абяцалі,

І клятву гэтую стрымалі

Мы ў Барадзінскі бой.

 

Праз дым, што засцілаў абшары,

Французы рушылі, як хмары,

І ўсё на наш рэдут.

Уланы а яркімі значкамі,

Драгуны з конскімі хвастамі,

Ўсе прамільгнулі перад намі,

Перабывалі тут.

 

Не бачыць вам таго ніколі!..

Сцягі, што цені, беглі ў полі

З бугра і да бугра,

Карцеч над намі візгатала,

І сталь штыкоў калоць прыстала,

І ядрам лётаць замінала

Крывавых цел гара.

 

Зазнаў чужынец, тройчы кляты,

Што значыць рускі бой зацяты,

Наш рукапашны бой!..

Зямлю трасло – як нашы грудзі,

Паблыталіся коні, людзі,

Цяжкіх гармат тысячагуддзе

Вісела над зямлёй…

 

Ды вось сцямнела. Але новы

На ранку бой пачаць суровы

З нас кожны быў гатоў…

Затраскаталі барабаны –

І адступілі басурманы.

Тут пачалі лічыць мы раны,

Лічыць сваіх сяброў.

 

Так, знаў людзей я ў дні былыя,

Асілкі не абы-якія,

Не гэткія, як вы!

Цяжкая выпала ім доля:

З іх мала хто вярнуўся з поля.

Каб не святых нябёсаў воля,

Не аддалі б Масквы.

* * *

Спяшаюся з чужога краю

Дамоў, адбыўшы свой палон,

Табе, Казбек, я пасылаю

З шляхоў вандроўніцкіх паклон.

 

Ты ўзняў між небам і зямлёю

Чало, спавітае чалмой.

І гул людскога неспакою

Не ўзрушыць горды твой спакой.

 

Ды сэрца ціхага маленне

Ты аднясі з тваёй скалы

Туды, дзе зорнае праменне

Прастола вечнага Алы.

 

Малю, каб дзень сышоў халодны

На дол гарачы, пыльны шлях,

Каб я ў пустыні ў час спякотны

Мог адпачыць на камянях.

 

Малю, каб бура не застала,

З маланкай, громам і дажджом,

На кручах змрочнага Дар’яла

Мяне са стомленым канём.

 

Ды ёсць яшчэ адно жаданне! –

Падумаць жудасна аб тым! –

А што, калі з часоў выгнання

Мой край забыў мяне зусім!

 

Ці там патраплю я ў былыя

Абдымкі шчырых дружбакоў?

А ці пазнаюць дарагія

Пакутніка праз шмат гадоў?

 

Альбо на могілках халодных

Наведаю, як позні госць,

Я прах сяброў высакародных,

Са мной дзяліўшых маладосць?

 

О, калі так, ліхой віхурай,

Казбек, засып мяне хутчэй

І па сваёй цясніне хмурай

Без жалю тло маё развей.

ПРАРОК

З дзён, як суддзёю спраў зямных

Прарока дар мне дараваны,

Чытаю я ў вачах людскіх

Старонкі злосці і заганы.

 

Натоўпу абвяшчаў не раз

Я праўды і любві вучэнні:

Мне бліжнія мае ў адказ

Шалёна кідалі каменні.

 

Бег жабраком я з гарадоў

Услед за злоснай пагалоскай

I вось жыву сярод пяскоў,

Як птушка, дарам ежы боскай;

 

Мне паслухмяна дзень пры дні

Там служаць земныя стварэнні;

I шлюць мне зоры з вышыні

Свае ўрачыстыя праменні.

 

Калі ж праз горад я, жабрак,

Іду адзін хадой імклівай,

Старыя дзецям кажуць так

З усмешкаю самалюбівай:

 

«Глядзіце: вось урок для вас!

Вось прыклад гонару пустога:

Дурны, хацеў упэўніць нас,

Што ён гаворыць мовай бога!

 

Глядзіце ж, дзеці, як зусім

Ён змізарнеў: які ён бледны!

Які худы, які ён бедны,

Як пагарджаюць людзі ім!»

ПАЛОННЫ РЬІЦАР

Моўчкі сяджу і гляджу я за краты;

Горка быць вязнем, і бачыць мне сорам

Сіняе неба і вырай крылаты,

Што адгукаецца ў сэрцы дакорам.

 

Вусны цураюцца грэшнай малітвы;

Не пра любоў вымаўляюцца словы:

ІІомню я толькі мінуўшчыны бітвы,

Панцыр жалезны і меч шматпудовы.

 

Сёння мой панцыр – турмы камяніца,

Скінуць каменны свой шлем не магу я,

Шчыт мой ні стрэл, ні мяча не баіцца,

Конь мой бяжыць, ім ніхто не кіруе.

 

Час, што спяшаецца,– конь мой нязменны,

Краты на вокнах – як шлема забрала,

Панцыр каменны – высокія сцены,

Шчыт мой – астрогу чыгунная брама.

 

Час, не спыняйся, спыняцца нягожа!

Душна пад новай бранёю мне стала!

Стрэмя пакінуць мне смерць дапаможа;

Злезу і скіну я з твару забрала.

ХМАРЫ

Сініх нябёсаў вандроўнікі вечныя!

Разам зазналі мы долю суровую –

Гоніць выгнанне вас, хмаркі сустрэчныя,

З поўначы любай у далеч паўднёвую.

 

Хто асудзіў вас на ўцёкі імклівыя?

Зайздрасць патайная? Злосць непазбытая?

Альбо гнятуць вас злачынствы жахлівыя?

Альбо паклёпы сяброў ядавітыя?

 

Не, вам абрыдалі нівы бясплодныя...

Вы ні пачуццяў, ні гора не знаеце;

Вечна – халодныя, вечна – свабодныя,

Вы – без айчыны, выгнання – не маеце.

ЗАПАВЕТ

Сам-насам зараз мне з табой

Хацелася б пабыць:

На свеце мала, браце мой,

Мне застаецца жыць!

Паедзеш хутка ты дамоў,

Дык ведай...

Лёс мой, з тых часоў,

Як выбраўся я з дому,

Не ў галаве нікому.

 

Пра долю, можа быць, маю

Спытаюць... Гавары,

Што я, паранены ў баю,

Загінуў без пары;

Сумленна за цара памёр,

Паслаўшы лекарам дакор;

Што матчынаму краю

Паклон свой адбіваю.

 

Але бацькоў маіх наўрад

Ці знойдзеш у жывых...

Засмучваць сумнай весткай, брат,

Я не хацеў бы іх.

Калі жывуць, скажы ім ты,

Што не люблю пісаць лісты,

Што полк мой у паходзе

І што чакаць ім годзе.

Суседка ёсць у іх адна...

Даўно расстаўся там

Я з ёй!.. Ды пра мяне яна

Пытаць не стане... Сам

Ты раскажы ўсю праўду ёй;

Ты не шкадуй душы пустой:

Паплача хай, нябога...

Што ёй з таго?.. Нічога!

ЖАБРАК

Каля святых варот царквы

Стаяў, нядоляю прыкуты,

Бядняк змарнелы, ледзь жывы

Ад смагі, голаду, пакуты.

 

Ён міласці, якою жыў,

Прасіў тут у людзей і ў неба,

І нехта камень палажыў

Яму ў руку заместа хлеба.

 

Так з непазбыўнаю тугой

Маліў цябе я, закаханы;

Вось так сардэчны клопат мой

Табой навекі ашуканы!

І СУМНА, І НУДНА

І сумна, і нудна! – і некаму слова сказаць

Сяброўскае ў момант у гэты...

Жаданні... ці варта дарэмна і вечна жадаць?

А леты мінаюць – найлепшыя леты!

 

Кахаць – а каго? – захапляцца часова не след,

А вечна кахаць немагчыма...

Душу варухнеш? – знойдзеш толькі нікчэмнасці след.

І радасць і гора пранеслася міма.

 

Пачуцці? – іх слодыч, што палкімі вуснамі п’еш,

Ад слова развагі знікае,

І наша жыццё, як з халоднай увагай зірнеш, –

Такая мізэрнасць і марнасць такая!

* * *

1

Калі паспелую хвалюе ветрык ніву,

І верхавін лясных кранаецца рукой,

І ад спякоты сад малінавую сліву

Хавае ў халадку лістоты трапяткой,

 

2

Калі, расой апырсканы духмянай

Ружовым вечарам ці ранішняй зарой

Мне ландыш серабрысты з нечапанай

Густой травы ківае галавой;

 

3

Калі цурчыць ручай, ратуючы ад смагі,

І, акунаючы душу ў няясны сон,

Ляпеча мне радкі таемнай сагі

Пра мірны край, адкуль імчыцца ён;

 

4

Тады сцішаецца душы маёй трывога,

Знікае на чале маршчын суровых сець,

І шчасце на зямлі магу я зразумець,

І адчуваю ў небе бога!..

ПАЭТ

Кінжал мой зіхаціць аздобай залатой;

Клінок надзейны, без заганы;

Захоўвае булат гарт таямнічы свой –

Усходам ратным дараваны.

 

Нямала зім і лет ён конніку ў гарах

Служыў без платы за паслугу;

Правёў ён страшны след не па адных грудзях

І не адну прадраў кальчугу.

 

Ён забаўкі дзяліў, як паслухмяны раб,

Крывёй змываў абразы сорам;

Багатая разьба ў той час яму была б

Ганебным і чужым уборам.

 

За Церакам яго казак адважны ўзяў

На трупе ворага халодным,

І доўга ён пасля адкінуты ляжаў

У гандляра мяху паходным.

 

З героем слаўны шлях прайшоўшы на вайне,

Ён родныя пакінуў ножны

І цацкай залатой зіхціць на дыване,

Нікчэмны і бездапаможны!

 

Яго з увагаю і клопатам былым

Рука не лашчыць баявая,

Ніхто не чысціць сталь і надпісы на ім

У час малітвы не чытае.

 

У спешчаны наш век хіба не так, паэт,

Сваё ты страціў прызначэнне,

Не падначальваеш уладзе лірнай свет,

Прадаўшы золату натхненне?

 

Бывала, мерны гук тваіх магутных слоў

Вёў ратнікаў на поле бітвы,

Быў неабходны ён, як чара для сяброў,

Як фіміям дзеля малітвы.

 

Твой верш, як божы дух, лунаў над грамадой

І рэхам дум высакародных

Гучаў, нібы набат, на вежы вечавой

У дні і свят і бед народных.

 

Ды надакучыў нам твой просты, горды сказ,

Нас вабяць штучнасці падманы,

Як драхлая краса, хлуслівасцю акрас

Наш свет стары падфарбаваны.

 

Ці ты прачнешся зноў, абсмеяны прарок?

Альбо, пакліканы да бою,

Ты з ножан залатых не вырвеш свой клінок,

Да рэшты з’едзены іржою?..

МАЛІТВА

Калі душа сціскаецца

Гаркотаю глухой:

На памяць вымаўляецца

Адна малітва мной.

 

Ёсць сіла жыватворная

У гуках слоў жывых.

Чаруе непаўторная

Краса святая іх.

 

Душа пераіначыцца.

Тугі цяжар міне –

І верыцца, і плачацца,

І лёгка, лёгка мне...

* * *

1

Я адзін выходжу на дарогу;

Ноч імглой ахутала яе;

Даль прыціхла, молячыся богу,

Зорка зорцы голас падае.

 

2

У нябёсах велічна і згодна!

У блакітным ззянні спіць зямля...

Што ж мне так і цяжка і маркотна?

Што са мной? Чаго шкадую я?

 

3

Не шкадую дзён, пражытых мною;

Лепшых мне не бачыць і не чуць;

Я шукаю волі і спакою!

Я б хацеў забыцца і заснуць!

 

4

Ды не так, як спяць пад крыжам людзі...

Я б жадаў такія ўбачыць сны,

Каб жыццё маё ўздымала грудзі,

Каб паціху дыхалі яны.

 

5

Каб да слыху далятаў з пяшчотай

Спеў кахання і, пад гэты спеў,

Нада мной зялёнаю лістотай

Цёмны дуб схіляўся і шумеў.

* * *

 

Я не хачу, каб свет чытаў

Маю таемную аповесць;

Аб тым, як жыў я і кахаў,

Я не яму складаю споведзь!..

 

Бог і сумленне суддзі ёй,

Да іх пакутай я прыкуты;

І хай мяне карае той,

Хто вынайшаў мае пакуты;

 

Дакор пусты, дакор людскі

Душы высокае не ўзрушыць;

Няхай шуміць прыбой марскі –

Уцёса хвалямі не зрушыць;

 

Стаіць ён, дзвюх стыхій жыхар:

Вышынь пахмурых, хваль шалёных,

І, апрача грымот і хмар,

Ніхто не знае дум ягоных...

bottom of page