top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ТЭМАТЫКА ТВОРАЎ. РЭЦЭНЗІІ

"Працаваць за пісьменніцкім сталом нават з амаль бязважкім алоўкам у руцэ – рэч далёка не лёгкая. Толькі калі ты прапусціш праз уласнае сэрца тое, пра што пішаш, калі будзеш звязаны з тымі, для каго творыш, аднымі клопатамі, думкамі і пачуццямі – толькі тады твая літаратурная праца даставіць табе шчасце быць патрэбным людзям".

Аркадзь Куляшоў

А.А. Карп

ПІСЬМЕННІЦКАЯ КРЫТЫКА:

ЯКУБ КОЛАС ПРА ПАЭМУ «АМАНАЛ»

АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

2014 ......................

У залежнасці ад таго, хто выступае суб’ектам літаратурна-крытычнай рэфлексіі, вылучаюць прафесійную, пісьменніцкую і чытацкую крытыку. Пад пісьменніцкай крытыкай маюцца на ўвазе літаратурна-крытычныя і крытычна- публіцыстычныя выступленні тых аўтараў, чыю творчую спадчыну складаюць пераважна мастацкія тэксты.

Пісьменніцкая крытыка мае ў сваім распараджэнні формы, адрозныя ад тых, якімі карыстаецца прафесійная. Сваю ацэнку сучаснай літаратуры пісьменнік можа выказваць у эсэістычных накідах, нагатках, у мастацкіх творах, у дакументах, не прызначаных для друку, напрыклад, лістах, дзённікавых запісах. Спецыфічнай формай выяўлення пісьменніцкай крытыкі з’яўляюцца аўтахарактарыстыкі, аўтарэцэнзіі, аўтакаментарыі.

Акрамя таго, пісьменнік можа выступаць у традыцыйных, добра вядомых прафесійнай крытыцы жанрах (артыкул, рэцэнзія, агляд, літаратурны партрэт і інш.) На думку даследчыкаў, у выпадку, калі пісьменнік спецыяльна займаецца  літаратурна-крытычнай дзейнасцю, засвойвае звыклыя крытычныя жанры і супрацоўнічае з перыядычнымі выданнямі ўжо і ў новай якасці, прынцыповая розніца паміж прафесійнай і пісьменніцкай крытыкай знікае.

Артыкул Я. Коласа «”Аманал” А. Куляшова» (1934 г.) намінальна належыць да пісьменніцкай крытыкі. Па сутнасці ж, зварот класіка да гэтага віду дзейнасці быў абумоўлены нездаровым станам крытыкі прафесійнай. У артыкуле «Беларуская літаратура напярэдадні XV гадавіны Кастрычніка» (1932 г.) Я. Колас даволі адназначна выказваўся наконт тагачаснай крытыкі: «Яшчэ з большымі здабыткамі – а магчымасці для гэтага ёсць – увайшлі б пісьменнікі ў гісторыю літаратурнага жыцця за гэты час, калі б яны мелі належную дапамогу і кіраўніцтва з боку нашых літаратурных крытыкаў. Але гэтай дапамогі <...> не было».

Такім чынам, у выключна неспрыяльнай для беларускай літаратуры атмасферы, якая склалася да пачатку 30-х гадоў, пісьменніцкая крытыка мусіла запаўняць лакуну, вырашаць задачы, з якімі не спраўлялася крытыка прафесійная. Вось як пра гэта піша М. Мушынскі: «Зварот Коласа да літаратурнай крытыкі быў звязаны перш за ўсё з ліквідацыяй пісьменніцкіх арганізацый і падрыхтоўкай да стварэння адзінага Саюза пісьменнікаў.

 

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

2004 ...........................

У. Г. Агейка

ЖАНРАВАЯ СПЕЦЫФІКА ПАЭМЫ

А. КУЛЯШОВА «АМАНАЛ»

Паэма А. Куляшова «Аманал» (1932) неаднаразова прыцягвала ўвагу літаратурнай грамадскасці. Так, Я. Колас ужо ў 1934 г. гаварыў: «...Куляшоў у паэме «Аманал» ідзе нейкім новым, сваім шляхам, шукае новых сродкаў для рэалізацыі сваіх творчых замыслаў. Ён стараецца адысці ад тых прыёмаў і сродкаў літаратурнага арсенала, якія сталіся ўжо звычайнымі, трафарэтнымі. Ён хоча ўнесці ў мастацкую літаратуру нешта сваё, арыгінальнае». У 1935 г. П. Глебка даў больш катэгарычную ацэнку: «...Аўтар у пошуках новай арыгінальнай формы траціць меру пачуцця мастацкага. У выніку выйшла рэч, якая не з’яўляецца ні празаічным творам, ні драматычным, ні вершаванаю аповесцю і ні паэмаю». У наш час паэма, відаць, з-за насцярожанасці да сацрэалізму як метаду, што меў гвалтоўны характар распаўсюджвання, з-за некаторых недахопаў у раскрыцці тэмы і ідэі не стала прадметам асобнага даследавання, аналізуецца ў сувязі з эвалюцыяй усёй творчасці паэта. Аднак сучасны погляд на літаратурную працу і дзейнасць А. Куляшова будзе сфарміраваны толькі пры ўмове іх шматбаковага разгляду праз прызму розных падыходаў. У дадзеным выпадку праблема вызначэння жанравай спецыфікі паэмы «Аманал», думаецца, будзе актуальнай.

У творы відавочны драматычны пачатак, які выяўляецца не толькі ў востраканфліктным сутыкненні герояў (напрыклад, Юнака і Гандляра, Калужнага і Жыгнера), але і ў адметным раскрыцці іх узаемаадносін. Сапраўды, аўтар, жадаючы адлюстраваць падзеі больш жыццёва, час ад часу перадае слова сваім героям, дае ім магчымасць самім «будаваць» уласнае жыццё. Увядзенне драматычных элементаў у «Аманале» своеасаблівае: А. Куляшоў, спалучыўшы вершаваную форму падачы матэрыялу з драматургічнай, стварае камбінаваны тып паэмы. У гэтым бачыцца блізкасць твора А. Куляшова да узвышанскіх паэм У. Дубоўкі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

Якуб Колас

«АМАНАЛ» А. КУЛЯШОВА

1934 ..................................

У пачатку гэтага года ў сваіх артыкулах і выступленнях я праводзіў такую думку, што сам пісьменнік павінен быць крытыкам. Я выказаў сваё пажаданне, каб самі пісьменнікі выступалі ў ролі крытыкаў. Сёння на гэтым пленуме я прыгадаў гэтую думку і рад адзначыць, што выступаўшыя таварышы пісьменнікі ў ролі крытыкаў-дакладчыкаў на гэтым III пленуме поўнасцю апраўдалі маю думку.

Сапраўды, калі вы прыпомніце даклады таварышаў Глебкі, Зарэцкага, Кузьмы Чорнага, дык гэтыя даклады пакідаюць надзвычайна добрае ўражанне, і асабліва на мяне зрабіў добрае ўражанне даклад т. Глебкі. Чым ён каштоўны? Па-першае, дадзен усебаковы, глыбокі, грунтоўны і прынцыповы, што вельмі важна, аналіз творчасці тых паэтаў, аб якіх ён рабіў свой даклад. Трэба ў сувязі з гэтым сказаць, што і даклад т. Кучара таксама раўняецца па гэтых дакладах. Яго даклад быў прынцыповым дакладам.

Я не буду падрабязна на гэтым спыняцца, мэта майго выступлення трошкі іншая.

У сваім выступленні я хачу пагаварыць аб паэме «Аманал» тав. Куляшова.

Аб чым ідзе гутарка ў паэме «Аманал»? Што з’яўляецца асноўным яе зместам? Якая ідэя праводзіцца ўёй?

Паэма ахоплівае вельмі значны кавалак часу ад пачатку рэвалюцыі да апошніх гадоў, канчаючы 31–32 гг., на працягу якіх напісана паэма. У ёй знаходзім і водгулле самой рэвалюцыі, і Грамадзянскай вайны, і бандытызму, і перыяду нэпа, і калгаснага будаўніцтва. Калі гаварыць аб цэнтральных фігурах, вакол якіх разгортваюцца апісаныя ў паэме падзеі, то такіх фігур, за выключэннем Юнака і вясковага настаўніка, строга кажучы, няма, як няма і чотка праведзенай сюжэтнай лініі. Паэма складаецца з дзвюх частак: 1) «Хроніка продкаў» і 2) «Праблема душы і рацыі». Кожная часць дзеліцца на пяць раздзелаў. У паэме тры катэгорыі персанажаў. Да адной катэгорыі належаць прадстаўнікі аджытай, але не зусім сышоўшай са сцэны старой, контррэвалюцыйнай плыні: гандляр, кулак Худ, валацуга пад мянушкаю вар’ята, паэт Сымон Развой, Жыгнер, бухгалтар у калгасе, інжынер, яго сын; члены праўлення калгаса – Бондар, Баргута, людзі, блізкія шкодніку Жыгнеру. Другая група – Юнак, настаўнік Мікола, камсамольцы, Алесь Калужны, Зоталь; Агут, Маладосць, некалькі калгаснікаў, і трэцяя, прамежная група паміж асноўнымі персанажамі – вясковы настаўнік, Аўгінька, дачка бухгалтара, і жонка сакратара ячэйкі Якубовіча, і сам сакратар Якубовіч. Некаторыя з пададзеных у паэме асоб, як Юнак, Маладосць, выступаюць проста як схемы або сімвалы.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page