top of page

ЖЫЦЦЁ

СЯМ'Я

"ТЫ БЫЛА
МАЁЙ ЛЮБАЙ..."

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ – МОЙ ДЗЕД
(Успаміны Уладзіміра Бярберава)
 

2014 .............................

Не з’яўляючыся ні літаратуразнаўцам, ні гісторыкам літаратуры, я распавяду пра Аркадзя Куляшова проста як пра свайго дзеда, як пра чалавека, побач з якім пражыў кавалак жыцця, бо я быў ужо студэнтам, калі ён памёр.

Чым найперш ураджваў Куляшоў як чалавек?

Надзвычайнай разнастайнасцю. Ён цікавіўся, здавалася, ўсім: космасам, біялогіяй, кібернетыкай, НЛО, кліматалогіяй (хаця гэтага слова тады яшчэ не ўжывалі). Апынуўшыся за сталом з цікавымі суразмоўцамі (а гэта здаралася нячаста, бо размаўляць яму было цікава толькі з надзвычай разумнымі людзьмі), ён абмяркоўваў з імі глабальныя пытанні. У чым сэнс жыцця і якая роля ў ім належыць чалавецтву? Нейкі сэнс ва ўсім гэтым ёсць, проста мы не ведаем. Ці ёсць іншапланетнае жыццё? На Месяцы – відавочна, што няма. На Марсе – сумнеўна, прынамсі зараз: ён выглядае чырвоным, значыць наўрад ці ёсць атмасфера. У іншых зорных сістэмах – павінна быць, хаця б паводле тэорыі верагоднасці, але, відаць, задужа далёка, каб магчы наладзіць сувязь. А можа, адтуль нам пасылаюць сігналы, ды мы яшчэ не можам зразумець, што гэта сігналы? Якія фізічныя ды геалагічныя наступствы можа выклікаць атамная вайна? А ці можа сусветны акіян здэтанаваць ад вадародный бомбы?

Аднойчы, ў сярэдзіне 1960-х гадоў, падчас гэтакіх размоў на Нарачы, калі стала відавочным паступовае пацяпленне клімату, ён выказаў думку, што мы жывем у канцы ледніковага перыяду, і што пацяпленне не надышло, а проста не спынялася. А за пікам пацяплення надыдзе пахаладанне, пасля – новы ледніковы перыяд. Проста цыкл задужа доўгі, каб чалавечая гісторыя магла зафіксаваць. Афіцыйнай навуковай тэорыяй гэта зрабілася, як мы ведаем, амаль на чвэрць стагоддзя пазней.

Такая рознабаковасць Куляшова, мабыць, ёсць прычынай і надзвычайнай разнастайнасці тэм ягонай паэзіі, і сваеасаблівага дару прадбачання. Узгадаем, што «Хлопцы апошняй вайны» напісаныя перад вайной, а першы верш на тэму касмічных падарожжаў – у 1947 годзе, за 10 гадоў нават да першага Спадарожніка. А чаму «не жывуць на Марсе марсіяне», мы не ведаем і дагэтуль.

1 яшчэ ён вельмі захапляўся шахматамі. Гуляў ён вельмі добра, казалі, што на ўзроўні майстра спорту. Аднойчы кандыдат у майстры спорту сярод юніёраў, якому не ўдалося выйграць у Куляшова ні разу, казаў, што з Куляшовым гуляць цяжка, бо ён «гуляе не па кніжцы, ягоныя камбінацыі цяжка прадбачыць».

Значна радзей ён гуляў у карты, прычым звычайна толькі ў прэферанс. Нават тысячу ён лічыў задужа простай, а таму і не вельмі цікавай гульнёй. «Падкідным» ён увогуле пагарджаў, лічачы яго прымітыўнай гульнёй. А пры адсутнасці роўных партнёраў для гульняў ён амаль штодзень (а бывала і па некалькі разоў на дзень) раскладаў пасьянс калодай на 36 карт.

Добрая гульня ў шахматы сведчыць, вядома, пра моцныя камбінаторныя здольнасці, што, безумоўна, вельмі важна для паэзіі.

Такім чынам, вынікам ягоных цікавых размоў было багацце тэм – ён фактычна нараджаў ідэі будучых вершаў падчас гэтых дыскусій. А складаныя гульні былі для яго практыкаваннямі на камбінаторыку.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Успаміны Уладзіміра Бярберава,
унука Аркадзя Куляшова, вядомага фалькларыста,
калекцыянера музычных інструментаў, музыкі,
лідара фальклорнага гурта «Ліцьвіны»

 

2014 ..............

– Аркадзь Куляшоў быў чалавек з надзвычай разнастайнымі інтарэсамі. Вось чаму ягоная паэзія такая разнастайная па тэматыцы, вось чаму ў вершах згадваюцца касмічныя палёты яшчэ за некалькі гадоў да запуску першага штучнага спадарожніка, не тое што да першага палёту чалавека ў космас.

Паэт быў вельмі замкнёны: пазбягаў трыбун, не любіў, калі што-небудзь адрывала ад творчасці. Апроч аднаго: ён быў вельмі рады, калі ў доме з’яўляліся разумныя людзі, з якімі ён мог весці доўгія размовы і пра космас, і пра кліматалогію, якая ў той час яшчэ нават не мела такой назвы.

Уяўляеце, я сам чуў ад свайго дзеда тэорыю пра тое, што мы жывём у канцы ледавіковага перыяду. Калі ў сярэдзіне 1960-х адзін за адным ішлі вельмі засушлівыя і спякотныя гады, ён казаў, што ўсё гэта частка аднаго вельмі доўгага цыкла. Будзе паступова цяплець, дойдзе да нейкага піку, а потым зноў пачнецца пахаладанне. Проста цыкл настолькі доўгі, што людзі не могуць яго заўважыць. Менавіта пра гэта толькі 10–15 гадоў таму сталі казаць навукоўцы.

А яшчэ Аркадзя Куляшова ад творчасці маглі адарваць шахматы. Ён быў выдатным шахматыстам, з ім неяк згуляў нават кандыдат у майстры спорту сярод юніёраў. Вынік быў такі: хлопцу не ўдалося ні разу выйграць у Куляшова з-за непрадказальнасці хадоў паэта.

Ён гуляў і ў карты, але ўжо радзей, прызнаваў толькі прэферанс. Усе астатнія гульні, нават «тысяча», яму падаваліся нецікавымі, бо ў іх гуляць вельмі проста.

Працэс напісання твораў таксама ў яго быў свой, адметны. Дзядуля спачатку клаўся на канапу і доўга глядзеў у столь. Усе хатнія ведалі: нешта складае, можа, нават паэму. Пасля падымаўся, сядаў за стол і, па сутнасці, з хуткасцю сакратаркі пачынаў друкаваць твор на машынцы: у галаве ўсё ўжо было складзена. І гэты вялікі фрагмент трэба было толькі занатаваць. Дарэчы, у апошнія гады жыцця пісаць Куляшову дапамагала котка. Калі ён прадумваў творы на канапе, яна клалася на жывот ці грудзі, а калі сядаў да машынкі, котка сядала побач і зацікаўлена глядзела, як працуе машынка, нібыта магла нешта зразумець.

Дзядуля быў надзвычай далікатным чалавекам. Для яго было недапушчальна каго-небудзь пакрыўдзіць. Не толькі чалавека, ён і ў чатырохногіх нашых сябрах таксама паважаў асобу, нават абразіць звера лічыў недапушчальным.

Паводле матэрыялаў газеты «Літаратура і мастацтва», 28.02.14

 

bottom of page