Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
З-ПАД БЕСЯДЗІ ЦІХАЙ, ШУМЛІВЫХ ЛЯСОЎ
Успаміны Паўла Пруднікава
1988 ................
Недзе ў канцы 20-х гадоў я прачытаў ці то ў акруговай газеце «Наш працаўнік», ці ў альманаху «Маладняк Калініншчыны» вершы, якія адразу ж заваражылі мяне сваёй шчырасцю і непасрэднасцю:
Хочацца мне падарожнай дубровы
Песні вясёлыя слухаць душой.
Колькі там радасных сцежак кляновых,
Казак жывых за таемнай сцяной!
Другі верш гучаў яшчэ больш узнёсла, больш аптымістычна, з нейкім юнацкім запалам:
Гучыць далёка ў чыстым полі
Юнацтва песня аб чыстай долі.
Пад вершамі стаяў подпіс нікому яшчэ невядомага ў той час, акрамя яго сяброў і аднагодкаў-«аднакашнікаў», маладога паэта Аркадзя Куляшова. Побач жа былі змешчаны вершы, як мне здавалася тады, вядомага паэта Язэпа Падабеда. Пасля я неаднойчы страчаў імя Аркадзя Куляшова на старонках мясцовага друку, а праз некаторы час і рэспубліканскага. Мне здавалася, што гэта паэт сталых гадоў, які жыве і працуе ў Мінску разам з Міхасём Чаротам і Андрэем Александровічам. Мне тады і ў галаву не прыходзіла думка, што гэтаму юнаму паэту не было яшчэ і 15-ці гадоў, калі ён пісаў такія вершы. Не ведаў я і таго, што ён быў амаль маім земляком і што з’яўляўся студэнтам Мсціслаўскага педтэхнікума. I як жа я здзівіўся, калі даведаўся пра ўсё гэта.
Да нас у школу прыехала новая настаўніца – выпускніца гэтага педтэхнікума – і паведаміла нам, літгурткоўцам, што ў тэхнікуме разам з Куляшовым вучыцца цэлая група маладых паэтаў – Змітрок Астапенка, Юлій Таўбін і іншыя, – якая выпускае нават свой рукапісны часопіс.
– Там цяпер утварыўся цэлы пушкінскі ліцэй, – гаварыла яна. Некаторыя з пералічаных ёю імёнаў мне былі ўжо знаёмымі. Я сустракаў у друку прозвішчы Змітрака Астапенкі і Юлія Таўбіна.
– А што, калі б нам такі свой «ліцэй» арганізаваць і завязаць з імі сувязь? – сказаў мне мой сябар, школьны паэт Алесь Пруднікаў. – Сіл у нас хопіць.
– Дык ён жа ў нас ужо ёсць, – адказаў я яму. – Ты, я, Клім Грыневіч, Грышка Клюсаў, Іван Чвяляў, Міця Затрымайлаў, Пеця Вязоўскі... Чым не ліцэй? Толькі часопіса свайго пакуль не выпускаем, а так усё ёсць: і літстаронка ў насценнай газеце, і вусная газета накшталт часопіса «мсціслаўцаў».
– Ты вось што, – не адставаў той, – як стараста літгуртка, спішыся з «мсціслаўцамі», можа, яны нам у чым-небудзь і дапамогуць.
– Я не супраць, але давай напішам разам.
Як дамовіліся, так і зрабілі. Пісьмо мы пісалі ўтрох: Алесь Пруднікаў, Клім Грыневіч і я. А пераслалі яго праз аднаго студэнта, былога вучня нашай школы, які прыязджаў да бацькоў у час зімовых канікулаў.
Неўзабаве мы атрымалі адказ, пад якім падпісаліся амаль усе «ліцэісты», у тым ліку Змітрок Астапенка, Юлій Таўбін і Аркадзь Куляшоў. Хлопцы віталі нас з «плённай літаратурнай дзейнасцю», жадалі поспехаў на «літаратурнай ніве» і прасілі трымаць з імі сувязь. А было гэта ў пачатку 1929 года. Да канца навучальнага года мы паспелі яшчэ раз перапісацца з імі, і на гэтым спынілася наша перапіска. Алесь Пруднікаў і Клім Грыневіч скончылі школу і паехалі на вучобу ў гарады: адзін у Магілёў, другі ў Рагачоў. I я з гэтай тройцы застаўся адзін з «літаратурнай моладдзю», як мы тады называлі пачаткоўцаў з малодшых класаў. Праз год пакінуў школу і я.
I вось у верасні 1930 года, калі я ўжо працаваў на будаўніцтве Магілёўскай шоўкавай фабрыкі, напаткаў там, у Магілёве, у кніжным магазіне першую кніжку Аркадзя Куляшова «Росквіт зямлі». Паколькі імя аўтара гэтай кніжкі мне было ўжо знаёма, адразу ж набыў яе і прачытаў, як кажуць, без перадыху. Чытаў з вялікай цікавасцю і захапленнем, таму што больш-менш ведаў яе аўтара і таму, што яна вельмі мне спадабалася. У ёй я сустрэў і тыя вершы, якія калісьці чытаў у перыядычным друку, і тыя, аб якіх да таго часу не меў ніякага паняцця. Словам, там былі і «старыя» і новыя вершы. Усе яны здаваліся мне недасягальнымі. Я чытаў і радаваўся за свайго таленавітага земляка, за яго шчодрасць душы і сэрца.