Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
IN MEMORIAM
ДА ЮБІЛЕЯЎ ПАЭТА
2019 ............................
Людміла Рублеўская
ДЫПЛОМ ПАЭТА – ВЕРШЫ
Вельмі сімвалічна, што дзень адкрыцця XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу супадае са 105-годдзем выдатнага беларускага паэта Аркадзя Куляшова. З гэтай нагоды давайце ўспомнім незвычайныя факты з яго біяграфіі.
На XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы вы можаце знайці і кнігі Аркадзя Куляшова, і кнігі пра яго. Напрыклад, цікавыя ўспаміны Валянціны Куляшовай пра бацьку «Аркадзь Куляшоў. Лясному рэху праўду раскажу...» з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Першую кніжку напісаў у 15 гадоў
Куляшоў – сапраўдны вундэркінд. Паспрыяла і тое, што рос у сям’і настаўнікаў, у творчай атмасферы. Калі Аркадзю было дванаццаць, Клімавіцкая раённая газета «Наш працаўнік» надрукавала яго верш «Ты мой брат». А свой першы зборнік «Росквіт зямлі» паэт трымаў у руках у 16 гадоў. Фактычна напісаны ён у пятнаццаць і раней. Рэдактарам зборніка стаў Міхась Чарот. Ён старанна адрэдагаваў вершы на свой густ, многае адкінуў. Так што Куляшоў на наступнай сваёй кнізе, выяўляючы крыўду на былога рэдактара, зрабіў пазнаку: «Першая кніга паэзіі». Маўляў, тая, папярэдняя, не лічыцца.
Меў італьянскія карані
Прадзед Куляшова па бацькавай лініі, Фелікс Мільта, быў сынам арганіста-італьянца, якога пан Галынскі прывёз з Польшчы ва ўніяцкую царкву вёскі Стараселле, што на Магілёўшчыне. Валянціна Аркадзьеўна Куляшова прызнавалася: «Цяпер разумею, што гэта італьянства выяўлялася ў бацькавай улюблівасці і тэмпераменце».
Не меў дыплома
У Мінск Аркадзь Куляшоў патрапіў са сваімі старэйшымі сябрамі па Мсціслаўскім педтэхнікуме Змітраком Астапенкам і Юліем Таўбіным, якія паступілі вучыцца ў педінстытут. Куляшоў ірвануў да іх якраз перад сваімі дзяржаўнымі іспытамі -– шаснаццацігадовага аўтара паэтычнага зборніка запрасілі працягнуць вучобу на літаратурным факультэце педінстытута. Але скончыў Куляшоў там толькі адзін курс. Надта ж зацягнула літаратурная праца. Адсутнасць дыплома не перашкодзіла ўзначальваць рэдакцыі. Але ўсё жыццё паэт займаўся самаадукацыяй.
Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст
УСМЕШКА ПАЭТА
2019 .........................................
Сёлета спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння народнага паэта БССР Аркадзя Куляшова (1914–1978). Многія яго вершы, балады і паэмы, асабліва знакаміты «Сцяг брыгады», вядомыя нам яшчэ са школьнай парты. Творчасць Аркадзя Аляксандравіча можна ахарактарызаваць так: рэфлексійная, філасофская, ідэйна заглыбленая. Выхаваны ў сям’і настаўнікаў, якія мелі выдатныя вакальныя здольнасці, будучы народны паэт рана адчуў у сабе жаданне асэнсоўваць навакольны свет па-мастацку. Гэтая прага, памножаная на бясспрэчны літаратурны талент, і стала асновай паэтычнай творчасці класіка.
Нягледзячы на выключную сур’ёзнасць тэм і праблем, што закраналіся аўтарам, Аркадзь Куляшоў умеў у сваіх творах усміхацца – часам добразычліва, а часам і іранічна. Так, у пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён працаваў у армейскай газеце «Знамя Советов». Яго вершы і гумарыстычная байка пра байца Аляксея Пятрова, напісаныя на рускай мове разам з I. Чэкіным, карысталіся вялікай папулярнасцю.
Аднак найбольш уласціва творчасці класіка лірычная усмешка – тая, што міжволі з’яўляецца на вуснах пасля прачытання вобразнага, шчырага, арыгінальнага верша.
Аркадзь КУЛЯШОЎ
НА СОТАЙ ВЯРСЦЕ
Ля поплава лазню
Таплю ад паўдня;
Ля поплава злазіць
Дзяўчынка з каня.
На вольхах даўгі
Калыхаецца цень.
Прысела. Шляхі
Затамілі за дзень.
Сто вёрст адскакала
Пякельных, як вар,
Сто вёрст загарала –
Нябёсы без хмар.
– Дазволіш, – смяецца, –
Папарыцца мне?..
Ты ж баншчык, здаецца?
Адказваю:
– Не.
Я так – летуценнік,
У бацькі ў гасцях,
Бярозавы венік
Трымаю ў руках.
Пяю табе славу,
Духмяны лісток,
Ты жаркую паву
Прывабіў здалёк.
Яна маладая
I я – малады.
Размова такая:
– Адкуль вы?
Куды?..
Кароткая стрэча
На сотай вярсце.
З маланкай пад вечар
Хмарынка расце,
Спяшае наехаць,
Нахлынуць на нас;
Развітвацца – нехаць, –
А трэба, а час.
З трывогай на хмарку
Глядзім, а маглі б
Iсці з ёй да парку –
Да школьных да ліп.
Конь пасвіўся б сыта
У лузе, а мы б
Пад самае жыта
Пабегчы маглі б.
Пасеўшы ў зацішша,
Вязалі пражмо б,
А сонца ўсё ніжай
I ніжай ішло б.
У хвалі прымала б
Яго збажына...
Куды ж паскакала
Так рана адна?
Касынкай-зарой
З жытніх бліснула хваль.
Як сэрца за ёй
Парываецца ўдаль!
Эх, коні-стаеннікі,
Пыл за сялом...
Духмяныя венікі,
Чэрвеньскі гром!
Лірычная ўсмешка паэта // Вожык. – 2019. – № 2. – С. 6.
Т. Леаненка
АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА ВЕДАЮЦЬ І ПАМЯТАЮЦЬ
2019 ........
6 лютага на Касцюковіччыне адзначылі 105-годдзе з дня нараджэння народнага паэта і нашага знакамітага зямляка Аркадзя Куляшова. Гэты дзень стаў сапраўдным святам для ўсіх, хто завітаў у цэнтральную раённую бібліятэку імя I. Чыгрынава на літаратурна-паэтычны вечар «Ёсць у паэта свой аблог цалінны...».
Кожны ўдзельнік імпрэзы знайшоў для сябе нешта цікавае: адныя пашырылі веды пра пісьменніка, другія ўспомнілі знакамітага земляка і яшчэ раз дакрануліся да яго літаратурнай спадчыны. Пазнаёміцца з творчасцю і жыццём А. Куляшова можна было з прэзентацыі, падрыхтаванай бібліятэкарамі, а ў чытальнай зале была аформленая кніжная выстаўка «Я – акіяна жытняга калоссе...». Паслухаць вершы слыннага паэта можна было і ў іншым – музычным – фармаце. Так, сапраўды легендарным можна назваць верш «Бывай...». Пакладзены на музыку Ігарам Лучанком, ён стаў цудоўнай песняй, якую пад час імпрэзы выканаў Дзяніс Леаненка. Напрыканцы вечарыны вядучыя зладзілі віктарыну на веданне біяграфіі і творчай спадчыны пісьменніка, дзе за дакладныя адказы ўдзельнікі атрымалі салодкія прызы.
Да 105-годдзя А. Куляшова на сайце ЦРБ імя I. Чыгрынава запрацавала віртуальная выстаўка «Я – акіяна жытняга калоссе...», дзе прадстаўленыя творы паэта і матэрыялы пра яго жыццё і творчасць.
Хаця выбітны творца даўно ўжо не з намі, мы па-ранейшаму застаемся з ім, наталяючы прагу сваёй душы з крыніцаў яго паэзіі.