top of page

СЯМ'Я

СТАРАСЕЛЛЕ - РАДЗІМА ДЗЯДОЎ ПАЭТА

 

2009 .....................

Вывучаючы творы і жыццёвы шлях народнага паэта Беларусі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, вучні Старасельскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна ў свой час устанавілі, што яго радавод па мужчынскай лініі пачынаецца ў тутэйшых мясцінах. Пра гэта ў раённай газеце «Ударны фронт» чвэрць стагоддзя таму пісаў краязнаўца, кіраўнік краязнаўчага музея, настаўнік школы Іван Андрэевіч Маісееў, спасылаючыся на артыкул Алеся Кучара «Арганны бор паэзіі». Аўтар артыкула выкарыстаў звесткі з занатаванай запіскі бацькі паэта, настаўніка па прафесіі «Прасоўванне па службе», дзе сказана, што дзед Аркадзя Куляшова – Мікалай Кузьміч Куляшоў (1858 г. н.) селянін з вёскі Кувечына Аршанскага павета (пазней Шклоўскага раёна). Ён быў жанаты на Мільто Аляксандры Феліксаўне (1863 г. н.) з мястэчка Стараселле Аршанскага павета (цяпер Шклоўскага раёна), якая памерла ў маладым узросце, нарадзіўшы шасцёра дзяцей – пяцярых сыноў і дачку.
Адным з тых сыноў быў бацька паэта Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў, які рана пакінуў сваю сялібу і апынуўся ў горадзе Багародску пад Масквой. Ён быў напачатку вучнем у аптэцы. Займаўся самаадукацыяй. У Багародску здаў экстэрнам на званне настаўніка пачатковай школы. У 1901 годзе вярнуўся на бацькаўшчыну і пачаў настаўнічаць.
Стараселле цягам доўгага часу было валасным цэнтрам. Старасельская вобласць займала значную тэрыторыю Аршанскага павета – ад горада Шклова да вёскі Варанцэвічы (цяпер у Талачынскім раёне). Вёска Кувечына, якая знаходзіцца ад Стараселля ў шасці кіламетрах за лесам, уваходзіла ў Старасельскую воласць.
У 1862 годзе ў мястэчку Стараселле была адчынена пачатковая школа. У ёй, па меркаванні старажылаў, вучыліся дзед і бабка А. Куляшова. Пра той час Іван Маісееў пісаў: «У гутарках са старажыламі вёсак Стараселле, Гарадок, Тройца, дзе жыве шмат аднапрозвішчных сялянаў бабкі паэта, можна дазнацца пра тое, што родапачынальнікам усіх Мільто быў прышэлец напалеонаўскай арміі, што застаўся тут жыць, пасватаўшыся да мясцовай дзяўчыны».

Анціпенка, Л. Стараселле — радзіма дзядоў паэта / Лявон Анціпенка //

Літаратура і мастацтва. — 2009. — 17 красавіка. — С. 13.

bottom of page