top of page

ЖЫЦЦЁ

СЯМ'Я

"ТЫ БЫЛА
МАЁЙ ЛЮБАЙ..."

ПРАЎДА АД "ЛЯСНОГА РЭХА"

 

2016 .................................

У сваіх расповедах з, так бы мовіць, «сямейнай хронікі», якія былі напісаны на рубяжы 1990-х – пачатку 2000 гг., Валянціна Куляшова ўзгадвае словы бацькі, якія на ўсе часы былі і застаюцца для дачкі дэвізам: «Калі чалавеку ёсць што сказаць, ён скажа, чаго б гэта яму ні каштавала»
За 80 гадоў жыцця Валянцінай Аркадзьеўнай сказана і зроблена шмат. У адным з нумароў часопіса «Роднае слова» пра сталага аўтара Куляшову чытаем: «Валянціна Аркадзьеўна Куляшова – эсэіст, літаратуразнаўца, перакладчык. Закончыла славянскае аддзяленне філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958), аспірантуру пры Сафійскім універсітэце (Балгарыя, 1966). Працавала ў Беларускім таварыстве дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, Інстытуце мовазнаўства АН БССР, БДУ, на Беларускім тэлебачанні ды інш. Выступае ў друку з 1961 г. Выдала кнігу ўспамінаў «Лясному рэху праўду раскажу» (1989)». 
За гэтымі сціслымі радкамі паўстае працяглы шлях пошукаў і знаходак. Як, напрыклад, пераклад на рускую мову рамана балгарскага празаіка Паўла Вежынава «Шалі» для часопіса «Нёман», за што пазней аўтарка перакладу атрымала прэмію часопіса за 1983 год. Свайго роду «разбег» перад тым, як пачаць расповед пра паэта Аркадзя Куляшова – пісаць пра бацьку. І яна распавяла па-свойму – тым, хто ведаў творцу і не ведаў, тым, хто чытаў і не чытаў яго вершы і паэмы, вершаваныя хронікі і выдатныя пераклады знакамітых ва ўсім свеце паэтаў – А. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Лангфела, І. Катлярэўскага. Распавяла нялёгкую праўду пра творчыя задумы і пошукі А. Куляшова, пра яго сумненні і пакуты, здабыткі і знаходкі. Шчыра, даходліва, цікава, праводзячы па лабірынтах сваёй памяці пра паэта і разам з тым уводзячы ўдумлівага чытача ў творчую лабараторыю Куляшова-паэта.
Мемуарных твораў, проста ўспамінаў пра А. Куляшова небагата. Помніка паэту, якога ведалі ва ўсім былым СССР, у нашай краіне няма. Але кніга Валянціны Куляшовай «Лясному рэху праўду  раскажу...», што выйшла да 100-годдзя слыннага паэта ў серыі «Жыццё знакаміных людзей Беларусі», становіцца свайго роду нерукатворным помнікам. 
Вось толькі адзін выпадак з жыцця. Неяк удзень да хаты на вуліцы Камсамольскай у Хоцімску, дзе некалі жылі бацькі народнага паэта, падышла жанчына і спытала, хто цяпер жыве тут, каму належыць хата, ці зможа яна сама пабачыць Валянціну Куляшову, кнігу якой прачытала. Я распавёў ёй  пра хату, пра яе ўладальніка. Пра тое, што аўтарка кнігі пра А. Куляшова Валянціна Куляшова жыве ў Мінску. Вымушаны быў прызнацца, што я – яе стрыечны брат, сказаў, што мая маці Надзея Аляксандраўна і Аркадзь Аляксандравіч – родныя брат і сястра. Жанчына не паленавалася, схадзіла дадому, прынесла знаёмую мне кнігу і папрасіла пакінуць у ёй хоць які надпіс. Як сваяк, як пляменнік А. Куляшова – яна разважыла – я меў права гэта зрабіць. Атрымалася так, як яна прасіла. Яшчэ трохі пагаварылі. І цёпла развіталіся. Як высветлілася, яна родам з блізкай ад Хоцімска вёскі Янаўка, прозвішча сваё назвала... Вось гэты выпадак, сустрэча з простай жанчынай, якая набыла кнігу без усякай рэкламы ці прэзентацыі і якой дарагая самая памяць пра паэта, прымусілі мяне яшчэ раз падумаць і пераканацца, што Аркадзь Куляшоў – сапраўды паэт народны, а яго дачка Валянціна зрабіла вельмі шмат, каб памяць пра вялікага сына зямлі беларускай не згасла ў народзе. 
А. Куляшоў не вёў дзеннікаў, але ўсю праўду пра час, пра сябе сказаў у сваіх выдатных творах. А тое, што ён хацеў, каб данесла да нас «лясное рэха», і пачула яго дачка, і прыўкрасна расказала ў аповесці-эсэ. 
Такім чынам, «Лясное рэха» – гэта свайго роду водгук таго, што нясуць нам арыгінальныя творы Куляшова. І, мабыць, вельмі добра, што рэха гэтае заблукала ў людскім моры, разнеслася над ім.

Маслоўскі, В. Праўда ад «ляснога рэха» / Віталь Маслоўскі. —

Літаратура і мастацтва. — 2016. — 12 лютага. — С. 15.


 

bottom of page