top of page

Яўген Гарадніцкі
КЛАСІК БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ XX СТАГОДДЗЯ –
АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ

 

2009 ...............

Біяграфія паэта ў яго вершах. Гэтае шырока распаўсюджанае меркаванне ў самай вялікай ступені стасуецца да творчасці выдатнага беларускага паэта Аркадзя Куляшова (6.02.1914–4.02.1978). Адзнакі яго ўласнага жыццяпісу і прыкметы духоўнага аблічча яго пакалення шчодра рассыпаны па творах паэта. I ў гады сталасці, з вышыні жыццёвага вопыту ён неаднойчы ўважліва азіраўся на пройдзены шлях, звяртаўся да вобразаў дзіцячай і юнацкай пары. Вобраз роднай ракі паэта Бесядзі, якая імкне свае хвалі да акіяна, стаў адным з найяскравейшых паэтычных вобразаў-сімвалаў у беларускай літаратуры XX ст.

Сімвалічнае пераасэнсаванне рэчаіснасці, характэрнае для па-філасофску заглыбленай паэзіі А. Куляшова, заключаецца якраз у тым, што рэальныя жыццёвыя з’явы набываюць абагульнена-тыпізаваны характар, успрымаюцца як сінтэтычнае паяднанне сапраўднасці і мастацкага ўяўлення. У сімвале аб’ядноўваецца прамое, прадметнае значэнне з пераносным, умоўным, утвараючы своеасаблівае мастацка-вобразнае адзінства.

Рэчка маленства паўстае ў творах паэта ўвасабленнем жыццёвых вытокаў, пачатку пачаткаў.

Гэтым сімвалічным вобразам абазначаецца тое першаснае, асноватворнае, што звязвае аўтара з дзяцінствам, малой радзімай, роднымі і сябрамі. З усім тым, што назаўсёды ўвайшло ў сэрца, стала неад’емнай і, мабыць, самай істотнай часткай яго духоўнага свету. Аднак усе гэтыя дарагія сэрцу прыпаміны, адзнакі перажытага і спазнанага не проста перахоўваюцца ў глыбінях памяці, яны паядноўваюцца ў свядомасці аўтара з надзённымі і трывожнымі клопатамі сучаснасці, падключаюцца да роздумаў пра хуткаплыннае жыццё, узаемаспалучанасць усіх яго праяў.

Вытокі звязаны з вусцем, з канчатковай мэтай бесперапыннай плыні. Бесядзь упадае ўрэшце, разам з іншымі больш або менш паўнаводнымі рэкамі, у акіян. Гэтак, гаворыць нам паэт, і жыццё кожнага чалавека, спалучаючыся з іншымі, імклівіць да сваёй канчатковай мэты. Паэма «Далёка да акіяна», напісаная А. Куляшовым у сталым узросце, на мяжы 1960–1970-х гг., пачынаецца якраз з роздуму пра ўзаемасувязь шляхоў, пракладзеных прыродай і чалавекам.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст
 

А. Лаўшук
ПАЭТ-ПАТРЫЁТ, ПАЭТ-ВОІН
(да 95-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова)

 

2009 ...............

Пад патрыятызмам разумеецца «маральны і палітычны прынцып, змест якога – любоў да ўсяго айчыннага, ад мясцовасці, дзе чалавек нарадзіўся, яго народа, мовы, культуры, і да дзяржавы, грамадзянінам якой ён з’яўляецца». З прыведзенай вышэй дэфініцыі паняцця «патрыятызм» вынікае, што патрыёт – гэта чалавек, які беззапаветна любіць сваю родную зямлю, які не ўяўляе жыцця без яе, які гатовы бараніць яе «штыком і пяром». Менавіта такім і быў народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў

Нарадзіўся Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Схільнасць да літаратурнай творчасці ў Куляшова выявілася вельмі рана – яшчэ да школы, прычым, як некалі і Якуб Колас, свае першыя вершы будучы народны паэт пісаў на рускай мове. 30 верасня 1926 г. у Клімавіцкай акружной газеце «Наш працаўнік» быў надрукаваны верш Куляшова «Ты, мой брат». З гэтага першага верша на працягу больш паўстагоддзя паэт услаўляў свой родны край, сваю бацькаўшчыну. У наступныя гады творы Аркадзя Куляшова ўсё часцей з’яўляюцца ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку.

У1930 г. у Мінску выходзіць першы зборнік вершаў Куляшова «Росквіт зямлі», а праз два гады – яшчэ дзве кнігі: «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж». Здзіўляе глыбіня думак паэзіі яшчэ зусім «зялёнага» юнака, якому і дваццаці год няма. Было відаць, што ў літаратуру прыйшоў таленавіты, неардынарны паэт са сваім непаўторным успрыманнем жыцця і свайго месца ў гэтым жыцці.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Мікола Леўчанка
З ГЛЫБІНЬ ЖЫЦЦЯ

 

2009 .....................................

Класік беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў мястэчку Саматэвічы Касцюковіцкага раёна у сям’і вясковых настаўнікаў.

Цікавіцца вершамі і спрабаваць пісаць іх сам пачаў з сямі год, а ў 1926 годзе ў Клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік» быў надрукаваны ягоны першы верш на роднай мове. У наступным годзе некалькі вершаў з’явілася ў абласной газеце «Магілёўскі селянін» і адзін – у «Чырвоным сейбіце» – літаратурным дадатку да рэспубліканскай газеты «Беларуская вёска».

У 1928 годзе, пасля заканчэння Саматэвіцкай сямігодкі, працягваў вучобу ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме. У тыя гады Мсціслаў з’яўляўся своеасаблівым цэнтрам пачынаючых паэтаў і празаікаў, якія групаваліся вакол студыі «Маладняка» – самай масавай тагачаснай літаратурнай арганізацыі ў Беларусі. Тут і пазнаёміўся з таленавітымі пачынаючымі паэтамі Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, вершы якіх ужо друкаваліся тады ў цэнтральных газетах і часопісах. Творчае сяброўства са старэйшымі, больш вопытнымі таварышамі станоўча ўплывала на далейшае развіццё паэтычных здольнасцяў Куляшова. Хутка рэспубліканская маладзёжная газета «Чырвоная змена», а пасля часопісы «Полымя» і «Маладняк» пачынаюць друкаваць і ягоныя творы. I ўжо ў 1930 годзе ў Беларускім дзяржаўным выдавецтве выходзіць з друку першы зборнік куляшоўскіх вершаў – «Росквіт зямлі».

З 1931 па 1933 год малады паэт вучыцца на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута. Займаючыся ў інстытуце, не парывае сувязі з вёскай, летнія канікулы праводзіць у родных мясцінах, на калгасных станах, сярод нядаўніх сяброў маленства – трактарыстаў, брыгадзіраў, звеннявых. З трапятлівай цікавасцю сочыць за новым жыццём вёскі, за тымі пераўтварэннямі, якія з году ў год усё выразней і выразней зменьваюць яе былы воблік. Аркадзь піша аб усім гэтым па гарачых слядах у манеры, вельмі блізкай да манеры тагачасных паэтаў-канструктывістаў. I цьмяна адчувае, што, па ягонаму ўласнаму прызнанню некалькі пазней, атрымліваюцца зарыфмаваныя дарожныя нататкі, нарысы, а не сапраўдныя вершы.

 

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Віктар Патапенка
НЕЗНАЁМЫ КУЛЯШОЎ

 

2009 .....................................

...Маладнякоўскі літаратурны pyx цалкам паглынае Куляшова, і ён пасля заканчэння сямігодкі едзе ў Мсціслаўскі белпедтэхнікум, які ў той час адыгрываў значную ролю ў паглыбленні культуры на ўсходзе краіны. Кіраўніцтва ўстановы ідзе насустрач маладым творцам, рупліва ставіцца да стварэння бібліятэкі, арганізоўвае выхад першага нумара рукапіснага ілюстраванага часопіса «Юнацкі кліч». Неўзабаве ў свет выходзяць ужо друкаваныя паэтычныя нумары, у якіх маладыя паэты, спрабуючыя свае творчыя сілы, пасля стагоддзяў нематы ва ўвесь голас імкнуцца сцвердзіцца, заявіць пра сябе. Цяга да вучобы штурхала іх наперад, у сталіцу.

«У 1930 годзе, калі мы ўпершыню сустрэліся, – піша літаратурны крытык Алесь Кучар, – я запомніў Аркадзя Куляшова як невысокага, хударлявага, негаваркога хлопца і заядлага курца. Хадзіў ён тады ў кампаніі з Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам. Усе трое і прыбылі ў сталіцу ў даволі абшарпаным адзенні. Амсціслаўцы, як іх і звалі, хутка апрануліся ў навамоднае адзенне. У іх былі высокія заробкі. У той час вельмі патрабаваліся перакладчыкі. «Тры капелюшы ідуць» – так іх сустракалі ў Доме пісьменніка».

У той час, як сцвярджае шмат хто з пісьменнікаў, у доме Таўбіна – Астапенкі – Куляшова жыло імкненне да глыбокага пазнання паэзіі. Амаль штовечар да ix прыходзілі Максім Лужанін, Уладзімір Хадыка, Аляксей Зарыцкі. Усе разам частаваліся чаем, пра віно і гарэлку нават не было і гаворкі...

Стварэнне новай літаратуры павінен быў распачаць малады Саюз пісьменнікаў БССР. Пакуль кіраўніцтва творчай арганізацыі распрацоўвала планы па авалодванні пісьменнікамі метадам сацрэалізму, за канкрэтную справу ўзялася камуністычная партыя і яе правадыр – Іосіф Сталін. На літаратурным фронце ідэалагічныя чыноўнікі заўважылі рад фактаў прасочвання адкрытых класава варожых, рэваншысцкіх, нацыянальна-дэмакратычных вылазак. Спецыяльная пастанова ЦК КП(б)Б (28.01.1933) заклікае грамадзян да высокай класавай пільнасці. «Вораг пралез у нашы рады», – крычаць загалоўкі артыкулаў.

Пад пільнае крытычнае вока трапляе і малады Аркадзь Куляшоў. У газетным артыкуле Ул. Дуброўскага ён упамінаецца ў шэрагу пісьменнікаў-камсамольцаў, якія «дапусцілі значныя ідэалагічныя зрывы». Памылка Аркадзя Куляшова заключалася ў «ігнараванні камсамольскай тэматыкі ва ўласных творах». Можна толькі здагадвацца, што адчуваў тады і як паводзіў сябе ў той час дзевятнаццацігадовы Аркадзь Куляшоў. Яму заставалася адно: рушыць наперад. Ён уладкоўваецца на працу ў газету «Чырвоная змена» і цалкам аддаецца рэдакцыйным заданням па тэматыцы калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Уладзімір Ясеў
ВУЧЫЦЦА Ў КУЛЯШОВА

 

2009 .....................................

Спецыялісты кантэнтаналізу кажуць, што калі чалавек вельмі часта ўжывае якое-небудзь слова, то можна казаць пра пэўную яго зададзенасць. Калі гэта сапраўды так, тады ў студэнтаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова вялікае будучае. Яны нават на пытанне: «Дзе вучышся?» сціпла адказваюць: «У Куляшова!» Зразумела, што гэта ў пераносным сэнсе, але ёсць тут і нейкая доля праўды. Напярэдадні 95-годдзя з дня нараджэння знакамітага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова мы наведалі прарэктара па вучэбнай рабоце гэтай установы Уладзіміра Ясева.

«Можа, і на самай справе ўсяму таму лепшаму, чаму яны набіраюцца праз нашых выкладчыкаў, Куляшоў вучыць, – разважае Уладзімір Віктаравіч. I дадае, што калі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя змяніўся статус ВНУ, імя паэта ў назве ўстановы было вырашана пакінуць нездарма. «Гэта не толькі вялікі пісьменнік, – аргументуе ён, – але наогул творчы, таленавіты чалавек, а мы таксама імкнёмся рыхтаваць таленавітых і творчых».

 

– Куляшоўскія чытанні, якія штогод адбываюцца ў сценах нашай ВНУ, маюць вялікі рэзананс нават за межамі краіны. Можа, зроблены нейкія адкрыцці і ў дачыненні да творчай біяграфіі паэта?

– Так, на нашы навукова-практычныя канферэнцыі з’язджаюцца вучоныя з Расіі, Украіны, дасылаюцца навуковыя работы з Балгарыі, Германіі. Але мы праводзім Куляшоўскія чытанні па розных напрамках. Наш знакаміты зямляк пакінуў свой след у розных сферах дзейнасці, а таму ўдзел у канферэнцыі прымаюць не толькі літаратары, але і гісторыкі, сацыёлагі, прадстаўнікі іншых навук. Сярод іх ніколі не бывае выпадковых людзей. А яшчэ гэта – добрая магчымасць для маладых вучоных і спецыялістаў павучыцца, падзяліцца нейкімі сваімі набыткамі. I няхай іх адкрыцці пакуль не вельмі гучныя, мы спадзяёмся, што яны будуць такімі.

 

– А што асабіста для вас значыць Куляшоў?

– Ёсць у яго творчасці верш «Алеся», які мне вельмі блізкі па духу. Я чуў, што ён быў навеяны паэту яго сустрэчай з дзяўчынай у мяне на радзіме – у Быхаве. Калі ж казаць наогул, то не захапляцца гэтым чалавекам нельга. Ён быў вельмі разнастайны – пісаў сцэнарыі, займаўся перакладамі, удзельнічаў у грамадскім жыцці краіны. У яго шмат чаму можна павучыцца.

 

– Якая, на ваш погляд, самая каштоўная рэч паэта захоўваецца ў літаратурным музеі ўніверсітэта?

– Сёння ў нашым музеі, які ўзначальвае ініцыятар яго стварэння паважаны намі дацэнт кафедры англійскага, агульнага і славянскага мовазнаўства Яраслаў Клімуць, два стэнды прысвечаны менавіта Куляшову. Матэрыялы паступаюць і цяпер. Але самае каштоўнае – гэта зборнік вершаў паэта «Мы жывём на граніцы», які нам перадаў пляменнік Куляшова Ю. Вільчэк. У 1942-м годзе ён выратаваў гэтую кнігу, калі фашысты палілі школьную бібліятэку, і разам з ёю дайшоў нават да Берліна.

 

– Як збіраюцца адзначаць 95-годдзе паэта ва універсітэце?

– Плануем наладзіць вечарыну, запрасіць цікавых гасцей. Поўным ходам ідзе праца над спецвыпускам універсітэцкай газеты, прысвечаным гэтай даце.

Ясеў, У. Вучыцца ў Куляшова / інтэрв’ю з Уладзімірам Ясевым ;
запісала Нэлі Мяркулава // Літаратура і мастацтва. –
2009. – 6 лютага. – С. 4.


 

bottom of page