top of page

Іван Аношкін
ІНАКШЫХ СЛОЎ НЕ ТРЭБА ДЛЯ ПАЭТАЎ

 

2004 ...............

Наш край спрадвеку славіцца сваёю напеўнасцю, даў багата цудоўных песняроў. А сярод іх зоркай першай велічыні ззяе імя Аркадзя Куляшова.

 

Мы ганарымся, што народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў – сын нашай Магілёўшчыны. Тут, у вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна, ён нарадзіўся і вырас. Тут вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме. Тут у клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік» хлапчуком надрукаваў свой першы верш, а пазней –колькі вершаў у калектыўным зборніку «Ранне» магілёўскай літаратурнай суполкі. У 1930 годзе ўжо ў сталіцы рэспублікі выйшаў ягоны першы паэтычны зборнік «Росквіт зямлі».

Паэт Павел Пруднікаў (таксама наш зямляк, з вёскі Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна) на адной сустрэчы з чытачамі прыгадваў, што яму пашанцавала займець тую кніжку з аўтографам. «Я пазнаёміўся з Аркадзем Куляшовым у 1931 годзе. Гэта быў зусім яшчэ юнак, якому ішоў тады толькі 17-ты год. Невялічкага росту, дробненькі, шчупленькі, чырванашчокі...».

Калі ж я ўпершыню сустрэў Аркадзя Куляшова, гэта быў паважны мужчына сярэдняга ўзросту, прысадзісты, з пранізлівым позіркам. Ён тады афіцыйна не быў яшчэ народным паэтам Беларусі (гэтае званне Аркадзю Аляксандравічу прысвоілі ў 1968-м годзе), але шырока вядомым пісьменнікам не толькі ў рэспубліцы, не толькі ў Савецкім Саюзе, – бадай, ва ўсім свеце.

Я не быў блізка знаёмы з Аркадзем Куляшовым. Але на пісьменніцкія форумы звычайна ездзіў разам з Васілём Матэвушавым, Аляксеем Пысіным і Пятром Шасцерыковым, да якіх Аркадзь Аляксандравіч адносіўся па-панібрацку (дарэчы, да Шасцерыкова не столькі па-зямляцку, не столькі з-за літаратурных інтарэсаў, колькі з-за шахмат, заўзятымі аматарамі якіх былі абодва). То нейкая доля ўвагі славугага земляка тычылася і мяне. Аркадзь Аляксандравіч не прамінаў выпадку распытаць у землякоў, што новага, адметнага на Магілёўшчыне, прасіў перадаць прывітанне бібліятэкару з Трасцяна Хоцімскага раёна Міхаілу Аляксеевічу Ласоўскаму, касцюковіцкаму настаўніку Уладзіміру Раманавічу Ламінскаму ці яшчэ каму са сваіх добрых знаёмых у родных мясцінах.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Віктар Арцем’еў
«ВЫ ЎСЁ, ВЫ ЎСЁ ПЕРАЧЫТАЙЦЕ…»
Да 90-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

 

2004 ...............

Славутыя паэты Аркадзь Куляшоў і Аляксей Пысін нарадзіліся ў вёсках суседніх раёнаў – Касцюковіцкага і Краснапольскага. Але зблізіла іх не столькі зямляцтва, колькі паэтычная творчасць. Яны абодва ўзняліся да ўзроўню купалавай паэзіі.

Куляшоў і Пысін сябравалі, сачылі за публікацыямі адзін аднаго, аказвалі маральную падтрымку, дарылі адзін другому свае кнігі з аўтографамі.

Аркадзь Куляшоў яшчэ па першых зборніках свайго земляка прыкмеціў ягоны талент, божую іскру. У лісце хоцімскаму краязнаўцу Міхалу Ласоўскаму Аркадзь Куляшоў напісаў: «Таленавітых хлопцаў у нас шмат. Калі пералічваць, дык атрымаецца вялікі спіс. Мне, як магіляўчаніну, хочацца назваць свайго земляка Аляксея Пысіна. Гэта вельмі здольны самабытны паэт».

 

Калі Аркадзь Аляксандравіч пайшоў з жыцця, то Аляксей Пысін стаў шчырым прапагандыстам паэтычнай творчасці свайго сябра. I ў Магілёве, і ў раёнах вобласці на літаратурных вечарынах сардэчна, задушэўна гаварыў слова пра Куляшова. Па ініцыятыве і пры самым актыўным удзеле Пысіна ў Саматэвічах Касцюковіцкага раёна, дзе нарадзіўся вядомы паэт, сталі рэгулярна праводзіцца літаратурныя чытанні. У іх бралі ўдзел знакамітыя літаратары з Мінска. Арганізатарам кожнага разу быў Аляксей Пысін. Па яго падказцы вядомы артыст Валянцін Ермаловіч з навучэнцамі Магілёўскага вучылішча культуры падрыхтаваў канцэртную праграму, прысвечаную жыццю і творчасці Куляшова. I ў Магілёве, і ў раёнах вобласці былі праведзены тыя куляшоўскія канцэрты. Нярэдка ў іх браў удзел і Аляксей Пысін. Вось адно з яго выступленняў, якое ў 1979 годзе агучыла магілёўскае радыё:

 

«Магілёўшчына адзначае 65-годдзе свайго слаўнага сына, народнага паэта БССР Аркадзя Аляксандравіча Куляшова. Ужо больш за год як не стала выдатнага паэта сучаснасці. Але жыве яго паэзія, жывуць яго бессмяротныя творы. Не ўсім вядомая рэчка Бесядзь нарадзіла вядомага паэта і сама стала вялікай ракой, разлілася як Волга магутная і паплыла ў вялікі сусветны акіян паэзіі.

Мы рэдка сустракаем хлебароба ў горадзе, але кожны дзень бачым хлеб на нашым стале і заўсёды паважаем салаўя, калі слухаем яго спеў. Мы кожны дзень рупім сонца ў вочы, але заўсёды і ў сонечную, і у пахмурную часіну мы адчуваем яго цяпло і ласку. Такім быў Аркадзь Куляшоў: сціпла непаказны і ў той жа час арганічна прысутны і ўжо вечны, як хлеб і сонца.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Вольга Гулева
«І СЭРЦА АБПАЛЕНА СМАГАЙ РАДКА...»

 

2004 ...............

Радок з лірычнага верша «Мая Бесядзь» (1940–1946 гг.), прысвечанага роднай старонцы – словы, якія маглі б стаць эпіграфам не толькі да творчасці, але і да жыцця народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, 90-годдзе якога адзначае культурнае грамадства.

Пра Аркадзя Куляшова многа гавораць і пішуць, яго вершы пакладзены на музыку. Асоба знакавая ў беларускай літаратуры. Гады жыцця пісьменніка ахопліваюць і цікавыя, і трагічныя старонкі нашай гісторыі. Непарыўна і жыццём, і творчасцю Аркадзь Куляшоў звязаны з лёсам сваёй краіны. Але ў кожнага свой шлях да паэта, уласнае адчуванне яго вершаў, яго душы...

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры захоўвае архівы беларускіх пісьменнікаў, сярод якіх і каштоўныя матэрыялы са спадчыны Аркадзя Куляшова – фотаздымкі 30-х гадоў XX ст., рукапіс аўтабіяграфіі, пазначаны 1945 г., машынапісы з праўкамі аўтара і, безумоўна, выданні розных часоў.

Калі бярэш у рукі рукапісы аўтабіяграфіі і чытаеш, усё гучыць як і ў многіх беларускіх пісьменнікаў: «Нарадзіўся ў 1914, у м. Самацевічы... Бацькі...». Але ўжо наступны радок крышку незвычайны: «Вершы пачаў пісаць рана, у 12 год...». I далей мы чытаем пра літаратурную дзейнасць Аркадзя Куляшова, пра надрукаваныя творы да 1945 года. Амаль справаздача. Працаздольнасць паэта здзіўляе. Вельмі адчувальная сувязь яго жыццёвага і творчага шляху. На фотаздымках 30-х гадоў перад намі юны Аркадзь, разам са сваімі сябрамі па Мсціслаўскім педтэхнікуме – Юліем Таўбінам, Змітраком Астапенкам. Гэта шчаслівыя хвіліны жыцця – усе маладыя, узнёслыя, упэўненыя ў сабе, наперадзе яшчэ так шмат невядомага і цікавага. Але хто ведае сваю будучыню. Да многіх у 20-я гады мінулага стагоддзя лёс не быў літасцівы. Трагічным ён стаў для сяброў Аркадзя Куляшова. Яму давялося жыць за сябе і за іх:

 

Я – ваша памяць, вы – маё сумленне,

Я – дрэўка, вы – трывалы сцяг на ім.

 

Але гэта былі яшчэ не ўсе жорсткія выпрабаванні, якія выпалі на лёс Аркадзя Куляшова. Яго, як і ўвесь беларускі народ, чакала Вялікая Айчынная вайна. Творы, напісаныя ў той час, мацавалі мужнасць людзей, сталымі станавіліся дзеці. «Сцяг брыгады», «Прыгоды цымбал». Вайна пакінула моцны след у жыцці і творчасці паэта.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Мікалай Дзятлаў
ЛЫБОКАЯ ПЛЫНЬ ПАЭЗІІ
Прысвячаецца 90-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

 

2004 .....

На літаратурнай ніве нашага краю «ўзышлі» вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі. Яны ў асноўным нарадзіліся ў вёсках, што стаяць на ўзбярэжжы самай вялікай на Касцюкоўшчыне ракі – Бесядзі. Яе срэбныя хвалі, шырокія зялёныя лугі, вечны вартавы – лес і, безумоўна, людзі з дзяцінства хвалявалі маладых аўтараў і ўвайшлі ў старонкі іх твораў.

У сузор’і талентаў, бадай, ярчэй за ўсё свеціць імя Аркадзя Куляшова. Малады паэт пісаў: «З надзеяй гляджу на крыніцу спатканаю, хачу, каб яна разлілася ракой... Hi Волгай магутнаю, не нават Камаю, хоць Бесяддзю, што на радзіме маёй».

Гэта было, вядома, сціплае жаданне. Сёння ж Аркадзь Куляшоў належыць не толькі беларускаму чытачу, а і зарубежнаму. Ён народны паэт Беларусі, аўтар больш 20 кніг, перакладчык, сааўтар сцэнарыяў фільмаў. Двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. А самае галоўнае – папулярны і любімы ўсімі аўтар, ад школьніка да ветэрана.

Памятаецца, як мы, вучні, прагна ўчытваліся ў радкі Куляшова аб вернасці камсамольскаму білету, сумавалі па чатырох заложніках, якіх нізавошта расстралялі каты ў час вайны. У той складаны для Радзімы перыяд паэт верыў у перамогу. Патрыятычныя пачуцці ярка адлюстраваны ў знакамітай паэме «Сцяг брыгады».

Зразумела, нас асабліва цікавіла ўсё, што выходзіла з-пад пяра таленавітага аўтара, бо ён наш зямляк. Пісаў пра ўсё, што было дорага і блізка нам. Праўда, Аркадзь Аляксандравіч рана пакінуў родны кут, бо паехаў вучыцца ў Мсціслаў, потым у Мінск. Але гэта толькі ўзмацняла ўвагу да творчасці паэта, які актыўна ўключыўся ў культурнае і грамадскае жыццё. Ён працаваў у рэдакцыях маладзёжнай і літаратурнай газет, беларускага радыё, кінастудыі «Беларусьфільм», на фронце ў армейскай газеце, Беларускім штабе партызанскага руху. Удзельнічаў у рабоце 16-й ceсіі Генеральнай Асамблеі ААН, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Яраслаў Клімуць
І Ў НАСТУПНЫ ВЕК...

 

2004 ......................................

Літаратурны працэс заўсёды моцна ўзаемазвязаны, уплывы знешне адкрыта не праяўляюцца, хоць могуць быць і адчувальнымі. Несумненна, былі ў Аркадзя Куляшова папярэднікі, якия аказалі на яго значны ўплыў, ён мае і сваіх прадаўжальнікаў.

 

У дэбюце Аркадзя Куляшова ў канцы дваццатых гадоў праявіліся дзве характэрныя з’явы беларускай паэзіі таго часу: схільнасць да авангардна-рэвалюцыйнага выяўлення рэчаіснасці («Ты мой брат») і народна-песеннай традыцыі, нават з прыкметнымі праявамі імажынізму. Праўда, першы напрамак у яго праявіўся слаба, толькі ў некаторых першых вершах на актуальную тэматыку, а фальклорная напеўнасць, імажынісцкая вобразнасць пранізваюць увесь зборнік «Росквіт зямлі» (1930). Гэта ішло тады ад усеагульнай захопленасці паэзіяй Сяргея Ясеніна. Некаторыя імпрэсіянісцкія рысы ранняй паэзіі А. Куляшова праяўляліся ў выніку натуральнага ўспрыняцця прыроды вачамі ўражлівага сельскага юнака. Такая густая метафарычнасць праявілася ў вершах «На шляху», «Восень», «Гоман жаўталісця», «Раніца» і іншых.

Мажорны настрой, радасць ад успрыняцця прыгажосці свету, маладое ўсведамленне бясконцасці жыцця проста перапаўняюць вершы паэта. Вось некалькі радкоў з верша «Снягі», апублікаванага ў 1928 годзе ў абласной газеце «Магілёўскі селянін»:

 

Напевам радасным

У хвалях звоніць вецер.

Снег над абрывамі

Куполямі звініць,

I радасць бурная

Сплялася ў думках веццем.

Бяжыць жыццё...

А з ім бягуць і дні.

Гляджу... Гляджу...

Смяецца, прамяніцца

I шмат што кажа

Радасная шыр...

 

Танальнасць вершаў Аркадзя Куляшова пачатку трыццатых гадоў істотна мяняецца. У зборніках «Медзі дождж» і «Па песню, па сонца!..» (абодва выдадзены ў 1932 годзе) поўнасцю праявілася авангардна-рэвалюцыйная плынь. Вершы ў большасці сваёй страчваюць музычнасць і напеўнасць, рытм становіцца больш жорсткім, у пэўнай ступені напорыстым. Несумненна, тут адбілася і амаль прымусовае засвойванне традыцыі Маякоўскага, на дзяржаўным узроўні прызнанага найвялікшым савецкім паэтам. Але запозненая арыентацыя на аснове футурызму мела таксама свае станоўчыя вынікі, выпрацоўвала пругкасць паэтычнага радка. Цыкл вершаў«Сонечнае заўтра», паэма «Гарбун» сведчылі пра напружаную духоўную працу маладога паэта, пра інтэнсіўны пошук свайго ўласнага шляху, што неўзабаве дало плён. У другой палове 30-х быў апублікаваны цыкл вершаў «Юнацкі свет», а таксама «Магілёўская хмарка», «Плыла, цалавалася хмара з зямлёй», асабліва «Мая Беседзь», якія засведчылі пра сфарміраванасць у Аркадзя Куляшова сваёй уласнай эстэтычнай праграмы. Гэта паспяхова пацвердзілася баладамі, вершамі і паэмамі перыяду вайны. Сапраўды, амаль усё напісанае ім у той час стала класікай, прыгадаем балады «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Маці», «Балада аб чатырох заложніках», «Камсамольскі білет» і інш. Праўда, дзве апошнія зараз трактуюцца некалькі інакш, але і яны маюць сваю гістарычную каштоўнасць. Асобныя матывы і знакамітай паэмы «Сцяг брыгады» таксама ўспрымаюцца па-новаму. Філасофскай глыбіннасцю вызначаецца паэма «Прыгоды цымбал», гуманістычны яе пафас не страціць свайго значэння і праз стагоддзі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Валянціна Куляшова
«I КРУЖЫЦЦА ПЛАНЕТА КУЛЯШОВА»
Да 90-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

 

1999 ...............

Калісьці свой артыкул, прысвечаны Аркадзю Куляшову – класіку беларускай паэзіі XX стагоддзя, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін назваў проста і ёміста: «Космас паэзіі Куляшова», падкрэсліваючы невымернасць творчага дыяпазону паэта.

Кожная з’ява ў любым жанры культуры – доказ існавання народа і чарговая заяўка на арэал яго пражывання. У гэтым плане з’яўленне таленту ўзроўню генія – асаблівы агульнанародны шанс, які цяжка пераацаніць. Падобны феномен асэнсоўваецца доўга, і кожны факт жыцця і творчасці постаці такога маштабу ўяўляе сабой каштоўнасць, якая павінна быць замацаванай у скарбонцы народнай памяці – культуры.

Калі верыць сённяшняму слову навукі, геніяльнасць – пытанне генетыкі. У цэлым пакаленні як быццам бы нараджаецца адзін геніяльны чалавек з дзесяці тысяч. Атрымліваецца, што ў пакаленні народжаных у 1914 годзе тэарэтычна мог рэалізавацца толькі адзін геній, але для гэтага жыццёвыя ўмовы павінны былі скласціся пэўным чынам. Галоўным павінна было стаць ранняе сталенне, выкліканае трагедыяй, якая абуджае самасвядомасць. Мой бацька, Аркадзь Куляшоў, у 1918 годзе разам са сваім сямігадовым сябрам спаліў палову родных Саматэвічаў. Яго сябра стаў ахвярай таго пажару, бацька ж выпадкова ацалеў. Для малога Аркадзя гэтая трагедыя, мабыць, і зрабілася штуршком для далейшага духоўнага разіцця. Вядома, што ўжо шасцігадовы Куляшоў усім падзеям, якія хвалявалі яго дзіцячую душу, імкнуўся надаць форму верша, а калі пачаў пісаць, стаў заносіць іх у патаемны сшытак, якому даў назву «Збор твораў Куляшова-Няшчаснага».

Другая перадумова паспяховай працы ў абраным кірунку – трагедыя пераходнага ўзросту, якая разрывае эмацыянальныя сувязі падлетка з сям’ёй, робячы яго ўнутраны свет больш шырокім і абстрактным.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Міхась Ласоўскі
СВЕТЛАЯ КРЫНІЦА ПАМЯЦІ ПАЭТА

 

1999 .....................

Усходняя Магілёўшчына – радзіма народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, з якой непарыўна звязана яго паэтычная творчасць. У вершы «Вуліца Маскоўская» паэт піша:

 

Пакланіўшыся вясне і маю,

Кліч зязюлі ўчуўшы з-за ракі,

Кожны год

У вёску ад’язджаю,

Падышаць, чым дышуць землякі.

 

А. Куляшоў уславіў бацькоўскі край, сваю родную Бесядзь, якая дзякуючы паэту стала вядомай ракой. Бываючы ў вёсках Елаўцы і Альшове, я звярнуў асаблівую ўвагу на геаграфічныя прывязкі яго творчасці, часам задумваўся, ці не ў гэтых месцах лірычны герой А. Куляшова напаткаў дзяўчыну незвычайнай прыгажосці? Менавіта пад уплывам асалоды крынічна-празрыстай народнай паэзіі, народных звычаяў, вясельных і заручальных песень, якія аксамітамі рассыпаны ў рамантычна-ўзнёслай паэме-песні «У зялёнай дуброве», я ў 1968 годзе звярнуўся з лістом да паэта, каб адказаў, ці не на Хоцімшчыне яна была напісана, і якія яшчэ творы былі створаны на Хоцімскай зямлі?

Неўзабаве атрымаў шчыры адказ, інтуіцыя мяне не падвяла. Вось радкі з ліста, якія даюць уяўленне пра сувязь паэта з Хоцімшчынай:

 

«Паважаны т. Ласоўскі! Пасылаючы Трасцінскай бібліятэцы чатырохтомнік, хачу коратка і сціпла адказаць на некаторыя вашы пытанні да мяне.

1. Маці мая працавала ў Хоцімскім раёне з 1927 года ў Юзяроўскай, Альшоўскай і Елавецкай школах. Я прыязджаў да яе на летнія канікулы ў Альшоў і Елавец. Якія гэта былі гады, я ўжо дакладна не памятаю. Ва ўсякім разе – трыццатыя.

2. У Елаўцы, дзе я адпачываў з сям’ёй у 1938 і 1939 гадах (летам), мною была напісана паэма «У зялёнай дуброве» і некаторыя асобныя вершы з цыкла «Юнацкі свет», у прыватнасці, «Бюро даведак». Там жа задуманы былі і напісаны ўжо ў Мінску «Магілёўская хмарка», «Мая Бесядзь», «На сотай вярсце», «Глушцы», «Плыла, цалавалася хмара з зямлёй...», «Добры чалавек» і іншыя.

3. У 1940 годзе ў Хоцімску (у будцы на сядзібе бацькоў) напісана паэма «Хлопцы апошняй вайны» (здаецца, май–чэрвень месяцы).

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Сяргей Украінка
МІНІМУМ ШТУЧНАСЦІ, МАКСІМУМ ШЧЫРАСЦІ
6 лютага Аркадзю Куляшову споўнілася б 90 год

 

1999 .........

Вельмі нялёгка адшукаць літаратуразнаўчую кнігу пра сучасную беларускую паэзію, у якой не згадваецца творчасць народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Яно і не дзіўна, бо «рэчышча ўласнай ракі» паэта «выкапана» да такой ступені глыбока ды шырока, што і ў будучым наўрад ці абмялее.

Вершы саматэвіцкага хлопца пачалі рэгулярна з’яўляцца ў друку ужо з 1926 года, а ў 1930-м, калі Аркадзю было толькі 16, убачыла свет першая паэтычная кніжка «Росквіт зямлі». Яна ўвасабляла сваімі творамі ўзнёслае рамантычна-філасофскае ўспрыманне свету ці не ўсім маладым паслярэвалюцыйным пакаленнем. Гэта ў ёй быў змешчаны знакаміты верш «Бывай...»: «Бывай, абужданая ў сэрцы, дарагая. Твой светлы вобраз панясу я па жыцці. На ўсходзе дня майго заранка дагарае, каб позна вечарам на захадзе ўзысці». Нават не верыцца, што такім мудрым і па-жыццёваму сталым можа аказацца чалавек, якому ўсяго толькі 14 гадоў! Самота светлага кахання жывіла паэта ўсё жыццё, давала яму сілы і адбірала іх.

Свабодныя ў сваёй музыкальнасці, узнёсласці, надзвычай багатыя філасафічнасцю даваенныя творы Куляшова знаходзілі тысячы прыхільнікаў. Яму імкнуліся нават падражаць. Ды і як было не захапляцца лірычнымі і праблемнымі творамі з нізкі «Юнацкі свет» або такімі вершамі, як да глыбіні напоўнены рамантычна-філасофскім сэнсам «Плыла, цалавалася хмара з зямлёй...» Дасюль не сціхаюць спрэчкі вакол вершаў Куляшова «Камсамольскі білет», «Балада пра вока», «Балада аб чатырох заложніках». Даследчыкі ўсур’ёз разважаюць пра немаральнасць і заідэалагізаванасць тых сітуацый, у якія аўтар паставіў сваіх герояў. Прызнаючы пры гэтым галоўную заслугу паэта ў распрацоўцы, развіцці ў беларускай літаратуры надзвычай складанага ліра-эпічнага жанру. Выбар паміж жыццём і смерцю ў імя Радзімы («Камсамольскі білет»), паміж смерцю, якая стала б збавеннем ад пакут, і жыццём-пакутай, але ў імя Айчыны («Балада аб чатырох заложніках») – дзе ж тут «ідэалогія» і «немаральнасць»? Гэта, хутчэй, быў паказ найвышэйшай ступені трагізму простата чалавека. Прычым, па-мастацку дасканалы, бо вершы-балады пісаліся аўтарам, як кажуць, крывёю сэрца.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page