Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
СЯМ'Я
БАЦЬКА РАСКАЗВАЎ
(Дачка Валянціна пра Аркадзя Куляшова)
1984 ...........................
Колькі я памятаю свайго бацьку, ён заўсёды баяўся пажару. Варта было каму-небудзь з дзяцей дакрануцца да запалак, як ён загадваў: «Кінь сярнічкі, хату падпаліш!». У такія хвіліны бацьку як падмянялі: ён рабіўся ўпартым, падобным да старога, якому нельга нічога давесці пра бязвіннасць нашых намераў. А бацька ж быў яшчэ зусім малады, калі я ўпершыню заўважыла гэтую асаблівасць, а калі дадаць, што старым ён так і не стаў, і, відаць, не зрабіўся б з узростам, – можна зразумець, чаму яго рэакцыя здавалася нам недарэчнай. Мы, дзеці, так і лічылі б гэта дзівацтвам, калі б з цягам часу не адкрыўся глыбінны сэнс яго страху.
У апошняе дзесяцігоддзе жыцця бацькі, калі мы былі суседзямі (жылі на адной лесвічнай пляцоўцы ў доме нумар сем па вуліцы Янкі Купалы), ён у хвіліны шчырасці часам давяраў мне якую-небудзь са «страшных» таямніц свайго жыцця. Трэба сказаць, што ў натуры майго бацькі да канца яго дзён заставалася столькі чысціні і дзіцячай наіўнасці, што многія рэчы, якія выклікалі яго непакой і прымушалі хвалявацца, нас часам проста расчульвалі.
Свой расказ ён пачынаў звычайна скорагаворкай, быццам між іншым, і ў гэтай яго паспешлівасці адчувалася адначасова адчайная рашучасць выказаць нарэшце ўсё, што набалела, і боязь, што не зразумеюць. Здаралася, пасля ён удакладняў нешта са сказанага раней, і тады мы пачыналі разумець, чаму з такім хваляваннем, гэтак доўга і нясмела распачынаў ён свой расказ. Цяпер я разумею, што многае з таго, пра што ён пачынаў гаворку, засталося недаказаным, а да многага так і не дайшла чарга.
Пра пажар мы пачулі восенню 1977 г. Здарылася так, што маці паехала адпачываць, і каля двух тыдняў бацька жыў на Нарачы з маёй шасцігадовай дачкой. Мы з мужам наязджалі туды, каб неяк наладзіць іх побыт. Памятаю, як мы з Валерыем завіхаліся на кухні, а Вольга, схапіўшы запалкі, пабегла на двор. Тата адразу ж насцярожыўся. Заўважыўшы гэта, я адабрала ў яе сярнічкі і жартам спыталася ў бацькі, чаму ён так баіцца запалак. Глухім ад хвалявання голасам ён сказаў:
– Я ведаю, чаму аднойчы згарэла вёска... – Сказаў, і заспяшаўся ў свой пакой, а мы засталіся стаяць, прыгнечаныя і тым, што пачулі, і тым, як гэта было сказана. Так ён гаварыў толькі пра тое, што некалі глыбока ўразіла яго. Гэтае хваляванне перадавалася і стрымлівала ад далейшых роспытаў. Ды яны, зрэшты, нічога б і не далі: у такія хвіліны ўся энергія, мабыць, выдаткоўвалася ў яго на сам факт прызнання, і мы ведалі: зараз ён будзе ляжаць на сваёй канапе, думаючы пра нешта, і гадзіну ці дзве турбаваць яго нельга. Тут дарэчы дадаць, што з гэтай позай у нашай свядомасці з маленства было звязана ўяўленне аб творчасці, бо бацька на працягу ўсяго жыцця абдумваў будучыя творы лежачы і ўставаў толькі запісаць прыдуманае.
Саму гісторыю мы пачулі пасля, калі ён змог ужо гаварыць аб гэтым больш-менш спакойна.
Здарылася так, што чатырохгадовага хлапчука і яго сямігадовага сябра пакрыўдзіў дарослы сусед, і дзеці вырашылі адпомсціць. Завадатарам быў старэйшы, але дзейнічалі разам. Хата бацькоў старэйшага хлопчыка стаяла побач з хатай крыўдзіцеля. Прыставіўшы драбіну, дзеці ўзлезлі на дах і кінулі запаленую сярнічку на саламяную страху суседа. Дзень быў ветраны, і агонь адразу ж перакінуўся да іх, а потым – да суседзяў. Згарэла паўвёскі. Уцалеў толькі процілеглы бок. Раз’юшаны натоўп прагнуў пакарання вінаватых, і бацька на вачах усіх так збіў свайго сямігадовага сына, што той праз тры дні памёр. Хацелі пакараць і меншага, але маці не дала.