Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
КУЛЯШОЎ
У ШКОЛЕ
СЦЭНАРЫІ
"ХУТКАСЦЬ ДУМКІ... СТАГОДДЗЕ АБГАНЯЕ"
Літаратурная гадзіна
Паэзія Аркадзя Куляшова (1914–1978) увайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры XX ст. "Новая кніга", якая ўбачыла свет у 1964 г., стала па-сапраўднаму наватарскай і засведчыла якасна новы перыяд у творчасці паэта. Зборнікі "Сасна і бяроза" (1970) і "Хуткасць" (1976) грунтоўна замацавалі за ім адно з галоўных месцаў у літаратуры.
Нарадзіўся будучы народны паэт Беларусі ў вёсцы Саматэвічы, што ў Касцюковіцкім раёне. Яго бацькі працавалі настаўнікамі ў школе. Паэтычны дар абудзіўся ў хлопчыка вельмі рана. У дванаццаць гадоў на старонках Клімавіцкай акруговай газеты "Наш працаўнік" ён надрукаваў свой першы вершаваны твор. А ў 1928 г., калі юнаму паэту было чатырнаццаць гадоў, у часопісе "Полымя" з'явіўся верш пра каханне "Бывай...". Гэты твор быў народжаны першымі і шчырымі пачуццямі да вельмі прыгожай дзяўчыны – Алесі Карыткінай. Вобраз першага кахання жыў у сэрцы Аркадзя Куляшова ўсё жыццё, і таму ён неаднойчы згадваў Алесю ў сваіх паэтычных творах, вяртаўся да раней напісаных радкоў пра сваё першае каханне, шліфаваў іх, даводзіў да філіграннасці гучання. Верш "Бывай..." стаў шэдэўрам выдатнага паэта і цудоўнай песняй (музыку напісаў Ігар Лучанок):
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.
Закончыўшы ў 1928 г. сямігодку, А. Куляшоў пайшоў вучыцца ў Мсціслаўскі педтэхнікум. Тут ён пасябраваў з Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, якія таксама пісалі вершы, былі паэтамі-маладнякоўцамі, упэўнена ўваходзілі ў літаратуру. Яны ў сваім асяродку захапляліся творчасцю Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, цікавіліся рускай і сусветнай паэзіяй.
У 1931 г. малады паэт паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. А за год да гэтай падзеі выйшаў яго першы зборнік "Росквіт зямлі" (1930). У хуткім часе ўбачылі свет яшчэ некалькі кніжак А. Куляшова – "Па песню, па сонца!..", "Медзі дождж" (абедзве 1932), паэмы "Аманал" (1933) і "Гарбун" (1935). У многіх вершаваных творах А. Куляшова адчуваюцца дыханне і рытмы свайго часу, выяўляецца радасць юнацкіх пачуццяў і рамантычных парыванняў у светлае заўтра. Аптымізм і мажор валадараць у радках паэта, які, зразумела, за чыстую манету прымаў тагачасныя ідэалагічныя заклікі ды ўстаноўкі. Драматычная праўда даваеннай рэчаіснасці, калі панавала атмасфера страху і недаверу, адбываліся рэпрэсіі, ішло рассяляньванне вёскі, заставалася па-за яго ўвагай. I таму не ўсё з напісанага вытрымала выпрабаванне часам. Звяртаюць на сябе ўвагу вершы "Астраном" (1929) і "Як дзень адыходзіць..." (1930). У гэтых творах герой паэта рамантычна захапляецца панарамай далёкіх сузор'яў, верыць у тое, што зможа некалі весці дыялог з паэтам з іншай галактыкі, у якога гэтаксама "сэрца гарыць". Ён нібы інтуітыўна прадчуваў надыход касмічнай эры, калі "бясконцы сусвет далёкіх Цэнтаўраў і Львоў" зробіцца адкрытым і блізкім чалавеку. У нашу паэзію прыйшоў мастак аб'ёмнага, касмічнага погляду на свет. Філасофскі касмізм думкі, маштабнасць мыслення зрабіліся асноўнымі ў паэзіі А. Куляшова. Асэнсаванне месца чалавека ў Сусвеце, агульнапланетарным быцці знойдзе ўвасабленне ў яго творах 1940–50-х гг. і пазнейшага часу (паэма "Хлопцы апошняй вайны", вершы "Зямля", "Пра Марс" і інш.). Канцэпцыя быцця і лёсу чалавека на Зямлі і ў Сусвеце стала асновай яго філасофска-паэтычнага светабачання і светаразумення.
Самай прыкметнай з'явай у творчасці Аркадзя Куляшова даваеннай пары стаў цыкл вершаў "Юнацкі свет" (1939–1940). Сюды ўваходзяць вершы "На сотай вярсце", "Карусель", "Бюро даведак", "Воблака" і інш. Лепшыя з іх, як лічыць крытык Уладзімір Гніламёдаў, "краналі натуральнасцю слова, абаяльнасцю інтанацый жывой гаворкі, шчырасцю і праўдзівасцю пачуццяў..."