top of page

ТВОРЧАСЦЬ

МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДЧЫКА

"Кожны паэт павінен займацца перакладамі. Я лічу пераклад часткай сваёй творчасці. Таму нароўні з тым, што пішу сваё, перакладаю вершы паэтаў, якія мне падабаюцца. Далучэнне да творчых крыніц Шаўчэнкі, Пушкіна, Лермантава, Лангфэла з'явілася для мяне вялікай школай паэтычнага майстэрства. Пераклады – асабліва з класічнай паэзіі – акрамя таго, што ўзбагачаюць паэта, раскрываюць магчымасці і нашай мовы, дапамагаюць распрацоўцы літаратурнага стылю".

Аркадзь Куляшоў

Артыкулы 1.jpg
есенин 1.jpg
Котляревский.jpg
Лермонтов 1.jpg
Лонгфелло 1.jpg
пушкин 1.jpg
Твардовский 2.jpg
Шевченко 1.jpg

Я.І. Клімуць

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ I АЛЯКСАНДР ТВАРДОЎСКІ:

ПУНКТЫ ПАЭТЫЧНАГА СУДАКРАНАННЯ

2006 ..........

Ужо з’яўляецца аксіёмным сцверджанне, што на станаўленне паэтычнага таленту Аркадзя Куляшова паўплываў рускі паэт Аляксандр Твардоўскі. I падставамі для гэтага з’яўляецца прызнанне А. Куляшова ў аўтабіяграфічных нататках, змешчаных у зборніку «Пяцьдзесят чатыры дарогі». Аднак такія прызнанні творцаў нельга ўспрымаць катэгарычна, паколькі тут крыецца даволі ўмоўны сэнс. Несумненна з’яўленне паэмы А.Твардоўскага «Краіна Муравія» дало нейкі штуршок для выяўлення творчай энергіі паэта А. Куляшова, але толькі штуршок, не болей. На самой справе, гэта быў вынік вялікай духоўнай працы на працягу амаль дзесяцігоддзя, калі А. Куляшоў упарта шукаў сваю нішу ў паэзіі, эксперыментаваў, кідаўся ў розныя бакі, намацваў менавіта свой шлях, на што звярнуў увагу на пачатку трыццатых гадоў Якуб Колас. Усё разам і дало такі нечаканы вынік: нізка вершаў «Юнацкі свет», якая сцвердзіла духоўнае сталенне паэта.

А ў час вайны ў творчасці паэтаў назіраецца нават нейкае паэтычнае суперніцтва, калі творцы ўдакладняюць адзін аднаго ў бачанні трагічнай рэчаіснасці, што яскрава праявілася ў такіх манументальных творах, як «Сцяг брыгады» А. Куляшова і «Васіль Цёркін» А. Твардоўскага. Рысы творчага ўзаемадзеяння можна адшукаць і ў іншых творах гэтых паэтаў 40-50-х гадоў XX ст. Але зараз хацелася б звярнуць увагу на новы перыяд, менавіта на перыяд паэтычнай дасканаласці, на жаль, на завяршальным этапе творчасці.

Ёсць патрэба разгледзець асаблівасць успрыняцця, асэнсавання і паэтычнага ўвасаблення рэчаіснасці паэтамі у 60-70-я гады XX ст. Нягледзячы на блізкасць, арганічнасць успрымання свету гэтымі паэтамі ў аснове сваёй творчасці яны былі амаль дыяметральна процілеглымі. Можа гэта акалічнасць і прыцягвала іх як рознаполюсныя рэчы.

Неабходна прызнаць, што і А. Куляшоў, і А. Твардоўскі заставаліся перакананымі камуністамі, верылі ў канчатковую перамогу камунізму як адзінай магчымай шчаслівай долі чалавецтва. I яны сцвярджалі гэту веру ў выдатных вершах. Але, відаць, яны разумелі і недасягальнасць гэтай мары, прынамсі бліжэйшымі пакаленнямі, што ўсё больш і больш пачынала праяўляцца ў іхняй творчасці. I адкрывалася яно ў асэнсаванні блізкай рэчаіснасці, самога бытавання чалавека, што прыводзіла да асэнсавання вечных філасофскіх катэгорый, звязаных з быццём асобы: пачатак – невялікі працяг – вечнасць. Але выяўленне яго, пры ўсёй блізкасці ўспрымання, было далёка не аднолькавым. Узважваючы такія вечныя праблемы, А. Твардоўскі, пры ўсёй абстрагаванасці, заставаўся больш канкрэтным, зямным, прыхільнікам метаду рэалізму, у той час як А. Куляшоў пры выяўленні духоўных пошукаў свайго сучасніка ўсё больш набліжаўся да прынцыпаў экзістэнцыялізму, можа да канца і не ўсведамляючы гэтага фактару. Гэта відавочна праяўляецца пры разглядзе філасофскай лірыкі гэтых паэтаў.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page