Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
КУЛЯШОЎ
У ШКОЛЕ
СЦЭНАРЫІ
"ЗОРКА ЗОРЦЫ ГОЛАС ПАДАЕ"
Літаратурны вечар
(Гучыць лірычная мелодыя, вядучы зачытвае верш)
Вядучы 1:
Ні перад злом, ні перад крывадушшам
Сцяг белы я ніколі не ўзніму.
Я сам сябе гатоў хутчэй павесіць,
Чым існаваць для непатрэбных спраў.
Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам.
Гарэць агнём, якога ўжо няма,
Таварыш соснам, караедам вораг,
Мой верш, як дзяцел на нагах.
А колькі вандраваць яму, каб словам
Боль загаіць людскі, хаця б адзін?
Нашто мне зрок, навошта гучны крок,
Хвілін імклівасць, цішыні хвіліны.
Турботы дня, апошнія навіны,
Крывёй не перагнаныя ў радок?
Я на ўсе жыцце абраў дарогу,
На якой калючак больш, чым руж.
Вядучы 2: АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ! Гэта бессмяротнае імя вялікага паэта, нашага земляка, 100-годдзе з дня нараджэння якога мы сёлета адзначаем.
Вядучы 1: Яго імя вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Творы яго перакладзены амаль на ўсе мовы народаў свету і ўвайшлі ў залатую скарбонку беларускай літаратуры.
Вядучы 2: Яго талент – глыбінны, маштабны і надзіва зямны. Ён не дазваляў разменьвацца на дробязі, а даваў магчымасць пісаць так, каб адразу дасканала, адразу непаўторна, адразу з праекцыяй у вечнасць.
Не можаш ты мяне пазбавіць мовы,
Змяніць мой лёс уладаю сваей,
Не ты мяне абрала – вязень твой,
Абраў цябе на тэрмін пажыццёвы.
Вядучы 1: Яго творчасць – адна з найбольш яркіх старонак у гісторыі беларускай паэзіі. Яна састаўная частка таго асаблівага ланцуга, які ўтвараецца, калі паставіць поруч імёны М. Багдановіча, Я. Купалы. М. Танка. I месца А. Куляшова сярод іх.
Вядучы 2: Дрэва яго творчасці ўзрасло на шчодрай магілёўскай зямлі, у мястэчку Саматэвічы, што на Касцюкоўшчыне. Пад белымі крыламі аблокаў, між жытаў і васількоў выспела яго крынічнае слова. Нібы сіняя птушка шчасця скінула чароўнае пяро і яно ўпала да ног вясковага хлопчыка і заззяла, і паклікала ў бэзавую далеч, і ўдыхнула ў душу яго вернасць паэзіі, людзям, маці.
Вядучы 1:
3 хаты пачынаецца
Свет, што людзям люб.
Хата ў птушкі маецца,
У крыніцы зруб.
А Куляшоўскі зруб – гэта яго сям'я, дзе 6 лютага 1914 г. у вясковых настаўнікаў Аляксандра Міхайлавіча і Кацярыны Фамінічны нарадзіўся сын Аркадзь.
Вядучы 2: Як успамінае маці, хлопчык рос разумны. У сем гадоў пачаў добра чытаць і захапіўся літаратурай.
Вядучы 1: Паводле слоў самаго паэта, ён памятае свае першыя спробы з чатырохгадовага ўзросту. У Саматэвіцкай школе сямігодцы, дзе вучыўся Куляшоў, быў моцны літаратурны гурток, усе пісалі вершы, але вершы А. Куляшова выдзяляліся талентам, прафесіяналізмам. Дэбют юнага паэта адбыўся ў 1926 г. на старонках акружной Клімавіцкай газеты "Наш праўнік". А ў час вучобы ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме (1928–1931) ён быў ужо вядомым паэтам.
Вядучы 2: Так у 1928 г. у майскім нумары "Полымя" быў надрукаваны чарговы яго верш "Бывай", прысвечаны смуглявай дзяўчыне, сябру па школе – Алесе… Першае каханне, непадзеленае, безнадзейнае праходзіць праз усю яго творчасць.