top of page

ЖЫЦЦЁ

УСПАМІНЫ ПРА КУЛЯШОВА

2014 .............

УСПАМІНЫ АЛЕНЫ СЯМЁНАЎНЫ ШОРНІКАВАЙ,

БЫЛОГА ДЫРЭКТАРА САМАТЭВІЦКАГА

СЕЛЬСКАГА ДОМА КУЛЬТУРЫ

Аддзелам культуры разам з мясцовай адміністрацыяй было прынята рашэнне аб арганізацыі ўрачыстай сустрэчы паэта-земляка Аркадзя Куляшова на яго радзіме, у вёсцы Саматэвічы. Афішу аб мерапрыемстве размясцілі на дошцы аб’яў. Быў падрыхтаваны канцэрт мастацкай самадзейнасці, падчас якога выконвалі народныя песні, чыталі вершы, напісаныя Аркадзем Куляшовым.

Сустрэча паэта-зямляка была ўрачыстай, з удзелам прадстаўнікоў беларускага тэлебачання, і праходзіла каля царквы, дарэчы, якая захавалася і да нашых дзён. У час сустрэчы я ўручала кветкі нашаму земляку. Зразумела, вельмі хвалявалася. Пасля мерапрыемства ўсе ўдзельнікі свята накіраваліся да Саматэвіцкай школы, дзе вучыўся паэт. Тут была арганізавана выстава і абсталяваны клас-музей, у якім Аркадзь Куляшоў сустракаўся са сваімі настаўнікамі. Асабліва цёплай была сустрэча з любімым настаўнікам па матэматыцы С.А. Брыльянтавым. У гэты дзень А.А. Куляшоў раздаваў падарункі дзецям.

Потым паважаны госць накіраваўся на школьную спартыўную пляцоўку, дзе яго чакалі суседзі і сябры: Павел Азаравіч Усціненка, Алена Платонаўна Тоісцава, Анісся Васільеўна Сямёнава, Рыгор Нікадзімавіч Гобараў, Васіль Канстанцінавіч Жаўноў і іншыя.

Аркадзь Куляшоў разам з дачкою пабыў каля дома, дзе жыў раней. Побач быў мост праз рачулку (дарэчы, ён і зараз ёсць і называюць яго «Куляшоў мост»), падзівіўся на рачулку Чарнавутку, аб якой пісаў:

 

Ёсць на свеце роднае мястэчка,

Там штогод бываюць кірмашы;

Міма школы маленькая рэчка

Без мяне адна плыве ў цішы.

 

Пасля А. Куляшоў пабываў на месцах, якія надавалі яму творчае натхненне, дзе праходзіла яго юнацтва: рэчцы Бесядзь, дубраве і іншых. Родныя краявіды паэт пранёс праз усё жыццё і адвёў ім пэўнае месца ў сваіх творах.

Голас Касцюкоўшчыны. – 2014. – 5 лютага.

 

bottom of page