top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ТЭМАТЫКА ТВОРАЎ. РЭЦЭНЗІІ

"Працаваць за пісьменніцкім сталом нават з амаль бязважкім алоўкам у руцэ – рэч далёка не лёгкая. Толькі калі ты прапусціш праз уласнае сэрца тое, пра што пішаш, калі будзеш звязаны з тымі, для каго творыш, аднымі клопатамі, думкамі і пачуццямі – толькі тады твая літаратурная праца даставіць табе шчасце быць патрэбным людзям".

Аркадзь Куляшоў

Я.І. Клімуць

«ДАЛЁКА ДА АКІЯНА» А. КУЛЯШОВА

ЯК МАСТАЦКАЯ АЎТАБІЯГРАФІЯ

I ГІСТАРЫЧНАЕ СВЕДЧАННЕ ЧАСУ

2016 .......................

У аўтабіяграфіях многіх пісьменнікаў, напісаных у розныя часы, заўважаюцца вялікія разыходжанні ў паказе некаторых вехаў жыцця. Напэўна, гэта дыктавалася часам, калі трэба было выяўляць абачлівасць у паказе падзей і ўспамінаў пра людзей, якія былі рэпрасаваныя. У А. Куляшова таксама назіраюцца такія разыходжанні, але яны не зведзеныя ў адзінае біяграфічнае рэчышча. Гэта яшчэ адна з праблем для рашэння пры выданні акадэмічнага Збору твораў А. Куляшова.

У нататцы «Некалькі слоў аб сабе» Аркадзь Куляшоў піша лаканічна: «Нарадзіўся я 6 лютага 1914 года на Магілёўшчыне ў мястэчку Самацэвічы Касцюковіцкага раёна». Аднак ужо і тут бачыцца недакладнасць: тады не было такога раёна, бо існавала іншае адміністрацыйнае вызначэнне. Нічога паэт не згадвае і пра хату, у якой ён быў немаўляткам. Захаваўся ў літаратуразнаўстве стэрэатып, што А. Куляшоў нарадзіўся і вырас у былой карчме. Але гэта далёка не так. Тады бацькі, відаць, жылі на кватэры, якую звычайна наймала падраздзяленне навучальнай акругі. У Расійскай імперыі настаўнік не павінен быў займацца ніякай гаспадарчай дзейнасцю, паколькі гэта падрывала імідж настаўніка як прадстаўніка дзяржаўнай структуры. Карчма ў лёсе сям’і Куляшовых з’явілася значна пазней. Гісторыю яе падае А. Куляшоў у пачатку паэмы:

 

Хата будавалася

Перад той вайной

I не проста звалася

Хатай, а карчмой [2, с. 301].

 

Дык вось, як сведчыць сам паэт, хата была набыта настаўнікамі ўжо ў драматычныя гады рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, калі апошні ўладальнік паспяшаўся пазбавіцца ад такой уласнасці, якая проста магла стацца дымам.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

1973 ....................................

Рыгор Бярозкін

«РУХ, А НЕ ПРЫВАЛ... »

Аркадзь Куляшоў напісаў паэму пра тое, як пачынала свой жыццёвы шлях яго пакаленне. Якія мы тады былі? Што адбывалася напачатку? Што мы ўзялі і што пакінулі дням незваротным? Вось тыя пытанні, на якія задумаў адказаць Куляшоў у паэме «Далёка да акіяна», выпушчанай летась у свет выдавецтвам «Мастацкая літаратура». I ён адказвае на іх, «птахам немаладым» прыляцеўшы «на спатканне шчырае» з Бесяддзю, з бацькоўскай хатай, з мясцінамі самай ранняй юнацкай пары.

Такія адведзіны не могуць быць толькі радаснымі і светлымі – як-ніяк жыццё мінула, і страт у гэтым жыцці было нямала. Глыбокі смутак гучыць у голасе Куляшова там, дзе ён прыпамінае спадарожнікаў свайго юнацтва, маладых паэтаў Гомана і Прытапенку або Князёўну, няўдалае сваё каханне. Але ў самім гэтым смутку ёсць нота душэўнай гордасці за перажытае і разуменне, што ніколі не сатрэцца след гадоў, не згіне марна зробленае ім і сябрамі.

Камень, кінуты ў раку

З прыбярэжнай кручы,

Нагадае юнаку

Час яго мінучы.

Можа, згінуў у вадзе

Камень? Не! Кругамі

Стаўшы, гутарку вядзе

З рэчкі берагамі.

А рэчка тая мкне і мкне няспынна ў акіян агульнанародных клопатаў, радасцей і здзяйсненняў.

Галоўнае, што прыгадаў Куляшоў, апяваючы свой «край крынічны, край Магілёўскі», – жыццё, працу і быт народа ў тыя нялёгкія часы, на пераломе ад старога да новага.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

М. Войценкаў

МСЦІСЛАЎ У ТВОРАХ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

1973 ................

Паэма народнага паэта БССР А. Куляшова «Далёка да акіяна», якая выйшла асобным выданнем у 1972 годзе, з’яўляецца высока-мастацкім аўтабіяграфічным творам. У ім аўтар расказвае аб сваім дзяцінстве, аб надзеле зямлі, які быў пры іх хаце і які апрацоўвалі маці і бацька ў гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Час быў цяжкі, і зямля давала сродкі для існавання сям’і настаўнікаў.

Дзяцінства паэта, па яго прызнанню, было нялёгкім. Былі нястачы, нават голад, сямейны разлад бацькоў і, нарэшце, разрыў. Бацька пакінуў сям’ю. Маці пайшла на працу настаўніцай у суседнюю вёску. Сям’я распалася. На гаспадарку была запрошана жыць цётка Тадораўна, з якой і застаўся жыць будучы паэт.

Новым кругам свайго жыцця назваў паэт вучобу ў пачатковай школе. Затым сямігодка. Прасторная хата на дзве палавіны ў час вучобы стала своеасаблівым клубам для рабят. Гурток самадзейнасці, дзе было восем хлопцаў і адна дзяўчына, абраў другую палавіну хаты пад клуб.

 

...«Кут, што змалку люб,

Сёння ператвораны

У вясковы клуб!»

 

Раздзел паэмы «Прызванне» паказвае, як нарадзілася жаданне пісаць вершы.

 

«Верш – прызванне першае,

Доўгае, як цень».

 

Гэтаму прызванню аўтар застаўся «верны да канца».

Закончана школа, пачынаецца наступны круг жыцця. Па парадзе маці хлопец перадае ўсю ўладу над гаспадаркай цётцы, а сам адпраўляецца на вучобу ў Мсціслаў, у педтэхнікум.

 

«Спіць пад ззяннем

месяца,

Лёгшы ўздоўж ракі,

Месца, што не месціцца

Назвай у радкі:

Мсціславам,

Амсціславам,

Як ні назавеш...»

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page