Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
КУЛЯШОЎ
У ШКОЛЕ
СЦЭНАРЫІ
"УРОКІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
Літаратурна-музычная кампазіцыя
Гучыць музыка.
У ролі паэта выступае чытач.
Паэт:
Мне кожны год, нібы жыццём другім,
Жыць у двадцаты век наш давялося…
Я – акіяну жытняга калоссе:
Мільёны лёсаў змешчаны ў маім,
Яшчэ да дна не вычарпаным лёсе.
Бібліятэкар: Народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў належыць да тых выдатных мастакоў слова, творчасць і лёс якога непарыўна звязаны з лёсам Радзімы. Больш за паўстагоддзя ахоплівае літаратурны шлях, пройдзены паэтам, і на гэтым шляху ўсё галоўнае, істотнае ў жыцці нашай краіны знаходзіла яркае выяўленне ў яго вершах. Гэта "дынамічны вобраз эпохі і вобраз сучасніка ў іх непарыўным развіцці і руху" (П. Макаль. Слова ў паходзе).
Паэт:
Я хаце абавязаны прапіскаю –
Калыскаю, падвешанай пад столь.
Я маці абавязан кожнай рыскаю,
Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю –
Усім, чым працы абавязан стол.
Бібліятэкар: "Усім лепшым, што ёсць ува мне, я абавязаны маці", – прызнаўся неяк Аркадзь Куляшоў свайму земляку, пісьменніку Аляксею Зарыцкаму.
Маці паэта, Кацярына Фамінічна Ратабыльская, нарадзілася ў сям’і Фамы Кузьміча Залеса, удзельніка руска-турэцкай вайны 1877–1878 гг. Ён атрымаў дзяржаўную ўзнагароду, дваранства, зямельны надзел і дадатак да прозвішча. Гэты дадатак трэба чытаць як "бывший в рати" – "Ратабыльскі". Настаўніцкая кар’ера Кацярыны Фамінічны Ратабыльскай пачалася ў 1911 г., калі, здаўшы ў Магілёўскім жаночым вучылішчы экзамен на званне настаўніцы царкоўна-прыходскай школы, яна атрымала накіраванне на працу ў Бастэнавіцкую школу. Там яна пазнаёмілася з настаўнікам Аляксандрам Мікалаевічам Куляшовым, прыгожым, іскрамётнага тэмпераменту чалавекам, які да таго ж добра спяваў і іграў на гітары. Ён быў у цэнтры настаўніцкіх вечарынак, дзе да яго прыгожага тэнара далучаўся срэбны, высокі голас Кацярыны Фамінічны. У жыцці яны літаральна "спеліся". І наступны навучальны год сустрэлі разам у Саматэвічах.
6 лютага 1914 г. Мястэчка Саматэвічы Касцюковіцкага раёна. Незвычайная драўляная хата – былая карчма, а затым дом вінакура, які з "лёгкай рукі" "горам катаваных сялян", што ў рэвалюцыю ўшчэнт разбурылі бровар, дастаўся вясковым настаўнікам. У гэтым пераабсталяваным рупнымі рукамі новых гаспадароў доме святкавалі нараджэнне сына Аркадзя. 3 гэтай хаты-гнязда выляталі ў свет дзеці-птушкі. Памяць пра яе захавалася ў сэрцы ўражлівага юнака на ўсё жыццё, каб пазней выліцца ў вобразныя радкі, поўныя яркіх дэталей-драбніц. А. Куляшоў любіў свой родны кут, матчыну хату, захоўваў у памяці росныя сцежкі-дарожкі, спеўныя начныя вечары.
Паэт:
З хаты пачынаецца
Кут, што людзям люб.
Хата ў птушкі маецца,
У крыніцы – зруб,
Што ў гады далёкія
Прадзеды – дзяды
Ёй рубілі з вокнамі,
З брамкай – для вады, –
Каб цяклі струменьчыкі,
Пакідалі лог,
Як акно – агеньчыкі,
Як сляды – парог…
(паэма "Далёка да акіяна")
Бібліятэкар: Вёска Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці – ціхі непрыкметны куток беларускай зямлі, які знаходзіцца, аднак, на скрыжаванні важнейшых геаграфічных шляхоў. Таму і выпала на долю Магілёўшчыны, ды і ўсёй беларускай зямлі, столькі варожых нашэсцяў і спусташальных войнаў: тапталі і руйнавалі гэты шматпакутны край нацэленыя на Маскву польскія атрады ў 17 ст., у пачатку наступнага – войскі шведскіх заваёўнікаў на чале з Карлам XII, затым – напалеонаўскія полчышчы… Яшчэ дзве вайны – найвялікшыя ў гісторыі чалавецтва – дабавіліся да ліку перанесеных гэтым краем ужо пры жыцці паэта.. Год нараджэння Куляшова супаў з першай з іх.