top of page

ТВОРЧАСЦЬ

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДЧЫКА

"Кожны паэт павінен займацца перакладамі. Я лічу пераклад часткай сваёй творчасці. Таму нароўні з тым, што пішу сваё, перакладаю вершы паэтаў, якія мне падабаюцца. Далучэнне да творчых крыніц Шаўчэнкі, Пушкіна, Лермантава, Лангфэла з'явілася для мяне вялікай школай паэтычнага майстэрства. Пераклады – асабліва з класічнай паэзіі – акрамя таго, што ўзбагачаюць паэта, раскрываюць магчымасці і нашай мовы, дапамагаюць распрацоўцы літаратурнага стылю".

Аркадзь Куляшоў

​* * *

Хто ж гэта думаў, хто ведаў аб тым,

Што зажывеш ты жыццём не сваім?

 

Торба ды доўгая пуга з трубой. –

Толькі ўсяго, што прыгожы сабой.

 

Хата без вокнаў, з дзіравай страхой.

Толькі ўсяго, што разумна сабой.

 

Рваны пінжак, качэдыг ды капыл. –

Толькі ўсяго, што ты сэрцу быў міл.

 

Хто ж гэта думаў, што доляй другой

Ты зажывеш, невясёлы ты мой?

 

Не давялося дзяўчыне ў жыцці

Замуж з галечы ў галечу ісці.

 

Звонкі мой голас у доме заціх.

Вывеў мяне на дарогу жаніх.

 

Пыл закурыў ад сянец да сянец,

Бабы запелі – і шчасцю канец...

 

Мне загадана – ідзі ды жыві. –

Толькі ўсяго, што жыла без любві.

 

Век пражыла ля чужога стала. –

Толькі ўсяго, што забыць не магла.

 

Позна аб тым гаварыць, бедаваць.

Бацьку ды з маткай раней бы ўсё знаць,

 

Знаць, што жыццё пакіруе не так,

Знаць бы, чым стане пастух ды бядняк.

 

Вось пасядзім, памаўчым над ракой,

Быццам мы – хлопец ды дзеўка з табой,

 

Ціха вада булькаціць пад мастом.

Песні салоўка пяе за кустом.

 

Зоркі бялюткія ў рэчцы відны.

Гучныя вальсы за рэчкай чутны…

 

1936 г.

bottom of page