top of page

IN MEMORIAM

ДА ЮБІЛЕЯЎ ПАЭТА

100 ЛЕТ КУЛЕШОВУ

(видеосюжет телеканала ОНТ, 2014).

© ONT.BY

100 лет Кулешову

100 лет Кулешову

Смотреть

Яраслаў Клімуць

 

НАСУСТРАЧ СТОГАДОВАМУ ЮБІЛЕЮ

Крыху больш за год засталося да стогадовага юбілею народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Натуральна, гэта важная падзея патрабуе ад грамадскасці, дзяржаўных устаноў канкрэтных захадаў па ўвекавечанні памяці слыннага сына беларускага народа. Пачатак у некаторай ступені ўжо зроблены. У бягучым годзе ў выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў «Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова», падрыхтаваны Тэрэзай Голуб у Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.

 

Аўтар сабрала вялікі фактычны матэрыял пра жыццё і творчасць Аркадзя Куляшова, перачытаўшы аб’ёмную перыёдыку і асобныя зборнікі дакументаў, літаратуразнаўчыя кнігі, успаміны пра паэта. Ва ўступным артыкуле да кнігі яна адзначае: «Сабраныя ў «Летапісе...» звесткі ўзнаўляюць факты з жыццёвай і творчай біяграфіі А. Куляшова, ствараюць адпаведны грамадскі фон, пэўнае ўяўленне пра сацыяльна-бытавое, нацыянальна-культурнае асяроддзе і ролю народнага паэта ў ім». З летапісу таксама можна даведацца пра акружэнне паэта, пра многіх яго аднагодкаў, сяброў і калег па творчай працы, што ў значнай ступені раскрывае воблік маладога тады паэта, яго грамадзянскую пазіцыю.

Многа месца ў летапісе адведзена радаслоўнай лініі, продкам паэта. Напрыклад, прадзед па бацькоўскай лініі быў выхадцам з Украіны, які, паводле сямейнага падання, запісанага дачкой паэта Валянцінай, у падлеткавым узросце разам з чумакамі прыехаў у Беларусь, меў прозвішча Куліш, быў запісаны хутчэй за ўсё па тагачаснай традыцыі як сын Кулішаў, а пазней ужо трансфармавалася ў прозвішча Куляшоў. Прыводзяцца звесткі і пра раннюю далучанасць да кнігі, першыя спробы паэтычнага тварэння пад уплывам паэзіі М. Лермантава.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Віктар Арцем'еў

 

ВОЛАТ БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ

Аркадзь Куляшоў – народны паэт Беларусі, волат беларускай паэзіі. Аляксей Пысін лічыў яго найперш нашым, магілёўскім, бо нарадзіўся ён на Беседзі ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна. I творчасць яго звязана з Беседдзю, толькі ўжо на Хоцімшчыне. Пысін нарадзіўся ў суседнім Краснапольскім раёне. I яны сябравалі. Толькі зблізіла іх не столькі зямляцтва, колькі паэтычная творчасць. Яны абодва ўзняліся да ўзроўню Купалавай паэзіі.

 

Куляшоў і Пысін сачылі за публікацыямі адзін аднаго, дарылі свае кнігі з аўтографамі. Аркадзь Куяяшоў яшчэ па першых зборніках свайго земляка прыкмеціў ягоны талент, божую іскру. У лісце хоцімскаму краязнаўцу Міхасю Ласоўскаму Аркадзь Куляшоў напісаў: «Таленавітых хлопцаў у нас шмат. Калі пералічваць, дык атрымаецца вялікі спіс. Мне, як магіляўчаніну, хочацца назваць свайго земляка Аляксея Пысіна. Гэта вельмі здольны самабытны паэт».

Аляксей Пысін застаўся верным памяці свайго сябра. На Касцюкоўшчыне па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле А.В. Пысіна ў 1978 годзе праведзены першыя Куляшоўскія літаратурныя чытанні, у якіх прымалі ўдзел сталічныя паэты. У 1979 годзе на радзіме А.А. Куляшова быў устаноўлены мемарыяльны бюст паэта. Слова пра Куляшова пры адкрыцці бюста сказаў Пысін. На той час гэта не было надрукавана. У архіве Еўдакіі Сямёнаўны Пысінай – удавы паэта – захаваўся рукапіс прамовы Аляксея Васільевіча, у якой ён, у прыватнасці, адзначае, што 1979 г. – гэта год Куляшова на Магілёўшчыне. На многіх прадпрыемствах, у навучальных установах адбыліся літаратурныя вечары, прысвечаныя 65-годдзю з дня нараджэння нашага вялікага земляка, нашага геніяльнага паэта, памяць аб якім будзе жыць заўсёды. Гэтыя вечары былі сапраўдным святам паэзіі Куляшова. Гучалі цудоўныя вершы нашага земляка, яго цудоўная «Алеся».

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Аксана Васілеўская

 

ПЯСНЯР ПРЫДНЯПРОЎСКАГА КРАЮ

Ёсць на свеце роднае мястэчка,

Там штогод бываюць кірмашы;

Міма школы меленькая рэчка

Без мяне адна плыве ў цішы...

 

Так пісаў беларускі паэт Аркадзь Куляшоў, стагоддзе з дня нараджэння якога краіна адзначыць на гэтым тыдні.

Жыццё паэта пачалося ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці 6 лютага 1914 года. Грымелі ў наваколлі Першая сусветная і грамадзянская войны, калі маленькі Аркадзь рабіў свае першыя крокі і вучыўся гаварыць свае першыя словы.

Бацькі былі вясковымі настаўнікамі, і маці пасля заняткаў у школе бралася за звычайную сялянскую працу. У хаце спяваў калаўрот і пахла лёнам, грукаталі кросны. Увесну пад вокнамі слаліся сцежкі палотнаў, вытканых зімой.

Калі хлопец ужо быў даволі вялікі, бацькі разышліся і раз’ехаліся па розных школах. Але ён, вучань сямігодкі, застаўся ў роднай хаце працягваць навучанне. У хуткім часе хата ператварылася ў інтэрнат, пад яе дахам зажылі дружнай камунай восем хлопцаў і адна дзяўчына пад наглядам цёткі Тадораўны.

Дзяўчыну звалі Саша, Куляшоў называў яе Алесяю, і менавіта ёй прысвечаны самы знакаміты і прыгожы верш паэта «Бывай…». Аляксандра была старэйшая за хлопца на два гады, пасля школы паехала ў Пецярбург і паступіла  ў педагагічны інстытут, там выйшла замуж. Ростань з Алесяй узрушыла 14-гадовага Аркадзя так глыбока, што ён прысвяціў гэтай падзеі цэлую паэму, якую прачытаў толькі сястры і на яе ж вачах спаліў.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Віктар Кубека

 

ШЧАСЦЕ «КУЛЯШОВА НЯШЧАСНАГА»

Загадчыца філіяла літаратурнага музея Аркадзя Куляшова пры Новасаматэвіцкай сярэдняй школе Наталля Лабынцава прыгадала малавядомы эпізод з жыцця знакамітага паэта, калі яшчэ ў маленстве, у чатырохгадовым узросце, ён разам з сямігадовым сябрам ненаўмысна ўчыніў пажар, ад якога з-за вялікага ветру выгарала амаль палова вёскі Саматэвічы. Тады пагарэльцы запатрабавалі ад бацькоў хлапчукоў моцна пакараць іх. Маці Аркадзя не стала гэтага рабіць, а сябрук быў збіты бацькам так, што хутка памёр.

Гэты выпадак настолькі ўразіў будучага паэта, што ён памятаў аб ім усё жыццё, і таму нават адзін з першых вершаў назваў «Куляшоў няшчасны».

Аднак тут паэт памыліўся. Не толькі літаратурны лёс для яго аказаўся вельмі шчаслівым, але і памяць аб славутым земляку на Касцюкоўшчыне захоўваюць рупна і беражліва. А з нагоды 100-гадовага юбілею з дня яго нараджэння родны кут жыў яго творамі, успамінамі аб ім, светлай памяццю. І няхай зараз няма вёскі Саматэвічы, дзе, як кажуць у народзе, закапаны пуп Аркадзя Куляшова (яго «з’ела» чарнобыльская пачвара), затое, хоць і далекавата ад тых мясцін, жывуць Новыя Саматэвічы. І там шануюць чыстую, як воды роднай Беседзі, памяць аб сваім паэце.

– Ведаеце, цяпер можна нярэдка пачуць меркаванні, што моладзь, у тым ліку школьнікі, не вельмі цікавіцца нацыянальнай літаратурай, тым больш паэзіяй, – падзялілася думкамі дырэктар тутэйшай цэнтралізаванай раённай бібліятэчнай сістэмы Ала Мартыненка. – Не магу з гэтым пагадзіцца. А нязгодных з маім пунктам гледжання запрасіла б на вечарыну, якая ладзілася з нагоды юбілею Куляшова і праходзіла ў раённым Доме культуры. Яны ўвачавідкі пераканаліся б, што асноўнай часткай публікі была моладзь.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Яраслаў Клімуць

 

«А Я РУКУ ГАРАЧУЮ ПРАЦЯГВАЮ...»

Сёлета грамадскасць адзначае 100-гадовы юбілей Аркадзя Куляшова, які нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў Саматэвічах Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў.

 

Аркадзь Куляшоў дэбютаваў у клімавіцкай газеце «Наш працаўнік» тады Калінінскай акругі даволі прымітыўным вершыкам «Ты мой брат», у якім дванаццацігадовы хлапчук з апломбам заяўляе ад імя пакалення змагароў: «Я помню, як мы з родных межаў турылі ворагаў палкі. Ад Магілёва й Белавежы блішчалі вострыя штыкі». Што ўсё пішацца з чужога голасу, на патрэбу часу – відавочна. Ды і выбар твора рэдакцыяй быў адпаведны таму часу «змычкі горада з вёскай». А ў пачынаючага паэта, відаць, былі і іншыя вершы, бо ўжо ў наступным годзе на старонках перыядычных выданнняў друкуюцца выразна лірычныя творы, няхай яшчэ і празмерна шматслоўныя і па-маладнякоўску «квяцістыя». У трынаццаці-чатырнаццацігадовым узросце ён напісаў праніклівыя лірычныя вершы, якія склалі аснову яго першага зборніка «Росквіт зямлі» (1930 г.). Але Куляшова нельга ўспрымаць у адрыве ад таго часу. Менавіта тады раптам было аб’яўлена, што ўся паэзія павінна раўняцца на творчасць Маякоўскага, што многімі было ўспрынята літаральна: перыёдыку запаланіла лесвічная паэзія. Да гонару Куляшова, хоць тым павевам ён так-сама аддаў даніну, не стаў капіраваць формы верша рускага паэта, але адважыўся на эксперыменты, якія спачатку не далі плёну, але пазней ( выявіліся ў фарміраванні яго эстэтычнай пазіцыі ўжо ў канцы трыццатых гадоў, калі ім былі напісаныя праграмныя вершы «Плыла, цалавалася хмарка з зямлёй...», «Магілёўская хмарка» і ў выніку «Мая Бесядзь». Малады яшчэ зусім паэт здолеў сфармуляваць сваю эстэтычную пазіцыю, акрэсліць вартасць паэзіі як эстэтычнай з’явы. Фарміраванне асобы паэта, па сутнасці, закончылася, што сабой пацвердзіла яго паэзія часу вайны. Яго творы таго часу гучалі набатна, па сваім пафасе не ўступалі ваяўнічаму вершу Янкі Купалы «Беларускім партызанам», хоць сёння яны ўспрымаюцца не-адназначна, а іншыя і ўвогуле застаюцца толькі сведкамі трагічнага часу. Усё ж балады «Маці», «Ліст з палону», «Быль аб цымбалах і цымбалісце», «Алёнка» застаюцца сярод высокай літаратуры, уражваюць глыбінёй пачуцця і майстэрскай формай яго выяўлення.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Валентина Кулешова

 

ВУНДЕРКИНД ИЗ ДЕРЕВНИ САМОТЕВИЧИ

100 лет поэту Аркадию Кулешову

Время безжалостно.

Признанные при жизни мастера пера, лауреаты всевозможных премий и авторы бестселлеров нередко забываются, и творения их безнадежно заносит бумажной пылью.

Но если что-то остается – значит, оно того стоило.

Стихи поэта Аркадия Кулешова остаются востребованными. Многие из них стали и становятся известными песнями. Вспомнить хотя бы «Алесю». Вчера литературный мир отмечал 100-летие поэта. В столь важный день я попросила рассказать о нем его дочь, Валентину Аркадьевну. Она – известный литературовед, автор нескольких книг о жизни и творчестве Кулешова.

 

– Каким вы представляете идеальный памятник своему отцу?

– После его смерти было решено поставить памятник в Минске. Но так и не поставили. А где бы я хотела его видеть? Там, где ничего сделать уже нельзя. На родине Аркадия Кулешова в Самотевичах, в Костюковичском районе. В 2000 году я была там с внучкой Алесей. Сейчас это – зараженная радиацией зона, захороненная деревня, туда никого не пускают. Меня пропустили как дочь Кулешова. И что я увидела? Отцовский дом сожжен. Сейчас на том месте просто мемориальный знак. Отец очень любил те места, мы ездили с ним туда. А ставить любые другие мемориальные знаки можно там, где людям хочется их иметь.

 

– Зачастую такие талантливые люди, как Аркадий Кулешов, разносторонни. Ваш отец в каких-то других видах искусства проявлялся?

– У него был хороший голос. Когда я ложилась спать, пел мне песни. Моего сына, Володю Берберова, я тоже с детства приучала к музыке. Отец исполнял и белорусские композиции, и украинские. А когда мы приезжали к его родителям, они с ним заводили одну и ту же песню, она как бы ритуальной в их семье стала: «На скале перед рекою молодой пловец сидел...» И я тоже подпевала. Помню, когда ее текст и мелодия понадобились для фильма «Запомним этот день», который снимал режиссер Корш-Саблин по сценарию Кулешова и Лужанина, в то время отец лечился в Несвиже. Нам позвонили домой, трубку подняла я. И все напела. Когда отец посмотрел фильм, удивился: «Как ты могла так точно воспроизвести песню?» Мы с сыном заинтересовались ее историей и обнаружили, что она написана в 1846 году украинским автором. Причем, по мнению сына, наш вариант относился ко временам Первой мировой войны.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Алесь Маліноўскі

 

КАСТРЫЧНІК

У кастрычніцкім нумары «Полымя» за 1961 год змешчана вялікая падборка вершаў Аркадзя Куляшова пад агульнай назвай «З новай кнігі». Роўна праз год, у № 10 за 1962 год – яшчэ адна вялікая падборка. На першы погляд, звычайная з’ява, шмат хто з прызнаных аўтараў рэгулярна друкаваўся ў часопісе. Але, думаецца, да гэтых вершаў Куляшова была праяўлена, у тым ліку, з боку калег, асаблівая цікавасць. Справа ў тым, што доўгі час паэт не даваў у друк свае новыя творы. Пасля вайны ў асноўным выходзілі кнігі яго выбраных вершаў і паэм – у аргінале і ў перакладзе на рускую мову, выходзілі ўласныя пераклады, аднак што тычыць уласных свежых паэтычных радкоў – паўза вельмі зацягнулася. Па словах дачкі паэта Валянціны Куляшовай, у яго з дзяцінства было слабое здароўе, якое часта перашкаджала творчасці. Ён перажыў аж тры інфаркты, але пры гэтым не шкадаваў сябе ў працы: «Яго выбівалі з рабочай каляіны толькі цяжкія прыступы хваробы, якія пагражалі самому жыццю. Прыступы гэтыя паўтараліся перыядычна, і бацька ведаў, што доўга яму жыць не давядзецца».

У 1964 годзе ў Аркадзя Куляшова нарэшце выходзіць арыгінальны паэтычны зборнік, які аўтар называе проста, але для сябе вельмі сімвалічна: «Новая кніга». На яе неўзабаве адгукаецца артыкулам «Сталасць таленту» Аляксандр Твардоўскі, які не толькі быў сябрам Куляшова, але і, што важна ў дадзеным выпадку, добра ведаў беларускую мову (куляшоўскія Саматэвічы і хутар Загор’е Твардоўскага раздзялялі нейкія 10 кіламетраў). «Новая кніга» Аркадзя Куляшова – узор поўнага валодання паэтычнай формай, што выпрацоўвалася гадамі, – піша аўтар «Василия Теркина». – Але не адно гэта дае магчымасць назваць «Новую кнігу» кнігай сапраўднай сталага самабытнага і яркага таленту.

Шырыня ідэйнага гарызонту, асваенне нязвычных для ранейшага Куляшова вечных (гэтае слова чамусьці прынята заключаць у двукоссе), агульначалавечага значэння тэм: жыцця і смерці, любові і творчасці, лёсу і абавязку паэта, мінулага і сённяшняга, сённяшняга і невымерных далячынь камуністычнай будучыні – вось што галоўным чынам азначае новы этап у паэзіі Куляшова – адной з вяршынь савецкай паэзіі ў цэлым...

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Алена Манкевіч

 

«I СЭРЦА АБПАЛЕНА СМАГАЙ РАДКА...»

Да 100-годдзя з дня нараджэння

Не падсумоўвай паквартальнай зводкаю

Таго, што вымяраецца радком.

А. Куляшоў

 

Аркадзь Куляшоў належыць да тых творцаў, з імёнамі і творамі якіх звязана сусветнае значэнне беларускай літаратуры. Гэта быў чалавек высокага творчага палёту, незвычайнай працавітасці і выключнага душэўнага багацця. «Я на ўсё жыццё абраў дарогу, // На якой калючак больш, чым руж...» – пісаў ён пра сябе.

6 лютага 2014 года Аркадзю Аляксандравічу Куляшову – народнаму паэту Беларусі, двойчы лаўрэату Дзяржаўных прэмій СССР, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, аўтару шматлікіх зборнікаў вершаў і знакамітых паэм «Аманал», «Варшаўскі шлях», «Хамуціус» і інш. – споўнілася б 100 гадоў.

Святкаванне стагоддзя з дня нараджэння – добрая нагода яшчэ раз асэнсаваць творчыя здабыткі паэта, чыя адметная, непаўторная і глыбока нацыянальная творчасць важкім коласам уплецена ў вянок беларускай паэзіі. «Спадарожнічаючы нам з дзяцінства, са школьных год, паэзія А. Куляшова нязменна хвалюе актыўнасцю ідэйнага пошуку, багаццем і дасканаласцю мастацкіх вобразаў, сагравае сваёй непадробнай чалавечнасцю, наталяе прагу хараства», – пісаў пра яго творчасць Уладзімір Гніламёдаў.

Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, на літаратурным факультэце Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», на Беларускім радыё, літкансультантам пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў у рэдакцыі армейскай газеты «Знамя Советов» і ў Беларускім штабе партызанскага руху. Пасля вайны быў рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм». У 1968 годзе Аркадзю Куляшову было прысвоена званне народнага паэта Беларусі. Яго не стала ў лютым 1978 г. Ён толькі два дні не дажыў да свайго шэсцьдзесят чацвёртага дня нараджэння.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Ларыса Цімошык

 

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ I ЯГО СЦЯГ

Увесь 2014 год праходзіць пад знакам юбілею народнага паэта. Класікамі літаратараў называюць людзі. Вядома, за што: калі было напісана шмат, напісана адметна пра тое, што адлюстроўвала час і яго дух. А гэта значыць, што ў нейкі момант імёны класікаў пачынаюць успрымацца нават без уліку іх творчасці ці праз невялікую яе частку, найбольш разрэкламаваную ці цытаваную.

 

Імя Аркадзя Куляшова, класіка беларускай літаратуры савецкага часу, прыходзіла ў нашу свядомасць з дзяцінства – спачатку праз верш пра «юнака на дапросе» ды паэму «Сцяг брыгады». Вобраз паэта складваўся такі: ідэя, найперш ідэя, патрыятызм, патрыятызм у абсалюце, памножаны на ідэю. У прынцыпе, так і ёсць: Куляшоў пісаў пра савецкую радзіму, правадыра, камуністаў, пісаў правільна, узнёсла. Нібыта нават быў не вельмі задаволены падыходам Міхася Чарота, які рэдагаваў яго першы зборнік і імкнуўся прыбраць залішнюю ўзнёсласць. Але ж гэта толькі ўмацоўвае ў думцы, што, здаецца, Куляшоў шчыра верыў у тое, пра што пісаў. Аднак шчыра верылі многія (мільёны). А пісаць з перакананнем і пераконваць іншых маглі адзінкі. Таму што адной шчырай веры мала для таго, каб пісаць вершы і паэмы, мала нават навучыцца рыфмаваць радкі. Найперш трэба нарадзіцца паэтам. Потым трэба ім стаць – перад людзьмі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Ірына Цяцерына

 

НЕЎМІРУЧАЕ СЛОВА ПАЭТА

6 лютага споўнілася 100 год са дня нараджэння нашага славутага земляка, народнага паэта Беларусі, літаратурнага крытыка, публіцыста, перакладчыка, кінасцэнарыста, грамадскага дзеяча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аркадзя Куляшова.

Малой радзімай пісьменніка з’яўляецца вёска Саматэвічы, што на тэрыторыі Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Аркадзь Куляшоў, сын вясковых настаўнікаў, пачаў пісаць вершы яшчэ ў школе. Ужо ў 1926 годзе на старонках клімавіцкай акружной газеты «Наш працаўнік» быў апублікаваны першы яго верш «Ты, мой брат», а ў1930 годзе ў 16-гадовым ўзросце ён выдаў свой першы зборнік вершаў «Росквіт зямлі», які крытыкі сустрэлі вельмі прыхільна. Пазней была вучоба ў Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце і плённая паэтычная творчасць. Аркадзь Куляшоў за ўсё сваё жыццё паспеў стварыць 19 паэм! Такіх прыкладаў мала ва ўсёй сусветная паэзіі. Сярод паэм Куляшова такія выдатныя, як «Дом № 24», «Прыгоды цымбал», «Простыя людзі», «Далёка да акіяна», драматычная паэма «Хамуціус» і іншыя. Падчас Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік працаваў карэспандэнтам армейскай газеты «Знамя Советов», і паэзія гэтага часу аказалася на вышыні свайго абавязку – адлюстроўваць гераічныя і трагічныя старонкі ўсенароднай барацьбы з фашызмам. З гадамі філасофская аснова паэзіі Аркадзя Куляшова стала больш глыбокай, у 1970 годзе выйшла ў свет яго апошняя кніга «Хуткасць».

На працягу ўсяго творчага шляху паэт шмат перакладаў (А. Пушкіна, М. Лермантава, Т. Шаўчэнку, С. Ясеніна, У. Маякоўскага і іншых). Аркадзь Куляшоў – аўтар шэрагу матэрыялаў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў. Спрабаваў сябе таксама і ў кінематаграфіі, актыўна ўдзельнічаў у грамадскай дзейнасці, узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцягу, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцягу і шматлікімі медалямі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Ціхан Чарнякевіч

 

АД ПРЫВАТНАГА ДА ЎНІВЕРСАЛЬНАГА: КУЛЯШОЎ

Гісторыя літаратуры – не толькі стосы кніг на тваім стале, не толькі, як цяпер кажуць, тэксты. Гэта яшчэ і лёсы людзей, якія змяняюць літаратурны ландшафт.

Хто мог прадказаць у 1950-я, што праз нейкія пяць-сем гадоў беларуская лірыка зазнае рэзкі (менавіта рэзкі!) якасны скачок? Ніхто.

На вачах у чытача вядомыя паэты атрасалі з сябе шалупінне ідэалагічных штампаў, бясконцых хваласпеваў у адрас «бацькі народаў», пачыналі пісаць запаветнае, ад прыроды ім дадзенае. Бадай, найбольш ярка праявіўся гэты працэс у лірыцы Аркадзя Куляшова. Выдатны версіфікатар, ён з ранняга юнацтва шмат пісаў, аднак выпала сталець яму ў вельмі неспрыяльны для лірыка час. Таму майстэрства ягонае працавала часта нібы на «халастым ходзе», словы ўтваралі спалучэнні, катрэны ўтваралі вершы, але гэта нічога не азначала.

Пералом адбыўся на зборніку 1964 года «Новая кніга»; калі:

 

Падхапілі яго маладыя,

Як свет, парыванні,

Знік з вачэй, як у лесе,

Ад спраў адарваны былых.

Нечакана з явіўся

Адказам жывым на пытанні –

Асмуглелы, усмешлівы,

Незразумелы для ўсіх.

 

Тут з’яўляецца новы Куляшоў: ад прыватнага ён пераходзіць да ўніверсальнага. Хвалюе яго заўсёды далёкая і блізкая смерць, ён дужаецца з Часам, як старазапаветны Якаў; кідае ў будучыню «з дваццатага ў трыццатае стагоддзе» пытанні, на якія не мае адказу. З тых часоў Куляшоў нібы адсланяецца ад сучаснага яму і зазірае ў вечнасць. Зразумела, пры ім застаюцца ягоныя торбы з ленінскай ідэяй, чырвоныя сцягі і іншае. Нешта падобнае ў той самы час адбывалася з Эдуардасам Межалайцісам, хаця і без яго ёсць прыклады сусветна вядомых паэтаў-камуністаў: Пабла Нэруда, Поль Элюар. Вось у гэтую трыяду імкнецца трапіць і Куляшоў, хоць, праўда, ёсць адчуванне, што яму для гэтага нечага не хапае. Можа, таму што «ад родных ніў адвярнуўся»? На паўмільярдным кіламетры, у холадзе цунамі, акопах і траншэях, сцягах, гімнах мужнасці згубілася роднае.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Алег Ярац, Віктар Ярац

 

БАЛЮЧАЯ БАЛАДА

Да стагоддзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

У беларускай літаратуры ёсць творы самых розных жанраў, якія з поўным правам можна паставіць упоравень з найлепшымі здабыткамі прыгожага пісьменства іншых народаў – узорамі еўрапейскага і сусветнага маштабу і ўзроўню. У прозе гэта найперш спадчына Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Янкі Брыля, Максіма Гарэцкага, Міхася Стральцова, Міхася Зарэцкага, Вячаслава Адамчыка, у паэзіі набыткі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Анатоля Вялюгіна, Аляксея Пысіна. Нацыянальная драматургія выглядае, на нашу думку, больш сціпла, хоць тут шырокае поле для грунтоўнай палемікі, для аргументаванай дыскусіі, якую маглі б распачаць і на старонках «Роднага слова» дасведчаныя прафесіяналы- тэатразнаўцы (ад старэйшага Сцяпана Лаўшука да маладзейшага Пятра Васючэнкі) і шматлікія аматары, прыхільнікі Мельпамены.

Сярод паэтычных узвышшаў айчыннай літаратуры XX ст. адно з найбольш пачэсных месцаў займае вершаванае слова Аркадзя Куляшова, які ўзбагаціў не толькі беларускую, але і ўсю тагачасную шматнацыянальную савецкую паэзію непаўторнымі лірычнымі экспрэсіямі, спавядальна-філасофскімі аўтарскімі маналогамі, сюжэтнымі, пафасна-публіцыстычнымі вершамі, выдатнымі паэмамі пра сучаснасць і мінуўшчыну. Для пераканальнасці дастаткова прыгадаць пяць твораў, сярод іх і перакладзеныя на многія (не толькі славянскія) мовы: «Сцяг брыгады», «Варшаўскі шлях», «Цунамі», «Хамуціус», «Далёка ад акіяна».

У кантэксце набыткаў еўрапейскай балады неабходна сёння (у тым ліку ў ВНУ і школе) разглядаць і куляшоўскія здзяйсненні, асабліва перыяду Вялікай Айчыннай вайны, калі беларуская балада развівалася надзвычай своеасабліва і плённа. Яе ўздзеянне на ўвесь савецкі ліра-эпас эпохі змагання з фашызмам было моцным. Менавіта самабытнае гучанне дазваляе гаварыць пра сапраўдную сталасць дадзенага жанру нашай паэзіі. Але ў творчасці паэтаў пасляваенных дзесяцігоддзяў пераламляюцца, высвечваюцца традыцыі папярэдняга этапу – этапу сур’ёзных, важкіх ідэйна-мастацкіх заваёў.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

bottom of page