Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
КУЛЯШОЎ
У ШКОЛЕ
СЦЭНАРЫІ
"ПАЭЗІЯ - МАЁ ЖЫЦЦЁ"
Святочная вечарына
Да пачатку сустрэчы ў зале гучыць лірычная беларуская музыка, на ўваходзе кожнаму з прысутных уручаецца праграма святочнай вечарыны. На экране – партрэт А. Куляшова і назва вечарыны. Сцэна ўпрыгожана кветкамі. У фае кніжныя выставы твораў паэтаў і пісьменнікаў-землякоў "Майстар слова паэтычнага", "Касцюкоўшчына літаратурная". Вечар адкрываецца дэманстрацыяй фільма аб А. Куляшове "I кружыцца планета Куляшова". Пасля прагляду фільма на фоне лірычнай мелодыі і дэманстрацыі краявідаў выходзіць чытальнік у вобразе паэта. Яго высвечвае пражэктар.
Паэт:
Стаю і з пачуццём неўтаймаваным
Гляджу на след блакітны за кармой.
Як быццам я плыву не акіянам.
А Бесяддзю – жаданаю ракой.
Плыву па ёй! Як хлопчыку малому.
Паслаў мне лёс блакітную раку –
Праз цёмны акіян яна дадому
Мяне вядзе, як маці, за руку.
Праз буру, ахвяруючы сабою.
Вядзе і на сабе ўжо колькі дзён! –
Магутны карабель нясе, вагою
У восемдзесят з нечым тысяч тон.
Што для яе натоўпы хваляў шэрых
I карабля стотысячны цяжар.
Калі на даляглядзе родны бераг
Абдымкамі выглядвае з-за хмар?
Гучыць песня на словы Аркадзя Куляшова "Ты ўспомні ўсё". Музыка
І. Лучанка. Пасля заканчэння песні да мікрафонаў выходзяць двое вядучых.
Вядучы 1: Добры дзень, паважаныя сябры!
Вядучы 2: Мы рады вітаць вас, на нашай святочнай вечарыне, прысвечанай да 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, нашага знакамітага земляка АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА.
Вядучы 1: Імя Аркадзя Куляшова вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Творы яго перакладзены амаль на ўсе мовы народаў свету і ўвайшлі ў залатую скарбонку беларускай літаратуры.
Вядучы 2: Яго талент – глыбінны, маштабны і надзіва зямны. Ён не дазваляў разменьвацца на дробязі, а даваў магчымасць пісаць так, каб адразу дасканала, адразу непаўторна, адразу з праекцыяй у вечнасць.
Вядучыя садзяцца за журнальны столік
Паэтка: (высвечваецца пражэктарам)
Не можаш ты мяне пазбавіць мовы,
Змяніць мой лёс уладаю сваёй,
Не ты мяне абрала – вязень твой,
Абраў цябе на тэрмін пажыццёвы.
Вядучы 1: Жадаў такой самааддачы Аркадзь Аляксандравіч і іншым: "Спакойнага шчасця не зычу нікому..." і горда трымаў у руках свой сцяг – сімвал жыццёвай і творчай перамогі і ўпэўненасці, вернасці і абавязку.
Паэт: (высвечваецца пражэктарам)
Няхай злуюцца хвалі,
Выклік смелы
Я пасылаю сам насустрач ім –
Свайго жыцця чырвоны сцяг.
А белы –
Я пакідаю ворагам сваім .
(Музыка сціхае)
Вядучы 2: Мы сабраліся сёння тут, каб аддаць даніну памяці нашаму славутаму земляку і прайсціся асноўнымі вехамі жыцця, шчырымі словамі ўспомніць яго як чалавека, як паэта.
Вядучы 1: І разам з намі раздзяліць святасць гэтай хвіліны прыйшлі нашы ганаровыя госці.
(Ідзе прадстаўленне гасцей)
Вядучы 2:
З хаты пачынаецца
Свет, што людзям люб.
Хата ў птушкі маецца,
У крыніцы зруб.
А Куляшоўскі зруб – гэта яго сям'я, дзе 6 лютага 1914 г. у вясковых настаўнікаў Аляксандра Міхайлавіча і Кацярыны Фамінічны нарадзіўся сын Аркадзь.