top of page

ТВОРЧАСЦЬ

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДЧЫКА

"Кожны паэт павінен займацца перакладамі. Я лічу пераклад часткай сваёй творчасці. Таму нароўні з тым, што пішу сваё, перакладаю вершы паэтаў, якія мне падабаюцца. Далучэнне да творчых крыніц Шаўчэнкі, Пушкіна, Лермантава, Лангфэла з'явілася для мяне вялікай школай паэтычнага майстэрства. Пераклады – асабліва з класічнай паэзіі – акрамя таго, што ўзбагачаюць паэта, раскрываюць магчымасці і нашай мовы, дапамагаюць распрацоўцы літаратурнага стылю".

Аркадзь Куляшоў

Артыкулы 1.jpg
есенин 1.jpg
Котляревский 2.jpg
Лермонтов 1.jpg
Лонгфелло 1.jpg
пушкин 1.jpg
Твардовский 1.jpg
Шевченко 1.jpg

Г. Кудрашоў

ЖЫЦЦЕСЦВЯРДЖАЛЬНАЯ МОЦ:

АД ВЕРГІЛІЯ ДА КУЛЯШОВА

2020 .........................

Бурлескна-травесційная паэма Івана Катляраўскага «Энеіда» была ўпершыню апублікавана ў 1798 годзе. Аўтара гэтага твора заслужана лічаць пачынальнікам новай украінскай мовы і літаратуры. Да 250-х угодкаў з дня нараджання пісьменніка рэдакцыя газеты «Літературна Украіна» арганізавала інтэрнэт-дыялог вакол перакладаў «Энеіды». Як адзначылі ўдзельнікі, менавіта перастварэнні гэтага твора на іншыя мовы – адзін з самых маладаследаваных аспектаў яе вывучэння. З’яўляючыся сатырычным перакладам аднайменнай класічнай паэмы Вергілія, «Энеіда» не зрабілася літаратурным фактам выключна ўкраінскай літаратуры, як гэта адбылося з травесціямі «Энеіды» на французскую, нямецкую і рускую мовы. Менавіта вобразная паэтычнасць і нацыянальны каларыт твора Катлярэўскага паспрыялі таму, што ён выклікаў цікавасць замежных аўтараў-перакладчыкаў.

Даследчыкі закранулі таксама праблему стварэння беларускай паэмы «Энеіда навыварат». Удзельнікі дыялогу выказвалі даволі спрэчнае меркаванне, што яна з’яўляецца перакладам легендарнай украінскай паэмы. Прычым нельга не пагадзіцца, што «Энеіда» Івана Катлярэўскага, якую беларускі чытач сустрэў захоплена (паэма распаўсюджвалася ў спісках і ў вуснай перадачы), зрабілася важным літаратурным фактам і паўплывала на некаторыя ананімныя паэмы першай паловы XIX стагоддзя. У сувязі з гэтым імпануе погляд навукоўца-беларусіста Яўхіма Карскага, які адзначае, што «Энеіда навыварат» з яе непаўторным беларускім характарам не з’яўляецца перакладам паэмы Катлярэўскага, а толькі пабудавана па яе ўзоры. I сапраўды, наўпроставых супадзенняў у двух творах няшмат. Аднак заслугоўвае ўвагі і меркаванне класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які лічыў паэму перапрацаванай з украінскай мовы.

Абмяркоўваючы пераклады «Энеіды», удзельнікі інтэрнэт-дыялогу выказалі думку, што адно з самых яркіх і паэтычных перастварэнняў належыць беларусу Аркадзю Куляшову.

Гісторыя гэтая бярэ пачатак яшчэ паўстагоддзя таму, 9 верасня 1969 года, у Кіеве. У Акадэмічным тэатры оперы і балета Украіны адбылася ўрачыстая вечарына, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Івана Катлярэўскага. Менавіта тады драматург Андрэй Макаёнак, прадстаўнік Саюза пісьменнікаў БССР, у сваёй прамове адзначыў жыццесцвярджальную моц творчасці Катлярэўскага, якая застаецца блізкай і зразумелай сучасніку. Мінскі госць паведаміў, што на беларускай мове толькі што пабачыла свет  «Энеіда» ў перакладзе Аркадзя Куляшова, і перадаў у прэзідыум некалькі экзэмпляраў юбілейнага выдання. Дэ-факта гэта была першая публічная прэзентацыя беларускаа перастварэння «Энеіды» для ўкраінскага чытача.

Народны паэт Беларусі, майстар мастацкага слова Аркадзь Куляшоў апублікаваў першую і трэцюю часткі свайго перакладу «Энеіды» ў восьмым нумары часопіса «Полымя» за 1969 год. Як адзначаюць сучаснікі, Куляшоў быў працаголікам: у сваёй творчай лабараторыі ён мог шчыраваць круглыя суткі. Хвіліны адпачынку ён прысвячаў перакладчыцкай дзейнасці, адметнасці якой заслугоўваюць асобнага навуковага даследавання. Але некаторыя прыватныя высновы адносна працы Куляшова-перакладчыка можна зрабіць, нават збольшага прагледзеўшы рукапіс яго перакладу ўкраінскай «Энеіды», які ашчадна захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Сама ж кніга зрабілася сапраўдным падарункам Украіне ад Беларусі на 200-годдзе аўтара арыгінальнага твора. Яна выйшла ў выдавецтве «Беларусь» – найстарэйшым у рэспубліцы. Варта адзначыць, што напрыканцы шасцідзясятых гадоў XX стагоддзя ў БССР яшчэ не было профільнага выдавецтва, таму менавіта тут выходзілі ўсе літаратурна-мастацкія выданні. Вытворчы этап рэдакцыйна-выдавецкага працэсу быў завершаны на Паліграфкамбінаце імя Я. Коласа. Наклад склаў 2000 экзэмпляраў. Фармат – 70 х 90/32. Рознічная цана – 60 капеек.

Узорам для разгляду гэтага кніжнага выдання пад спецыфічным кнігазнаўчым ракурсам, для аналізу de visu паслужыў экзэмпляр з асабістай бібліятэкі аўтара гэтых радкоў, падараваны яму старшынёй Палтаўскай абласной арганізацыі Нацыянальнага саюза мастакоў Украіны, заслужаным дзеячам мастацтваў Юрыем Самойленкам. Нязначная ступень зношанасці, малаістотныя пашкоджанні блока, добры стан пераплёту, адсутнасць надпісаў, паметак і бібліятэчных штампаў, наяўнасць супервокладкі павысілі букіністычную каштоўнасць дадзенага экзэмпляра рарытэтнай кнігі.

Заслугоўвае ўвагі мастацкае афармленне выдання. У розны час «Энеіду» Катлярэўскага ілюстравалі шэраг мастакоў, якія ў розна-стылёвых работах па-свойму адлюстроўвалі сюжэт, дэманструючы варыятыўнасць візуальнай мовы паэмы. Мінскае выданне 1969 года аздобілі беларускія графікі Уладзімір і Міхаіл Басалыгі – аўтары ілюстрацый да кніг Ніла Гілевіча, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча. У кніжнай графіцы братоў Басалыг увасоблена сувязь з традыцыямі беларускага народнага мастацтва, яркая дэкаратыўнасць, глыбокае пранікненне ў задуму літаратурнага твора. Мастакі пры дапамозе друкаванай графікі стварылі 6 арыгінальных ілюстрацый-заставак у кожнай частцы кнігі, канцоўкі і 2 ілюстрацыі для супервокладкі. Выяўленчая канцэпцыя знайшла сваё вырашэнне ў адзінай каляровай гаме, а для лаканічнага афармлення пераплёту было выкарыстана цісненне з ужываннем пераплётнай фарбы.

Што тычыцца зместавай канструкцыі кнігі, то акрамя ўступнага слова «Ад перакладчыка», у якім Аркадзь Куляшоў дзеліцца з чытачамі развагамі пра жыватворны ўплыў «Энеіды» Катлярэўскага на станаўленне і развіцце беларускага паэтычнага слова, яе дапаможным раздзелам з’яўляюцца заўвагі да тэксту паэмы.

Нам вядомы два экзэмпляры кнігі з аўтографам Аркадзя Куляшова: адзін захоўваецца ў навукова-даследчыцкім аддзеле дакументазнаўства, калекцыі рэдкіх выданняў і рукапісаў Харкаўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэкі, другі – у фондах навуковай бібліятэкі імя Міхаіла Жаўтабруха Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя У.Г. Караленкі. У лютым 1970 года гэтае выданне з аўтографам Аркадзя Куляшова апынулася ў хатняй бібліятэцы ўкраінскага літаратуразнаўцы, пісьменніка, краязнаўцы Пятра Ратача: «Паважанаму Пятру Ратачу – земляку Катлярэўскага, прыхільніку і даследчыку яго творчасці, ад перакладчыка. 4.02.1970 г.». Магчыма, кнігу адрасат атрымаў па пошце альбо выданне яму перадаў зямляк, доктар філалагічных навук, прафесар Гомельскага ўніверсітэта Павел Ахрыменка, з якім Пятро Ратач доўгі час вёў ліставанне. Прынамсі, аб асабістых кантактах П. Ратача і А. Куляшова нам нічога не вядома. На пачатку 2000-х П. Ратач частку сваёй кніжнай калекцыі падарыў Палтаўскаму педагагічнаму ўніверсітэту. Так экзэмпляр з аўтографам перакладчыка апынуўся ў навуковай бібліятэцы гэтай ВНУ.

Літаратурная праца Аркадзя Куляшова была па заслугах ацэнена як у Беларусі, так і ва Украіне. Пастановай № 389 ад 31 снежня 1970 г. «Аб прысуджэнні дзяржаўных прэмій БССР» Цэнтральны камітэт КП Беларусі і Савет Міністраў Беларускай ССР узнагародзілі пісьменніка Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы ў галіне літаратуры за пераклады кніг «Выбраная паэзія» Міхаіла Лермантава, «Энеіда» Івана Катлярэўскага і «Спеў аб Гаяваце» Генры Лангфела. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Украінскай ССР ад 29 снежня 1972 г. Куляшову было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры». Хацелася б адзначыць, што акрамя перакладу «Энеіды» Катлярэўскага, Аркадзь Куляшоў вядомы ўкраінскім аматарам паэзіі дзякуючы некалькім выданням яго твораў у перакладах Марка Зісмана, Андрэя Малышкі і Дзмітрыя Паўлычкі.

Даследуючы месца беларускамоўнай інтэрпрэтацыі «Энеіды» I. Катлярэўскага ў культурных кантэкстах XX і XXI стагоддзяў, неабходна адзначыць, што кніга ў сістэме беларуска-ўкраінскіх гуманітарных сувязей працягвае паспяхова выконваць ролю медыума міжкультурных камунікацый дзвюх краін – гістарычна непарыўнага працэсу стасункаў, узаемнага спазнавання народаў, узаемаўплыву і ўзаемаўзбагачэння культур. Беларусь і Украіна на фоне развіцця супрацоўніцтва ў кніжнай справе, абапіраючыся на ўжо дасягнутае, імкнуцца суіснаваць у сучаснай кніжнай прасторы згодна з замацаваным некалькімі пакаленнямі ўкраінскіх і беларускіх пісьменнікаў планам – ствараць сябе для сябе, але не забываць пра блізкіх па духу і светавычуванню суседзяў.

Глеб КУДРАШОЎ, кандыдат навук па сацыяльных камунікацыях,
дацэнт кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага

педагагічнага ўніверсітэта імя В. I. Караленкі.

Пераклад з рускай Янкі ЛАЙКОВА
 

Кудрашоў, Г. Жыццесцвяржальная моц: ад Вергілія да Куляшова / Глеб Кудрашоў //
Літаратура і мастацтва. – 2020. – 24 студзеня. – С. 5.

С.М. Тычына

ПЕРАКЛАДЧЫЦКАЕ МАЙСТЭРСТВА

АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА (НА ПРЫКЛАДЗЕ

ПАЭМЫ «ЭНЕІДА» ІВАНА КАТЛЯРЭЎСКАГА)

2014 .................

Перакладчыцкая дзейнасць патрабуе асаблівых здольнасцей. Асабліва калі гутарка заходзіць пра пераклад мастацкага тэксту. «Трэба мастацкі твор, напісаны аўтарам, перастварыць так, каб ён не страціў сваёй мастацкай каштоўнасці, непаўторнасці, каб ён гэтак жа хваляваў, абуджаў пачуцці». Наколькі гэта складаная праца можна меркаваць па тых выпадках, калі нават вялікае майстэрства перакладчыка не дазваляла адэкватна перадаць твор (яго змест, сэнс, форму) з-за асаблівасцей мовы, з якой рабіўся пераклад (напрыклад, можна згадаць вядомы беларускаму чытачу па перакладах М. Багдановіча («Ў паўночным краю на кургане») ці М. Лермантава («На севере диком стоит одиноко») верш Г. Гейнэ, які ў беларускім і рускім варыянце змяніў свой першапачатковы сэнс).

Здаецца, што праца перакладчыка павінная быць больш лёгкай, калі справа тычыцца твораў, напісаных на блізкароднасных мовах. Напрыклад, калі робіцца пераклад з рускай ці ўкраінскай на беларускую мову. Але насамрэч для чалавека, які добра валодае той ці іншай мовай, не так істотна, з якой мовы перакладаць, бо ўдалым або наадварот няўдалым можа аказацца любы пераклад. Перастварэннем розных мастацкіх твораў на беларускую мову займаліся як перакладчыкі-прафесіяналы (напрыклад, Я. Семяжон, В. Сёмуха, К. Шэрман і інш.), так і знакамітыя пісьменнікі, сярод якіх А. Куляшоў. Для А. Куляшова пры перакладзе галоўным было «каб паэзія заставалася паэзіяй». Вядомыя яго спробы перадаць прыгажосць твораў А. Пушкіна, М. Лермантава, паэмы «Спеў аб Гаяваце» Г. Лангфела і інш. Акрамя таго вядома, што А. Куляшоў падтрымліваў сувязі з рознымі аўтарамі (М. Ісакоўскім, А. Твардоўскім, А. Малышкам, М. Рыльскім), і яны перакладалі творы адзін аднаго.

Да 200-годдзя з дня нараджэння выдатнага пісьменніка, аднаго з заснавальнікаў украінскай літаратуры, I. Катлярэўскага, А. Куляшоў падрыхтаваў пераклад «Энеіды». У прадмове да выдання аўтар зазначае: «Прапануючы свой пераклад, я хачу звярнуць увагу беларускіх чытачоў на блізкасць паэмы ўкраінскага пісьменніка да нашых «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе». Блізкасць гэтая – яшчэ адно сведчанне даўніх брацкіх узаемасувязяў трох славянскіх культур: рускай, украінскай, беларускай. Пераклад «Энеіды» Катлярэўскага – гэта даніна нашае ўдзячнасці, любові і павагі да аўтара выдатнай паэмы, што зрабіла непасрэдны і жыватворны ўплыў на станаўленне і развіццё беларускага паэтычнага слова, на творы, з якіх пачынаюцца вытокі нашай літаратуры».

Пераклад, зроблены А. Куляшовым, вельмі якасны. Аўтар імкнуўся прытрымлівацца тэксту арыгіналу. Можна вылучыць некаторыя асаблівасці перакладу «Энеіды» I. Катлярэўскага на беларускую мову. Паколькі ў паэме ўкраінскага аўтара найперш прадстаўлены карціны з народнага жыцця, то ў творы часта выкарыстоўваецца спецыфічная лексіка, словы, якія перадаюць асаблівасці ўкраінскай культуры і традыцый. А. Куляшоў пры перакладзе спрабаваў сумясціць два падыходы: перакладаць блізка да арыгінальнага тэксту і ствараць пераклад, выкарыстоўваючы багацце роднай мовы, спецыфічныя беларускія словы.

1.       У пэўных эпізодах пісьменнік імкнуўся перадаць назвы разнастайных страў, гульняў і г.д. так, як яны гучаць у арыгінале. Напрыклад, у I. Катлярэўскага: «Тут всяку всячину іграли, // Хто як і в віщозахотів, // Тут інші журавля скакали, // А хто од дудочки потів, // I в хрещіка, і в горю дуба, // Не раз доходило до чуба, // Як загулялися в джгута; // В хлюста, в пари, в візкаіграли // I дамки по столу совали; // Чортмавпорожнього кута. У А. Куляшова: «Тут ходырам хадзіла хата, // Гулялі ўсе, хто як умеў; // Хто жураўля скакаў заўзята, // А хто ад дудачкі пацеў, // Ад хрэшчыка, ад гарыдуба, // Не раз даходзіла да чуба, // Як пачалі гуляць у жгут; // Чуваць быў смех вясёлы, жарты, // Заядла рэзаліся ў карты, // Над шашкамі сядзелі тут».

2.       Часам заўважаецца імкненне перакладчыка максімальна наблізіць украінскі твор да беларускага чытача. Верагодна, з гэтай прычыны А. Куляшоў замяніў назвы страў і прадметаў, якія выкарыстаў стваральнік украінскай «Энеіды», на іншыя, больш вядомыя беларускаму чытачу. У I. Катлярэўскага: «На закуску куліш і кашу, // Лемішку, зубці, путрю, квашу // I з маком медовий шулик. У А. Куляшова: «На закусь быў кулеш і каша, // Праснак, мачанка, сыракваша, // З мядовым макам піражкі». Можна згадаць іншы эпізод з паэмы I. Катлярэўскага, дзе пералічваюцца розныя напоі, назвы танцаў і музычныя інструменты: «I кубками пили слив’янку, // Мёд, пиво, брагу, сирівець, // Горілку просту і калганку, // Куривсь для духу яловець. // Бандура горлиці бриньчала, // Сопілка зуба затинала, // А дудка грала побалках; // Санжарівки на скрипці грали, // Кругом дівчата танцьовали // В дробушках, в чоботах, в свитках». Той жа эпізод у перакладзе на беларускую мову гучыць наступным чынам: «I кубкамі пілі вішнёўку, // Мёд, піва, брагу і сырэц, // Гарэлку простую, зуброўку, // Курыўся дымны ялавец. // Бандура гапака іграла, // Кадрыль наярвалі цымбалы, // Падсвіствала жалейка ім; // Вальс дружна скрыпкі пачыналі, // Дзяўчаты ног не шкадавалі, // Хапала весялосці ўсім». Усё ж «горлиця», «санжарівка», «зуб», «по балках» і г.д. – народныя песні і танцы, незвычайна, што перакладчык не прытрымліваўся ў дадзеным выпадку арыгінальнага тэксту. Трэба адзначыць, што пры пераліку імёнаў траянцаў А. Куляшоў таксама не стаў дакладна перадаваць ўкраінскі тэкст (у арыгінале Эней у пекле сустрэў «Педька, Терешка, Шеліфона, // Панька, Охріма і Харка, // Леська, Олешка і Сізьона, // Пархома, Іська і Феська, // Стецька, Ониська, Опанаса...»). У перакладзе загучалі іншыя імёны: «Цімоха, Міхася, Сымона, // Ахрэма, Трышку, Янука, // I Аляксея, і Сазона, // Пархома, Ёську, Паўлюка, // Аніса, Стася, Апанаса...».

Яшчэ адна асаблівасць перакладу заключаецца ў тым, што на працу А. Куляшова ў пэўнай ступені паўплываў светапогляд самога пісьменніка, а таксама яго час. Так, напрыклад, I. Катлярэўскі выкарыстоўвае ў сваім творы вульгарызмы, абразлівыя выразы ў дачыненні да сваіх персанажаў (напрыклад, «но зла Юнона, суча дочка», ці «те шепнула сука Геба» і інш.). Беларускі аўтар акуратна абыходзіць падобныя словы, замяняючы іх на больш мяккія ці наогул выкідваючы, як непатрэбныя: «але Юнона, злыбядуха», «пра тое ёй шапнула Геба». Магчыма, моцныя слоўцы ў творы А. Куляшоў пазбягаў таму, што яны былі чужыя яго натуры: бацькі пісьменніка былі настаўнікамі, сам ён у 1928 годзе паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, а пасля вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута. Праўда, як перакладчык, ён мусіў прытрымлівацца арыгіналу, а трэба заўважыць, што выкарыстанне грубаватых выразаў і параўнанняў – гэта асаблівасць значнай часткі «перавернутых» «Энеід». Напрыклад, М. Мінскі вельмі нізка ацаніў паэму М. Осіпава «Вергиліева Енейда, вывороченная на изнанку», якая пісалася амаль што ў адзін час з творам I. Катлярэўскага, з-за наяўнасці падобных слоў: "... мова Осіпава ўражвае непатрэбнай грубасцю: усе вылупліваюць вочы, равуць, абжыраюцца і гэтак далей. Гэтаксама грубымі з’яўляюцца і адносіны герояў адно да аднаго: усе гарланяць, лаюцца і б’юцца. Усё гэта моцна нагадвае шынок...». У «Энеідзе навыварат» беларускага аўтара В. Равінскага таксама сустракаюцца не надта прывабныя апісанні паводзінаў герояў: «Прыйшла Венера і завыла, // Саплямі змазала ўсё рыла». Калі б мэты I. Катлярэўскага ці В. Равінскага абмяжоўваліся жаданнем насмяшыць чытачоў праз змешванне высокага і нізкага, трагічнага і камічнага, то наўрад ці мы сёння гаварылі пра значэнне гэтых твораў. Цалкам верагодна, што гэтыя творы гэтаксама забылі б, як твор М. Осіпава. Але іх прызначэнне было зусім іншае: творы ж В. Равінскага і I. Катлярэўскага павінны былі пры дапамозе вядомага твора засведчыць адметнасць нацыянальнай (беларускай ці ўкраінскай адпаведна) культуры і мовы. Таму грубаватыя выразы не перашкаджаюць казаць пра мастацкую каштоўнасць твораў.

Магчыма, тое, што А. Куляшоў стараўся пазбягаць грубых выразаў, тлумачыцца таксама спецыфікай савецкага часу, калі да твора прад’яўляліся пэўныя патрабаванні (праўда, да прыкладу, у рускім перакладзе паэмы «Энеіда» I. Катлярэўскага В. Патапавай, які быў зроблены ў 1961 г., вульгарызмы, якія ўжываюцца ў арыгінале, месцамі захоўваюцца). Наогул ствараецца ўражанне, што ў беларускім перакладзе «Энеіда» I. Катлярэўскага гучыць часам не так з’едліва, больш мякка. Адбываецца гэта за кошт таго, што прыбіраюцца або замяняюцца на іншыя словы, якія маюць зняважлівае адценне або даюць адмоўную характарыстыку персанажу: напрыклад, у А. Куляшова Эней не «удавсь на всее зле проворний», а «прыдатны да ўсялякай справы»; Эней «пасклікаў сваіх людзей», а не «голодрабців позбирав» і інш.

Цікава, што антырэлігійныя погляды савецкага часу ніяк не паўплывалі на пераклад твора. Праўда, месцамі А. Куляшоў замяняе словы, звязаныя з рэлігійнымі паняццямі, на нейтральныя (напрыклад, радок з арыгінальнага твора «Тогді Великдень був би нам!» у перакладзе гучыць як «Тады б было ўжо свята нам!», хоць увесь радок цалкам можна было б пакінуць такім, якім яго напісаў I. Катлярэўскі). Але часам у беларускім перакладзе «Энеіды» сустракаюцца пэўныя выразы, якія звычайна выкарыстоўвае веруючы чалавек і якіх няма ў украінскага аўтара: «Эней прачнуўся, дзякуй богу» (у арыгінале: «Еней прочумався, проспався»). Зрэшты, абмінуць рэлігійную тэматыку пры перакладзе ў любым выпадку было б немагчыма, хаця б таму, што ў творы ёсць эпізоды, прысвечаныя падарожжу Энея ў пекла.

Нягледзячы на згаданыя асаблівасці, пераклад А. Куляшова можна лічыць выкананым на высокім узроўні. Варта звярнуць увагу і на дастаткова падрабязныя каментарыі, якімі суправаджаў А. Куляшоў паэму. Ён не проста падаваў значэнне таго або іншага слова, але і час ад часу тлумачыў, які сэнс, на яго думку, укладваў у пэўны вобраз I. Катлярэўскі. Відавочна, што аўтар з увагай ставіўся як да самога твора, так і да роднай мовы, не імкнуўся да простага спосабу перакладу, спрабаваў адшукаць спецыфічныя, менавіта беларускія словы, стараючыся пры гэтым захаваць адметнасць украінскага твора.

Творчасць Аркадзя Куляшова ў дыялогу славянскіх літаратур:

традыцыі, наватарства, нацыянальная адметнасць :

матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі

(да 100-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова),

Мінск, 29 студзеня 2014 г. / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры

мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. –

Мінск : Права і эканоміка, 2014. – 418 с.

bottom of page