top of page

ТВОРЧАСЦЬ

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДЧЫКА

"Кожны паэт павінен займацца перакладамі. Я лічу пераклад часткай сваёй творчасці. Таму нароўні з тым, што пішу сваё, перакладаю вершы паэтаў, якія мне падабаюцца. Далучэнне да творчых крыніц Шаўчэнкі, Пушкіна, Лермантава, Лангфэла з'явілася для мяне вялікай школай паэтычнага майстэрства. Пераклады – асабліва з класічнай паэзіі – акрамя таго, што ўзбагачаюць паэта, раскрываюць магчымасці і нашай мовы, дапамагаюць распрацоўцы літаратурнага стылю".

Аркадзь Куляшоў

* * *

* * *

Каля гаю ў чыстым полі,

На самай магіле,

Дзве высокія таполі

Адна адну хіляць I без ветру гайдаюцца –

Нібы б’юцца ў полі.

Дзве сястрыцы-чараўніцы

Гэтыя таполі.

 

Закахаліся абедзве

Ў аднаго Івана;

А Іван, казак звычайны,

Абаіх не ганіў.

А гуляў сабе то з тою,

То з гэтаю люба, –

Покуль у яры увечар

Стрэліся пад дубам

Усе трое. – Кат паганы! –

Дзяўчаты сказалі.

Труцця-зелля на Івана

Дзве сястры шукалі.

Труцця-зелля, каб Івана

Заўтра атруціці.

Знайшлі зелля, накапалі,

Пачалі варыці.

Заплакалі, зарыдалі, –

Ды трэба рабіці:

Варыць трэба!

Наварылі,

Хлапца атруцілі,

Пахавалі каля гаю

У полі на магіле.

I ўсяго там? Але потым

Дзве сястры хадзілі

Штодзень божы раным-рана

Плакаць над Іванам,

Покуль сябе атруцілі

Тым зеллем паганым.

Бог іх людзям на навуку

Паставіў у полі

На магіле таполямі.

I тыя таполі

Над Іванам, на магіле,

Каля тога гаю,

I без ветру гайдаюцца,

I вецер гайдае.

* * *

А навошта мне жаніцца?

Ды навек звязацца?

Будуць з мяне маладога

Казакі смяяцца.

– Ажаніўся, – яны скажуць, –

Галодны і голы;

Занапасціў, неразумны,

Маладую волю, –

Яно й праўда. Што ж рабіць мне?

Скажыце мне, людзі!

Хіба йсці да вас у наймы?

Ці да ладу будзе?

Я чужых валоў не буду

Пасвіць, заганяці;

Не буду я ў чужой хаце

Цешчу паважаці,

А буду я красавацца

Ў блакітным жупане

На коніку вараненькім

Перад казакамі.

Знайду сабе чарнаброўку

Ў стэпу пры даліне –

Высокую магілачку

На той Украіне.

На вяселле таварыства

Прыйдзе ўсёй грамадай

Ды вынесе самапалы,

Выкаціць гармату,

Будуць несці таварыша

Ў новыя пакоі, –

Загамоняць самапалы,

Загудуць набоі.

Як паложаць атамана

У новую хату, –

Загалосіць, нібы маці,

Голасна гармата.

Гукаць будзе, крычаць будзе

Не адну гадзіну,

Паразносіць тую славу

На ўсю Украіну.

Палюбілася я,

Павянчалася я

З нешчаслівым сіратою

Бо то доля мая!

Злыя людзі ўзялі

Яго з роднай зямлі

I павезлі да прыёму –

У салдаты здалі!

I салдаткаю я,

Адзінокаю я

Старэюся ў чужой хаце

Бо то доля мая!

 

* * *

Ой, я свайго чалавека

У дарогу паслала,

Ад карчомкі да карчомкі

Сцежачку таптала.

Да кумы я забягала

Пшана пазычаці,

Мае дзеткі есці просяць

У халоднай хаце.

Есці гатавала

I спаць укладала,

Сама пайшла да дзяка

Здабываці пятака

Дый заначавала.

Ледзьве з Крыма мой дружок

Свае ногі давалок;

Валы паздыхалі,

Вазы паламалі,

З бізунамі чумачэнькі

Дадому дыбалі.

Увайшоў у хату,

Упаў на палаткі:

Лазяць дзеці галодныя

Ў запечку без маткі.

– А дзе ваша, дзеці, маці? –

Няшчасны пытае.

– Тата, тата! Наша маці

У карчме гуляе.

* * *

Ой, люлі, люлі, мой родны сыне,

Ўдзень і ўначы.

Пойдзеш, сыночак, па Украіне,

Нас кленучы.

Сыне мой, сыне! Не кляні татку,

Не памяні!

Кляні, мой родны, родную матку, –

Мяне кляні!..

Мяне не стане, – не йдзі ты ў людзі,

Ідзі ты ў гай:

Гай не спытае, бачыць не будзе, –

Там і гуляй!

Там да каліны сябе, дзіцятка,

Ты прыхіні!..

Яе любіла я – твая матка,

Ў былыя дні.

У сёлы пойдзеш, у тыя хаты,

Дык – не нудзі;

А як пабачыш з дзеткамі маці,

Дык – не глядзі!..

* * *

У дзяўчыны Кацярыны

Хата на памосце;

З славутага Запарожжа

Наехалі госці:

Адзін Сямён Босы,

Другі Іван Голы,

Трэці, слаўны ўдавічэнка,

Іван Ерашэнка.

– З’ездзілі мы Польшчу

I ўсю Украіну,

А такой, як Кацярына,

Не знайшлі дзяўчыны.

Адзін кажа: – Браце,

Каб меў я багацце,

Аддаў бы я ўсё золата

Гэтай Кацярыне

За адну гадзіну. –

Другі кажа: – Дружа!

Як быў бы я дужы,

Дык аддаў бы усю сілу

За адну гадзіну

Гэтай Кацярыне. –

Трэці кажа: – Дзеці!

Няма таго ў свеце,

Чаго я зрабіць не змог бы

Для красуні Кацярыны

За адну гадзіну. –

Падумала і трэцяму

Кажа Кацярына:

– Ёсць у мяне брат адзіны,

Што ў няволі гіне,

Недзе ў Крыме прападае.

Хто яго дастане,

Той з вас мужам, запарожцы,

Маім мужам стане. –

Разам паўставалі,

Коні пасядлалі,

Паскакалі ў стэп заўзята

Вызваляці брата.

У Дняпровым горле

Аднаго згубілі;

Другога ў Казлове

На кол пасадзілі;

Трэці, Іван Ерашэнка,

Слаўны ўдавічэнка,

З лютай няволі,

Ды з Бахчысарая,

Брата вызваляе.

Заскрыпелі рана дзверы

У вялікай хаце.

– Падымайся, Кацярына,

Брата сустракаці! –

Як зірнула Кацярына,

Як загаласіла:

– То не брат мой, а мой мілы!

Я табе зманіла. –

– Ты зманіла! – I дзяўчыну

Спаткала магіла

На парозе... – З гэтай хаты

Пойдзем, родны браце! –

Паехалі запарожцы

Вецер даганяці.

Кацярыну ў чыстым полі

Людзі пахавалі,

А слаўныя запарожцы

Там братамі сталі.

bottom of page