top of page

СЯМ'Я

«Я маці абавязан кожнай рыскаю...»

 

Калі я згадваю гэтыя радкі, заўсёды перад вачыма паўстае вобраз Кацярыны Фамінічны.

Жыццё маёй бацькоўскай сям’і складвалася так, што мы не надта часта гасцілі ў татавых бацькоў, але бабулін дом прыцягваў мяне заўсёды, і толькі з часам я зразумела чаму.

Цяпер мне здаецца, што, адказваючы на гэтае пытанне, я павінна перш за ўсё падкрэсліць трывалыя традыцыі беларускай сям’і, носьбітам якіх была мая бабуля, Кацярына Фамінічна, хоць іх сям’ю нельга лічыць патрыярхальнай. Для свайго часу мае дзяды былі людзьмі перадавымі. Аляксандр Мікалаевіч удзельнічаў у Першым з’ездзе настаўнікаў, які праводзіўся ў Маскве ў 1918 годзе Надзеяй Канстанцінаўнай Крупскай.

Вытокі сямейных традыцый варта, відаць, шукаць у аскетычным і размераным сялянскім побыце бацькоўскай сям’і Кацярыны Фамінічны, дзе мая бабуля набыла добрыя працоўныя навыкі, якія падтрымлівалі доўгія гады яе актыўнае жыццё.

Каця Ратабыльская нарадзілася 7 снежня 1892 года ў вёсцы Галынка Магілёўскай вобласці. У сям’і Фамы Ратабыльскага яна была апошнім, сёмым дзіцем (апрача яе ў сям’і былі два сыны – Сяргей і Аляксандр – і чатыры сястры – Вольга, Алена, Соф’я і Ганна) і рана, у сямігадовым узросце, асірацела. Яе маці, Вольга Міхневіч, памерла маладой, трыццацігадовай, пакінуўшы па сабе добрыя ўспаміны.

Аўдавеўшы, Фама Ратабыльскі не рабіў спробы абзавесціся новай жонкай, а прысвяціў жыццё дзецям, памятаючы наказ жонкі:

– Беражы дзяцей, Фомушка!

Жылі ж яны, як кажуць, натуральнай гаспадаркай: уласнымі рукамі абраблялі зямлю, збіралі ўраджай, даглядалі жывёлу. Адтуль, відаць, бабуліна замілаванасць да ўсяго жывога ўнаследавана ад яе і маім бацькам.

Толькі на дзевяностым годзе жыцця згадзілася бабуля не трымаць больш каровы, але вельмі перажывала гэта.

Кацярына Фамінічна мела рэдкую здольнасць гаварыць з жывёлінай. Пры гэтым ніхто не памятаў, каб яна калі-небудзь сварылася, наадварот, яна заўсёды гаварыла з «братамі нашымі меншымі» ласкава, а за непаслухмянасць толькі ўшчувала.

Трэба думаць, што не менш ласкава, хоць і строга, размаўляла яна і с вучнямі, якіх вучыла сорак шэсць гадоў, выкладаючы апошнім часам фізіку і матэматыку.

Выпрацаваныя сямейным выхаваннем і жыццём вытрымка і спагада да сябе падобных, урэшце акупіліся, вярнуўшы аднойчы бабулі «блуднага мужа» разам з маленькімі дзяўчынкай і хлопчыкам ад другой (пасля бабулі) дзедавай жонкі. Дзяцей – Антаніну і Уладзіміра – бабуля прыняла і выгадавала як родных. Старэйшы з іх, Уладзімір Аляксандравіч Куляшоў, юнаком пайшоў з дому «ў людзі», пасварыўшыся з бацькам з-за таго, што той, паводле яго разумення, незаслужана пакрыўдзіў мачыху.

Бацькі Аркадзя Аляксандравіча любілі яго жонку за яе шчодрасць і дабрату, але бабулі заўсёды было цяжка глядзець, як яна за абедам ушчувае майго бацьку за нейкую яго правіннасць. Кацярына Фамінічна наўрад ці разумела, як цяжка жонкам гаварыць з паэтамі з-за іх поўнага нечаканасцей характару.

Але яна лічыла і была ў гэтым непахісная, што чалавек павінен ужываць страву паволі і ў спакойнай абстаноўцы (дзеда яна, між іншым, карміла дакладна па гадзінніку).

На мужаву здраду ў бабулі таксама быў свой, зусім не сучасны, але такі натуральны ў сваёй прастаце погляд: яна лічыла, што калі ён хоча вярнуцца да жонкі, дык тая павінна толькі радавацца. Мы ўжо ведаем, што гэтыя свае тэорыі Кацярына Фамінічна падмацавала практыкай сваіх жыццёвых паводзін і не таму, што ў той час, калі Аляксандр Мікалаевіч кінуў яе, яна не мела іншых і, як кажуць, добрых кандыдатаў на мужа. Усё было куды прасцей: бабуля кахала дзеда.

Не так даўно я трымала ў руках фотаздымак, з якога на мяне глядзелі дзве чароўныя дзяўчыны ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Дзяўчаты – мая бабуля з сястрой Аленай. Цудоўныя строі яны шылі і вышывалі самі. Сёстры былі і вялікімі аматаркамі народнай песні. Якую б працу па гаспадарцы ці ў полі ні выконвалі разам сёстры Ратабыльскія (не забывайцеся, што іх было пяцёра!), яна заўсёды рабілася пад песні: з песняй і сеялі, і жалі.

Надзея Аляксандраўна, бацькава сястра, успамінаючы свой апошні сумесны з маці візіт да дзеда Фамы Кузьміча Ратабыльскага ў 1927 годзе, за паўгода да яго смерці, расказвала мне, што яе дзед – мой прадзед – быў чалавекам строгіх правіл. Ён жыў вельмі сціпла і хадзіў выключна ў талстоўцы, а памёр ва ўзросце 86 гадоў.

Мне неаднойчы даводзілася сутыкацца з тым, што людзі не ведаюць, як правільна па-руску пісаць прозвішча маёй бабулі па бацьку.

Прызнаюся, яно і мяне здзіўляла, асабліва ў дзяцінстве. Тады прозвішча Ратабыльская здавалася мне нейкім «нязграбным», ці што...

Аднойчы летам 1984 года я села ў таксі, кіраваў якім, як сведчыла таблічка з надпісам, Леанід Мікалаевіч Ратабыльскі. Акалічнасці майго з’яўлення ў яго машыне былі не самыя прыемныя, і я спачатку ўцешылася тым, што еду як быццам з крэўным.

На таблічцы прозвішча Леаніда Мікалаевіча было напісана правільна – Ратобыльский, але я ўсё ж не ўтрымалася і спыталася ў шафёра, чаму ён піша яго якраз так, а не, скажам, «Ротобыльский». У адказ Леанід Мікалаевіч растлумачыў, што і бацька яго і дзед пісаліся Ратабыльскімі, як у яго ў дакументах, а вось чаму, ён не ведае.

– Прозвішча, сапраўды, дзіўнае, – сказаў Леанід Мікалаевіч і дадаў: – і сустракаецца рэдка. Я ведаю яшчэ толькі двух Ратабыльскіх.

Памятаю, што ў пасляваенных хроніках маю ўвагу асабліва прыцягвалі сюжэты, прысвечаныя Балгарыі. Цікавасць была падсвядомай. Таму я ўспомніла пра яе толькі пасля таго, калі нейкая асацыяцыя выклікала ў душы пачуццё, падобнае таму, якое ўзнікала ў мяне, калі я ў кінасалоне ўздрыгвала, пачуўшы слова «Балгарыя» (так рэагуюць на гук дарагога імя).

Я спрабавала разгледзець твары людзей за тыя кароткія хвіліны, пакуль яны ўтрымліваліся на экране. Сюжэтамі пра Балгарыю пасляваенная кінахроніка нас не песціла, але цікавасць да далёкай краіны, якая насіла такое імя, была ў мяне нязменнаю.

У жніўні 1956 года, калі на Нарачы спраўлялі наша з Хрыстам Берберавым вяселле, Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што на маім выбары адбілася, відаць, наша родавая цікавасць да Балгарыі.

Тлумачачы сваю думку, дзядуля (ён у нас лічыўся спецыялістам па радаслоўных, бо іншыя, лічачы сябе людзьмі практычнымі, такім «глупствам» не цікавіліся) расказваў, што бацька маёй бабулі Фама Ратабыльскі быў удзельнікам руска-турэцкай кампаніі 1877–1878 гадоў і змагаўся за вызваленне Балгарыі.

У гэтай вайне ён быў кантужаны, адзначаны ўзнагародай, атрымаў надзел зямлі і з гэтага моманту згодна з «высочайшим указом» стаў насіць прозвішча Ратабыльскі, што трэба расшыфроўваць як «бывший в рати». Думаецца, што, калі б ведаць сапраўднае, першапачатковае прозвішча майго продка, яго можна было б адшукаць у спісах добраахвотнікаў па Магілёўскай губерні, якія друкаваліся ў газетах тых гадоў.

У звестках, пададзеных дзедам Аляксандрам Мікалаевічам, як я цяпер разумею, ёсць недакладнасці, якія трэба было б праверыць. Першыя з іх я ўжо бачу. Напрыклад, у тым, што прозвішча Ратабыльскі было дадзена майму прадзеду Фаме Кузьмічу, які ў 1877–1878 гадах змагаўся за вызваленне Балгарыі. Але не выключана, што яго бацька таксама прымаў удзел у руска-турэцкай вайне, у кампаніі 1855–1856 гадоў, а можа, нават і 1819-га. Чаму я так думаю, вы хутка зразумееце.

Цяпер я толькі хачу дадаць, што ўсе гэтыя звесткі выклікаюць у мяне, магчыма, трохі рамантычную цікавасць, асабліва калі я разважаю над пытаннем: а «ці не ў памяці генаў закладзены контуры нашага лёсу?» Думаючы ў гэтым кірунку, я заўсёды ўспамінаю адну нашу амаль камічную размову з бацькам, калі ён, азадачаны матэрыяльным бокам майго жыцця, адважыўся неяк спытацца ў мяне, пра што я думала, выходзячы замуж.

– Пра генафонд, бацька, пра генафонд, – пажартавала я, пасля чаго ў іх размовах з Давідам Кугульцінавым узнікла новая тэма – пытанні генетыкі.

Вось пра што я разважала, едучы ў таксі з шафёрам Л.М. Ратабыльскім.

– Скажыце, Леанід Мікалаевіч, – парушыла я маўчанне другі раз, –адкуль родам вашы продкі па бацькоўскай лініі?

Леанід Мікалаевіч прарэагаваў так, як рэагуе ўсякі выхаваны чалавек, калі лезуць да яго ў душу. Як гэта ні парадаксальна, такая рэакцыя мяне ўсцешыла. Праз пэўны час Леанід Мікалаевіч, прыняўшы, відаць, пад увагу той факт, што я ў пэўнай ступені яго госця, вырашыў паблажліва паставіцца да маёй цікаўнасці і без асаблівай ахвоты адказаў:

– З Сакольнічаў!

Сваё ўражанне апісваць не буду, бо Леанід Мікалаевіч назваў вёску, дзе, калі верыць Кацярыне Фамінічне, нарадзіўся яе бацька, Фама Ратабыльскі, і якая знаходзіцца побач з Галынкай, адкуль родам яна сама.

Вось калі я нарэшце прыгледзелася і да самога Леаніда Мікалаевіча, шукаючы ў ім нашы рысы, якія сапраўды знайшла.

Больш за ўсё нагадваў ён мне Кацярыну Фамінічну: тыя ж, што ў яе (і, дарэчы, у майго бацькі) пухлыя губы, тыя ж, што ў бабулі, карыя вочы, прамы нос...

– А ведаеце, Леанід Мікалаевіч, што мы з вамі, здаецца, радня...

У яго рэакцыі я ўбачыла люстраны адбітак сваёй папярэдняй.

– ?!

– Якраз так, давайце толькі падлічым, у якім калене!

I я расказала яму ўсё, што ведаю пра Ратабыльскіх.

Ён у сваю чаргу сказаў, што добра ведаў свайго дзеда, у якога ў Сакольнічах жыў хлопчыкам кожнае лета.

Мы пагаварылі пра іншых мінскіх Ратабыльскіх, з якімі, на жаль, незнаёмыя, і нават прыйшлі да думкі, што нядрэнна было б сабраць іх на сямейную ўрачыстасць, бо падлічылі, што мы сваякі ўсяго толькі ў чацвёртым калене – «чацвераюрадныя браты», як сказалі б браты-балгары, зусім блізкія, па паняццях гэтага народа, крэўныя... Калі толькі прозвішча Ратабыльскі не давалася кожнаму з тых воінаў, хто быў варты ўзнагароды. Я, аднак, лічу, што яно было дадзена не прадзеду майму Фаме Ратабыльскаму, а яго бацьку Кузьме з Сакольнічаў, пра што сведчыць і паходжанне продкаў Леаніда Мікалаевіча, калі ўсё гэта добра ўзважыць. Але вырашаць такое пытанне пакінем нашчадкам, калі гэта іх зацікавіць.

След Леаніда Мікалаевіча, я, безумоўна, згубіла, але ў таксі з таго часу саджуся з такім пачуццём, быццам заходжу ў хату да сваякоў, спадзеючыся застаць там аднойчы і гаспадароў:

Я хаце абавязаны прапіскаю

Калыскаю, падвешанай пад столь.

Я маці абавязан кожнай рыскаю,

Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю –

Усім, чым працы абавязан стол.

Я – матчын спеў, я – матчыны трывогі,

Я – матчын гнеў, які ўставаў на ногі.

Гнаў смерць на Захад – у нару з нары –

Трацілаваю пугай перамогі.

Дыміліся сямі франтоў дарогі

За мной, як дынамітныя шнуры.

Пазбавіўшы ад грознага відовішча

Свет, не дазволю я, каб дым і пыл

Зямлю ператварыў у бамбасховішча,

Мільярд прапісак–у маўклівы прысак,

Мільярд калысак–у мільярд магіл.

(«Я хаце абавязаны прапіскаю...», 1963)

Гэтыя радкі – ці не адказ майго бацькі на пытанне, якая інфармацыя захоўваецца ў памяці яго генаў, генаў герояў руска-турэцкай, удзельнікаў першай імперыялістычнай і яго ўласных – салдата Вялікай Айчыннай?

1988 ................................

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page