top of page

ТВОРЧАСЦЬ

КУЛЯШОЎСКІЯ ЧЫТАННІ

7 лютага

6-7 лютага

18-19 красавіка

28-29 красавіка

11-12 снежня

26-27 красавіка

24 красавіка

24 красавіка

29-30 красавіка

2007 ..........................

А.М. Ненадавец

ВОБРАЗНАЯ СІСТЭМА РАННЯЙ

ТВОРЧАСЦІ А. КУЛЯШОВА

Гаварыць пра тое, што паэт вырас на чыста літаратурнай глебе – не выпадае, бо ў першых зборніках выразна прасочваецца вуснапаэтычная плынь. Яна прыглушана, бясспрэчна, маладнякоўскай крыклівасцю, спробамі штучнага сімвалізму, але гэта толькі на першы погляд. Глыбіннае пачуццё зусім іншае. Яно ўжо тады ўражвала сваёй маштабнасцю, шырынёю, імкненнем зазірнуць за флёр таямнічасці. А хіба нас не здзіўляюць паэтычным хараством (яшчэ недасканала адшліфаваным майстэрствам, але сапраўднай шчырасцю, адкрытасцю), самабытнасцю малюнкі роднай прыроды і вясковага побыту, на фоне якіх разгортваецца нейкі канкрэтны сюжэт? Гэтыя карціны заўсёды надзвычай сціслыя (ці наадварот, вельмі аб’ёмныя з-за няўмення іх лакалізаваць), часцей за ўсё гэта яшчэ і не карціны, а толькі паасобныя штрыхі і дэталі на дзіва вывераныя і дакладныя, ёмістыя і нацыянальна каларытныя, тыпова беларускія: «Гармонік новы, басовы рып, // Ліпнёвы вечар у цвеце ліп» [1, с.21]; «Заплялася песня, заплялася ў ніцях – // Абнімаў рукамі малады прастор...»; «Горкі асыпаецца палын, // Дзень бяжыць з палёў пужлівым лосем»; «Пульхны снег закаціўся ў сумёт, // Звонкім смехам, агнём заіскрыўся».

Чытаеш такое – і нібыта сам зноў і зноў апынаешся ў родных мясцінах, нават не задумваешся над тым, што А. Куляшоў пісаў пра сваю Касцюкоўшчыну, бо нагэтулькі блізкімі эпітэтамі і параўнаннямі патыхае ад гэтай лірыкі. Паэт ужо тады імкнуўся да нейкага своеасаблівага сінкрэтызму, спрабуючы «прышчапіць» да вуснапаэтычнай плыні разважанняў сацыялістычныя змены-пераўтварэнні. Зразумела, гэтага патрабавала само жыццё, сацыяльныя зрухі, усё тыя ж маладыя парыванні творчай душы: «Хай новыя людзі назаўтра пабачаць, // Як сэрцы імкнуліся край будаваць, // Пабачаць і ў песнях прачулых адзначаць // Адважных байцоў незлічоную раць».

Безумоўна, А. Куляшоў, хутчэй за ўсё інтуітыўна, адчуў, што ў традыцыйнай народнай лірыцы амаль кожны прадмет, рэч, з’ява характарызуюцца (ён за імі замацаваны) пэўным эпітэтам. У гэтым выяўлялася праяўленне адной з самых важных асаблівасцей народнай эстэтыкі – імкненне да канкрэтызацыі пачуццёвага ўспрыняцця, да пэўнасці і дакладнасці вызначэнняў. Не выключана яшчэ і тое, што на першапачатковым этапе творчасці паэт не мог адразу адарвацца ад народнапесеннай плыні, настолькі яна была глыбінная і трывалая. I зараз мы можам упэўнена адзначыць, што гэта быў далёка не горшы шлях творчага ўзбагачэння. Таленавіты творца, бясспрэчна, адчуваў усю сілу трапнага народнага слова, якое было і простым, і, разам з тым, непаўторным або шматзначным. Здавалася, што такое слова не проста ажывала, але яно яшчэ і іграла своеасаблівымі адценнямі-фарбамі: «Аксаміт іскрысты, жоўтыя сосны, світальная зорка, каснікі барвовыя, суровы позірк, палынны жаль, хвілінны боль, ціхія, далёкія прасторы, хвалі жытнёвыя, золкае, туманнае світанне» (прыклады ўзяты ўсяго з адной старонкі, з аднаго шырокавядомага верша «Бывай...»). Гэта ўдала пацвярджае нашыя словы адносна таго, што А. Куляшоў умела ўжываў эпітэт пры стварэнні нацыянальнага каларыту, пры выяўленні і раскрыцці нейкіх народных асаблівасцей, нават псіхалагічных перажыванняў.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст


 

Я.І. Клімуць

ЗАМАЦАВАНАСЦЬ ТРАДЫЦЫЙ: ПАЭЗІЯ АРКАДЗЯ

КУЛЯШОВА I АЛЕСЯ ПІСЬМЯНКОВА

2007 .......

Алесь Пісьмянкоў стаў сапраўдным пераемнікам і прадаўжальнікам іскрыста вобразнай і філасафічнай паэзіі Аркадзя Куляшова па многіх параметрах: і таму, што ён з таго ж прыгожага краю Прыбесяддзя, і таму, што ў яго вершах спрадвечная дума пра кругабегі жыцця; урэшце ён быў лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова.

Згадваючы прыроду таленту А. Куляшова ў эсэ «Думаць вершы», А. Пісьмянкоў зазначыў: «Уздзеянне прыроды на чалавека, на яго лёс, на фарміраванне яго асобы наогул цяжка пераацаніць – гэта аксіёма. А калі чалавек яшчэ і паэт...». У гэтым выказванні ўжо і самахарактарыстыка. Але сутнасць у тым, што, можа, гэтыя краявіды ўспрымаліся будучым паэтам і праз ужо метафарычнае выяўленне вядомай з дзяцінства ракі: «Кажуць, што рэкі птушкамі створаны, ? // Такімі малымі на першы пагляд, ? // Капалі і ў дзюбах адносілі ў бор яны // Мяшэчкі з зямлёй // І ляцелі назад». Ці не гэтая легенда і вызначыла першыя паэтычныя спробы А. Пісьмянкова. Бесядзь для А. Куляшова – гэта ўвасабленне малой і вялікай Радзімы. Можам прачытаць у яго: «Стаю і з пачуццём неўтаймаваным, // Гляджу на след блакітны за кармой, // Як быццам я плыву не акіянам, // А Бесяддзю – жаданаю ракой». У вершы, прысвечаным знакамітаму земляку, А. Пісьмянкоў не проста пералічвае назвы вёсак, што самі па сабе гучаць паэтычна. Ён падкрэслівае, што ўсё гэта ў поўнай меры ўспрымаецца як працяг куляшоўскага жыцця: «...Рэчка шэпчацца з аерам, // Дзень яшчэ не ўзышоў... // Мы на той паедзем бераг, // Дзе рыбачыў Куляшоў. Сутнасць выяўлення сваіх родных рэалій у пэўным філасофскім сэнсе ў паэзіі А. Куляшовым і А. Пісьмянковым заключаецца ў іх вельмі чулым успрыняцці ўсіх згрызотаў звычайнага чалавека. Можа часам здацца парадаксальным несупадзенне палітычных поглядаў і паэтычнага ўвасаблення жыцця, але застаецца бясспрэчным, што А. Куляшоў у сваёй камуністычнай паслядоўнасці ўвесь час хацеў давесці, што толькі ў разумных падыходах да жыцця можна здзейсніць запаветную мару чалавецтва – шчаслівы і роўны свет усіх людзей. Утапічнасць такой ідэі відавочная, але як выхаваны ў той сістэме, ён верыў у магчымасць такога здзяйснення. I ўжо зусім інакш гучыць гэтая ідэя ў выказваннях яго паслядоўнікаў, якія таксама рэагуюць на ўсё, што творыцца вакол. Спрадвечная вера ў магчымасць шчаслівага жыцця і на гэтай Зямлі, прытым у вызначанай канкрэтнай мясцовасці, характэрна ўсім. Але ёсць і іншае: імкненне бачыць гэта жыццё такім, якім яно ёсць, але і істотна яго змяніць у адпаведнасці са сваімі перакананнямі. Вядома, тут і блізка няма нейкага намёку на экстрэмальныя дзеянні, проста паэт падае свой модуль жыцця, сваё бачанне яго разгортвання. Але наўрад ці мог так напісаць пра камуніста А. Куляшоў, як гэта зрабіў А. Пісьмянкоў. Некалі звонкія словы А. Куляшова «Камуністы – гэта слова як са сталі» амаль заварожвалі кожнага. Ды прайшоў час і камуністам прыйшлося адказваць за многія дзеянні, калі не юрыдычна, то па крайняй меры маральна, а пазней і проста асэнсаванне тых спраў грамадствам ужо без непасрэдных іх удзельнікаў дае падставы меркаваць пра кардынальныя змены ў свядомасці. Ці не пра гэта верш А. Пісьмянкова «Царква»: «Яна маўчала без званоў. // Казалі, звон зняў Іваноў. // Я добра помню Іванова. // Згасаў, як свечка ён, і сох. // Я чуў: «Яго карае Бог»...

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page