top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ТЭМАТЫКА ТВОРАЎ. РЭЦЭНЗІІ

"Працаваць за пісьменніцкім сталом нават з амаль бязважкім алоўкам у руцэ – рэч далёка не лёгкая. Толькі калі ты прапусціш праз уласнае сэрца тое, пра што пішаш, калі будзеш звязаны з тымі, для каго творыш, аднымі клопатамі, думкамі і пачуццямі – толькі тады твая літаратурная праца даставіць табе шчасце быць патрэбным людзям".

Аркадзь Куляшоў

Алесь Лапата-Загорскі

НЕПАЧУТАЕ ПАПЯРЭДЖАННЕ

2023 ..............................

У літаратуры ёсць тэксты, сапраўдная глыбіня якіх раскрываецца праз дзесяцігоддзі пасля напісання. Адной з прычын падобнай з’явы выступае той факт, што «мяжа чаканняў» аўдыторыі – паказчык досыць кансерватыўны, ён па вызначэнні не будзе павышацца з хуткасцю, з якой здольны ўзрастаць геніяльна адораны і нястомны ў пошуках літаратар.

 

Аркадзь Куляшоў усёй творчасцю засведчыў прагу ўзыходжання да новых і новых вышынь, паэт па натуры не быў схільны да эксплуатацыі адных і тых літаратурных прыёмаў. Ён абапіраўся на аднойчы адшуканае – але і нязменна паглыбляў, відазмяняў знаходкі.

Вось чаму варта зноў і зноў перачытваць аднаго з геніяў беларускай літаратуры, засяроджваючыся найперш на творах, што былі ў свой час дастаткова неадназначна ўспрыняты сучаснікамі паэта. У дадзеным сэнсе асаблівай увагі заслугоўвае паэма «Цунамі».

Яшчэ ў 1971 годзе У. Гніламёдаў, аналізуючы тэкст, папярэджваў, што за асабістымі лёсамі герояў А. Куляшоў тут прыхаваў нешта больш маштабнае, гаворка, магчыма, пра гістарычную заканамернасць, гатовую бязлітасна караць кожнага, хто спрабуе яе абысці. Думка прагучала на фоне звычных на той час канстатацый: «Цунамі», маўляў, найперш пра каханне, пра вечную гісторыю «ён і яна»...

Пра лірычнасць задумы дружна тады пісалі даследчыкі, а Куляшоў настойліва правіў тэкст, аўтар відавочна спрабаваў узмацніць, падкрэсліць аспекты гучання, якія ўпарта заставаліся па-за ўвагай рэцэнзентаў. Адпаведна аналіз напрамкаў, па якіх вялася карэкціроўка, – падказка, здольная пацвердзіць (альбо абвергнуць) любую з выказаных сёння гіпотэз пра прыхаваную сутнасць задумы твора.

Бо, безумоўна, «Цунамі» – паэма шматузроўневая, яна запрашае да роздуму пра дарэмнасць спроб схавацца ад неспакою сучаснага свету, ёсць у творы антываенныя матывы, развагі пра мастацтва, ролю сродкаў масавай інфармацыі ў сучасным свеце... I ўсе пласты накладзены на расповед пра падарожжа дваіх закаханых, на гісторыю фатальна разарваных атамным выбухам узаемаадносін Яго і Яе, мужчыны і жанчыны.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

А.М. Макарэвіч

СЭНСАЎТВАРАЛЬНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ

МАТЫВАЎ ПАЭМЫ АРКАДЗЯ

КУЛЯШОВА «ЦУНАМІ»

2018 .......................

Характарызуюцца сэнсаўтваральныя аспекты наступных матываў паэмы А. Куляшова «Цунамі»: зыходу (уцёкаў), вандравання, пазбаўлення, выгнання, вяртання, страты. Дадзены твор разглядаецца як філасофская палемічная паэма-уяўленне, паказальная асаблівасць мастацкага свету якой – рамантычная ўмоўнасць. Постаці Яго і Яе ў кантэксце матываў твора праецыруюцца на змадэляваныя ва ўяўленні героя вобразы уцекачоў «з кантынента люднага парога».

 

Паэма Аркадзя Куляшова «Цунамі» (1968), паводле вызначэння Варлена Бечыка – твор, які «пры кожным новым чытанні адорвае новымі адкрыццямі» [1, с. 230].

У дадзеных матэрыялах звернемся да вызначэння і характарыстыкі сэнсаўтваральных аспектаў гэтай паэмы.

Тут прадстаўлены наступныя матывы: 1) зыходу (уцёкаў), 2) вандравання, 3) пазбаўлення, 4) выгнання, 5) вяртання, 6) страты.

Матыў зыходу (уцёкаў) акрэслены ў першай страфе паэмы. Яго сутнасць у тым, што героі твора – Ён і Яна – «па прыхамаці сэрцаў закаханых» «адплываюць» з «люднага парога кантынента» і накіроўваюцца ў акіян, «нязнаны край», пакідаючы «былое» з іх жыцця «за бартом».

Матыў вандравання звязаны з адносна шчаслівым падарожжам Яго і Яе па акіянскай прасторы на іх «незалежнай [ад прысутнасці іншых людзей. – А.М.] лодцы» (сустрэўшы вандроўніка, карабель, яны адплываюць сваім шляхам далей).

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

А.М. Ненадавец

ГЛАБАЛЬНАСЦЬ ДАБРА I ЗЛА

(адвечны матыў народнай міфалогіі

i паэмы А. Куляшова «Цунамі»)

2018 ..........................

У артыкуле прадстаўлены аналіз філасофскага зместу паэмы Аркадзя Куляшова «Цунамі» ў кантэксце эвалюцыі міфалагічнай бінарнай апазіцыі дабра і зла ў народна-паэтычнай культуры і гісторы іразвіцця чалавецтва.

 

Кожны з нас задумваўся над гэтай праблемай. Амаль няма ў свеце такога чалавека, для якога б узаемаадносіны дабра і зла былі б пустым гукам. Не здзіўляе і тое, што любы пачынае задумвацца над гэтым, калі ён «выспявае» для тонкага (філасофска-сацыяльнага) асэнсавання. Для творцы – тым болей. Ён расце ў сваіх разважаннях і творах, адчувае мастакоўскую сілу, разумее, калі можа прыступіць да асэнсавання больш значных задач і праблем. Яны ж запроста могуць «утапіць» нават самага разумнага ў сваёй глабальнасці, маштабнасці, неабсяжнасці. Таму і А. Куляшоў не спяшаўся з паскарэннем у плане той самай глабальнасці і празмернай напоўненасці філасофскімі матывамі ўласнай творчасці. Адшліфоўваў майстэрства, самаўдасканальваўся ажно да таго моманту (рубяжа, знаку), калі адчуў, што цяпер яму па сілах вырашэнне і гэтай тэмы. Так з’явілася знакавая паэма «Цунамі». Пра яе не вельмі многа і, як зараз здаецца, то не надта глыбока пісалі даследчыкі. Неяк яна прамільгнула міма поглядаў крытыкаў, а дарма. Нам падаецца, што творца якраз тады і знаходзіўся ў той самай мастакоўскай сіле, калі мог смела заявіць, падаць свой голас у абарону Дабра, сусветнага Дабра, вечнай яго інстанцыі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Карпечкіна Д.А.

МОЎНАЯ РЭПРЭЗЕНТАЦЫЯ ТРАГЕДЫІ

Ў ПАЭМЕ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА «ЦУНАМІ»

2014 .................

Аркадзя Куляшова называюць цудадзеем вобразнага слова. Даследчыкі яго творчай спадчыны не раз адзначалі, што паэзія нашага земляка вельмі шматгранная: яна не толькі лірычная і пранікнёная, але і глыбока філасофская, бо скіроўвае на ўдумлівае разважанне аб сусвеце і месцы кожнага асобнага чалавека ў ім. Паэма «Цунамі» асабліва цікавая ў плане спасціжэння драматызму ўсечалавечага быцця. Куляшоў, безумоўна, не першы і не адзіны, хто звяртаўся да праблемы суіснавання чалавека і прыроды, да роздуму над наступствамі чалавечых эксперыментаў з тым наваколлем, у якім яны жывуць, людскім няўменнем разумна распарадзіцца «таемнымі дарамі зямлі». Аднак паэту ўдалося зрабіць гэта так індывідуальна-непаўторна, што мы зноў і зноў вяртаемся да асэнсавання яго ўжо не раз перачытаных твораў, кожны раз адкрываючы ў куляшоўскім радку нешта новае, чаго мы раней ці то не заўважылі, ці то проста яшчэ не «саспелі» да разумення таго, што хацеў нам давесці аўтар.

Ён і Яна, пакінуўшы былое за бартом, выпраўляюцца ў рызыкоўную вандроўку па акіяне, каб адшукаць утульны кут. Здавалася б, нічога не прадвяшчае бяды на пачатку роспаведу: Гатова самаробная пірога – // Дзіця іх мар, таемны дар зямлі. // Яны і далеч. Іншага нічога // Няма, не можа быць і не было. Але не ўсё так відавочна. Ужо на пачатку паэмы закрадваецца неспакой за лёс герояў: Услед пірозе пазіраў сурова // Лясісты бераг з-пад густых брывей. Ды і сам аўтар падкрэслівае, што пачалося не вандраванне – а выпрабаванне – быць усюды разам. Ці справяцца ён і яна, ці не будуць шкадаваць аб шумлівым людскім свеце? Галоўны ж нагнятальнік трывогі за лёс закаханых – гэты цынік: Свет пад пагрозай. Гейгера лічыльнік // Я прапаную вам узяць з сабой... Рэплікі гэтага героя ў найбольшай ступені насычаны пытальнымі інтанацыямі, яму незразумелая прага закаханых быць вольнымі, як рыба між акіянскіх хваль: Вы ў гэтым шчасце бачыце, а хіба // Дасягнутае шчасце не палон? // Няўжо не так? Няўжо вам не ахвота // Прыслухацца да ісціны старой, // Што неспакой не лечыць адзінота, // Што адзіноту лечыць неспакой? Прадчуваючы небяспеку, цынік заклікае закаханых адкінуць неразумныя намеры: Хто ў людным свеце жыў ад нараджэння, // Без страт няўхільных не пакіне свет, // Яму ад кніжак, фільмаў і газет, //Як трэсцы ад агню, няма збавення. Але скептычныя адносіны цыніка да іх намераў не перашкаджаюць Яму і Ёй рухацца да сваёй мары. Сэрцы закаханых на хвілінку сціскаюцца жалем пасля сустрэчы «на нейкай непрадбачанай вярсце» з чалавекам на плыце – «сябрам па шаленству аднаму». Ён прапануе ім «надзейны сродак, каб дапамогу выклікаць здалёк» – прыёмнік, але і гэта папярэджанне аб магчымасці небяспекі не было пачутае вандроўнікамі: Ім не трэба дапамога // Забытых імі вырабаў зямлі – // Яны, сваё пакінуўшы стагоддзе, // Па добрай волі і сумеснай згодзе, // Да часу першабытнага плылі. А лёс ужо падрыхтаваў для закаханых новае выпрабаванне – «лодка-недарэка» трапляе ў шторм, які, аднак, падаўся вандроўнікам «родным сховам» у параўнанні з іншай бурай, выкліканай атамным выбухам. Адчуванне непазбежнай трагедыі «змацняецца: гэтая бура «махае чорным нябачным сцягам», і «навекі вокамгненне стала катам для шхун рыбацкіх, рыбакоў і рыб». Узгадаем, што выпраўляючыся ў падарожжа на самаробнай пірозе, Ён і Яна хацелі стаць вольнымі, як рыбы, а шторм, адгрымеўшы, выкінуў на бераг, як дзве пірогі, тушы дзвюх акул (таксама акіянскіх насельнікаў), якія сталі першымі ахвярамі атамнага выбуху. Аказалася, што нават рыбы не такія і вольныя, калі ў іх жыццё ўмяшаецца чалавек.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2014 .................

Драздова З.У.

«ВЫПРАБАВАННЕ БЫЦЬ УСЮДЫ РАЗАМ...»:

ФІЛАСОФІЯ ЧАЛАВЕЧЫХ АДНОСІН

У ПАЭМЕ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА «ЦУНАМІ»

Можна згадзіцца з меркаваннем даследчыцы К.А. Ермаковіч аб тым, што «паэма «Цунамі» Аркадзя Куляшова яшчэ як след не прачытана, не асэнсавана поўнасцю. Многія вобразы па-ранейшаму патрабуюць «расшыфроўкі» і разумення кожным чытачом». Па-рознаму вызначаюць вучоныя цэнтральную праблему паэмы. М. Арочка, напрыклад, піша, што ў «Цунамі» пераважае «нацэленасць на філасофскае асэнсаванне галоўнай праблемы веку: лёс зямлі, чалавецтва і асабістая адказнасць за іх», канстатуе, што паэма «відушча прадвяшчала рэальную мажлівасць ядзернай трагедыі». Своеасаблівай філасофскай прытчай нашага часу, у якой аўтар ставіць, можна сказаць, эксперымент над чалавекам, называе паэму «Цунамі» У. Гніламёдаў, акрэсліваючы ў якасці яе галоўнай праблемы праблему «сацыяльных шляхоў чалавецтва, грамадскай адказнасці асобы».

У. Калеснік асноўнай тэмай дадзенага куляшоўскага твора выдзяляе тэму «трывожна-цяжкой місіі сучаснага чалавека», прыводзячы наступнае «куляшоўскае афарыстычнае выслоўе» з паэмы «Цунамі»:

Няма шляхоў да самазахавання,

Няма дарог да светазабыцця

У час ліхі ўзаемапалявання

Сіл супрацьлеглых смерці і жыцця».

Як кожны таленавіты твор, паэма А. Куляшова «Цунамі» – твор шматтэмны. Адной з важнейшых яго тэм з’яўляецца загадка чалавечых узаемаадмаадносін у выключных абставінах, калі ім даводзіцца «быць усюды разам». У паэме расказваецца пра ўзаемаадносіны закаханых, якія адважыліся пакінуць «шумлівы свет людскі», забыць пра час і на самаробнай пірозе кінуцца ў вандроўку па акіяне. Героі паэмы – ён і яна – людзі, якія ўпэўнены, што іх любоўная лодка не разаб’ецца ў выпрабаванні адзінотай, небяспекамі. Яны аб’явілі выклік часу, цывілізаванаму грамадству, добра разумеючы, што іх вандраванне з’яўляецца праверкай «кахання, волі і адвагі іх».

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2011 ............................

Ермаковіч К.А.

ФІЛАСОФІЯ ШЧАСЦЯ

Ў КАНТЭКСЦЕ ТРАГЕДЫІ ЧАСУ

(па старонках паэмы «Цунамі»

Аркадзя Куляшова)

Хай сэрца стане, сонца ў хмарах згіне,

А ты, Зямля, няспынным крокам кроч,

Не дай на той мне ўпасці палавіне,

Дзе дня не будзе, будзе толькі ноч.

А. Куляшоў

 

Узаемаадносіны чалавека і прыроды, пытанні экалогіі, асэнсаванне чарнобыльскай трагедыі і яе наступстваў – тэмы, якія набываюць усё больш трагічнае гучанне і выклікаюць заклапочанасць не толькі з боку афіцыйных структур, але і займаюць адно з галоўных месцаў у сучаснай беларускай літаратуры. Кожнае пакаленне спрабуе патлумачыць прычыны экалагічных катастроф і нават іх наступствы ў кантэксце свайго часу. I проза, і паэзія дня сённяшняга налічвае дзясяткі твораў акрэсленай праблематыкі. Але разам з тым аснова, відавочна, была закладзена класікамі нацыянальнай літаратуры XX ст. Варта адзначыць, што беларуская класіка мае пэўную адметнасць. Гэта асабліва заўважна, калі чытаеш творы Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Якуба Коласа, Янкі Купалы... Падсвядома, інтуітыўна ці наадварот мэтанакіравана паказвалі яны прыроду не толькі як фон, на якім адбываюцца дзеянні, але і засяроджвалі ўвагу на ўзаемастасункі чалавека і навакольнага асяроддзя. Да адных з першых, хто паспрабаваў «убачыць» будучыню чалавецтва, не заўсёды станоўчыя вынікі прагрэсіўнай дзейнасці цывілізацыі, адносіцца Аркадзь Куляшоў. Паэмай «Цунамі» пісьменнік нібы папярэджвае сваіх сучаснікаў і нашчадкаў аб магчымых наступствах. У беларускай літаратуры пейзаж не проста пейзаж, ён, як правіла, псіхалагізаваны. Так, аўтар паэмы «Цунамі», каб раскрыць характары сваіх герояў, праводзіць наступную паралель: бесклапотнае каханне, узаемапаразуменне – сонечны дзень; страх, боязь, радыяцыя – шторм.

Паняцці «каштоўнасць», «шчасце» не маюць агульнапрынятага, адзінага для ўсіх вызначэння, кожны чалавек укладае ў іх свой сэнс. Так, для герояў паэмы «Цунамі» адным са складаемых шчасця з’яўляецца каханне, на першы погляд, такое бесклапотнае і радаснае. Двое маладых людзей адпраўляюцца ў плаванне на самаробнай пірозе, каб, нарэшце, здзейсніць сваю мару – адплыць «ад кантынента люднага парога». Аднак адразу паўстае пытанне: «Гэтыя людзі едуць у так званае падарожжа, каб усяго толькі адпачыць, пабыць з каханым чалавекам ці яны стараюцца ўцячы?» Думаецца, каб збегчы, бо, нарэшце, «Іх лодкі незалежнай // Цяпер ніхто не будзе ўладаром. // Наперадзе – далечыні бязмежнай // Нязнаны край. // Былое – за бартом». Дык ад якога ж уладара патрэбна хавацца? Хутчэй за ўсё, ад сабе падобных. Аднак паехаць можна куды заўгодна, трэба толькі зразумець, чым заняцца на новым месцы, для чаго патрэбна гэтае вандраванне-выпрабаванне, каб потым не атрымалася так, што, дасягнуўшы шчасця, вы трапілі ў «палон».

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2002 ..............................

Тарасава Т.М.

РАЗВАЖАННІ НАД ПАЭМАЙ

А. КУЛЯШОВА «ЦУНАМІ»

«Цунамі» (1968 г.) – умоўна-абстрактная паэма з узбуйненым філасофскім пачаткам, у якой Аркадзь Куляшоў спрабуе асэнсаваць стан грамадства 70-х гг. і накрэсліць перспектывы будучыні чалавецтва ў век тэрмаядзерных эксперыментаў. Паэма «Цунамі» – своеасаблівае прарочае прадбачанне і Чарнобыля з яго наступствамі, і нават нью-йорскай катастрофы. Час паказаў, што канфлікты падобных маштабаў перастаюць быць лакальнымі, яны тычацца як асобнага чалавека, так і ўсяго чалавецтва.

Будучыня грамадства ў паэме «Цунамі» спраектавана на лёсе двух кахаючых, якія спрабуюць адасобіцца ад людзей, ад набыткаў цывілізацыі і яе шкодных уплываў, згубіцца ў часе і прасторы.

Юнацкі максімалізм закаханых вымагае хлопца і дзяўчыну «пакінуць за бартом былое», «шумлівы свет людскі», «не лічыцца з часам», цалкам забыцца на дасягненні цывілізацыі, каб «прайсці самім адлегласць ад таемных» пячорных знакаў да лемантара».

Чым кіруюцца маладыя ў сваіх памкненнях? Адказ А. Куляшоў дае такі:

Як добра ім адным!...

Які спакой!

Такім чынам, як сцвярджае паэт, у сучасным свеце надзвычай востра паўстала пытанне: як ураўнаважыць нястрымны рух цывілізацыі, ціск інфармацыйнага прэсінгу і патрэбу чалавека часам засяродзіцца ў сабе, пабыць сам-насам, самаадасобіцца. Невырашальнасць гэтай праблемы ў мітуслівым грамадстве надзвычай востра адчулі Ён і Яна Аркадзя Куляшова. Менавіта гэта гоніць герояў далей ад зямных клопатаў, турбот, ад «кніжак, фільмаў і газет». У паўтораных некалькі разоў радках «Які спакой!» адчуваецца радасць вызвалення з палону цывілізацыі, засяроджанасці на ўласных думках, пачуццях, неабходнасць еднасці з прыродай.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1978 ..........................................

Рыгор Бярозкін

ЧАЛАВЕК У СВЕЦЕ

З давён-даўна, з дагістарычных яшчэ часоў падання і міфа, чалавека невыказна хвалявалі і вабілі марскія прасторы, думка аб моры, сам факт яго прыналежнасці да той «раўнавагі дзікіх сіл», што, паводле вядомых слоў Баратынскага, спарадзіла наш адзіны, наш непаўторны свет і чалавека ў свеце.

Мора разам з сонцам і зорамі стваралі ўсеабдымны касмагенічны фон, які прымушаў рассыпаных па асобных ікутках і гнёздах старажытных зямлян спачатку нясмела, а далей усё больш і больш здагадвацца аб адзінстве і цэльнасці чалавечага роду.

I не дзіва, што складзеныя Гамерам больш як дваццаць пяць стагоддзяў таму назад гекзаметры пра «хітрамудрага» Адысея, што збівае плыт, каб плысці з палону дамоў, на камяністую сваю Ітаку, да жонкі і сына, – незабыўна яркая старонка сусветнай паэзіі. Такая тут шчодрая і густая пластыка апісанняў і так яна хораша «ачалавечана» імкненнем героя ахапіць рукамі і розумам стыхію прыроды і практычна, працаю авалодаць гэтай стыхіяй!

Не магу сказаць, помніў альбо не помніў Аркадзь Куляшоў пра гэта Адысеева плаванне (замацаваны літаратурай момант пазнання абавязкова, і часамі неўсвядомлена, перадаецца наступніку), але напісаная ў 1968 годзе паэма «Цунамі» пачынаецца падобна: два чалавекі, ён і яна, адпраўляюцца на самаробнай пірозе пад парусамі ў далёкае і небяспечнае падарожжа...

Ідэйны змест, як і паэтычна-фармальныя асаблівасці паэмы «Цунамі», нельга ўспрыняць па-за цеснай і натуральнай сувяззю з вершамі Куляшова 1962–1963 гадоў, што склалі ядро, асяродак паэтавай «Новай кнігі» (1964). Аляксандр Твардоўскі пісаў пра «Новую кнігу»: «шырыня ідэйнага гарызонта», «цэльнасць думкі», «выразная завершанасць тэматычнага круга», «сталасць самабытнага і яркага таленту», «новы этап у паэзіі Куляшова – адна з вяршынь усёй савецкай паэзіі».

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page