top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ТЭМАТЫКА ТВОРАЎ. РЭЦЭНЗІІ

"Працаваць за пісьменніцкім сталом нават з амаль бязважкім алоўкам у руцэ – рэч далёка не лёгкая. Толькі калі ты прапусціш праз уласнае сэрца тое, пра што пішаш, калі будзеш звязаны з тымі, для каго творыш, аднымі клопатамі, думкамі і пачуццямі – толькі тады твая літаратурная праца даставіць табе шчасце быць патрэбным людзям".

Аркадзь Куляшоў

Людміла Рублеўская

«СЕМ ГРОЗНЫХ КОЛАЎ У МЛЫНЕ»:

САМЫЯ АДМЕТНЫЯ ПАЭТЫЧНЫЯ

ПАРТРЭТЫ МІНСКА

2022 ..........................

На пачатку верасня 2022 года Мінск святкуе дзень народзінаў. У гэтым годзе свята асаблівае – 955 гадоў... Зразумела, з часоў першай згадкі ў летапісу горад на берагах Нямігі і Свіслачы неаднойчы трапляў на старонкі, спісаныя мемуарыстамі, пісьменнікамі і паэтамі. А кожны паэт ствараў уласны вобразны партрэт нашага любімага горада... Давайце ўспомнім самыя адметныя з тых партрэтаў.

 

«Толькі мне не спіцца нечага...»

Як выглядаў Мінск на пачатку вайны, пад бамбёжкамі, у трывожным святле пажараў, занатаваў Аркадзь Куляшоў у паэме «Сцяг брыгады», апісаўшы ўласныя ўражанні.

 

«Чым сустрэла мяне мая вуліца,

Як я выходзіў?

Мы жылі з ёй у згодзе,

былі з ёй амаль што сябрамі,

Шырыню, даўжыню яе ўласнымі

змерыў нагамі.

Крокі ўчуўшы мае, адгукалася рэхам

знаёма,

Запрашаючы ў восьмы пад’езд

камунальнага дома...

Не кватэр аганькі

Мірна ў вокнах гараць, як калісьці,

А агню языкі

Ліжуць ліпы салодкае лісце.

І пазнаць я не мог

Роднай вуліцы, ліп і каштанаў;

Рэха тысячы ног

Аглушыла мяне нечакана,

Падхапіла мяне, маё гора,

Жаданні, трывогі

І панесла за горад

Па бітаму шклу мае ногі...

 

Называе аўтар і вуліцу, якой прысвячае гэтыя радкі:

 

«Ад імя жыхароў,

Наша вуліца Нова-Маскоўская,

Гавару, што з усімі пайшоў

У Чырвонае войска я».

 

Удакладню, што Нова-Маскоўская вуліца сёння называецца Мяснікова, яна знаходзіцца непадалёк ад вакзалу.

 

Рублеўская, Л. І. «Сем грозных колаў у млыне»:

самыя адметныя паэтычныя партрэты Мінска /

Людміла Рублеўская // Звязда. – 2022. –10 верасня. – С. 9.

Людміла Рублеўская

«РОДНЫ МІНСК Я ПАКІНУЎ, НЯМЕЦКАЙ БАМБЁЖКАЮ ГНАНЫ...»

2022 ....................

Што распавялі дзіцячыя цацкі

Паэма Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады» напісаная ў выглядзе паэтычнага дзённіка. Яе пачатак адлюстроўвае тое, што перажыў сам паэт. Дачка Валянціна ўспамінала: «24 чэрвеня Мінск перажыў жудасную бамбардзіроўку, і бацька разам са знаёмым журналістам і выкладчыкам пад бомбамі шукаў ваенкамат, каб запісацца на фронт. У Калодзішчах на армейскім пляцы толькі чырвоныя пятліцы нагадвалі пра тое, што тут была армія – усе сталічныя ваенкаматы ўжо выехалі. Убачыўшы гэта, бацька страціў прытомнасць. Гэта быў яго першы інфаркт. Сябры па няшчасці неслі яго барысаўскімі балотамі тры дні. Урэшце Куляшоў устаў на ногі, і яны дабраліся да Оршы, дзе яшчэ дзейнічаў прызыўны пункт».

У паэме прыводзяцца кранальныя падрабязнасці адыходу з Мінска.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

А.Г. Міхалевіч

ФУНКЦЫЯНАЛЬНАЯ ШМАТПЛАНАВАСЦЬ

КАНСТРУКЦЫЙЗ ПАЎТОРАМІ Ў ПАЭМЕ

АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА «СЦЯГ БРЫГАДЫ»

2015 ..................

У артыкуле ідзе гутарка пра сутнасць паўтора і спецыфіку яго выкарыстання ў паэме «Сцяг брыгады» Аркадзя Куляшова: у мове аўтара і героя (Алесь Рыбка); паўторы аднаго слова (часцей паўтораў незалежных часцін мовы), словазлучэнняў і сказаў), а таксама функцыянаванне рознага паўтора.

 

Вялікая Айчынная вайна была і застаецца для ўсіх тым перыядам, які прынёс многа пакут і гора і па-ранейшаму застаецца ўзорам неймавернай мужнасці і шматлікіх подзвігаў беларускага народа. Вялікую ролю ў выкарыстанні патрыятызму адыгрываюць творы на ваенную тэму, уключаныя сярод іншых у школьную праграму, і ў прыватнасці, творы народнага паэта Беларусі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, чыя «…індывідуальная паэтыка, самабытныя вобразныя сродкі арганічна ўвайшлі ў скарбонку айчыннай паэзіі».

У «Баладзе аб чатырох заложніках», вершах «Ліст з палону», «Над брацкай магілай» і інш. аўтар узнаўляе асобныя эпізоды суровага ваеннага жыцця, поўнага небяспекі не толькі на фронце. Асабліва знакамітым творам згаданага перыяду стала ліра-эпічная паэма «Сцяг брыгады» (1942 г.), якая «…раскрывае нам велізарны свет духоўнага жыцця беларускага народа ў гады вайны».

У паэме А. Куляшоў змог дасягнуць – злітнасці вялікай ідэі з дасканаласцю мастацкай формы, выкарыстаўшы шматлікія стылістычныя прыёмы. Сярод іх сваёй частотнасцю вылучаецца прыём паўтору, які заключаецца ў перыядычным паўтарэнні ў межах адной структуры словаформы (асабліва пашыраны варыянт), словазлучэння ці прэдыкатыўнай часткі з аднолькавым лексічным напаўненнем. Такі прыём абумоўліваецца аўтарскай задумай, творчымі задачамі і з’яўляецца адным з найбольш дзейсных сродкаў дасягнення неабходнага стылістычнага эфекту. Напрыклад, успамінаючы сваю сям’ю, Алесь Рыбка піша: «Ні гасцінца я для дзяцей // Не прынёс, як прыносіў даўней. // Я ад кожнага вока прынёс Родным дзецям па жмені слёз....». У дадзеным кантэксце за кошт паўтору словаформ прынёс, прыносіў, прынёс паэт падкрэслівае, як герой чакае гэтай сустрэчы і якая горкая, нялёгкая будзе яна.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

М.М. Караткоў

АБ АЦЭНЦЫ ПАЭМЫ А. КУЛЯШОВА

«СЦЯГ БРЫГАДЫ»

2011 .......................

Пераасэнсаванне літаратурнай спадчыны з пазіцый агульначалавечых гуманістычных ідэалаў, якое распачалося ў часы перабудовы, спрыяла істотнаму пашырэнню і паглыбленню нашага ўяўлення аб гісторыі беларускага прыгожага пісьменства. Разам з тым адмаўленне панаваўшай раней марксісцкай ідэалогіі і сцверджанне новых ідэалаў прымала часам гіпертрафіраваныя формы, што прыводзіла да парушэння прынцыпу гістарызму і пэўнай неаб’ектыўнасці ў ацэнках асобных твораў. Праявы таго, на наш погляд, маюць месца, напрыклад, у трактоўцы некаторых аспектаў зместу паэмы А. Куляшова «Сцяг брыгады» ў акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя».

Варта зазначыць, што ў цэлым паэма «Сцяг брыгады» і тут ацэньваецца гэтак жа высока, як і ў 40–80-я гг. Адзначаецца, што гэтаму твору ў літаратуры ваеннага перыяду «належыць авангарднае месца», што паэма «стала вяршынна-натхнёным помнікам суроваму часу». Слушна гаворыцца аб пэўным сімвалізме ў паказе вобразаў і падзей у творы, аб асаблівасцях яго мастацкай структуры, кампазіцыйнай будовы.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

У.Г. Агейка

ПАНАРАМА НАРОДНАЙ ТРАГЕДЫІ

Ў ПАЭМАХ «ПЕСНЯ ВАЙНЫ»Я. ПУШЧЫ

І «СЦЯГ БРЫГАДЫ» А. КУЛЯШОВА

2007 .....................

Беларуская гісторыя XX ст. пазначана рознымі катаклізмамі – рэвалюцыі, рэпрэсіі, чарнобыльская катастрофа. Але сярод іх вылучаюцца Першая і Другая сусветныя войны, якія забралі жыццё ў мільёнаў беларусаў. Смерць людзей – родных, блізкіх, землякоў – аб’яднала гэтыя дзве падзеі, надзвычай трагічныя для краіны. Айчынныя пісьменнікі і паэты ўжо ў першай палове XX ст. паказвалі, што войны разбуралі самі асновы агульначалавечых каштоўнасцей, прычым проста немагчыма, не варта высвятляць, якая з іх рабіла гэта ў большай, а якая – у меншай ступені: вайна ў любым яе праяўленні, у любы час – злачынства супраць жыхароў Зямлі. Менавіта такой пазіцыі ў асэнсаванні сусветнай гісторыі прытрымліваліся Язэп Пушча і А. Куляшоў. Творцы знаходзілі свае самабытныя шляхі, сродкі для паказу трагічных старонак у лёсе нашага народа, тым больш што падзеі 1914–1918 і 1939–1945 гг. мелі розныя ўмовы і сцэнарыі развіцця. Аднак найгалоўнейшым для паэтаў было адно – непрыманне кровапраліцця. Таму пры разглядзе гуманістычнай скіраванасці светапогляду гэтых паэтаў важную ролю, думаецца, будзе мець супастаўляльны аналіз іх спадчыны ў тым аспекце, што звязаны з паказам Першай і Другой сусветных войнаў. На нашу думку, такі аналіз можа быць праведзены на прыкладзе паэм Язэпа Пушчы «Песня вайны» (1927–1928) і А. Куляшова «Сцяг брыгады» (1942), паколькі паміж імі існуюць выразныя мастацкія аналогіі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Валянціна Куляшова

У ВОДСВЕЦЕ СЦЯГА

2004 ......................................

Его свободным языком

стихия правды говорила.

М. Дудзін

 

Лёс такога паэта, як Аркадзь Куляшоў, – гэта дыялог яго музы з часам, абумоўлены акалічнасцямі самога жыцця. Свята 60-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дае магчымасць прыгадаць адзін з лепшых твораў ваеннай паэзіі – паэму Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады».

Увесну 1980-га мне ўдалося сабраць у Маскве бацькавых сяброў-паэтаў, каб яны сказалі перад тэлекамерай свае слова пра яго. Яны параілі мне запрасіць на запіс і Максіма Танка, што жыў паверхам вышэй, але той адмовіўся.

Мы запісвалі пісьменнікаў па адным і потым вельмі здзівіліся, калі зразумелі, што Кайсын Куліеў, Міхаіл Дудзін і Расул Гамзатаў сказалі пра адно і тое ж: паэму Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады». Толькі Давід Кугульцінаў гаварыў пра асобу паэта, але гэта ўжо іншае.

«Как сейчас помню тот мартовский номер журнала «Знамя» за 1943 год, где в переводе Михаила Исаковского была напечатана поэма Аркадия Кулешова «Знамя бригады». Я лежал в то время в госпитале и читал, и перечиты­вал эту поэму. Я понял тогда, что Белоруссия обрела большого поэта. Вели­кого поэта!» Упарта цытую Кайсына Куліева таму, што з усяго, казанага тады, менавіта з яго прамовы вычляняецца кароткая і ёмістая цытата.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

М.І. Мішчанчук

А КАЛІ ЎВАЖЛІВА ЎЧЫТАЦЦА Ў ТЭКСТ?

Пра паэму Аркадзя Куляшова

«Сцяг брыгады»: спроба аб’ектыўнай ацэнкі

2004 ...................

Сярэдзіна 80-х гадоў, стаўшы часам перагляду, пераасэнсавання выпрацаваных раней каштоўнасцяў, у тым ліку мастацкіх, з аднаго боку, з другога боку нарадзіла нігілізм, скептыцызм, недавер да напісанага і створанага папярэднікамі. Многія літаратуразнаўцы і крытыкі пачалі працаваць на кан’юнктуру новую, шукаць крымінал у набытку выдатных мастакоў слова, вінаваціць іх у неабачлівасці, спрошчанасці і схематызме поглядаў на рэчаіснасць. Пачалі спісвацца ў архіў ці чытацца «наадварот» прызнаныя калісьці выдатнымі трылогія Якуба Коласа «На ростанях», раман Кузьмы Чорнага «Трэцяе пакаленне», у «непаўнацэнныя» была запісана і паэма Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады». Уся бяда падобнага падыходу, акрамя адзначанай вышэй кан’юнктурнасці намаганняў, высілкаў яго прыхільнікаў, заключаецца, на нашу думку, у тым, што аўтары рэзкіх ацэнак не ўлічвалі час напісання названых вышэй і не названых твораў. Не мог, да прыкладу, Якуб Колас паказаць Андрэя Лабановіча абыякавым да падзей першай рускай рэвалюцыі, бо так было ў Лабановічаў перыяд жыцця. Не мог і Куляшоў у сваёй напісанай «крывёю сэрца» паэме не пракрычаць лозунг пра неабходнасць помсты тым, хто прыйшоў разбураць наш край, вялікім коштам – коштам жыцця фашыстаў і нават (як гэта ні балюча нам успрымаць сёння!) іх дзяцей. Бо зноў-такі падобнае перажыванне, такі заклік – тыповая з’ява ваенных гадоў. «Смерць – за смерць! Кроў – за кроў!» – словы гэтыя вымаўлялі вусны народных мсціўцаў-партызанаў, закатаваных фадзееўскіх маладагвардзейцаў. Вымавіў іх і герой паэмы Куляшова.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1975 .......................................

Рыгор Шкраба

НАРОДНАЯ ПАЭМА

1

Улетку 1942 года Аркадзь Куляшоў расказаў аднаму свайму франтавому таварышу, што задумаў напісаць твор пра вернасць савецкіх воінаў баявому сцягу. Праца заняла каля двух месяцаў. Якой яна была напружанай, можна меркаваць па тым, што паэт па-ранейшаму актыўна выступаў у армейскай газеце з вершамі, фельетонамі, публіцыстычнымі водгукамі на падзеі франтавога жыцця.

Увосень А. Куляшоў прыехаў у Маскву з рукапісам новага твора ў палявой сумцы. Гэта і была паэма «Сцяг брыгады». Першае чытанне ў коле знаёмых пісьменнікаў зрабіла вельмі вялікае ўражанне. Сярод слухачоў быў Аляксандр Твардоўскі. Пазней ён напісаў, што тое знаёмства з паэмай «Сцяг брыгады» засталося для яго адным з самых яркіх і дарагіх успамінаў ваеннага часу. «I чым далей чытаў Куляшоў, – прыгадваў А. Твардоўскі, – тым усё часцей мы прасілі паўтарыць асобныя мясціны і парываліся зазірнуць у рукапіс сваімі вачыма, яшчэ раз пераканацца, што яны ёсць на самай справе, гэтыя простыя і поўныя вялікай навізны і сілы словы і радкі, што так бяруць за душу».

У цэнтры паэмы – паказ савецкага патрыятызму воінаў, іх вернасці ваеннай прысязе. Сюжэт разгортваецца вакол выратавання брыгаднага сцяга. Паэт дае малюнкі першых дзён вайны, расказвае пра жахлівыя разбурэнні, якія несла з сабой варожая авіяцыя, паказвае здратаваныя нямецкімі танкамі і засеяныя мінамі беларускія палі, малюе пакуты дзяцей, у якіх вайна адабрала маленства, славіць самаахвярную барацьбу савецкіх людзей з крывавым ворагам у яго тыле.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Сцяпан Гаўрусёў

ПЯСНЯР У СТАНЕ ВОІНАЎ

1970 ....................................

Адна з вяршынь не толькі творчасці Аркадзя Куляшова, але і ўсёй савецкай паэзіі – паэма «Сцяг брыгады».

Як нельга ўявіць ландшафт краіны без шыракадумнай Белавежы, так нельга ўявіць нашу літаратуру без густалістага куляшоўскага слова. Яно ўвабрала ў сябе ўсё – ад расінкі на спелым коласе да выносістай мачты, якой сняцца кругасветныя падарожжы; ад дзіцячай усмешкі да страснага пратэсту супроць усезнішчальнай тэрмаядзернай вайны... Скажыце – ці мог паэт такой шыракаструннай душы, будучы воінам – абаронцам справядлівага свету, не сказаць сваё слова так, што яно само стала подзвігам?

Сваю перадваенную кнігу Аркадзь Куляшоў недвухсэнсоўна называе «Мы жывём на граніцы», падкрэсліваючы адноснасць цішыні. У «Хлопцах апошняй вайны» – своеасаблівым пралогу да сваіх твораў ваеннага часу – паэт, апярэджваючы падзеі, дае разгорнутую карціну будучай вайны, смела зазіраючы ў тыя далі, якіх чалавецтва не ва ўсім дасягнула яшчэ і сёння (перасяленне на іншыя планеты і г. д.).

Маштабы ўсенароднага бедства пераўзышлі тыя жахі, якія малявала ўяўленне.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Иосиф Уткин

ЗНАМЯ ПОЭТА

Заметки о поэме Аркадия Кулешова

1964 ...........................

1

Пересказать прозой содержание поэмы Аркадия Кулешова нельзя. И это, может быть, первый признак ее подлинной поэтичности. Если поэма, да и всякое другое поэтическое произведение, ничего не теряет от прозаического пересказывания, значит оно, это произведение, перестав быть прозой, не стало еще поэзией и несет на себе только видимость поэтического жанра. Богатая истинно поэтическими образцами, советская поэзия знает и немало примеров полупоэтических, полупрозаических произведений, обладающих только формальными признаками поэтического жанра. Известная, хотя и кратковременная, живучесть такого рода произведений целиком объясняется популярностью их содержания, иногда и интересного, а может быть, и познавательно-полезного. Но как только современное им общество минует какой-то этап в своем развитии или завершит круг каких-то своих интересов, перейдет к новым проблемам и чувствам, произведения такого рода утрачивают свою остроту и свою популярность и умирают. Они жили отраженным светом общественных интересов, и, как только свет был перенесен на другие объекты, в другое место, они остались в тени.

Между тем произведение подлинно художественное, будь то проза, будь то поэзия, само по себе является источником духовного света. Появившись, оно, безусловно, несет на себе печать и современости, и актуальности. Но для последующих поколений, утратив, быть может, что-то в своей актуальности, оно приобретает новый интерес, не переставая быть источником этого духовного света. Сила, степень этого, так сказать, духовного фосфоресцирования произведения скорее всего определяется степенью одаренности писателя, то есть опять же степенью художественной подлинности произведения. Требовать от поэта, чтобы сила поэтического накала его произведения превышала пределы его возможностей, лимитированных дарованием, читатель не в праве. Но блюсти чистоту своего внутреннего света, света своей поэтической натуры – долг художника.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Г. Бярозкін

«СЦЯГ БРЫГАДЫ» АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

(З вопыту беларускай савецкай паэзіі)

1957 ....................

Многа год прайшло з таго часу, як у адной з зямлянак Калінінскага фронта армейскі палітработнік, франтавы паэт Аркадзь Куляшоў напісаў сваю паэму «Сцяг брыгады». Ужо даўно адгрымелі апошнія залпы вайны, і мноствам новых спраў праславілі сябе героі, якія ўзнялі над рэйхстагам сцяг нашай перамогі, а просты расказ паэта аб тым, як група савецкіх воінаў выносіла за лінію фронта сцяг загінуўшай брыгады, да гэтага часу хвалюе сэрцы людзей сваёй суровай праўдай.

Можна па-рознаму тлумачыць сакрэт доўгалецця «Сцяга брыгады», прычыны яе неаслабнага ўздзеяння на чытача, але думаецца, што найбольш поўнае тлумачэнне будзе ў прызнанні за паэмай Куляшова раду такіх вартасцей, якія аб’ядноўваюцца паняццямі народнасці і рэалізма.

Паэма Куляшова народная ў самым прамым і дакладным значэнні гэтага слова: яна паказала душу народа ў адзін з найбольш адказных і важных момантаў яго гісторыі. Паэма рэалістычная, таму што вялікі, агульнанародны змест, які пакладзен у яе аснову, паэт змог перадаць праўдзіва, у форме гранічна індывідуалізаванай, бясконца жывой, у выглядзе адзінага, канкрэтнага і сюжэтна закончанага, дзеяння. Спалучэнне гэтых дзвюх якасцей – вялікай ідэйнай значнасці і высокай культуры рэалізма, абагульненай думкі аб лёсе народа і выдатнай мастацкай карціны непасрэдна «падгледжанага» жыцця – і абумовіла ўдачу Куляшова ў «Сцягу брыгады», замацавала за гэтым творам адно з першых месц сярод твораў беларускіх пісьменнікаў аб Вялікай Айчыннай вайне.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Александр Твардовский

«ЗНАМЯ БРИГАДЫ» АРКАДИЯ КУЛЕШОВА

1946 ................

Зимой 1943 года в одной московской квартире собрался дружеский кружок писателей послушать белорусского поэта Аркадия Кулешова, прибывшего с фронта с новой поэмой в полевой сумке.

Первоначальное знакомство с этой вещью – одно из самых ярких и дорогих для меня литературных воспоминаний военного времени.

 

Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,

Родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны...

 

Это были первые строки поэмы «Знамя бригады», ныне переведенной М. Исаковским на русский язык и получившей уже широкое признание.

Покамест он не начал читать, я, как и другие товарищи, по собственному опыту знавшие трудности фронтовых условий работы, просто дивился тому, как в этих условиях человек нашел время и силы написать такую большую вещь, которая к тому же не могла даже идти в зачет его работы в газете, так как была написана на белорусском языке. Но с первых же глав поэмы, прочитанных автором, стало ясно, что он просто не мог не написать ее. Это было слово, которое не ждет особых внешних условий, чтобы явиться из сердца поэта, а даже скорее всего и естественнее может явиться тогда именно, когда трудно.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1945 .....................

Алесь Кучар

ДЗВЕ ПАЭМЫ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА.

«СЦЯГ БРЫГАДЫ»

За апошні час у нашай паэзіі паяўляюцца творы, якія разлічаны больш на густы сентыментальных, або лёгкадумных дзяўчат, чым на шырокія пласты народа, які ваяваў і змагаўся за перамогу. У гэтых творах рэчаіснасць малюецца ў ружовых колерах і за ідэал лічыцца жыццё з патэфонамі і танцпляцоўкамі, адным чынам тое, што гэтыя паэты ўкладаюць у паняцце «прыгожае жыццё».

У такіх творах спяваецца пра «хлапчынку», які на паляначцы «вытылінквае» пра каханне, даюцца ўспаміны аб любімай, што шчырай была толькі тады, калі «душой валодала цела».

Такія творы, выкананыя з эстрады пад джаз-аркестр, часамі карыстаюцца нават значным поспехам, але тым не менш, яны не могуць прэтэндаваць быць помнікамі нашай эпохі.

Жыццё поўнае трывог, барацьбы, руху наперад у дасягненні ідэалаў, выключае паняцце «прыгожасці». Можна зразумець жыццё асэнсаванае, жыццё свабоднае ад гандлярскіх і капіталістычных ланцугоў, ад спекуляцыі перакананнямі. Але сюды ніяк не падыходзіць мяшчанскае азначэнне «прыгожае жыццё». Чалавек, скажам, адчувае сябе шчаслівым, жывучы на зямлі бацькоў і дзядоў, сярод роднай прыроды, ведаючы, што дзеці яго не будуць заходзіцца ад голаду на крывавых дарогах вайны.

На шчасце, беларуская совецкая літаратура ў асобе лепшых прадстаўнікоў не ідзе па шляху гэтых дрэнных узораў.

У беларускай паэзіі заўсёды быў вельмі моцны дэмакратычны струмень. Нашы паэты, бадай заўсёды, ішлі па шляху грамадзянскай лірыкі Някрасава, Шаўчэнкі, Маякоўскага. Праўда, наследванне традыцыям грамадзянскай лірыкі таксама нельга разумець прымітыўна. Нельга думаць так, быццам аўтары вершаў аб «прыгожым жыцці» пішуць пра чалавечыя пачуцці, а нашы паэты займаюцца нуднымі соцыялагічнымі разважаннямі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page