top of page

"КРАЙ БЕЛАРУСКІ... МНЕ ДАРАГІ І БЛІЗКІ"
Літаратурная кампазіцыя

 

Не можаш ты мяне пазбавіць мовы,

Змяніць мой лёс уладаю сваёй,

Не ты мяне абрала – вязень твой

Абраў цябе на тэрмін пажыццёвы...

(А. Куляшоў "Да паэзіі")

 

Вядучы 1. Вялікі нямецкі паэт І.В. Гётэ казаў: "Той, хто хоча зразумець паэта, павінны ісці ў ягоны край". Рызыкнем перафразаваць гэтыя словы: "Хто хоча зразумець краіну паэта, няхай ідзе ў яго паэзію". Суровая і пяшчотная, светлая і трагічная, добразычлівая Беларусь паўстае перад кожным, хто датыкнецца да арыгінальнай і велічнай паэзіі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова.

Вядучы 2. Нарадзіўся А.А. Куляшоў 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. Несумненна, на станаўленне духоўнай асобы будучага знакамітага паэта істотны ўплыў аказвалі бацькі. Бацька яго, Аляксандр Мікалаевіч, нядрэнна спяваў, нават некаторы час удзельнічаў у народным хоры. Была слыннай пявунняй і маці – Кацярына Фамінічна. Гэты песенны генетычны код выяўляўся па рознаму у пазнейшыя гады ў паэзіі А. Куляшова – у адпаведнасці з эмацыянальным настроем і філасофскай насычанасцю вершаў, заканамернасцю развіцця таленту.

Схільнасць да літаратурнай творчасці ў Куляшова выявілася вельмі рана. Паводле слоў самаго паэта, ён памятаў свае вершаваныя спробы з чатырохгадовага ўзросту. У Саматэвіцкай школе-сямігодцы, дзе вучыўся А. Куляшоў, быў моцны літаратурны гурток, усе пісалі вершы, але вершы Аркадзя Куляшова выдзяляліся талентам і прафесіяналізмам. Дэбют юнага паэта адбыўся ў 1926 г. на старонках клімавіцкай газеты "Наш працаўнік". А пад час вучобы ў Мсціслаўскім педтэхнікуме (1928–1931) ён быў ужо вядомым паэтам.

 

Чытальнік.                  "Бывай..."

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.

Чаму так горка, не магу я зразумець.

Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае

На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?...

Над намі жаўранкамі звінеў і плакаў май.

Назаўтра золкае, туманнае світанне,

Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,

Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,

Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе

На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы

Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.

Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры

Слязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманы,

Палынны жаль смугой акутаных дарог,

Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны

Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.

Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.

На ўсходзе дня майго заранка дагарае,

Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

 

Вядучы 1. Аркадзь Куляшоў уваходзіў у паэзію імкліва. У дваццацігадовым узросце ён меў ужо тры зборнікі вершаў: "Росквіт зямлі", "Па песню, па сонца!", "Медзі дождж" і дзве паэмы "Крыўда" і "Аманал". Галоўнымі тэмамі ў творчасці гэтага перыяду сталі Першая сусветная вайна, рэвалюцыйныя падзеі, якія ўскалыхнулі ўвесь свет. Вершы паэта прасякнуты адчуваннем гістарычнай значнасці: парыванне да будучыні спалучалася з паглядам у мінулае да вытокаў сучасных падзей.

 

Чытальнік.   

    

З нагой ці рукой кароткай

Не знойдзеш ратунку і лек...

Iшло пакалечаных продкаў

Бяздомнае племя калек.

Дзе гарматы гул громаў сцелюць

I мёртвыя сняць навіну,

Уздымалася дужае цела

Вайною ісці на вайну...

Сяляне палацы палілі,

I ўсюды руіны ляглі, -

Дзе бога калекі малілі,

Дзе бога калекі клялі...

Гаворак было пра іх столькі...

Казалі яшчэ пра калек:

Яны раскідалі лістоўкі

Ля плыні вялікіх рэк.

Вяла іх і доўга і многа

Iх юная вера ў прасцяг...

Яны неслі крыўду на Бога

I новыя песні пра сцяг.

(урывак з паэмы "Крыўда")

 

Вядучы 2. Новы ўзровень светабачання і філасофскага асэнсавання жыцця праяўляецца ў творчасці А. Куляшова ў другой палове 1930-х гг. Вельмі істотнымі ў творчасці паэта з'явіліся паэма "У зяленай дуброве" і вершаваны цыкл "Юнацкі свет". У іх упершыню, мабыць, з такой выразнасцю і лірычнай непасрэднасцю раскрыў А. Куляшоў свой уласны ўнутраны свет. Вершы гэтага цыкла "Карусель", "Ельнік", "На сотай вярсце" – пра каханне, пра сустрэчы і ростані, пра радасць маладосці і салодкую самоту. Усё гэта выказана з вялікім даверам да жыцця, часу, адзначана інтэлектуальна-псіхалагічнай і паэтычнай культурай.

Азнаямленчы фрагмент. Спампаваць сцэнарый

 

bottom of page