top of page

СЯМ'Я

З РАДАВОДУ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

 

1996 .............................

Валянціна Аркадзеўна Куляшова нарадзілася 27 студзеня 1936 г. у сям’і Аркадзя Куляшова і Ксеніі Вечар у Мінску. Закончыла славянскае аддзяленне філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава (1958) і аспірантуру Сафійскага ўніверсітэта (1966). Член Саюза журналістаў (1973) і Саюза пісьменнікаў (1989).

Літаратурную дзейнасць пачала ў 1961 г. Стаяла на пачатку новага этапу адраджэння беларуска-балгарскіх сувязяў у 1950–1960-я гг.

Перакладала мастацкую літаратуру з балгарскай і польскай моваў на рускую і беларускую. Сярод найбольш значных перакладаў – раман Паўла Вежынава «Весы». Падрыхтавала да выдання анталогію «Белоруски разкази» (Сафія, 1968).

Даследуе і прапагандуе творчасць Аркадзя Куляшова. Аўтар кнігі пра бацьку «Лясному рэху праўду раскажу...» (1989), укладальніца двухтомнага Збору твораў А. Куляшова (1989), зборніка вершаў і паэм А. Куляшова «Маналог» (1989), фотаальбома «Аркадзь Куляшоў» (1985); аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «Край крынічны» (1972), аўтар шматлікіх публікацый і тэлеперадач па беларускай літаратуры.

Пасведчаннем аб нараджэнні Паэта Аркадзя Куляшова была публікацыя яго верша «Ты мой брат» у газеце «Клімавіцкі працаўнік» у 1926 г. (аўтар вучыўся ў шостым класе).

У вершы «Маё пасведчанне» (1951) ён пісаў:

 

Дадзена яно сабе самому

У тым, што нарадзіўся ў год вайны.

Нянек не было ў мяне, вядома,

Песень не спявалі мне яны.

Думала вайна, як кананадай

Лепей ёй мяне закалыхаць...

 

У асэнсаванні свайго жыцця – а ўласнае ён разглядаў як прыклад лёсу чалавека свайго пакалення – бацька надаваў містычнае, я б сказала, значэнне году нараджэння. Нездарма ж ён, чалавек, які нічога не назапасіў за жыццё, заўсёды насіў пры сабе царскую манету са срэбра з датай выпуску – 1914. Як той вязень, што носіць на сабе лагернае кляймо.

Куляшоў усведамляў (доказ таму – паэма «Крыўда», 1930), што год пачатку першай сусветнай па сутнасці выкліканых ёю зрухаў у псіхіцы і жыцці чалавецтва стаў сапраўдным годам пачатку жалезна-атамнага XX стагоддзя.

Ваенныя і рэвалюцыйныя катаклізмы рана – пры жывых бацьках! – пазбавілі будучага паэта нармальнага чалавечага прытулку – сям’і. Трынаццацігадовы падлетак цяжка ўспрыняў сваю самотнасць:

...З клямкаю вітаюся,

Зняў з дзвярэй замок.

Як п’яны, сланяюся

Я з кутка ў куток.

Крок траіцца пошчакам.

Змрок... Нібы з нябожчыкам

Тут стаіць труна,

А па шкле акна

Льюцца слёзы матчыны,

Шыбіны звіняць

Аб тых днях, што страчаны

I ў труне ляжаць...

Далёка да акіяна. 1971.

Куляшоў уваходзіў у паэзію прадстаўніком пакалення беспрытульных, для якіх памяць была цяжарам, часам небяспечным.

Бацькі майго мужа, Валерыя Піліпавіча Бязручкіна, таілі ад дзяцей сваё паходжанне, а маю маці ахопліваў жах, калі аб гэтым заходзіла гаворка. У канцы васьмідзесятых ад Леаніда Цімафеевіча Буеўскага (і яго жонкі Марыі Маісееўны), дзядзькі па маці Зінаіды Уладзіміраўны Юшко Бязручкінай, я даведалася, што Уладзімір Юшко, яе бацька, быў святаром у Цімкавічах і Глуску. Жонка яго, Алена Цімафееўна Буеўская-Юшко, памерла трыццацішасцігадовай (на яе магілу, што засталася пасля разбурэння царквы пасярод плошчы ў Лешні, Валеры штогод тайком ад мяне вазіў сваю маці і кожны раз баяўся, што магілу зруйнавалі), а дзяцей разабралі сваякі, бо бацька збег ад рэпрэсій у Кіеў. Я бачыла ў Глуску царкву, у якой ён служыў. Яе перабудавалі. Там цяпер рэстаран.

Брат Леаніда Цімафеевіча, Аляксей Цімафеевіч Буеўскі, дзядзька Зінаіды Уладзіміраўны, быў у Мінску, здаецца, архіепіскапам і памёр на Калыме, калі верыць успамінам рускага пісьменніка Варлама Шаламава. Мой свёкар, Піліп Іванавіч Бязручкін, па маці, магілёўскай дваранцы, Шэлестаў, дванаццацігадовым збег з дому, калі сям’ю раскулачвалі, і схаваўся за па-сялянску невыразным прозвішчам бацькі. Піліп Іванавіч быў кіраўніком будаўнічага трэста, які пасля вайны адбудоўваў Мінск.

Ці варта тлумачыць, чаму нашым бацькам трэба было таіцца, і мы, іх дзеці, гадаваліся манкуртамі?

Мы, дзеці Аркадзя Куляшова, – Уладзімір, Аляксандр і я – таксама не чулі ў сям’і размоў пра паходжанне і продкаў. Пра ўсё гэта, ужо дарослай, я заводзіла гутаркі з дзедам, Аляксандрам Мікалаевічам Куляшовым, яго роднай сястрой Соф’яй Мікалаеўнай Філіпавай-Паспелавай (у дзявоцтве Куляшовай), яе стрыечнай сястрой бацькі Верай Аляксандраўнай Ратабыльскай і яго роднай сястрой Надзеяй Аляксандраўнай Куляшовай.

Гэтыя размовы, на жаль, ніколі не былі прадметна-дакладнымі. Часцей за ўсё яны ўзнікалі спантанна, у сувязі з нейкім здарэннем бягучага моманту. Таму і мае згадкі пра іх напісалі фрагментарна, эмацыянальна і, магчыма, недакладна па часе.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page