top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ТЭМАТЫКА ТВОРАЎ. РЭЦЭНЗІІ

"Працаваць за пісьменніцкім сталом нават з амаль бязважкім алоўкам у руцэ – рэч далёка не лёгкая. Толькі калі ты прапусціш праз уласнае сэрца тое, пра што пішаш, калі будзеш звязаны з тымі, для каго творыш, аднымі клопатамі, думкамі і пачуццямі – толькі тады твая літаратурная праца даставіць табе шчасце быць патрэбным людзям".

Аркадзь Куляшоў

2002 ...........

А.М. Ненадавец

СІМВАЛІЗМ НАРОДНЫХ ПРЫКМЕТ I ПАВЕР’ЯЎ

У ПАЭМЕ А. КУЛЯШОВА «ДОМ № 24»

Напісаны адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, твор нясе на сабе значны адбітак традыцыйнага сімвалізму. Справа ў тым, што паэт проста не здолеў бы па-іншаму перадаць глыбокае душэўнае напаўненне сваіх герояў, адлюстраваць трагічнасць тых падзей, якія былі заснаваны ў асноўным на супрацьстаянні вайны і міру, жыцця і смерці, дабра і зла. А. Куляшоў па-майстэрску валодаў найлепшымі здабыткамі вуснапаэтычнай спадчыны продкаў. Ад старэйшых перайшло да яго тое, як паказвалася ў беларускім фальклоры адлюстраванне жахлівых ваенных падзей, як распавядалася пра аднаўленне жыцця на вынішчаных і выпаленых дазвання родных прасторах. Аўтар твора «Дом № 24» адзначае, нібы мімаходзь, што спрадвеку нават будынкі, лясы і палі клікалі да сябе былых гаспадароў. Вось і ў яго атрымлівалася наступнае: «Насцеж вокны і дзверы Адчынілі кватэры, Запрашаюць бацькоў і дзяцей, што жылі тут раней, Каб забраць іх з сабою і рухацца разам з зямлёю».Няма былых працаўнікоў, і ад гэтага скрушна становіцца на сэрцы, бо невядома было, ці ацалелі яны ўвогуле ў віхуры ваенных падзей. Толькі жудасна завываў усюдыпранікальны вецер: «Вецер дзьме ў каміны, як у медныя трубы трубач». Нечым гэтая музыка можа нагадаць выкананне развітальных мелодый над магіламі загінуўшых герояў, ці ні ў чым не павінных ахвяр бязлітаснай бойні.

А. Куляшоў здолеў напоўніць глыбінным філасофскім падтэкстам тлумачэнне, здавалася б, традыцыйных прыкмет і павер’яў. Ён свядома ўзмацняе некаторыя аспекты. Напрыклад: «Ледзь не збіла мяне яна з ног, а па гэтай прыкмеце Мы з ёй будзем свае; Прыглядаюся да яе, Дзед мой верыў прыкметам, I тут я згаджаюся з дзедам». Праўда, калі быць больш дакладным, то паводле народнага вынікала, што дзяўчына, якая знячэўку наторкнулася на хлапца і штурханула яго два разы запар, павінна была стаць жонкай апошняга ў будучым. Аўтар паэмы нібы расцягвае гэтае тлумачэнне ў часавай прасторы, звяртаючыся ў мінулае і спрабуючы зазірнуць у будучыню. Да таго ж, слушна падкрэслівае, што і ў дзяўчыны, і ў лірычнага героя да гэтай нечаканай сустрэчы было поўнае шчасця і кахання жыццё. Яго і не трэба было б перайначваць, прымушаць збочыць у іншае рэчышча, каб не... вайна. І таму словы паэта «Як цыганцы з надзеяй і верай глядзеў ёй у твар» мы не можам растлумачыць адназначна, таму што А. Куляшовым асобна вылучана адзінкавая дэталь з працэсу цыганскай варажбы.

Па канонах народнай творчасці паэт паказвае і каханне, а магчыма, больш правільна будзе сказаць, што ён канстатаваў толькі тыя пачуцці, якія адчуваў сам, якія перажывалі ягоныя героі, якія вялі іх па жыцці, выратоўвалі ў самых безвыходных сітуацыях: «Можна высмаліць чорныя косы. Можна высушыць росы. Можна ногі прымусіць не датыкацца травы, але хай паспрабуюць спаліць маладыя нябёсы, з іх злізаць сіняву альбо зорку адну з сінявы. Гэтак сама сінець будуць вечна юнацкія мары, прагных вуснаў ад вуснаў ніколі не адагнаць».

Смерць героя, воіна, любага пададзена ў народным ключы, за выключэннем хіба што ўдалага паралелізму, уведзенага ўжо самім А. Куляшовым: «Можа, ў цёмную ямку Кулі кінулі Янку, Штурханулі з абдымкаў тваіх у абдымкі зямлі. Там не ўбачыць ён сонца і ўсё яму будзе няміла». Прыгадаем, як у народных казках ці баладах гаварылася пра смерць галоўных персанажаў: «Ахінала зямелька-маці, прывальвала грудзі непад'ёмным цяжарам. апаноўвала вочы вечнай цемрай». Аўтар паэмы толькі дадаў ад сябе, што Янку вырвала смерць «з абдымкаў каханай і штурханула яго ў абдымкі зямлі». Усё астатняе засталося нязменным. Успомнім і тое, што ў фальклоры зямля сама нярэдка выступала цвёрдым-цвёрдай асновай, пазбаўляючай людзей жыцця. Праўда, найбольш часта гэта адбывалася ў выпадках, дзе гаворка ішла пра паядынак сапернікаў, і тады для народнага заступніка яна была крыніцай дадатковай сілы, а для захопнікаў ці злых ворагаў – «цвёрдым камянём».

Сімвалічным паўстае ў паэме і зварот да мірнага жыцця на месцах былых баёў. Яго прадказваюць перапёлчыны песні. Нічога, што яны сумныя і маркотныя, але затое сведчылі пра вяртанне людзей на свае ранейшыя сядзібы да спаленых і разбураных гарадоў і вёсак. А сама сцэна світання сведчыць пра тое, што А. Куляшоў заклікае да аднаўленчай стваральнай працы: «Змрок радзее, святлее, Цяпер за работу пара».

Паэт, добра ведаючы фальклор беларусаў, запазычваў толькі тыя сюжэты і паэтычныя сродкі, якія адпавядалі запатрабаванням ягоных твораў, узмацнялі іхнюю структурную і псіхалагічна-філасофскую накіраванасць.

Ненадавец, А. М. Сімвалізм народных прыкмет і павер’яў
у паэме А. Куляшова «Дом № 24» / А. М. Ненадавец // Куляшоўскія чытанні : матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Творчасць А. Куляшова і адукацыйна-асветніцкія праблемы сучаснасці», 6–7 лютага 2002 г. – Магілёў, 2002. – С. 102–104.


 

bottom of page