top of page

СЯМ'Я

2010 .....................

Дачка народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова прысвяціла жыццё папулярызацыі і тлумачэнню творчасці бацькі – аднаго з найяскравых паэтаў сваёй эпохі. Філолаг, перакладчык, журналіст, яшчэ ў савецкі час яна напісала незвычайна шчырую кнігу ўспамінаў «Лясному рэху праўду раскажу...» (1989), якая перавярнула ўяўленне пра тое, як можна пісаць пра класікаў. 
«У школьных падручніках асоба і творчасць Куляшова пададзены вельмі тэндэнцыйна. Пачынаючы са здымкаў: адбіраліся самыя горшыя, недарэчныя. Усё гэта стварае несапраўдны вобраз бацькі, які выклікае адмоўную рэакцыю», – распавядае Валянціна Аркадзеўна Куляшова. 

– Якім жа Куляшоў быў насамрэч?


– Усё жыццё я была арыентаваная на бацьку. Мне яшчэ не споўнілася два гады, як нарадзілася другое дзіця, маці стала займацца ім. Я ж перайшла да бацькі, які, па сутнасці, замяніў мне маці. З маленства спяваў мне беларускія, украінскія, рускія песні. Укалыхваючы, чытаў вершы – усю класіку. Потым у школе, калі мы пачыналі вывучаць, да прыкладу, Шаўчэнку ці Лермантава, я разумела, што ўжо ведаю гэты верш.  

Італьянскія карані Куляшова


– Малавядомы факт з біяграфіі Куляшова – ягоныя італьянскія карані. Куды яны вядуць? 


– У бацькі былі перамяшаныя беларуская (маці паходзіла са шляхецкай сям’і), украінская і італьянская кроў (па бацьку). Ягоны прадзед Фелікс Мільта быў сынам арганіста-італьянца, якога пан Галынскі прывёз з Польшчы ва ўніяцкую царкву вёскі Стараселле, што на Магілёўшчыне. Сам бацька пра гэта ўзгадваць не любіў. Часткова з прычыны ўласнай сціпласці і выхавання (у іх гэта называлася «не плявузгаць»). Часткова таму, што не хацеў, каб ягоны талент прыпісвалі другой нацыі. Быў сапраўдным патрыётам. Праўда, аднойчы, калі ў Мінск прыехаў італьянскі карэспандэнт і мы разам пайшлі ў оперны на «Травіяту» Вердзі, бацька запытаўся, ці сапраўды Мільта – італьянскае прозвішча. Пачуўшы станоўчы адказ, толькі задаволена ўсміхнуўся.
Цяпер разумею, што гэта італьянства выяўлялася ў бацькавай улюблівасці і тэмпераменце.

Другі прадзед бацькі Кузьма Куліш паходзіў, магчыма, з-пад Крэменчуга. Да Украіны ў бацькі было асаблівае стаўленне. Менавіта яму належаць ці не самыя пяшчотныя радкі ў нашай літаратуры пра паўднёвага суседа: «Жыў дзед мой, ходзяць чуткі, /Каля дняпроўскай плыні, /У каменцы бялюткай, /На мілай Украіне».

«Грош цана паэту, здольнаму на здраду»


– Ваш бацька быў адным з менш чым двух дзясяткаў беларускіх літаратараў, якога мінуў молах сталінскіх рэпрэсій. Як вы перажылі той час?


– Пачалося ўсё з майго дзядзькі, мужа мамінай сястры Платона Галавача. Буйны празаік, намеснік наркама асветы БССР і адзін з кіраўнікоў літаб’яднанняў «Маладняк» і БелАПП, ён быў, бадай, адзіным, хто не пабаяўся заступіцца за Купалу падчас шальмавання, імкнуўся вярнуць песняра да жыцця пасля спробы самазабойства ў 1930-м. У 1937-м яго арыштавалі, судзілі як «арганізатара тэрарыстычнай групоўкі» і за «правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці» ды расстралялі. У камеры Платон Раманавіч пакінуў цыдулку: «Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон». Пасля арышту Галавача ўвесь 1937 год Куляшова адмаўляліся друкаваць. Мы перабіваліся з хлеба на ваду. Апроч таго, бацьку выклікалі ў Саюз пісьменнікаў і пад пагрозай выключэння прапанавалі разысціся з жонкай – сваячкай «ворага народу». Тады маці спыталася ў бацькі, які лічыў паэзію важней за ўсё на зямлі, што ён збіраецца рабіць. «Усё застанецца, як ёсць. Грош цана паэту, здольнаму на здраду».
У вёсцы каля хаты бацькоў, дзе мы адпачывалі, дзень пры дні пачалі з’яўляцца нейкія людзі. «Давай развітвацца, Ксаня», – сказаў бацька маці. Ды раптам невядомыя зніклі.
Потым першы сакратар ЦК партыі Панцеляймон Панамарэнка распавядаў, што ў 1938-м яму з НКВД прынеслі на подпіс ордэр на арышт. Спіс адкрываўся імёнамі Купалы і Коласа, а апошнім, 13-м, у ім ішоў Куляшоў. Панцеляймон Кандратавіч тады адмовіўся падпісваць паперы ды паехаў у Маскву на прыём да Сталіна. У выніку Коласа і Купалу ўзнагародзілі ордэнамі Леніна, а Куляшова пакінулі ў спакоі.
У молах рэпрэсій трапілі сябры бацькавага юнацтва паэты-мсціслаўцы Змітрок Астапенка і Юлі Таўбін. Трагічную разлуку з ім ён ніколі не мог забыць і ў 1965 годзе надрукаваў цыкл «Маналог», прысвечаны таварышам. Гэта было першае слова ў беларускай паэзіі пра ахвяраў рэпрэсій.
У чорныя 1930-я бацька хадайнічаў перад Панамарэнкам за літаратурнага крытыка Рыгора Бярозкіна, які сядзеў тады паўторна. Калі ж 5 сакавіка 1953 года я пачула па радыё, што памёр Сталін, і кінулася ў кабінет да бацькі, ён жорстка адрэзаў: «Не смей плакаць!»
Праўда, «непатрэбных» размоў не любіў і ніколі іх не вёў. Вельмі шчыры ён быў адно з Аляксандрам Трыфанавічам Твардоўскім. Яны былі падобныя лёсамі і вельмі сябравалі. Калі сустракаліся, маглі гадзінамі сядзець і размаўляць. Аднойчы так прасядзелі тры дні запар: спалі, сілкаваліся і зноў размаўлялі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page