top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ТЭМАТЫКА ТВОРАЎ. РЭЦЭНЗІІ

"Працаваць за пісьменніцкім сталом нават з амаль бязважкім алоўкам у руцэ – рэч далёка не лёгкая. Толькі калі ты прапусціш праз уласнае сэрца тое, пра што пішаш, калі будзеш звязаны з тымі, для каго творыш, аднымі клопатамі, думкамі і пачуццямі – толькі тады твая літаратурная праца даставіць табе шчасце быць патрэбным людзям".

Аркадзь Куляшоў

Варлен Бечык

«З ВЕЧНАЙ ПРАГАЮ Ў ВАЧАХ…»

Аркадзь Куляшоў «Мая Бесядзь».

Лірыка.«Бібліятэка беларускай паэзіі».

Выдавецтва «Мастацкая літаратура», Мінск, 1973

1973 ...............................

Пачынаеш чытаць першыя старонкі кнігі выбранай лірыкі Аркадзя Куляшова «Мая Бесядзь», што нядаўна пабачыла свет у серыі «Бібліятэка беларускай паэзіі», і міжволі згадваюцца цютчаўскія словы: «Как скоро Музы под крылом его созрели годы...»

Сапраўды, хіба не вабяць сваёй ціхай гармоніяй такія, напрыклад, простыя і «звычайныя» радкі:

 

Гінуць дажджыстыя хмар валаконцы,

Дыхае свежасцю сіняя гладзь.

Хочацца шыры, паветра і сонца,

Хочацца з лісцяў расінкі страсаць...

 

Простыя? Так. Звычайныя? Так. Але з-пад знешняй някідкасці павявае такой прасторнасцю і лёгкасцю, такім суладдзем вялікага і малога (шыры і расінак), такой свабодай выяўлення, што звычайна даюцца толькі аўтару, які спакушаны ўжо ў сакрэтах паэзіі.

А колькі ж было Куляшову ў 1927 годзе, калі нарадзіліся гэтыя радкі? Трынаццаць, толькі трынаццаць! I хоць далёка не заўсёды дасягаў юны паэт на пачатку творчага шляху такога ўзроўню паэтычнай спеласці, аднак цытаваныя радкі, мы ведаем, не былі ў яго адзінкавай шчаслівай выпадковасцю.

Вось лаканічна стрыманы малюнак вечаровай цішы, на якую чуйна адгукаецца юная душа («Гармонік новы, басовы рып...», 1927). Вось пяшчотна-трывожны, авеяны светлай самотай верш «Бывай...» (1928), у якім з юнацкай шчымлівасцю так многа сказана аб нясмелым прызнанні, летуценным каханні і балючай ростані; душэўны смутак увабраў у сябе гоман жоўтых соснаў, шум жытнёвых хваль, жаўруковы майскі блакіт:

 

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,

Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,

Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе

На сцежках ростані мой адзінокі сум.

 

Дарэчы, многія чытачы ўпершыню прачытаюць у кнізе гэты верш. Надрукаваны ў 1928 годзе ў «Полымі» (№ 5), ён надоўга застаўся на часопіснай старонцы. Цяпер, пасля перапрацоўкі (аднак цытаваныя радкі засталіся амаль не змененымі), ён атрымаў новае жыццё, стаў цудоўнай песняй, якая заняла пачэснае месца ў рэпертуары «Песняроў».

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page