top of page

СЯМ'Я

"Я МАЦІ АБАВЯЗАН КОЖНАЙ РЫСКАЮ..."
(Нарыс пра Кацярыну Ратабыльскую –
маці Аркадзя Куляшова)

 

2006 .....................

«Усім лепшым, што ёсць ува мне, я абавязаны маці», – прызнаўся неяк мой бацька, паэт Аркадзь Куляшоў, свайму земляку, пісьменніку Аляксею Зарыцкаму.
Маці паэта, Кацярына Фамінічна Ратабыльская, нарадзілася ў сям’і Фамы Кузьміча Залесца. У сям’і было шасцёра дзяцей: два хлопцы і чатыры дзяўчынкі (Аляксандр, Сяргей, Вольга, Соф’я, Алена, Кацярына). Яны рана страцілі маці, Марыю Якаўлеўну Міхневіч. «Беражы дзяцей, Фомушка» – быў яе запавет значна старэйшаму мужу.
Муж выканаў сваё абяцанне: больш не жаніўся і гадаваў дзяцей адзін. Сям’я была дружная і працавітая. Бацька выхоўваў дзяцей з любоўю і павагай да іх. З гаспадаркай спраўляліся самі, жывучы разам на хутары Рэкта пад Чэрыкавым. Бацька неяк расказваў мне, што яго першага сабаку звалі Дунай. Ён прыгадаў гэта, калі абдумваў будучую аўтабіяграфічную паэму.
Фама Залесец – удзельнік руска-турэцкай вайны 1877–1878 гг. Ён быў сярод тых, што першымі фарсіравалі Дунай, за нешта яшчэ атрымаў дзяржаўную ўзнагароду, дваранства, зямельны надзел і дадатак да прозвішча. Гэты дадатак трэба чытаць як «бывший в рати» – «Ратабыльскі».
Не выключана, што «надзелам» стаў той самы хутар, дзе Фаме Залесцу-Ратабыльскаму давялося дажыць да канца сваіх дзён, да 1927 г. Па жыццёвых перакананнях Фама Кузьміч быў талстоўцам. Яго нязменная палатняная талстоўка, мабыць, «дысцыплінавала» дзяцей. Яны раслі працавітымі і раскаванымі адначасова: у вольныя хвіліны любілі спяваць беларускія народныя песні («А ў полі вярба», «Зялёны дубочак», «Ой, рэчанька-рэчанька», «Ой, ты, верба-вярба» і інш.). На пісьмовым стале бацькавай стрыечнай сястры Веры Аляксандраўны Ратабыльскай дагэтуль стаіць даўні фотаздымак з выявай сясцёр Кацярыны (нашай бабулі) і Алены ў святочных беларускіх народных строях, якія яны шылі і вышывалі ўласнымі рукамі.
Псіхалагічна моцны сямейны падмурак даў бабулі магчымасць аддаць працы 46 гадоў і вывучыць не адно пакаленне беларускай інтэлігенцыі. Сярод яе вучняў – юрыст Іван Вятроў, акадэмік Яўмен Канавалаў, паэт Пятро Прыходзька... Апошні прысвяціў ёй вершы, і ў аповедах пра Аркадзя Куляшова, свайго паэтычнага куміра, не абмінае добрым словам любімую настаўніцу, якая некалі атуліла мацярынскай пяшчотай свайго дзесяцігадовага асірацелага вучня.
Настаўніцкая кар’ера Кацярыны Фамінічны Ратабыльскай пачалася ў 1911 г., калі, здаўшы ў Магілёўскім жаночым вучылішчы экзамен на званне настаўніцы царкоўна-прыходскай школы, яна атрымала накіраванне на працу ў Бастэнавіцкую школу. Памятаю, як падчас нарачанскага застолля 5 жніўня 1956 г. бабуля здзівіла нас, прачытаўшы на памяць верш Аляксандра Пушкіна «Брожу ли я вдоль улиц шумных...».
У Бастэнавіцкай школе Кацярына Фамінічна Ратабыльская пазнаёмілася з настаўнікам Аляксандрам Мікалаевічам Куляшовым, прыгожым, іскрамётнага тэмпераменту чалавекам, які да таго ж добра спяваў і іграў на гітары. Ён быў у цэнтры настаўніцкіх вечарын, дзе яго прыгожы тэнар гучаў у суправаджэнні гітары. Неўзабаве да яго стаў далучацца срэбны, як у Вяльцавай (Вяльцава Настасся Дзмітрыеўна (1871 – 1913) – расейская эстрадная спявачка (сапрана), артыстка аперэты. Вядомая і як выканальніца цыганскіх рамансаў. – Заўвага рэд.), высокі голас Кацярыны Фамінічны. У жыцці яны літаральна «спеліся», і гэтая моцная духоўная повязь аказалася самым трывалым момантам іх поўнага прыгод сямейнага жыцця.
Калі маладыя людзі прыехалі па бацькоўскае блаславенне ў Рэкту, будучы зяць, мабыць, не вельмі глянуўся Фаме Кузьмічу, бо на апошні аргумент любімай дачкі пра іх каханне той стрымана па-руску адказаў:
– Господь велел нам любить ближних...
Яны, аднак, пабраліся і наступны навучальны год сустрэлі разам у Саматэвічах. Ім быў адпушчаны год мірнага жыцця ў краіне, якая іх узгадавала і вывучыла. Гэты маленькі перыяд часу стаў плённым.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page