top of page

ТВОРЧАСЦЬ

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДЧЫКА

"Кожны паэт павінен займацца перакладамі. Я лічу пераклад часткай сваёй творчасці. Таму нароўні з тым, што пішу сваё, перакладаю вершы паэтаў, якія мне падабаюцца. Далучэнне да творчых крыніц Шаўчэнкі, Пушкіна, Лермантава, Лангфэла з'явілася для мяне вялікай школай паэтычнага майстэрства. Пераклады – асабліва з класічнай паэзіі – акрамя таго, што ўзбагачаюць паэта, раскрываюць магчымасці і нашай мовы, дапамагаюць распрацоўцы літаратурнага стылю".

Аркадзь Куляшоў

МАЙСТРЫ ЗЯМЛІ

У далях, дзе травы, як збожжа, раслі,

Дзе жыта ўзнялося сцяною,

Стаялі майстры ураджайнай зямлі,

Вядомыя славай сваёю.

 

Не верачы нібы ў свой поспех буйньы

Нібыта ўсё гэта здалося,

Глядзелі на поўнач,

На поўдзень яны

I жоўтае рвалі калоссе.

 

Сваю перамогу прыйшлі правяраць,

Бо блізка ўжо час умалота;

Вось тут, дзе квітнее цяпер сенажаць,

Дыміла сівое балота.

 

Крывое карэнне сваё лазнякі

У глебу пускалі глыбока,

Зялёныя пікі глухой асакі

Цалялі прахожаму ў вока.

 

I быў гэты край краем цёмным дасюль,

Бярлогаю чорнаю смерці,

Праз тысячы год

Забабонных бабуль

Пужалі балотныя чэрці.

 

Ды людзі паўсталі, каб знішчыць чарцей,

Каб светлыя здзейсніць намеры,

На ногі паставілі

Жонак, дзяцей,

Далі ім лапаты, сякеры.

 

I там, дзе не кожны мог пеша прайсці,

Дзе падалі коні ад змогі,

Яны правялі пад’язныя пуці,

Яны пратарылі дарогі.

 

Маўклівасць дрымотную кожнай вярсты

Знішчалі яны

Сваёй працай высокай.

I поле ўлілося ў зямныя пласты

Вясёлай

Жытнёвай затокай.

 

Ляглі перад імі, як мора, лугі,

Зара іх святлом залівае,

I свежага сена крутыя стагі

Духмяней цэйлонскага чаю.

 

I ў свята, як чутны гармоняў лады,

А косы пад стрэхамі немы,

Глядзець на багацце прыходзяць сюды

Героі і творцы паэмы.

 

Нібы зачарованы сном дарагім,

Стаяць у жытнёвым затоне,

Пад шум яго ўсцешаны зернем буйным,

Якое ляжыць на далоні.

 

Стаяць, размаўляюць ледзь чутна майстры,

I моўкнуць размовы іх тыя,

Здаецца, што рукі ад промняў зары

У кожнага з іх –

Залатыя.

РАЗВІТАННЕ

Ёсць загад: яму – на захад,

Ёй – другая старана...

Разлучала камсамольцаў

Грамадзянская вайна.

 

У паход яны спяшалі,

Пакідалі ціхі край.

– Ты мне, родная, што-небудзь

На дарогу пажадай.

 

I дзяўчына адказала:

– Я жадаю ўсёй душой –

Калі смерці, то раптоўнай,

Калі раны, то малой.

 

А яшчэ жадаю, дружа,

Я табе ўсяго мацней,

Каб дадому з перамогай

Ты вяртаўся як хутчэй.

 

Ён, паціснуўшы руку ёй,

Паглядзеў у вочы зноў:

– А яшчэ цябе прашу я –

Напішы мне пару слоў.

 

– А куды пісаць я стану?

Як дазнацца, адкажы?

– Ўсё адно,– сказаў ён ціха, –

Куды-небудзь... напішы.

МАЛЕНСТВА

Играйте же, дети, растите на воле,

На то вам и красное детство дано.

М. Някрасаў

1

Даўно ўжо было гэта, помню, са мною,

У смаленскай глухой старане,

У поле, за вёску, аднойчы вясною,

Маленства прыйшло да мяне.

 

Прыйшло і сказала: – Твае аднагодкі

Ля сажалкі ў зборы з відна.

А ты сіратою сумуеш на ўзгорку,

Як быццам вясна – не вясна.

 

Няўжо сапраўды ты са мной не жадаеш

Лавіць матылёў на ляту,

Ручай пераскочыць ахвоты не маеш,

Згуляць на палянцы ў лапту;

 

На дуб высачэзны ўскараскацца мігам

Ці выразаць дудку-красу?..

– Мне хочацца вельмі, – адказваў я ціха, –

Ды, бачыш, я свінні пасу.

 

Спакою не маюць яны на папасе,

За імі глядзі ды глядзі.

I бегаць з табой, разумееш, не час мне,

Як-небудзь пасля ты прыйдзі...

 

2

Ліпнёвай парою прыйшло залатое

Маленства ізноў к хлапчуку.

I слова ля прызбы гаворыць такое:

– Ты што гэта – зноў убаку?

 

Напэўна, забыў, што даспела маліна,

Што весела сёння ў бары?

Напэўна, не знаеш – якога наліма

Учора злавілі сябры?

 

– Я знаю, – сказаў я самотна на гэта, –

Ды толькі пайсці не магу:

Бацькі мае ў полі заняты ўсё лета,

Я ж хату ўвесь час сцерагу.

 

Са мной яшчэ брат мой малы, двухгадовы,

Не кінеш яго аднаго:

У лужыне ён захлынуцца гатовы

Ці бык забадае яго.

 

Дзень цэлы ганяю курэй з агароду,

Ніяк я ім рады не дам!

Зганю іх – як быццам не йдуць яны ў шкоду,

А гляну – і зноў яны там...

 

Я гэтак казаў – у сваё апраўданне,

Казаў, не шкадуючы слоў...

Махнуўшы мне палачкай на развітанне,

Маленства пайшло маё зноў.

 

3

Прыйшло яно зноўку халоднай зімою

У бедны, нярадасны дом,

Руку маю сціснула цёплай рукою: –

Ідзём жа, – сказала, – ідзём!

 

Прыдумаць я забаўку здольна любую,

Са ўсякай знаёма гульнёй:

Мы вылепім бабу з табой снегавую,

Пакідаем снежкі з табой;

 

Хіба ты забыла, што сёння не лета?

Мне выйсці няма ў чым, павер.

Сяджу я разуты, сяджу я раздзеты,

I хлеба няма ў нас цяпер.

 

Ты лепей вясной... – папрасіў я нясмела, –

Прыйдзі... калі цёпла... ў сяло...

Маўкліва яно на мяне паглядзела

I, цяжка ўздыхнуўшы, пайшло.

 

Маленства пайшло маё, знікла, прапала, –

Было гэта вельмі даўно...

А можа зусім яго не існавала,

Прыснілася толькі яно.

 

На санках, як вецер, ляцець будзем з горкі,

Імчаць на каньках, як у сне...

– Я вельмі хацеў бы... – адказваў я горка, –

Ды, мусіць, не суджана мне.

 

Хіба ты забыла, што сёння не лета?

Мне выйсці няма ў чым, павер.

Сяджу я разуты, сяджу я раздзеты,

I хлеба няма ў нас цяпер.

 

Ты лепей вясной... – папрасіў я нясмела, –

Прыйдзі... калі цёпла... ў сяло...

Маўкліва яно на мяне паглядзела

I, цяжка ўздыхнуўшы, пайшло.

 

Маленства пайшло маё, знікла, прапала, –

Было гэта вельмі даўно...

А можа зусім яго не існавала,

Прыснілася толькі яно.

У ВАНЮШЫ ПАЛІ НЕЎЗАРАНЫЯ

У Ванюшы палі неўзараныя,

Закруціла Ванюшу каханая.

Што ні дзень там, дзе ельнік канчаецца,

Ён з дачкой млынара сустракаецца.

 

Засыпае дзяўчыну ён ласкамі,

Дагаджае прыгожымі казкамі,

Забаўляе яе ён размовамі

Пра каханне высокімі словамі.

 

А ў сяле, каля студні, як водзіцца,

Дзе кума ды з кумою сыходзіцца,

Слова сказана ўжо канчатковае

Пра вяселле абавязковае:

 

«Хлопец ладны, нявеста выгодная...»

Але выйшла якраз адваротнае.

 

Сход ячэйкі вясковай прызначылі,

Там вымову хлапцу прымастачылі

За такія да справы адносіны,

Што ўступіў з кулаком ён у зносіны

I што ў летнюю ночку сінюю

Пакрывіў камсамольскую лінію.

 

Прысмалілі яму, прымастачылі

I пра ўсё ў пратаколах адзначылі:

Не хадзі на парогі чужацкія,

Не глядзі на харомы кулацкія.

 

У ЗАШТАТНЫМ ГОРАДЗЕ

 

У драўляным горадзе з дахамі зялёнымі

Ёсць глухія вулачкі, ціхія куткі,

Там жывуць дзяўчаты і чытаюць «романы»,

У альбом запісваючы чулыя радкі.

Валасы ўпрыгожваюць стужкамі ды кветкамі,

I, калі міне семнаццаць ім,

Сціплымі пісулькамі, томнымі сакрэткамі

Прызначаюць стрэчы ў садзе гарадскім.

Словы ўсё таемныя, словы ўсё трывожныя,

З марамі аб кудзерах аб залатых,

Ставяць шэраг кропак пасля сказа кожнага

I зусім не ставяць косак тых.

 

I ў адказ на пісьмы, на тугу сардэчную,

I насустрач цішы, змрокам і вясне старана Зарэчная,

I заскачуць гукі па густой струне.

 

Даль нябёс над лініяй – чыстая і сіняя,

За млыном старэнькім – цёплы плёс ракі.

I стаяць над рэчкай, і брыдуць па лініі,

Дзе праходзяць хуткія цягнікі.

 

Цягнікі згадаюць светлымі вагонамі,

Сінімі, зялёнымі, бемскім шклом сваім,

Што за кіламетрамі ды за перагонамі

Людзі ёсць і справы ёсць іншыя зусім.

 

I рванецца сэрца з горада заштатнага

У прастор шырокі, непазнаны свет,

I самотна зробіцца маладым дзяўчатам,

I ўздыхнуць дзяўчаты цягнікам услед.

АПАВЯДАННЕ ПРА СЦЯПАНА

I ПРА СМЕРЦЬ

1

Да хаты Сцяпана вясной, перад вечарам,

Смерць ціха прытупала сцежкай глухой.

– Сцяпан Аляксеевіч! Думаць тут нечага...

Сцяпан Аляксеевіч! Я – за табой.

Як бачу, прапала ўжо сіла жалезная,

Ляжыш дармаедам, як я пагляджу...

– Што праўда, то праўда – хварэю ўсю весну я,

Што праўда, то праўда – на печцы ляжу.

Даўно ўжо задумаў я думу няўцешную,

Даўно адышоў ад палёў і двара...

– Ну, што ж, падрыхтуй, брат, душу сваю грэшную,

Сягоння твая надыходзіць пара...

– Гатоў я. I дошкі абчэсаны... вось яны...

I выбрана месца... Дарога адна...

Аднак ці не лепш пачакаць бы да восені?

Такая ўжо добрая сёння вясна.

Хачу перад ноччу сваёю бясконцаю

Апошняе лета пажыць між людзей,

Хачу на святло наглядзецца, на сонца я,

Каб спаць у зямлі той было мне лягчэй.

Ды зноў жа, сама зразумей, хоць і хворага,

Хоць старага, ды непакоіць мяне –

Што нашыя вырашылі пра ворага,

Што будзе, як будзе далей на вайне.

Дазнаюся ўсё і памру я, усцешаны,

Ні словам, ні справай табе не зманю...

I смерць адказала: – Да снегу да першага

Даю табе часу, знай ласку маю.

 

2

Вось лета мінула. Пакосы пакошаны,

Хлябы абмалочаны. Ціха вакол.

Сцяпан паглядзеў у акенца: парошаю

Засланы і стрэхі, і дрэвы, і дол –

I сумны зрабіўся, бо ўбачыў – спяшаецца

Знаёмая госця з касою праз гай.

– Сцяпан Аляксеевіч! Тэрмін канчаецца...

Сцяпан Аляксеевіч! Слова стрымай...

– Што праўда, то праўда... Прыйшла за мной, значыцца, –

Гаворыць Сцяпан, – адслужыў і ў запас.

Вось толькі тут справа такая прадбачыцца,

Што мне паміраць немагчыма, не час.

За ўсё ўжо сумленне пасля адквітаецца,

А сёння патрэбна было б мне пажыць:

У нашым у доме прыбытак чакаецца –

Нявестка мне ўнука павінна радзіць.

I хочаш не хочаш, прычына знаходзіцца,

Мне тут паблукаць бы з дазволу твайго,

Мне б тут дачакацца, калі ён народзіцца,

Дазнацца б – які ён, чым клікаць яго.

I часу ці многа патрэбна на гэтае?

Ну, месяц, ну, два... Пагадзіся са мной!

Калі будзе мір, да таго ж, я не ведаю,

На ворагаў лепш падалася б з касой.

А там – і прыходзь. Адмярай тры аршыны мне, –

Не будзе Сцяпан турбавацца нічым.

I ляжа ў зямлю ён той самай хвілінаю,

Спакойны, здаволены племем сваім.

Салдата, што ў бітвах мінулых адзначаны,

Паслухаць не грэх... Я прашу, не ганю...–

I смерць адказала: – Хітруеш ты, бачу я,

Ды добра, я згодна, знай ласку маю.

 

3

Мароз адрыпеў. Адшумела мяцеліца.

Прачнулася ўсё ад зімовага сну.

Туман вечаровы над рэчкаю сцелецца,

На ўзлессі гукаюць дзяўчаты вясну.

Ручай пакаціўся з узгорка і, звонячы,

У поплаў пабег, малады баламут...

Сцяпан з дому выйшаў – дзень выдаўся сонечны –

Рассеўся на лаўцы і ладзіць хамут.

I люба Сцяпану, і кліча прастор яго

Блакітны, вясновы, жыццёвы, людскі:

Не мелі, відаць, спадзявання на хворага,

А хворы той, вось ён, выходзіць, які!

I сам – хоць куды, і работа не валіцца

Са старых са спрытных Сцяпанавых рук.

А ўнукам напраўду Сцяпан не нахваліцца,

Ды як нахваліцца? – арол, а не ўнук!

З гадамі збярэцца ён з розумам, з сілаю

I смела – ў жыццёвы, людскі акіян!

Стары раздумоўваў... I гэтаю ж хвіляю

Пачуў за сабой: – Ці гатоў ты, Сцяпан?

Сцяпан азірнуўся. – Прыйшла зноў, з’явілася!

А я, прызнаюся, забыў пра цябе:

Састараў я, памяць, відаць, памуцілася,

I помніць усё мне нялёгка цяпер.

– Ой, маніш, – вандроўніца з ім не згаджаецца, –

Зусім адурнеў ты з маёй дабраты!

Я думала – ўсё ўжо... А ён не спяшаецца –

Рассеўся і ладзіць сабе хамуты!

Няўжо я дарэмна даль гэткую мерала?

Нічога сабе, адудзячыў, аднак!

А я на сумленнае слова паверыла,

Маніць мне не станеш ты, думала так.

Стары не стрымаўся: – Бач, бач, ускруцілася!

Ты думала? Думала, значыць, дарма!..

Ды, зрэшты, чаго сапраўды прычапілася,

Як быццам другога занятку няма?

За мною ўсё ходзіш адною дарогаю,

Стаіш над душой, а не знаеш таго,

Што хутка ўжо вернецца сын з перамогаю

I піша ён мне, каб чакаў я яго.

I як ні сустрэць яго песняю, працаю?

Дзень гэткі і мёртвага з месца скране.

Абразіцца сэрца вялікай абразаю,

Як прыйдзе святочны мой дзень без мяне.

Не ў час ты зваліць мяне прымеркавалася,

Не ў час захацела мяне загубіць:

I што б ні было там, і што б там ні сталася,

А Гітлера мусіць Сцяпан перажыць.

I што ні рабі, ні прыдумвай ты занава, –

Пакуль не пачую, што Гітлер падох,

Ты лепш не глядзі на акенца Сцяпанава,

Ты лепш не ідзі да яго на парог.

Кажу табе праўду, ні слова не тоячы,

Не стой нада мною, ідзі ўжо хутчэй!.. –

Падумала смерць, памарудзіла стоячы,

Махнула рукою і знікла з вачэй.

bottom of page