top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ТЭМАТЫКА ТВОРАЎ. РЭЦЭНЗІІ

"Працаваць за пісьменніцкім сталом нават з амаль бязважкім алоўкам у руцэ – рэч далёка не лёгкая. Толькі калі ты прапусціш праз уласнае сэрца тое, пра што пішаш, калі будзеш звязаны з тымі, для каго творыш, аднымі клопатамі, думкамі і пачуццямі – толькі тады твая літаратурная праца даставіць табе шчасце быць патрэбным людзям".

Аркадзь Куляшоў

Аляксей Ненадавец

ЗВОН АДВЕЧНЫХ ЦЫМБАЛАЎ

2007 .............................

З даўніх часоў у вусна-паэтычнай творчасці беларусаў захоўваецца погляд на музыку, як на чалавека, які валодае нададзенымі яму здольнасцямі не толькі ад Бога, але і... ад чорта. Гэты погляд у многім сфарміраваўся ад няздольнасці нашых продкаў растлумачыць, чаму адна асоба магла па-майстэрску іграць на пэўным музычным інструменце і прымушаць многіх выконваць нейкія танцы («скокі»), а іншай гэта было непадуладна. Як вядома, чалавек амаль ніколі не абыходзіўся без музыкі.

«Галоўная служба дудара, – пісаў М. Нікіфароўскі, – ігра «дели скоков и плясов разных»». У народнай свядомасці словы «дуда» і «танец» не аддзяляюцца адно ад аднаго:

Ой, без дуды, без дуды

Ходзяць ножкі не туды.

А як дудку пачуюць,

Самі ножкі танцуюць.

Павел Шэйн таксама падкрэсліваў наступны факт: «Танцы пад музыку – найбольш любімая забава беларускай моладзі... З музычных інструментаў у мінулы стары час для танцаў найбольш у хаду былі дудка і скрыпка, у пераважнасці першая». М. Без-Карніловіч адзначаў: «У святочныя і нядзельныя дні сяляне са сваімі жонкамі і дарослымі дочкамі, прыбраўшыся ў лепшыя сукенкі, адпраўляюцца ў прыходскую царкву да абедні: адтуль яны вяртаюцца дахаты; другія, зайшоўшы ў карчму, у ёй застаюцца да ночы. У ёй у святочныя дні хлопцы з дзяўчатамі танцуюць пад скрыпку, а часцей пад свой народны інструмент дуду, падобную да валынкі».

Як бачым, усялякае ігранне азначала выключнасць нават самага простага музычнага выканання і, насуперак гэтаму, нібы фіксавала і тое, што такая сіла даецца не абы-каму, а пэўным ... абраннікам, якім з-за гэтага нярэдка прыпісвалі цесную сувязь з самім нячысцікам. Некаторыя з далёкіх прашчураў былі цвёрда перакананы, што толькі нячыстая сіла магла ўзнагародзіць чалавека такім талентам. Тлумачылася, што сапраўдны музыка павінен быў праходзіць найскладанейшы шлях для самаўдасканалення ад ранняга дзяцінства. I нічым іншым у жыцці, акрамя іграння, увогуле не займацца: «Быў адзін музыка. З маленства ён нічога не рабіў, толькі іграў. Яшчэ хлапчуком пасе валоў альбо коней, зробіць з лазы дудачку ды як зайграе, дык валы пакінуць пасціся, развесяць вушы да й слухаюць, а ў лесе птушкі прыціхнуць, нават жабы не крумкаюць» («Музыка і чэрці»). Заўважым, іграе музыка на самым простым інструменце, і мелодыя яго звычайная – пераймальная, але якое выкананне! Прачулае, кранальнае да глыбіні душы!

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

С.В. Агароднікава, З.П. Казарог

ІДЭЙНА-МАСТАЦКАЯ РОЛЯ ФАЛЬКЛОРНЫХ

ТРАДЫЦЫЙ У ПАЭМАХ А. КУЛЯШОВА

«ПРЫГОДЫ ЦЫМБАЛ» I «СЦЯГ БРЫГАДЫ»

2006 ...............

Паэма «Прыгоды цымбал» пабудавана надзвычай арыгінальна. Калі ва ўступнай частцы – своеасаблівым пралогу, пададзеным у традыцыйна-казачнай форме, сцвярджаецца непарыўная сувязь мастацтва з жыццём народа, то ў далейшым гэта паэтычная ідэя ўвасабляецца ўжо ў выразных рэалістычных сцэнах і малюнках. Кампазіцыйна гэта вырашаецца шляхам перапляцення дзвюх узаемазвязаных сюжэтных ліній – паказ драматычнага лёсу асірацелых у вайну дзяцей і гісторыі пра музыку, які дорыць ім дзівосныя цымбалы-самаграі.

А. Куляшову ўдалося знайсці адпаведныя формы спалучэння казачна-сімвалічных сцэн і эпізодаў з рэалістычнымі, што надало твору характар жанрава-стылістычнай аднароднасці.

У паэме «Прыгоды цымбал» знайшла далейшае развіццё тэндэнцыя да абагульняюча-сімвалічнай тыпізацыі. З гэтай стылістычнай тэндэнцыяй і звязана наяўнасць у паэме шматлікіх фантастычных сцэн і эпізодаў (дзівосная ігра цымбалаў, іх вандраванні «па небе», «сустрэча» дзяцей са шчасцем). Аднак сімвалічныя малюнкі заўсёды асацыіруюцца з канкрэтнымі жыццёвымі з’явамі, напоўнены сацыяльна-філасофскім зместам. Так, фантастычная сцэна вандраванняў цымбалаў «па небе» набывае значэнне сімвала вернасці сапраўднага мастацтва свайму народу. Дарэмныя спробы паставіць такое мастацтва на службу ворагам. Закінутыя «за хмары», прымусова адарваныя ад роднай зямлі, цымбалы непазбежна вяртаюцца да «саламяных стрэх» і сваёю ігрою заклікаюць да помсты і змагання: «Д’яблы большае кары // Прыдумаць бы ім не маглі // Як закінуць за хмары // Навек адарваць ад зямлі // Іх калыша вятрыска // За хмарай // Чужынцам на смех // Але месячык нізка // Спусціўся па небу // Да стрэх // Дакранулася струна саломы // Салома звініць // Чалавек невядомы // Што ўкраў іх // Ад страху дрыжыць».

А. Куляшоў прытрымліваецца фальклорна-рамантычных прынцыпаў: кантрастнае супрацьпастаўленне «станоўчых» і адмоўных вобразаў, адсутнасць уласна-індывідуальных характарыстык, прыём завастрэння вядучых рыс характару і інш. Выключнасць, узвышаная гераізацыя і сімвалічнасць станоўчых вобразаў чаргуюцца ў паэме з бытавой прыземленасцю і гратэскавасцю адмоўных персанажаў.

У паэтычным пралогу, вытрыманым у духу навагодніх дзіцячых песень, надзвычай удала выкарыстан фальклорны прыём адухаўлення прыроды. I гэты традыцыйны прыём пашыраецца на многія з’явы рэчаіснасці – ён садзейнічае паглыбленню пачуцця злітнасці чалавека з прыродай, што не толькі адпавядае асаблівасцям дзіцячых устрыманняў, але і яскрава выяўляе патрыятычныя пачуцці народа, увасобленыя ў шматлікіх фантастычных казках і легендах.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

Я.А. Гарадніцкі

«ПРЫГОДЫ ЦЫМБАЛ» А. КУЛЯШОВА:

ЧАРАДЗЕЙНАЕ ЯК СПОСАБ

ПЕРААДОЛЕННЯ ТРАГІЗМУ

2005 .....................

Шэсцьдзесят гадоў таму назад, у час, калі Беларусь яшчэ сцякала крывёю напярэдадні вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-гадовым А. Куляшовым пасля «Сцяга брыгады», паэмы, якая адразу зрабіла яго славутым паэтам, напісаны быў твор зусім у іншай танальнасці – паэма «Прыгоды цымбал». Пэўная сувязь паміж паэтыкай гэтых двух ліра-эпічных твораў захоўваецца. У абодвух выпадках у назвах твораў фігуруюць арэчаўлёныя сімвалы– у першай паэме гэта ўвасабленне ідэйна-маральных, у другой – эстэтычна-маральных каштоўнасцей. Сімвалічнае выражэнне быццёвых і экзістэнцыйных рэалій наогул у вялікай ступені ўласціва творчасці гэтага выдатнага беларускага паэта. Яно садзейнічае філасофскаму асэнсаванню гісторыі і сучаснасці, паяднанасці лёсу асобы з жыццём грамадства.

У «Прыгодах цымбал» А. Куляшова, як і ў многіх іншых творах, значнае месца займае выяўленне свету дзяцінства, адкрытых, даверлівых адносін да жыцця, характэрных для тых, хто ў яго толькі ўступае. Для А. Куляшова гэта скразная тэма, якая дае падставы для глыбокага роздуму над спалучанасцю жыццёвых вытокаў чалавека з яго экзістэнцыйным вопытам, з перспектывамі духоўнага станаўлення.

З тэмай дзяцінства, успрымання свету вачыма дзяцей, погляд якіх незамутнёны горкім жыццёвым вопытам, звязаны матыў чарадзейнага, казачнага. Чарадзейнае, звышрэальнае ўваходзіць у свет жорсткіх рэалій крывавага ваеннага часу, суадносіцца з імі, уступае ва ўзаемадзеянне, аднак адначасова пэўным чынам і дыстанцыруецца ад іх. Сюжэт паэмы «Прыгоды цымбал» з’яўляецца казачным. Аднак казка гэта сапраўды своеасаблівая, у ёй найбольш неверагоднае, недарэчнае і пачварнае звязана з тым, што адбываецца ў рэальнасці. Таму галоўныя героі паэмы – дзеці, якія вымушаны вандраваць па нялёгкіх ваенных дарогах, сапраўднасць і казачнасць часта не могуць раз’яднаць паміж сабой. Характэрныя ў гэтым плане адчуванні хлопчыка на пустыннай дарозе, якія выяўляюцца ім праз наступную асацыяцыю: «Пуста, / Страшна, / Нікога, / Як у казцы якой».

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Алесь Кучар

ДЗВЕ ПАЭМЫ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА.

«ПРЫГОДЫ ЦЫМБАЛ»

1945 .....................

Ідэя паэмы «Прыгоды цымбал» вельмі значная – гэта ідэя бяссмерця народнага духу, народнага мастацтва, якое нельга ні купіць, ні прымусіць сілай сабе служыць. Гэта мастацтва заўсёды з народам, і ў радасці і ў горы не здрадзіць яму. Да яго можна дастаць на адлегласці сэрцам: яно абаронца слабых і грозная помста катам.

Аркадзь Куляшоў увасобіў народнае мастацтва ў цымбалы і ўручыў гэты цудадзейны струмант двум нявінным істотам – Васільку і яго сястры. З цымбаламі яны вандруюць па свету, творачы цуды.

У пачатку артыкула мы лічым патрэбным спыніцна на тым, як у паэме «Прыгоды цымбал» нараджаецца вобраз, як звычайная штодзённасць ператвараецца ў паээію,

I тут, як і ў «Сцягу брыгады», Куляшоў выступае перад намі, як спелы майстар. Ён нават можа крыху бравіруе сваім уменнем з нічога, з тла стварыць жывы, адчувальны вобраз.

Для таго, каб надаць цудадзейную сілу цымбалам, трэба апаэтызаваць гэтую звычайную драўляную скрынку, зрабіць яе ледзьве не жывой істотай. Куляшоў пачынае з першаасновы і ідзе да стварэння ўплывовага вобраза. У пачатку паэмы «Прыгоды цымбал» ёсць толькі слова, якое ўсё адухаўляе. У пачатку няма нават саміх цымбал, а ёсць банальны рытм дзіцячай песні «В лесу родилась ёлочка». З гэтай «ёлачкі» і пачынае Куляшоў. Праз чатыры страфы «ёлачка» ўжо, як жывая, размаўляе з сваімі сёстрамі, а праз колькі радкоў марыць пра вялікія прасторы.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page