top of page

ТВОРЧАСЦЬ

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДЧЫКА

"Кожны паэт павінен займацца перакладамі. Я лічу пераклад часткай сваёй творчасці. Таму нароўні з тым, што пішу сваё, перакладаю вершы паэтаў, якія мне падабаюцца. Далучэнне да творчых крыніц Шаўчэнкі, Пушкіна, Лермантава, Лангфэла з'явілася для мяне вялікай школай паэтычнага майстэрства. Пераклады – асабліва з класічнай паэзіі – акрамя таго, што ўзбагачаюць паэта, раскрываюць магчымасці і нашай мовы, дапамагаюць распрацоўцы літаратурнага стылю".

Аркадзь Куляшоў

​ВОСЕНЬ

(урывак)

Чего в мой дремлющий тогда не входит ум?

Дзяржавін

 

І

Кастрычнік надыйшоў – і гай ужо страсае

Апошнія лісты з пустых сваіх галін;

Дыхнулі халады – дарога падмярзае.

Булькочучы, бяжыць яшчэ ручай за млын,

Ды ўжо ставок застыў; на ранку выязджае

Сусед мой паляваць сярод лясоў, далін,

І топчуць рунь палёў яго ліхія коні,

І будзіць брэх сабак дубровы ў час пагоні.

 

ІІ

Цяпер мая пара: мне сумна жыць вясной;

Адлігі не люблю; слата – вясной я хворы;

Бунтуе кроў; пачуцці сціснуты тугой.

Больш даспадобы мне зімовыя прасторы.

Суровыя снягі; як хораша зімой

Імчаць з сяброўкаю, калі іскрацца зоры,

Калі пад собалем, сагрэтая ў вазку,

Яна гарыць, дрыжыць і цісне вам руку!

 

ІІІ

Як люба абуваць жалезам вострым ногі

І коўзацца зімой па люстры роўных рэк!

А свят, зімовых свят, бліскучыя трывогі!

Ды трэба й меру знаць; паўгода снег ды снег,

Нарэшце гэткае і жыхару бярлогі,

Мядзведзю, збрыдае. Няможна ж цэлы век

Нам ездзіць у вазках з Армідамі сваімі,

Альбо ў цяпле гібець за вокнамі двайнымі.

 

IV

Ох, лета краснае! сябе-б я зваў тваім

Каханкам, каб не пыл, не камары ды мухі,

Ты здольнасці душы знішчаеш назусім,

У спёку гінем мы, як поле ад засухі;

Мы марым аб рацэ, аб халадку лясным –

І згадваем зіму-бабульку не без скрухі.

Праводзячы зіму блінамі і віном,

Памінкі ладзім ёй марожаным з ільдом.

 

V

Дні позняй восені нам зневажаць не дзіва,

Ды я яе люблю, чытач ласкавы мой,

За ціхую красу, што ззяе скрозь маўкліва.

Так да нялюбага дзіцяці ўсёй душой

Цягнуся я. І вам прызнаюся праўдзіва,

Што рады больш за ўсё я восені адной,

У ёй шмат добрага; адданы ёй душою,

Знайшоў прывабнае ў ёй марай я сваёю.

 

VI

Мне падабаецца даўно яна адна,

Як часам, можа быць, сухотная дзяўчына

Вам падабаецца. Асуджана яна,

Штодзень бліжэй яе смяротная хвіліна.

Усмешка на губах на выцвіўшых відна;

Не ведае яна, што стацца з ёй павінна:

Як ружа твар яшчэ гарыць, але дарма,

Хоць сёння і жыве, ды заўтра ўжо няма.

 

VII

Маркотная пара! вачэй замілаванне!

Прыемны сэрцу бляск знікаючай красы –

Люблю прыроды я ўрачыстае згасанне,

У чырвань з золатам убраныя лясы,

Ў іх засені вятроў шумлівых парыванне,

І сонца рэдкае, і з ранку маразы,

І тонкаю смугой пакрытыя нябёсы,

І ледзь прыкметныя сівой зімы пагрозы.

 

VIII

І з кожнай восенню я расцвітаю зноў;

Карысны для мяне наш рускі холад ранні,

Да дробезяў быцця зноў чую я любоў,

Прыходзіць пасля сну зноў голад на світанні,

І лёгка, радасна віруе ў сэрцы кроў,

Юнацкія ў маёй душы кіпяць жаданні;

Я поўны зноў жыцця – такі мой арганізм

(Прабач мяне, чытач, за лішні празаізм).

 

ІХ

Падводзяць мне каня: у лёце нечуваным

Ён конніка імчыць да дальніх пушчаў, сёл,

Пад капытом яго надзейна падкаваным

Трашчыць бліскучы лёд, звініць замёрзлы дол.

Ды хутка гасне дзень – на камінку цагляным

Агонь ізноў гарыць – ліе святло вакол,

Ці тлее ледзь – а я перад агнём чытаю

Ці ў марах доўгі час, забыўшыся, лунаю.

 

Х

І забываю свет, і так прыемна мне

Аддацца ў цішыні прыемным адчуванням,

Пачуцці светлыя паэзія кране:

Душа сціскаецца лірычным хваляваннем,

Уся трымціць, гучыць, і прагне, як у сне,

Нарэшце выліцца натхнёным парываннем,

І да мяне ідзе гасцей нябачны рой,

Сяброў, што мараю народжаны маёй.

 

XI

І думак не стрымаць, адважны іх намеры,

І рыфмы лёгкія насустрач ім бягуць,

І пальцы просяцца к пяру, пяро к паперы,

Хвіліна – і радкі натхнёна паплывуць.

Так дрэмле карабель, ў туман схаваны шэры

Але прыслухайся! – спяшаюцца, паўзуць

Матросы ўгору, ўніз – вось ветразі паднялі;

Скрануўся карабель і рассякае хвалі.

ЯЎГЕНІЙ АНЕГІН

Раман у вершах

Pétri de vanité il avait encore plus de cette espèced’orgueil qui fait avouer avec la même indifférence les bonnes comme les mauvaises actions, suite d’un sentiment de supériorité peut-être imaginaire. Tiré d’une lettre particuliére*.

 

Прысвячэнне

Не горды свет пацешыць маю,

Сяброўству ўважліваму рад,

Табе я слова прысвячаю

І аддаю яго ў заклад,

Як вартае душы музычнай,

Душы, ў якой агонь святы

Паэзіі жывой, крынічнай,

Высокіх дум і прастаты;

Ды так і быць – рукой крытычнай

Прымі ты збор стракатых глаў,

Крыху і смешных, і журботных,

Узвышаных, простанародных,

Нядбалы плён натхнёных спраў,

Бяссоніц, лёгкіх хваляванняў,

Няспелых год майго жыцця,

Разваг, халодных назіранняў

І горкіх метак пачуцця.

 

ГЛАВА ПЕРШАЯ

 

Спяшаецца і жыць і адчуваць

Князь Вяземскі

 

I

Мой дзядзька правіл без заганы,

Калі не жартам занямог,

Усіх прымусіў да пашаны

І лепей выдумаць не мог.

Другіх той прыклад навучае;

Ды, божа мой, нуда якая

Пры хворым дзень і ноч сядзець,

Не адыходзіцца, нудзець!

Прытворства нізкае якое

Напаўжывога забаўляць,

Яму падушкі папраўляць,

І лекі падаваць з тугою,

Ды моўчкі думаць пра сабе:

«Калі ўжо возьме чорт цябе!»

 

II

Гуляка малады імчаўся

Да дзяздькі з думкаю такой,

Ён з ласкі боскае застаўся

Як спадчыннік радні ўсёй.

Сябры Людмілы і Руслана,

З героем гэтага рамана

Без лішніх слоў, у гэты-ж час,

Дазвольце пазнаёміць вас:

Анегін, мы з ім сябравалі,

Узрос на беразе Невы,

Дзе можа, мой чытач, і вы

Радзіліся ці красавалі;

Калісь і мы гулялі там,

Ды толькі поўнач шкодзіць нам.

 

ІІІ

Сумленна службу адбываўшы,

З пазычак бацька існаваў,

Па тры балы на год даваўшы,

Усё прапіў і прагуляў.

Яўгеній гора ведаў мала:

Madame малога даглядала,

Пасля Monsieur яе змяніў;

Хлапчук гарэзны, мілы быў.

Monsieur l’Abbé**, француз убогі,

Каб лішніх мук хлапчук не знаў, –

Навукаю не дакучаў,

Не вельмі быў мараллю строгі,

Вымоў бясконцых не рабіў

І ў Летні сад гуляць вадзіў.

19 КАСТРЫЧНІКА

Скідае лес барвовы свой убор,

Заслаў мароз дыван бялюткі ў полі,

Дзень выгляне, як быццам мімаволі,

І знікне зноў за край вакольных гор.

Свяці, агонь, на камінку пустэльным;

А ты, віно, пад восені выццё,

У грудзі мне пралі з настроем хмельным

Хвіліннае мук горкіх забыццё.

 

Самотны я: са мной няма сяброў,

З кім горкае запіў бы развітанне,

Каму б сказаў ад сэрца пажаданне

Вясёлага жыцця на шмат гадоў.

Я п'ю адзін: дарма маё ўяўленне

Збірае навакол сяброў маіх;

Знаёмага не чутна набліжэння,

Не чутна сэрцу крокаў дарагіх.

 

Я п'ю адзін, на беразе ж Нявы

Сябры сягоння без мяне святкуюць...

Але ці многія там з вас балююць?

Каго не дачакаліся там вы?

Хто здрадзіў нашай шматгадовай звычцы?

Каго яшчэ чакаеце дарма?

Чый голас змоўк на брацкай пераклічцы?

Хто не прыйшоў? Каго між вас няма?

 

Няма між вас сягоння спевака

З агнём душы, з гітарай красамоўнай:

Пад міртамі Італіі чароўнай

Ён ціха спіць, і брацкая рука

Не вывела на камені магілы

На рускай мове колькі родных слоў,

Каб некалі прывет сабе знябылы

Сын поўначы, там ходзячы, знайшоў.

 

Ці ты сядзіш сарод сяброў сваіх,

Каханак даляў і нябёс няродных?

Ці зноў плывеш да тропікау спякотных,

Ці да паўночных мораў ледзяных?

Шчаслівы шлях!.. З ліцэйскаґа парога

На карабель ты жартам узышоў,

І з тых часін між хваль твая дарога,

О сын любімы ўспененых валоў!

 

З ліцэя захапіў з сабою ўдаль

Ты весялосць і леты маладыя:

Ліцэйскі шум і забаўкі былыя

Ты ў марах меў сярод бурлівых хваль.

Ты прасціраў да нас з-за мора рукі,

Ты нас адных у юным сэрцы нёс

І паўтараў: на доўгі час разлукі,

Нас асудзіў, відаць, таемны лёс!

 

Сябры мае, цудоўны наш саюз!

Нібы душа, ён непадзельны, вечны,

Ён непарушны, вольны і сардэчны,

Ён рос пад засенню сяброўскіх муз.

Куды б нас ні закінула судзьбіна

І шчасце нас куды б ні павяло,

Мы тыя ўсе: нам цэлы свет чужына;

Нам бацькаўшчынай Царскае Сяло.

 

Выгнаннікам я на зямлі слыву,

Па свеце гнаны доляю суровай,

З сардэчнай шчырасцю да дружбы новай

У стоме нахіліў я галаву…

З тужліваю, з мяцежнаю мальбою,

З даверлівай надзеяй год былых

Сябрам другім аддаўся я душою;

Ды горкім быў прывет нябрацкі іх.

 

І тут цяпер у глушыні пустой,

Дзе выюць толькі сцюжы і завеі,

Мае збыліся мары і надзеі:

Я вас траіх, сяброў душы маёй,

Тут абдымаў. О Пушчын, браце родны,

Наведаў першы ты апальны дом;

Ты ажывіў выгнання дзень маркотны,

Зрабіў яго ліцэя светлым днём.

 

Зазнаў ты рана шчасце, Гарчакоў,

Хвала табе! – фартуны бляск халодны

Не змог змяніць твой горды дух свабодны:

Той самы ты для чэсці я сяброў.

Нам рана разысціся давялося:

Я шлях абраў адзін, шлях іншы – ты,

Ды, стрэўшыся на палявой дарозе,

З табой мы абняліся. як браты.

 

Калі зазнаў я горкія часы, –

Для ўсіх чужы, выгнання не пазбыўшы,

Цябе чакаў я, галаву схіліўшы,

Пясняр дзяўчат пермескіх, іх красы

І ты прыйшоў, натхнёны сын ляноты,

О Дэльвіг мой: твой голас абудзіў

Агонь душы, што спала ў дні маркоты.

І я бадзёра долю блаславіў.

 

Дух песень мы адчулі з год малых,

Мы хваляванне светлае зазналі;

Да нас дзве музы змалку прыляталі,

І шчаснымі былі мы з ласкі іх.

Ды ўжо любіў я воплескі людскія,

Ты, горды, пеў для муз і для душы;

Я дар губіў, як леты маладыя,

Ты геній свой выхоўваў у цішы.

 

Служэнне муз не любіць мітусні;

Спакоем дыхаюць мастацтва чары:

Але шумлівыя нас клічуць мары,

І спакушаюць нас юнацтва дні…

Апамятаемся, – ды позна! самі

Здзіўляемся., як хутка ўсё прайшло.

Скажы, Вільгельм, а ці не так і з намі,

А ці не тое ж самае было?

 

Пара! пара! не варты гэты свет

Пакут душы; пакінем спакушацца!

А ці не час ад мітусні схавацца!

Прыходзь, мой брат, мой дарагі паэт, –

Чакаю я; з табой у добрым часе

Пагутарым пра дні былыя зноў,

Пра бурныя падзеі на Каўказе,

Пра Шылера, пра славу, пра любоў.

 

Пара і мне… прыйшла чарга мая!

Ёсць прадчуванне добрае ў паэта;

Сябры мае, вы не забудзьце гэта:

Год праміне, і з вамі буду я!

Убачу я здзяйсненне мар апальных;

Год праміне, ізноў нас злучыць лёс!

О колькі слёз і воклічаў вітальных

І колькі чаш, узнятых да нябёс!

 

І першую паўней, сябры, паўней.

І піце ў гонар нашага саюза!

Благаславі, усцешаная Муза,

Благаславі: няхай жыве ліцэй!

Удзячна паднясём да вуснаў чашу

Яшчэ мы за настаўнікау сваіх,

За тых, што зберагалі юнасць нашу,

За ўсіх, за ўсіх, за мёртвых і жывых.

 

Паўней! ад сэрца шчырага свайго.

Зноў да канца, да кроплі выпівайце!

Ды за каго? о другі, адгадайце...

Ура, наш цар! так! вып'ем за яго.

Ён чалавек! пачуццяў раб адданы.

Настроі, чуткі для яго закон;

Забудзем мы, што ім сурова гнаны,

Ён браў Парыж, ліцэй засноўваў ён.

 

Балюйце ж, покуль лёс яднае нас!

Шкада, наш круг сяброўскіх ўсё радзее;

Хто ўжо ў труне, хто ў далях сірацее,

Лёс сочыць, вянем мы; мінае час;

З нас кожны непрыкметна халадзее

І да астатніх блізіцца гадзін…

Хто ж з нас, сябры, дзень нашага ліцэя

Пад старасць будзе святкаваць адзін?

 

Няшчасны брат! між пакаленняў новых

Дакучны госць, ён на зямлі чужой

Успомніць нас і дні сустрэч вясновых,

Закрыўшы твар дрыжачаю рукой...

Дык хай той дзень, хаця б і ў час маркотны,

Ён правядзе, пазбыўшыся нягод,

Як я сягоння, вязень ваш самотны,

Яго правёў без гора і турбот.

Азнаямленчы фрагмент.
Спампаваць поўны тэкст


 

bottom of page