top of page

1994 ............................

Эдзі Агняцвет
НЯЗГАСНЫ РАНАК ЯГО ПАЭЗІІ

 

Хачу неспакойнаю хмарай грымець,

Маланкамі ўвесь апавіты.

 

Гэтыя, акрыленыя маладосцю радкі, загучалі ў 1940 годзе. I ў той жа самы час душу Аркадзя Куляшова глыбока трывожыла філасофія жыцця і смерці.

Помню пачатак вясны 1940. Пухавічы. Дом творчасці, непадобны да нашых лясных Каралішчавічаў, ні, тым болей, да занадта мадэрнаванай «Іслачы». Ён стаяў у садзе, непадалёк ад рэчкі. Невялічкія пакоі не мелі ніякіх дываноў: толькі самае неабходнае і – чысціня. Светлае аблічча Куляшова гарманічна супадала з той чысцінёй.

Аднаго разу, надвячоркам, у шарую гадзіну, я зайшла ў гасцёўню. Паціху іграла на піяніна мелодыі любімых песень. Прыйшлі Куляшоў і Бярозкін. Аркадзь сказаў: «Я здалёк пачуў «Выхожу один я на дорогу». А ты заспявай!» Я спявала напаўголаса. Ды хіба яна з тых песень, што спяваюць на поўны голас? Куляшоў задумаўся, засмуткаваў. Рэдка ў каго бачыла я (і ў пазнейшыя часы) такія журботныя вочы. Пасля слоў «Надо мной, чтоб вечно зеленея, темный дуб склонялся и шумел», Куляшоў раптам сказаў: «Я, напэўна, буду жыць столькі ж, як Лермантаў. Я нарадзіўся праз сто гадоў пасля яго, у 1914, і памру ў яго ўзросце, у 1941».

Што гэта было? Прадчуванне немінучай бяды? Тут Бярозкін страпянуўся: «Што ты выдумляеш? Кінь, Аркадзе!» – закурыў папяросу і, як віхор, вылецеў з гасцёўні. У свае дваццаць два гады ён тонка адчуваў паэзію, высока цаніў Куляшова. Пазней, у кнізе «Звенні», з’явіцца цікавае даследаванне Р. Бярозкіна «Куляшоў і Твардоўскі», а ў 1978 выйдзе яго кніга «Аркадзь Куляшоў. Нарыс жыцця і творчасці».

Але вернемся да Лермантава. Калі выбег Бярозкін, Аркадзь ціха сказаў: «Паўтары яшчэ раз». Я зайграла мелодыю, уторыла без слоў. Аркадзь неяк асабліва пранікнёна заспяваў:

 

Что же мне так больно и так трудно?

Жду ль чего? Жалею ли о чем?

 

У яго быў абсалютны слых і прыгожага тэмбру голас. I праз далячынь гадоў мне помніцца той надвячорак і чуецца голас Куляшова.

​

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1994 ............................

Ніл Гілевіч

САЛДАТ СВАЙГО ЧАСУ

Слова пра Аркадзя Куляшова на ўрачыстым

вечарыў Мінску 15 лютага 1994 г.

​

Вельмі шаноўная грамада, сябры беларускай паэзіі!

Мы сабраліся сёння ў гэтай утульнай і, дадам, гістарычнай зале Нацыянальнага тэатра, каб ушанаваць 80-я ўгодкі з дня нараджэння аднаго з самых выдатных песняроў беларускай зямлі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова. Час, на які прыпала гэта дата, вядома ж, зусім не спрыяе таму, каб гаварыць, пра паэтаў і паэзію. Але, можа, якраз у гэтым і ёсць сведчанне трываласці нашага духу, нашай веры ў сябе і свой лёс, што насуперак усяму мы пасвячаем сённяшні вечар паэту і яго творчасці. Значыць, нам гэта трэба, значыць, мы адчуваем і разумеем, чым нельга – як бы ні было цяжка – паступацца, чаго нельга ў сабе, у сваім жыцці траціць.

Гаварыць пра такога паэта як Аркадзь Куляшоў – няпроста і нялёгка. Нялёгка наогул, таму што незвычайна багаты і значны плён здзейсненага ім, а тым больш нялёгка сёння – калі мы зноў апынуліся ў рэвалюцыйным разломе эпохі, калі ад кожнага з нас вымагаецца амаль немагчымае: нанова перадумаць і пераасэнсаваць увесь пройдзены табою шлях, а для старэйшых – усё пражытае жыццё.

Я хацеў бы пачаць з таго, што ёсць відавочным: Аркадзь Куляшоў, бясспрэчна, – вялікі нацыянальны паэт, волат нашага мастацкага слова. I як волат – ён прарабіў у слове, у літаратуры, тытанічную работу. Па-першае, уражвае сама па сабе колькасць: сотні лірычных і ліра-эпічных вершаў самага разнастайнага жанравага аблічча, дзесяткі паэтычных легенд- балад, і амаль два дзесяткі паэм, ні адна з якіх ні жанрава, ні тэматычна не паўтарае другую, а ўсе разам узятыя ствараюць шырачэзнае мастацкае палатно цэлай гістарычнай эпохі – з акцэнтамі на яе асабліва важных, я сказаў бы, лёсавызначальных момантах. А яшчэ – цэлая бібліятэчка яго дасканалых перакладаў сусветнай паэзіі на беларускую мову. I аднак жа не колькасць, зразумела, галоўнае. Імя Куляшова прымушае думаць і гаварыць пра іншае. Пра тое, што Аркадзь Куляшоў падняў беларускі верш, беларускае паэтычнае слова на новы эстэтычны ўзровень пасля Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча – іменна яму хапіла сілы і духу зрабіць відочны крок наперад у развіцці нацыянальнага верша. Найпершымі паплечнікамі яго ў гэтым былі на працягу дзесяцігоддзяў Максім Танк і Пімен Панчанка.

 

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Мікола Федзюковіч
ПЛАНЕТА ПАЭТА
Да 80-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

 

1994 ...........

Гётэ гаварыў: «Хто хоча зразумець паэта, павінен ісці ў краіну паэта». Я рызыкну перафразаваць: хто хоча зразумець краіну паэта, няхай ідзе ў яго паэзію.

Суровая і пяшчотная, светлая і трагічная, добразычлівая Беларусь паўстае перад кожным, хто датыкнецца да арыгінальнай і велічнай паэзіі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова.

Так, Аркадзь Куляшоў вельмі рана набыў вядомасць і шырокае прызнанне. Паэт пісаў у сваёй аўтабіяграфіі: «У 1926 г., пасля заканчэння Саматэвіцкай сямігодкі, я працягваў вучобу ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме. У тыя гады Мсціслаў быў своеасаблівым цэнтрам пачынаючых паэтаў і празаікаў, якія групаваліся вакол студыі «Маладняка» – самай масавай тагачаснай літаратурнай арганізацыі ў Беларусі. Тут я пазнаёміўся з таленавітымі паэтамі Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, вершы якіх ужо друкаваліся тады ў цэнтральных газетах і часопісах... Хутка рэспубліканская камсамольская газета «Чырвоная змена», а пасля часопісы «Полымя» і «Маладняк» пачынаюць друкаваць мяне».

У шаснаццаць год А. Куляшоў выдаў свой першы зборнік вершаў «Росквіт зямлі».

З кожнай новай кнігай, новай паэмай – а іх за ўсё сваё творчае жыццё А. Куляшоў напісаў каля дваццаці – расла яго папулярнасць сярод чытачоў. Але гэта яго не спакушала...

…Пачалася Вялікая Айчынная вайна, а праз год выспела задума паэмы «Сцяг брыгады». Рытм, як выявілася, быў на дзіва рухомы і ёмісты, адразу паказаў новыя магчымасці, якія выкрасаліся ў сутыкненні з вайной – жыццём, поўным пакут і гора народнага...

...Зімой 1942 г. у адной маскоўскай кватэры сабраўся сяброўскі гурт пісьменнікаў паслухаць беларускага паэта Аркадзя Куляшова, які прыбыў з фронта з новай паэмай у палявой сумцы.

Першае знаёмства з гэтым творам было самым яркім літаратурным успамінам для ўсіх, хто тады слухаў паэму.

​

Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,

Родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны...

​

Гэта былі першыя радкі паэмы «Сцяг брыгады», неўзабаве перакладзенай М. Ісакоўскім на рускую мову.

​

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page