top of page

ЖЫЦЦЁ

СЯМ'Я

"ТЫ БЫЛА
МАЁЙ ЛЮБАЙ..."

2014 .............................................

СЯСТРА НАДЗЕЯ

 

Летась споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння Надзеі Куляшовай, малодшай сястры народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Надзея Аляксандраўна – заслужаны настаўнік, выдатнік народнай асветы БССР. Сваімі ўспамінамі дзеліцца Святлана Стакас, выдатнік народнай асветы БССР, лаўрэат прэміі імя Н.К. Крупскай:

– Лёс даў мне вялікае шчасце – шмат гадоў працаваць пад кіраўніцтвам Надзеі Аляксандраўны. Яна засталася ў маёй памяці як выдатны настаўнік і метадыст рускай мовы і літаратуры. Нягледзячы на дваццацігадовую розніцу ва ўзросце, гэтая жанчына стала для мяне сапраўдным сябрам. 
Надзея Аляксандраўна нарадзілася ў 1918 годзе ў мястэчку Саматэвічы (цяпер Касцюковіцкі раён) Магілёўскай губерні ў сям’і вясковых настаўнікаў. Бацька, Аляксандр Мікалаевіч, выкладаў біялогію і нямецкую мову ў горадзе Хоцімску і быў вядомы на ўсю акругу таленавіты садоўнік, пчаляр і спявак. Маці, Кацярына Фамінічна, закончыла двухгадовы Настаўніцкі інстытут у Гомелі. Амаль паўстагоддзя знаёміла дзяцей з асновамі фізікі і матэматыкі. Абодва былі носьбітамі «трывалых традыцый беларускай сям’і», якія пераняла і іх дачка. 
Калі састарэлай маці спатрэбілася дапамога, жанчына, не задумваючыся, пакінула Мінск і перабралася ў Хоцімск, з галавою акунулася ў вясковы побыт. Гэтае новае жыццё Надзея Куляшова палюбіла ўсёй душой. І заўсёды з захапленнем і ўзнёсла распавядала пра тое, якія прыгожыя там луг ды рэчка, як лёгка дыхаецца раніцай у садзе... 
Надзея Аляксандраўна вельмі ганарылася, што яе родны брат – вядомы паэт, была ўдзячна яму за дапамогу ў жыцці, але ніколі не выхвалялася сваім сваяцтвам. За гэта яе сябры і знаёмыя паважалі. 
З 1968 года Надзея Аляксандраўна працавала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў сталічнай сярэдняй школе № 111, якая дзякуючы яе таленту стала на доўгія гады асяродкам самай сучаснай на той час методыкі выкладання рускай мовы і літаратуры ў Беларусі. Стварыла творчы калектыў настаўнікаў-славеснікаў, аднадумцаў і сяброў. 
На сваіх уроках яна вучыла дзяцей параўноўваць творы вядомых пісьменнікаў, бачыць іх мастацкія асаблівасці; абуджала жаданне самім спрабаваць пісаць вершы, апавяданні, замалёўкі, нарысы. Дзеці вучыліся не толькі выразна чытаць, але і стваралі ілюстрацыі, пісалі рэцэнзіі на творы сучасных пісьменнікаў. 
У школе № 111 праходзілі раённыя, абласныя, рэспубліканскія семінары. За асабліва паспяховае правядзенне рэспубліканскага семінара ў 1972-м міністр асветы БССР аб’явіў Надзеі Куляшовай падзяку. 
Яна заўжды шчыра радавалася поспехам настаўнікаў, вартасць урокаў якіх адчувала, як ніхто, а заўвагі давала вельмі тактоўна, падказвала, як і што трэба памяняць, удакладніць ці дабавіць пры правядзенні ўрока. 
Пад яе кіраўніцтвам у школе была створана багатая метадычная скарбонка ў дапамогу настаўніку: падрыхтавана паўрочная распрацоўка лірыкі А. Пушкіна, М. Лермантава, С. Ясеніна, А. Блока, творчасці І. Тургенева, М. Някрасава, Ф. Дастаеўскага і іншых. Гэты каштоўны досвед захоўваўся ў яе кабінеце. 
У школе рэгулярна праходзілі літаратурныя вечарыны. Надзея Аляксандраўна дапамагала наладжваць сустрэчы вучняў з выбітнымі беларускімі творцамі, паэтамі, кампазітарамі – А. Куляшовым, Р. Барадуліным, С. Александровічам, А. Кашкурэвічам, Г. Бураўкіным, І. Лучанком. 
Надзея Аляксандраўна выдатна ведала і рускую, і беларускую літаратуру. Добра помню яе цікавыя расповеды пра айчынных пісьменнікаў, многіх з якіх яна ведала асабіста. Узгадвала нязменна глыбокім пачуццём павагі. Асабліва запомнілася, з якой любоўю і спагадай яна гаварыла пра лёс рэпрэсіраванага пісьменніка і грамадскага дзеяча БССР Платона Галавача.
Падчас знаёмства з лірыкай А. Блока чыталі вершы рускага паэта ў перакладах А. Куляшова, вучыліся адчуваць прыгажосць і музычнасць роднай мовы. Вывучэнне «Слова аб палку Ігаравым» заканчвалі чытаннем перакладаў твора на беларускую мову, зробленых Янкам Купалам, Р. Барадуліным, а таксама перакладам М. Рыльскага на ўкраінскую. Параўнанне спрыяла развіццю мастацкага густу вучняў, выхаванню павагі да культур розных народаў.

Стакас, С. Сястра Надзея / Святлана Стакас //

Літаратура і мастацтва. — 2014. — 29 жніўня. — С. 15.

bottom of page