top of page

ДА ЮБІЛЕЯЎ ПАЭТА

110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Куляшова
Смотреть

Міхаіл Данілковіч

МІСІЯ, ЯКУЮ ПАВІНЕН ВЫКАНАЦЬ ПАЭТ

110-годдзе з дня нараджэння народнага паэта

Аркадзя Куляшова адзначалася ў розных

установах культуры і адукацыі па ўсёй рэспубліцы.

 

Так, у дзень нараджэння класіка ў бібліятэцы № 7 імя Якуба Коласа адбыўся творчы вечар «І сэрца абпалена смагай радка...», які правёў пляменнік А. Куляшова літаратуразнаўца, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Віталь Маслоўскі. Віталь Іванавіч пачаў сустрэчу з верша «Калі вясною закукуе...», напісанага ў 1959 годзе. Аднак Аркадзь Аляксандравіч заўсёды імкнуўся зрабіць свае творы дасканалымі, таму ўжо ў 1974 годзе аўтар адрэдагаваў верш. Падобная гісторыя і са знакамітым «Бывай...», які 14-гадовы Кадзік Куляшоў (Віталь Іванавіч распавёў слухачам, што менавіта так юнага паэта называлі ў родных Саматэвічах) прысвяціў сваёй музе Алесі (сапраўднае імя  Аляксандра Карыткіна). Лёс разлучыў закаханых, аднак успаміны пра першае каханне ніколі не пакідалі Куляшова. У 1972 годзе гэтая гісторыя загучала з новай сілай дзякуючы «Песнярам»  – тады «Алеся» стала ўсесаюзным хітом.

Чытач, вядома, памятае, з якой цеплынёй Аркадзь Куляшоў звяртаецца да тэмы роднага краю, з якім хваляваннем апісвае подзвіг чалавека, які апынуўся ў самым горане бязлітаснай вайны, з якім суперажываннем перадае той жорсткі боль, што бязлітасна мучыць сэрца маці, якая праводзіць «на бітву крывавую» сына. Вядомы «Сцяг брыгады» з уласцівым аўтару драматызмам перадае ўсю мужнасць савецкага салдата, які застаецца верным самому сабе і сваёй Радзіме. На сустрэчы Віталь Маслоўскі прызнаўся чытачам, што выдадзеная ў Маскве ў 1943 годзе кніжачка «Сцяг брыгады» стала для яго сям’і сакральнай каштоўнасцю, рэліквіяй, важнасць якой і дагэтуль немагчыма пераацаніць. А пра актуальнасць гэтага твора гаварылі не толькі ў Беларусі. Вядомы югаслаўскі паэт-партызан Радаван Зогавіч прызнаваўся, што ў пекле Другой сусветнай вайны «Сцяг брыгады» настолькі матываваў байцоў, што пасля прачытання гэтай паэмы ніхто не мог нават сумнявацца, што вораг будзе разгромлены. Кніга, адпраўленая з СССР антыфашыстам Югаславіі разам з боепрыпасамі, стала чарадзейным эліксірам, які ўмацоўваў маральны дух партызан, зброяй мацнейшай, больш суровай, чым штыкі і гранаты.

2024 ...............

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Алена Карп

НАПІСАНА ЛЮБОЎЮ

Аркадзь Куляшоў пакінуў настолькі багатую спадчыну – творы шырокага эпічнага гучання, заглыбленыя ў будзённае і касмічнае, па-майстэрску выкананыя пераклады, літаратурную крытыку, – што яго набытак і сёння, і надалей будзе актуальным, прыдатным да пераасэнсавання. Унёскам у гэтую справу стаў арганізаваны ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы круглы стол – выстаўка да 110-годдзя пісьменніка.

 

Іван Саверчанка, дырэктар інстытута, доктар філалагічных навук, у сваім прывітальным слове падкрэсліў, што мэта юбілейнага мерапрыемства – вызначыць тую ролю і місію, якую адыгрывае творчасць Аркадзя Куляшова ў сённяшнім грамадскім, культурным жыцці, выхаваўчым працэсе, прасачыць уплыў класікі на сучасную літаратуру.

«Усё напісана любоўю, прапушчана праз сэрца», – так рэзюмавала паэзію сёлетняга юбіляра найбольш аўтарытэтная яго даследчыца Тэрэза Голуб. Выдадзены ёй «Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова» на сёння найбольш поўная крыніца для вывучэння біяграфіі класіка. Літаратуразнаўца расказала пра сваю працу, аднак акрэсліла і важную праблему – даўно наспела неабходнасць падрыхтаваць новы, навукова каментаваны збор твораў Аркадзя Куляшова, і належнае месца ў ім павінна заняць эпісталярная спадчына. Тым больш, што такая праца ўжо была распачата: над лістамі Аркадзя Куляшова працавала Людміла Хрышчановіч, якая нават сустракалася і вяла перапіску з Алесяй Карыткінай – першым юначым каханнем паэта. І ліставанне, і творчая спадчына Аркадзя Куляшова патрабуюць самай пільнай увагі з боку айчынных тэкстолагаў – пераканана Тэрэза Голуб.

Яе падтрымаў і доктар філалагічных навук Яўген Гарадніцкі. Як характэрную рысу творчай майстэрні Куляшова ён адзначыў звычку перапрацоўваць тэксты, звяртацца да іх праз пэўны час і перапісваць. Такім чынам, многія з іх існуюць у розных варыянтах, што і трэба адлюстраваць у навуковым каментарыі да збору твораў. Яўген Гарадніцкі выступіў з дакладам, прысвечаным узаемадзеянню лірыкі і эпікі ў творчасці Аркадзя Куляшова.

2024 .....................................

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Людміла Рублеўская

6 ЛЮТАГА СПОЎНІЛАСЯ 110 ГАДОЎ

З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ

АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

 

«Каб нават я забіты лёг

На дно сырой магілы,

Скарыцца б і тады не змог,

Свае не склаў бы крылы...»

 

Так сцвярджаў Аркадзь Куляшоў у вершы, напісаным у пераможным 1945 годзе. Паэту давялося, як і ўсяму яго пакаленню, прайсці праз цяжкія выпрабаванні – пакідаць пад бомбамі родны край, змагацца за яго вызваленне... Гэта сімвалічна, што ў адзін год мы адзначаем два знакавыя святы: 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў і 110-годдзе паэта-франтавіка Аркадзя Куляшова.

Таму гаворка падчас арганізаванага «Звяздой» круглага стала-апытанкі ішла пра дзве гэтыя падзеі. У дыскусіі прымалі ўдзел доктар філалагічных навук, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Ганна Кісліцына, доктар філалагічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Яўген Гарадніцкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт БДУ Міхась Кенька, кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца Тэрэза Голуб, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Аляксандр Лапата-Загорскі, загадчык Літаратурнага музея імя Аркадзя Куляшова Саматэвіцкай СШ Наталля Лабынцава.

2024 .........................

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Ларыса Рублеўская

«ПЕРАД САБОЙ І СВЕТАМ БУДЗЬ ПРАЎДЗІВЫ...»

 

Такім паэтычным радком Аркадзя Куляшова названа літаратурна-дакументальная выстаўка да 110-годдзя паэта, якая адкрылася 7 лютага ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. З гэтай нагоды прайшла вечарына з удзелам сваякоў паэта і даследчыкаў яго творчасці.

Сярод слухачоў на вечарыне прысутнічалі вучні 40-й гімназіі горада Мінска, якія, як і ўсе беларускія школьнікі, вывучаюць у школе творчасць Куляшова, у тым ліку знакаміты верш «Бывай». Дырэктар архіва-музея Алена Макаранка нагадала, што, хоць гэты верш датаваны 1928 годам, тады і быў упершыню надрукаваны, але той варыянт, які мы ведаем, з’явіўся, калі паэт грунтоўна перапісаў твор ужо ў сталым узросце, пакінуўшы некранутымі пару радкоў. Слухачы атрымалі магчымасць параўнаць абодва варыянты верша, якія агучылі супрацоўнікі архіва.

– Самы знакаміты твор Аркадзя Куляшова на ваенную тэматыку – паэма «Сцяг брыгады», яе рукапіс захоўваецца ў нашым архіве, перададзены дачкой паэта Валянцінай. Гэта рэдкасць, таму што Куляшоў не захоўваў рукапісы. Як толькі твор быў гатовы, чарнавікі знішчаў, – распавяла Алена Макаранка. – Калі паглыбляешся ў вывучэнне дакументаў, адкрываеш шмат нечаканага. Напрыклад, аказалася, што Куляшоў цікавіўся касмічнай тэматыкай. Заўсёды даводзіў у спрэчках Максіму Танку і Пімену Панчанку, што жыццё на Марсе ёсць. Увогуле, быў вельмі шматпланавы... Пісаў артыкулы пра спорт, быў вельмі добрым шахматыстам і гульцом у гарадкі.

 

2024 ............

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Алесь Марціновіч

ТВОРЧАСЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

ПРЫСВЯЧАЕЦЦА

 

Толькі пачынаеш згадваць народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, як у памяці ўсплываюць шмат якія яго творы. І тыя, што даўно сталі хрэстаматыйнымі, і тыя, якія, як кажуць, у кожнага «свае». Аднак, бадай, цяжка знайсці чалавека, які б не ведаў песні «Алеся». Асобныя нават гатовы паўтараць яе ўслед за «Песнярамі». Толькі не ўсе здагадваюцца, што ў аснову яе пакладзены верш «Бывай...»:

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.

Чаму так горка, не магу я зразумець.

Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае

На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..

Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.

Назаўтра золкае, туманнае світанне,

Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,

Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,

Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе

На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы

Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.

Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры

Слязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,

Палынны жаль смугой ахутаных дарог,

Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны

Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.

Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.

На ўсходзе дня майго заранка дагарае,

Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

Шмат хто і не ведае, што гэты верш Аркадзь Аляксандравіч напісаў у 1928 годзе, калі яму было ўсяго 14 гадоў. У сталым узросце дапрацаваў яго, а знакаміты Ігар Лучанок напісаў цудоўную мелодыю. Нічога страшнага ў гэтым няведанні: колькі цудоўных песень жыве ў людской памяці як бы без іх стваральнікаў. Шкада толькі, што з-за гэтага далёка не ўсе ведаюць іх творчасць...

 

2024 ............

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Вячаслаў Селяменеў,

Мікола Берлеж

«КУЛЯШОВУ – 60. ПРОСІМ ВАШАГА ДАЗВОЛУ...»

 

Народны паэт Беларусі (калі быць больш дакладнымі – усё ж народны паэт БССР) Аркадзь Куляшоў пакінуў значны след у гісторыі беларускай літаратуры. Напісаў шмат цікавых твораў, выявіў сябе як сапраўдны грамадзянскі летапісец часу. І пры гэтым у бальшыні твораў здолеў абысціся без лішняга пустазвонства. У апошнія дзесяцігоддзі творчага лёсу выявіў сябе глыбокім філосафам, паэтам-мысляром...

І, зразумела, асоба паэта, яго юбілеі былі заўсёды ў полі зроку органаў партыі, кіраўніцтва рэспублікі. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца такі вось кароткі ліст старшыні пісьменніцкай арганізацыі Максіма Танка, адрасаваны Першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Міронавічу Машэраву – ад 7 студзеня 1974 года:

«...Паважаны Пётр Міронавіч!

6 лютага 1974 года спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння народнага паэта БССР, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, аднаго з найбольш выдатных майстроў шматнацыянальнай савецкай літаратуры Куляшова Аркадзя Аляксандравіча.

Просім Вашага дазволу на правядзенне 5 лютага г. г. агульнагарадскога вечара, прысвечанага юбіляру.

З павагай Старшыня Праўлення СП БССР М. Танк».

 

2023 ............

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page