top of page

ТВОРЧАСЦЬ

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДЧЫКА

"Кожны паэт павінен займацца перакладамі. Я лічу пераклад часткай сваёй творчасці. Таму нароўні з тым, што пішу сваё, перакладаю вершы паэтаў, якія мне падабаюцца. Далучэнне да творчых крыніц Шаўчэнкі, Пушкіна, Лермантава, Лангфэла з'явілася для мяне вялікай школай паэтычнага майстэрства. Пераклады – асабліва з класічнай паэзіі – акрамя таго, што ўзбагачаюць паэта, раскрываюць магчымасці і нашай мовы, дапамагаюць распрацоўцы літаратурнага стылю".

Аркадзь Куляшоў

ДА САБАКІ КАЧАЛАВА

Дай, Джым, на шчасце лапу мне,

Такое лапы я не бачыў зроду.

Пры месяцы, што свеціцца ў акне,

Давай з табой пабрэшам на пагоду.

Дай, Джым, на шчасце лапу мне.

 

Ты не ліжыся, калі ласка, Джым.

Паслухайся мяне – жыццё не жарты,

Яго не разумееш ты зусім,

Не ведаеш, што жыць на свеце варта.

 

Твой мілы гаспадар і людзям рад,

I з гучнай славаю ён у сяброўскім ладзе,

Таму ў яго гасцей бывае шмат

I кожны з іх цябе па шэрсці гладзіць.

 

З тваёй даверлівасцю і красой

Пёс ні адзін не можа параўнацца.

I, не спытаўшы згоды нічыёй,

Як друг п’яны, ты лезеш цалавацца.

 

Мой любы Джым, у родных сценах тых

Ты з рознымі знаёміўся гасцямі.

Але адной, сумнейшай сярод іх,

Не гаваркой, не прыкмячаў часамі?

 

Яна яшчэ сустрэнецца з табой.

Ты за мяне ёй, гасцялюб заўзяты,

Лізні руку за ўсё, чым перад ёй

Я вінаваты і не вінаваты.

* * *

Невыказнае, сіняе, ўсцешнае...

Сціх прастор пасля грому і сцюж,

I душа мая – поле бязмежнае –

Поўна водарам мёду і руж.

 

Я ўжо іншы. Жыццё праляцела

I не вернецца, плач ці не плач.

Нібы тройка мая ашалелая

Па краіне прамчала наўскач.

 

Коні дол здратавалі. Насмецілі.

Зніклі ў пыле пад д’ябальскі свіст.

А цяпер пад ляснымі веццямі

Нават чутна, як падае ліст.

 

Ці то бомы? Ці рэха? Спакойнымі

Б’ецца тонамі сэрца ў грудзях.

Стой, душа, мы з табой, нібы коннікі,

Праскакалі прызначаны шлях.

 

Разбярэмся са справамі нашымі

I з людзьмі і з краінай сваёй,

I даруем, дзе крыўдна зняважылі

Нас па нашай віне і чужой.

 

Толькі ў трыццаць гадоў прызнавацца мне

Горка ў марнасці п’яных забаў,

Як і ў тым, што ў свой час ад юнацтва

Вельмі мала я патрабаваў.

 

Але ж гнуцца дубочкі зялёныя

Гэтаксама, як гнецца трава...

Эх, юнацтва, юнацтва залётнае!

Залатая сарві-галава!

* * *

Я іду далінай. Набак збіта кепі,

У пальчатцы белай смуглая рука.

Ружавеюць далі ў неабсяжным стэпе,

Ціха гоніць хвалі сіняя рака.

 

Я ў жаданнях сціплы. Сэрцам бестурботным

Толькі б слухаць песні – адгукацца ім,

Толькі б дыхаць вольна ветрыкам лагодным,

Толькі б не згінацца станам маладым.

 

Выйду за дарогу я туды, дзе плёсы, –

Колькі там святочных мужыкоў і баб!

Штосьці шэпчуць граблі, штосьці свішчуць косы.

«Эй, паэт, паслухай, слаб ты ці не слаб?

 

Ты любіў бы працу так, як любіш долы.

Ці не час спускацца на зямлю з нябёс?

Ці вясковым хлопцам ты не быў ніколі?

Спрыт свой пакажы нам, правядзі пракос».

 

Ах, пяро не граблі, ах, каса не ручка –

Ды радкі выводзяць і касы лязом.

Пад дажджом, пад сонцам гучна і не гучна

Іх чытаюць людзі сенакосным днём.

 

К чорту я скідаю свой касцюм англійскі.

Што ж, касу давайце, я вам пакажу –

Ці я вам не свойскі, ці я вам не блізкі,

А ці ўвагай вёскі я не даражу.

 

Ямы не зашкодзяць, пні не перашкодзяць.

Хораша касою ў ранішні туман

Тыя травяныя мне радкі выводзіць,

Каб і конь чытаў іх і вітаў баран.

 

А ў радках тых – песня, а ў радках тых – слова.

Вось таму і рады я за касільном,

Што чытаць іх можа кожная карова,

Плацячы за гэта цёплым малаком.

ПЕСНЯ

Ёсць адна прыгожая песня салаўіная –

Па маёй галовачцы скарга дамавінная.

 

Цвіла – бесшабашная, расла – нажавая,

А цяпер схілілася, нібы нежывая.

 

Думы мае, думы! Насланнё праклятае!

Змарнаваў юнацкія дні свае без ладу я.

 

Як такое сталася, сам таго не знаю.

Ноччу сэрцам да падушкі жорсткай прыпадаю.

 

Ліся, песня звонкая, скаргай салаўінаю.

Абдымаў, мне снілася, я сваю адзіную.

 

За акном гармоніка ўсхліп і ззянне месяца.

Знаю, што ніколі ўжо гэтым снам не здзейсніцца.

 

Эх, любоў-калініца, кроў – зара вішнёвая,

Як гітара даўняя і як песня новая.

 

З той жа самай любасцю, радасцю і мукамі,

Што дзядамі пелася, зноў пяецца ўнукамі.

 

Дык балюйце, юныя, дык не схібце, смелыя! –

Адцвіце каханая, як чаромха белая.

 

Я адцвіў не знаю дзе – нават не пытаюцца

Тыя, што гарнуліся, а цяпер цураюцца.

 

I аб тым прыгожая песня салаўіная –

Па маёй галовачцы скарга дамавінная.

 

Цвіла – бестурботная, была – нажавая,

А цяпер схілілася, нібы нежывая.

* * *

Кожнай працы я жадаю ўдачы!

Рыбаку – каб з рыбай невады,

Сейбіту – каб плуг яго і кляча

Дабывалі хлеб на ўсе гады.

 

П’юць ваду са шклянак адмысловых,

З конавак таксама можна піць,

Можна піць са сподкаў жалудовых,

Калі дуб над рэчкаю стаіць.

 

Добра мне ў траве ляжаць духмянай

I ў падманную глядзецца гладзь,

I раўнівы позірк закаханай

На сабе, астылым, прыгадаць.

 

Драч рыпіць... рыпіць, рыпіць у лузе...

Вось чаму не смуціцца народ,

Што, з вясёлай працай у саюзе,

Апрасцеў пад ношаю турбот.

 

Толькі я забыў часы былыя

I цяпер аб тым спяваю сам,

Сузіральнік марны – што чужы я

Дарагім мне нівам і лясам.

 

Нібы нехта некага шкадуе,

Нібы хто ад родных ніў адвык,

I таму над багнай лемантуе,

Плача ў сэрца каня і кулік.

* * *

Адыходзім, нібы ў падарожжа,

Мы ў той край, дзе вечны супакой.

Хутка і мая чарга, быць можа,

Тленныя пажыткі браць з сабой.

 

Любыя бярозы па-над кручай!

Ты, зямля! Прастор мой дарагі!

Перад гэтай доляй немінучай

Не магу я не адчуць тугі.

 

Вельмі ўжо любіў я ўсё на свеце,

Што ў палон душу маю ўзяло.

Мір асінам, што, прасцёршы вецце,

Заглядзеліся ў рачное шкло.

 

Шмат я думаў у цішы маркотнай,

Шмат я песень пра сябе злажыў,

І на гэтай на зямлі гаротнай

Тым шчаслівы, што кахаў і жыў.

 

Тым шчаслівы, што на цёплых межах

Кветкі рваў, валяўся на траве

І звяр’ё, як пабрацімаў меншых,

Колькі жыў, не біў па галаве.

 

Знаю я, што шыяй лебядзінай

Не звініць там колас ні адзін.

Вось таму і вее дамавіннай

На мяне тугой ад дамавін.

 

Знаю я, што ў тым краі не будзе

Ніў, заліўшых золатам палі.

Вось таму мне любы свет і людзі,

Што жывуць са мною на зямлі.

* * *

Адгаварыла восень залатая

Вясёлай мовай залатых бяроз.

І выраю, што ўдалеч адлятае.

Ужо нічый не дораг болей лёс.

 

Чым даражыць? Жыццё, як вандраванне, –

Прайшоў, зайшоў і дом пакінуў свой.

Аб адышоўшых мроіць канаплянне

З шырокім месяцам над заваддзю рачной.

 

Стаю адзін сярод раўніны голай,

А журавоў знікае чарада,

Аб маладосці думаю вясёлай,

Ды мне ў былым нічога не шкада.

 

Мне не шкада ні светлае хвіліны,

Мне не шкада пражытых марна дзён.

Гарыць агонь чырвонае рабіны,

Але нікога не сагрэе ён.

 

Не абгараць рабінавыя кісці,

Пажоўкласць не загубіць асакі.

Так, як раняе дрэва ціха лісце,

Раняю я маркотныя радкі.

 

І калі час завеяю суровай,

Як смецце, іх зграбе ў адзін грудок...

Скажыце так... што залатою мовай

Адгаварыў бярозавы лясок.

bottom of page