Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
У СУРОВЫ ВЕК ЖЫВУ СУРОВА
Успаміны Валянціны Куляшовай
2014 ...............................
– Про Кулешова нужно писать собственной рукой, как пишут собственные стихи! – адказаў з пагардай у голасе Кайсын Куліеў на маю, такую, мабыць, пошлую ў яго вачах, прапанову: нагаварыць на дыктафон успаміны пра майго бацьку, якіх, як было ўжо зразумела, ён інакш не здолее напісаць.
– Я до сих пор, – зноў загаварыў ён пасля кароткай паўзы, – помню тот мартовский номер журнала «Знамя» за 1943 год, где была опубликована поэма Аркадия Кулешова в переводе Михаила Исаковского. Я понял тогда, что Белоруссия обрела большого поэта, великого поэта!
Словы балкарскага пісьменніка – першае, што ўсплыло ў памяці, калі ў адзінаццатым нумары часопіса «Полымя» за 1946 год я ўбачыла артыкул У. Фарберава. Цікава, што праўкі хімічным алоўкам зроблены рукой Куляшова. Калі меркаваць па іх колькасці і характары, то можна дапусціць, што нейкі ўдзел у напісанні ён прымаў.
Не ведаю, ці прыцягнуў бы да сябе маю ўвагу стары часопіс бацькавага архіва, калі б адтуль не выпалі такія ж, як ён сам, пажоўклыя і паплямленыя газетныя выразкі. Прыгледзеўшыся, я зразумела, што плямы – пацёкі крыві, а ў руках у мяне – выразкі з франтавой газеты. «У гады Вялікай Айчыннай вайны я працаваў у газеце «Знамя Советов» на Паўночна-Заходнім фронце ў якасці пісьменніка-франтавіка. Штодзённай чырвонаармейскай газеце патрэбны быў аператыўны матэрыял, які па гарачых слядах асвятляў ход падзей, вучыў байцоў змагацца і перамагаць ворага, які рваўся да Ленінграда», – напіша ў сямідзясятых Аркадзь Куляшоў. Артыкул Фарберава «Паэт-воін» раскручвае перад намі світак падзей, пра якія так лаканічна паведамляе сам паэт:
Идти устали маленькие ноги,
Но он послушно продолжает путь.
Еще вчера хотелось близ дороги
Ему в ромашках полевых уснуть.
И мать несла его, теряя силы,
В пути минуты длились, словно дни,
Все время сыну непонятно было,
Зачем свой дом покинули они.
Что значат взрывы, плач, дорога эта?
И чем он хуже остальных ребят,
Что на траве зеленой у кювета,
Раскинув руки, рядом с мамой спят?
Как тяжело выслушивать вопросы
Могла ли малышу ответить мать,
Что этим детям, спящим у березы,
Что этим мамам никогда не встать?
Но сын вопросы задавал упрямо,
И кто-то объяснил ему в пути,
Что это спали неживые мамы,
От бомбы не успевшие уйти.
И он задумался под лязг машин железных,
Как будто горе взрослых понял вдруг, –
В его глазах, недавно безмятежных,
Уже блуждал осознанный испуг.
Так детство кончилось.
Он прежним больше не был.
Он шел и шел. И чтобы мать спасти,
Следил ревниво за июньским небом
Малыш, седой от пыли, лет шести.
«На Минском шоссе», 1941.
Верш – першае, што я ўбачыла, разгарнуўшы часопіс наўздагад. «Стаяў ліпень 1941-га. Пасля жорсткіх баёў войскі нашай арміі адышлі ў раён Старой Русы. Штаб арміі размясціўся недалёка ад перадавых пазіцый у жывапісным лесе ля вёскі Меднікава. Побач знаходзілася і рэдакцыя армейскай газеты «Сцяг Саветаў». Дзень і ноч не змаўкаў грукат артылерыі, стральба кулямётаў.
Пасля адной жорсткай бамбардзіроўкі, калі супрацоўнікі рэдакцыі толькі што вярнуліся з укрыццяў, да мяне ў шалаш, – піша Фарбераў, – увайшоў чалавек ніжэй сярэдняга росту, апрануты ў форму малодшага палітрука.
– Ці магу я бачыць адказнага рэдактара? – запытаў афіцэр.
– Я – рэдактар.
– Добры дзень, я – Аркадзь Куляшоў. Не ўтаю, што даклад і выпраўка прыйшоўшага афіцэра мяне некалькі збянтэжылі. Гімнасцёрка на ім мела многа складак, пілотка была няправільна надзета – зорка знаходзілася недзе над правым вухам.
– Вы, пэўна, у арміі нядаўна? – запытаў я. – Відаць, здорава вас напалохала бамбардзі роўка?
– Першае – здагадаліся, у другім памыляецеся.
Тон адказу і чырвань, якая выступіла на бледных шчоках афіцэра, неяк адразу выклікалі сімпатыю да гэтага чалавека. Куляшоў сказаў, што ён толькі што прыбыў з групай палітработнікаў і накіраваны да мяне аддзелам кадраў для перагавораў аб рабоце ў рэдакцыі.
– Мы сустрэліся з тваім бацькам, – расказваў мне зямляк Куляшова, паэт-франтавік Аляксей Русецкі, – у сярэдзіне ліпеня на прывакзальнай плошчы ў Калініне. Я стаяў у чарзе па морс. Раптам угледзеў Куляшова. У вайсковай форме, з даваенным скураным паліто праз руку, ён накіроўваўся да мяне. «Бачыш, дзе мы апынуліся, «хлопцы апошняй вайны»?» – сказаў паэт замест прывітання.
Пра вайну ён пачуў у Хоцімску, дзе адпачываў у бацькоў. Адразу накіраваўся ў Мінск, да сям’і. Не знайшоўшы іх дома, пайшоў шукаць ваенкамат, каб трапіць у армію. Пакуль пераходзіў ад аднаго зачыненага ваенкамата да другога, пачалася бамбардзіроўка. Падзеі таго дня знайшлі адбіццё ў паэме «Сцяг брыгады»:
I пазнаць я не мог
Роднай вуліцы, ліп і каштанаў,
Рэха тысячы ног
Аглушыла мяне нечакана,
Падхапіла мяне, маё гора,
Жаданне, трывогі
I понесла за город
Па бітаму шклу мае ногі.
Так і не знайшоўшы ваенкамата, які б дзейнічаў, Куляшоў з выпадковымі спадарожнікамі накіраваўся ў Калодзішчы, дзе знаходзілася вайсковая частка.
Пакуль мы размаўлялі, – расказваў далей Аляксей Сцяпанавіч, – маю ўвагу прыцягвалі засмяглыя вусны Аркадзя... Зараз я ўжо ведаю, – дадаў ён нечакана, – што падобныя вусны бываюць у інфарктнікаў...»
Адзін верш даваеннай лірыкі Куляшова стала звяртаў на сябе маю ўвагу. Не столькі тэматыкай, якою, хутчэй, здзіўляў, колькі фіксацыяй эмоцыі, неўласцівай для юнака:
Выходжу я ў разведку –
Рашучы заўтра бой.
Ты, ранак,
Будзь за сведку,
Услед ідзі за мной.
У родную краіну
Дарогі перайнач.
А я? А я загіну.
А ты?
А ты не плач.
(«Ранак», 1940)
За поўнай адсутнасцю эмацыйнай афарбоўкі апошніх радкоў прачытваецца вынашанасць тэрмінальнай думкі, падрыхтаваная, мабыць, сумнавядомымі падзеямі трыццатых, якія і Аркадзю Куляшову каштавалі страты пяці чалавек з бліжэйшага асяроддзя: сяброў-паэтаў Юлія Таўбіна і Змітрака Астапенкі, дзядзькі Івана Куляшова, сваякоў Сцяпана Вільчыка і Платона Галавача.
Дзякуючы ўсведамленню сваёй трывожнай сітуацыі, мой бацька быў супраць афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу з Ксеніяй Вечар, маёй маці, аж да 1951 года, хоць пабраліся яны ў 1935-м.
– «Калі мяне раптам арыштуюць, – наказваў ён жонцы, – ты павінна будзеш ад мяне адрачыся, тады табе і дзецям удасца, магчыма, ацалець».
З такім падсвядомым адчуваннем небяспекі, якое магло з’явіцца ў паэта ўжо ў трыццатым, калі раніцой прыбег Платон Галавач і, плачучы, паведаміў пра спробу самагубства Янкі Купалы, звязаны, не выключана, бацькаў фаталізм у адносінах да свайго лёсу, тым больш, што сам ён нарадзіўся ў год вайны.
Тая вайна была Першай сусветнай. Аднак рэаліі існавалі ў біяграфіі душы Куляшова.
Сам ён тых падзей памятаць, натуральна, не мог. Яны ўвайшлі ў яго свядомасць праз памяць пакалення бацькоў. Іх страты і нядолі.
Узгадаю толькі адзін з тых лёсаў, не з самых трагічных, праўда, але з такіх, што найбольш балюча закранаюць сэрцы ўражлівых дзяцей.
Сяргей Фаміч Злесец-Ратабыльскі быў дзядзькам Аркадзя па маці, Кацярыне Фамінічне. У 1916-м ён знаходзіўся пад Магілёвам у акопах пярэдняга краю, дзе перажыў газавую атаку. Газам быў іпрыт, які, насуперак міжнародным пагадненням, выкарыстала германскае камандаванне.
Бацькаў дзядзька, чалавек па-купалаўску вытанчанай шляхецкай прыгажосці і адпаведнай духоўнасці, які па самой прыродзе сваёй не мог не выклікаць у людзях лірычных пачуццяў, амаль страціў зрок і ўсё сваё кароткае жыццё выплёўваў спаленыя лёгкія.
Комплекс пачуццяў, апасродкавана выкліканых абставінамі вайны, знаходзіў водгук ужо ў ранняй лірыцы Куляшова. Паэма «Крыўда» стала «хітом» беларускай паэзіі 1930 г., а «Хлопцы апошняй вайны» – 1940-га.
Газы ўслаўляй, як туман лугавы.
Акопы ўяўляй родным домам,
Дым – вечаровай хмарай.
Гарматы – вясновым громам –
пісаў у апошняй з прыгаданых паэм шаснаццацігадовы юнак, які быў удзельнікам вайны пакуль што толькі «віртуальна».
Нават павярхоўны, а ў гэтым выпадку і аднабаковы, аналіз творчасці Куляшова гаворыць пра тое, што ён быў чалавекам хуткай і глыбокай псіхічнай рэакцыі, што, мабыць, і абумовіла яго «хранічнае» наватарства ў паэзіі.
Летам мінулага года на Нарач, на лецішча, дзе мы з маці адпачывалі, завітаў літаратуразнаўца Мікола Мікуліч, каб запісаць на дыктафон сваю размову з жонкай Аркадзя Куляшова. На пытанне Мікуліча глыбока асабістага, можа, нават інтымнага характару, мая маці з нечаканай гатоўнасцю і радасцю ў голасе адказала:
– Аркадзь прывабіў мяне вышынёй свайго розуму!
Тады я зразумела, што значаць гены. Дэкласаванае, малаадукаванае шляхецкае дзіця, трапіўшы дванаццацігадовай дзяўчынкай у адпаведнае асяроддзе (інтэлігентную сям’ю Платона Галавача), нібы набыла штуршок да паскоранага развіцця і здолела ацаніць у чалавеку самае галоўнае – розум і талент.
Што да 1941-га, то ў бацькі адносна яго здаўна былі асабістыя прадчуванні.
Ён нарадзіўся праз стагоддзе пасля свайго літаратурнага куміра, генія рускай паэзіі Міхаіла Лермантава. Беларуская паэтэса Эдзі Агняцвет ва ўспамінах пра «сабрата па пяры» і аднакашніка па педінстытуце ўзгадвае факт псіхалагічнай самаідэнтыфікацыі беларускага паэта з рускім і сцвярджае, быццам Куляшоў лічыў, што паўторыць лёс Лермантава цалкам: загіне ў 1941-м.
У апошні месяц свайго жыцця бацька раптам пачаў расказваць мне найбольш драматычныя эпізоды яго жыцця, пра якія раней я не ведала, бо бацька даўно зразумеў, што адкрытасць – вялікая небяспека для чалавека навідавоку. Сэнс таго, што адбывалася тады паміж намі, я зразумела толькі ў студзені 1984-га, калі пачала пісаць «Кнігу пра бацьку» (яна выйшла пад назвай «Лясному рэху праўду раскажу» ў 1989-м).
А тады, у снежні 1977-га, ён выстаўляў перада мной вехі біяграфіі сваёй душы, не вельмі, трэба думаць, спадзеючыся, што яны некалі спатрэбяцца слухачцы, але і не адмаўляючы сабе ў надзеі.
Там быў расказ пра тое, як спадарожнікі пасля марных спроб знайсці ваенкамат у Мінску накіраваліся ў Калодзішчы.
Там, аднак, ужо нікога не было, а «па-вясноваму зялёная трава вайсковага пляца была чырвонай ад пазрываных пятліцаў».
У бацькі і зараз перахапіла дыханне і ён так і не змог расказаць, як, сутыкнуўшыся з фактам дэзерцірства арміі, страціў прытомнасць, і хлопцы тры дні неслі яго на самаробных насілках праз барысаўскія балоты, бо па дарогах шнырылі нямецкія дыверсанты, пераапранутыя ў форму афіцэраў Чырвонай Арміі.
Наколькі масавай была гэтая з’ява на шашы Мінск-Масква, можна меркаваць па тым, што на працягу жыцця я чула пра нямецкіх дыверсантаў у чырвонаармейскай форме некалькі разоў толькі з вуснаў родных і знаёмых. Так, 24 чэрвеня, калі пачалася бамбардзіроўка Мінска, апісаная Куляшовым, мой будучы свёкар, Філіп Іванавіч Бязручкін, «кінуўшыўшы ў службовую палутарку жонку з сынам, паімчаў на ўсход.
У адкрытым кузаве грузавіка знаходзіўся сейф з дакументацыяй таго авіяцыйнага завода, які потым разгарнуў сваю дзейнасць у Каменск-Уральску.
Прыйшлося даволі доўга пятляць па някошанай ніве, ухіляючыся ад бомбаў, што сыпаліся з неба, перш чым удалося зноў выехаць на шашу. Рухаліся ў натоўпе бежанцаў. Браць у машыну старонніх інструкцыя забараняла. Але раптам «прагаласавалі» ваенныя – двое лейтэнантаў-лётчыкаў. Пры праверцы нашым вайсковым пастом высветлілася, што ў машыну селі дыверсанты, чыю ўвагу прыцягнуў, мабыць, сейф.
А пра бацькаў інфаркт сорак першага, як і пра насілкі, я даведалася толькі ў 1980-м ад Пімена Панчанкі, якому той расказаў гісторыю свайго адыходу з Мінска яшчэ ў вайну і без купюраў.
«Вораг ірваўся і ірваўся наперад. Жорсткасць баёў з кожным днём узрастала. Немцы, несучы велізарныя страты, у пачатку жніўня авалодалі Старой Русай, – сведчыць Фарбераў. – Кожны дзень баёў нараджаў герояў. Ім Куляшоў прысвячаў свае франтавыя вершы. У «Песні аб безыменным героі» – подзвігу мінамётчыка. Верш быў надрукаваны назаўтра пасля ўзгаданых у ім падзей:
Выходят фашисты в атаку из пущи,
Рожь топчут и мнут сапоги,
Пьют теплую водку –
для храбрости пущей –
Из фляг перегретых враги.
У каждого череп на черной петлице,
Дымит папироска в зубах.
Но наш минометчик
врагов не страшится,
За камнями ждет их в кустах.
Его окружили, и он молчаливо
Прощался с родимой землей,
Следя, как дымит подожженная нива
Над северной русской рекой.
Последнюю мину ударом о камень
Взорвал он в кустах у реки,
Мстя гадам проклятым, своими руками
Он их растерзал на куски.
1941.
«Песня», – піша далей Фарбераў, – знайшла жывейшы водгук сярод воінаў. Яе спявалі на матыў «Матроса Железняка». Бываючы ў часцях, паэт мог чуць, як байцы ў хвіліны зацішша спявалі яго песню. Гэтая песня, як і другая, створаная Куляшовым у 1942 годзе аб баявых справах нашай арміі, сталі любімымі ў асяроддзі воінаў».
«Калегі, – як сведчыць Фарбераў, – любілі Куляшова за прастату душэўную, за скромнасць, за безадмоўнасць у выкананні любога задання рэдакцыі, за ініцыятыву».
«– Але аднаго, – піша далей сведка, – ніяк не мог пераадолець паэт – пісаў ён вершы лежачы. Неяк для газеты тэрмінова спатрэбілася чатырохрадкоўе. Я выклікаў Куляшова і даручыў яму гэта зрабіць. Ён згадзіўся. Праз гадзіну, жадаючы даведацца аб выніку майго задання, я пачаў шукаць паэта. Знайшоў я яго ляжачым пад кустом. Першае маё ўражанне было, што паэт спіць. Але калі я падышоў да яго, то пераканаўся, што гэта не так. Куляшоў ляжаў тварам угару, утаропіўшыся позіркам у блакітную вышыню.
– Як чатырохрадкоўе? – запытаў я.
– Зараз будзе гатова, Уладзімір Барысавіч, – адказаў ён.
Праз некалькі хвілін Куляшоў перадаў мне патрэбны матэрыял».
Калі верыць Фарбераву, Куляшоў атрымліваў дзясяткі пісем, у якіх чытачы дзякавалі яму «за цёплыя пранікнёныя вершы, за задавальненне, якое дастаўлялі ім яго творы».
Адчуванне запатрабаванасці сваёй працы падштурхоўвала паэта да далейшых пошукаў у галіне новых газетных жанраў.
«Вёска Свінарой. Недалёка ў лесе размясцілася рэдакцыя армейскай газеты. Тут была праведзена першая нарада супрацоўнікаў. Гаворка ішла пра новыя, гумарыстычныя формы ў газеце. Пасля абмеркавання спыніліся на прапанове Куляшова: завесці ў газеце раздзел, у якім асвятляліся б баявыя справы аднаго байца. Быў прыняты варыянт загалоўка, прапанаваны Куляшовым: «Рассказ о том, как бьет врагов на фронте Алексей Петров».
Такіх фельетонаў было змешчана ў газеце каля васьмідзесяці».
«I хаця Аляксей Пятроў быў героем, як кажуць, выдуманым, – піша Куляшоў у артыкуле «Франтавы рэпартаж», – салдаты яго любілі і ў існаванне яго верылі, таму што ўчынкі яго не з’яўляліся вынікам паэтычнай фантазіі, а грунтаваліся на баявых выпадках, што мелі месца на тым ці іншым участку фронту, што займала 11 Армія. Вершы таксама мелі канкрэтны адрас. I вадзіцель Палякоў, і разведчык Розаў, и повар Жукаў – прозвішчы не выдуманыя. Аб справах гэтых салдат і афіцэраў зналі, вядома, іх таварышы па ўзводзе, роце, палку, прыкладам іх, што знайшоў водгук у газеце, ганарыліся».
У Аляксеі Пятрове байцы бачылі майстра сваёй справы і сапраўднага смельчака. Неўзабаве ён пачаў успрымацца чытачамі як жывы чалавек.
«Напярэдадні новага 1942 года, – піша Фарбераў, – да мяне прыйшоў работнік Ваенгандлю і заявіў:
– Мяне прыслаў начальнік Ваенгандлю з просьбай даведацца пра адрас Аляксея Пятрова. Мы хочам на Новы год паслаць яму пасылку.
Калі я выказаў здзіўленне, работнік Ваенгандлю адказаў:
– Як жа, такога героя і каб мы, Ваенгандаль, не пачаставалі віном і шакаладам, гэта ж будзе злачынства.
Але яшчэ больш здзівіўся ваенгандлевец, калі я яму сказаў, што адраса даць не магу, бо байца Аляксея Пятрова не існуе».
«Асаблівы поспех, – цытую таго ж аўтара, – мела другая гумарыстычная форма, актыўнейшым стваральнікам і ўдзельнікам якой быў Аркадзь Куляшоў. Пры складанні нумара, прысвечанага 24 гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі, у некаторых супрацоўнікаў рэдакцыі паявілася думка даць на чацвёртай паласе пародыю на фашысцкую газету. Думалі-гадалі і рашылі назваць гэты гумарыстычны куток «Вралишер Тарабахтер», парадзіруючы загаловак гітлераўскай газеты «Фелькишер Беобахтер». Паяўленне ў свет газеты з гэтым матэрыялам выклікала фурор». Гэты «маленькі», як пяшчотна называў бацьку Аляксандр Трыфанавіч, аказаўся вельмі з’едлівым журналістам.
Можна дапусціць, што эмацыйнаму ўздзеянню твораў Аркадзя Куляшова на чытача-вайскоўца па гэты бок фронту, адпавядаў не меншы па сіле адмоўнай энергетыкі водгук па той бок. А там, у акупацыі, заставаліся блізкія...
Хрысціна Афанасенка, выпускніца Елавецкай школы, дзе працавала Кацярына Фамінічна Ратабыльская, апошні перадваенны год жыла ў нашай сям’і, у Мінску, даглядаючы дзяцей.
23 мая 1941 года бацька з’ехаў у Хоцімск да бацькоў. Ён з’явіўся на парозе нашай кватэры на Маскоўскай, 24 увечары 23 чэрвеня, і першае, што сказаў Хрысціне, якая адчыніла яму дзверы, было:
– Уцякай адгэтуль!
«– На цягнік я ўжо не села, – расказвала мне Хрысціна ў 1972 годзе, – і да Хоцімска дабіралася месяц, у кроў збіўшы ногі, бо гумовыя калошы, у якіх я пачынала сваю пешую «вандроўку», вытрымалі толькі палову шляху.»
Вось, нарэшце, родны Елавец. У гэтай маленькай вёсачцы на ўскраіне нават беларускай цывілізацыі можна, здаецца, і адпачыць. Але ж дзе там! Яе арыштоўвае і тыдзень трымае паліцыя. Вядома, што з першых дзён вайны мы, жонка і дзеці Аркадзя Куляшова, жылі ў Хоцімску ў бацькоў паэта, а перад самым прыходам немцаў раптам зніклі. Былі ўсе падставы меркаваць, што мы недзе хаваемся.
Бацька ўсё жыццё лічыў сябе абавязаны Алесю Кучару за тое, што той уратаваў яго сям’ю.
Мая маці, вялікая прыхільніца ваеннага генія Напалеона, лічыла, што немец да Хоцімска не дойдзе, і мы бесклапотна адпачывалі ў гасціннай хаце старэйшых Куляшовых: пілі жывільны сырадой і яйкі з-пад бабульчынай курачкі, елі вясковы тварог з дзедавым мёдам і пасвіліся ў ягадніку.
Калі сярод дарослых заходзіла гаворка пра небяспеку, – пачыналася дыскусія. Маці нагадвалі, што немец ужо блізка.
– Гітлер, – спакойна пацягваючы сырадой, канстатавала яна, – не Напалеон!
– Але ж Напалеон дайшоў да Масквы! – даводзіў Аляксандр Мікалаевіч, убіраючыся ў пчалярскія даспехі.
– Дык то ж быў Геній! – ставіла кропку ў спрэчцы мая маці.
Яе ўзнёслы сафізм мог каштаваць нам жыцця, бо Хрысціну распытвалі пра нас, жонку і дзяцей Куляшова, якіх, як сказала мне яна, мелі намер павесіць.
Памятаю, як у спякотны ліпеньскі поўдзень мяне гвалтам цягнулі ад рэчкі, дзе я бавілася ў вадзе між драўлянымі палямі разбуранага моста.
Калі мы з Тоняй (Антанінай Аляксандраўнай Куляшовай, бацькавай зводнай сястрой, якая дагэтуль жыве ў Хоцімску) убеглі ў хату, там прыемна пахла смажаным. Бабуля ліхаманкава завіхалася ля стала.
Перад хатай стаяла палутарка, побач з ёю смакталі папіросы трое заклапочаных мужчын. Яны рашуча адмовіліся не толькі частавацца, але нават заходзіць у хату. Выпілі адзіна па шклянцы малака, якое ім вынесла Надзея Аляксандраўна, бацькава родная сястра. Вайна, дарэчы, дагнала яе мужа ў лютым 1951-га.
Івана Іосіфавіча Маслоўскага, настаўніка матэматыкі ў Лапічах, выклікалі раптам у Асіповіцкі НКУС. У вайну ён пэўны час знаходзіўся ў нямецкім палоне. Па дарозе ў Асіповічы гэты мужны чалавек загінуў пад коламі цягніка, удала сімулюючы няшчасны выпадак на чыгунцы.
Свой адказ затрымацца мужчыны патлумачылі тым, што Хоцімск знаходзіцца ў акружэнні, бо нямецкія танкі прайшлі ўжо на Рослаў. Нас, дзяцей, літаральна пакідалі ў кузаў, куды села мая маці і Надзея Аляксандраўна. Ехаць «у белы свет» больш ніхто не згадзіўся. Бабуля адно паспела – укінуць у кузаў сваю вялізную старасвецкую хусту з воўны і... алавянны чайнік. Яны нам вельмі спатрэбіліся, асабліва калі ехалі ўначы на адкрытай артылерыйскай платформе з Клінцоў у Бранск.
Машына аказалася рэдакцыйнай. На ёй М.В. Зімянін з супрацоўнікамі вывозіў архіў рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». А. Кучар падказаў, што сям’я Аркадзя Куляшова знаходзіцца ў Хоцімску і трэба было б за ёю заехаць. Зімянін, які не меў права браць у службовую машыну старонніх, згадзіўся толькі тады, калі да прапаноў Кучара далучыўся трэці член калектыву, журналіст, пра якога мы зараз ведаем толькі, што прозвішча яго пачыналася на літару М і што ён не вярнуўся з вайны...
Яны давезлі нас да Клінцоў, бо больш блізкая Унеча была ўжо захоплена немцамі.
Не пажадаўшы ехаць з намі «ў белы свет», гаспадарлівыя бацькі Аркадзя Куляшова паставілі сябе і малодшых дзяцей Антаніну і Уладзіміра ў не менш складаную сітуацыю, якая кожнаму з іх магла каштаваць жыцця.
Пачалося з таго, што Аляксандр Мікалаевіч раптам даведаўся, што сход насельніцтва вёскі Малы Хоцімск абраў яго камендантам. Дзед мой на тым сходзе прысутнічаць не мог, бо жыў у дзесяці кіламетрах ад гэтай вёскі, у мястэчку Хоцімск.
Калі пазней ён спрабаваў высветліць, з чыёй ласкі трапіў на гэтую «пасаду», высветлілася, што ніхто з малахацімчан не меў да гэтага дачынення, а нехта ўспомніў, што імя Куляшова выгукнуў на сходзе невядомы мужчына.
На пасадзе каменданта А.М. Куляшоў пратрымаўся 41 дзень, выкарыстоўваючы яе па-куляшоўску спецыфічна.
У лісце да майго бацькі, напісаным у шасцідзясятых і прыйшоўшым з Іркуцка, жанчына расказала пра свой візіт да Аляксандра Мікалаевіча ў першыя дні яго каменданцтва. Яна апісвае цёплы спагадлівы позірк вачэй свайго візаві, калі ён слухаў расказ пра яе пакуты (на руках маладой жанчыны засталіся маці і пяцёра малых дзяцей). На развітанне Куляшоў працягнуў наведвальніцы запіску, адрасаваную вартаўніку калгаснага склада: «Подательнице сего выдать два пуда муки как многодетной жене красноармейца».
Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, калі б аднойчы да Кацярыны Фамінічны не завітаў з Малога Хоцімска яе колішні вучань. Ён прыйшоў папярэдзіць настаўніцу, што партызаны збіраюцца пакараць каменданта. Пачакаўшы, пакуль муж павячэрае, Кацярына Фамінічна выправіла яго да сваёй сястры Соф’і ў вёску Дарагая, што на Крычаўшчыне.
Уначы сапраўды прыйшлі. Страшна раз’юшыліся, не знайшоўшы Аляксандра Мікалаевіча, і... скінулі ў студню на вуліцы выпадковага прахожага.
Прайшлі дзесяцігоддзі, перш чым мы сталі здагадвацца, што тое, што адбывалася з бацькам Аркадзя Куляшова, па почырку вельмі нагадвае правакацыю накшталт той, якая дасягнула сваёй мэты ў выпадку з Янкам Купалам.
Не буду паглыбляцца ў разважанні наконт таго, хто, калі здагадка слушная, задумваў аперацыю, хто і як яе праводзіў, хто каго пры гэтым выкарыстоўваў і нашто было тапіць таго няшчасніка.
Калі браць па вялікім рахунку, то, мабыць, гэта была спланаваная акцыя.
Ведала ж аднекуль Н. Бялькевіч, жонка П. Глебкі, якая ў вайну працавала на беларускім радыё ў Мінску, што ў Маскве рыхтуецца нешта супраць Янкі Купалы. I не толькі ведала, а здолела папярэдзіць мужа не ўвязвацца ў падзеі, якія насоўваюцца.
Янка Купала – знакавая фігура, гэта ў першую чаргу вялікая постаць беларускай культуры. Ён той, хто вынес у ХХ стагоддзе ідэі Каліноўскага, якія завіслі ў часе, бо не былі спраўджаны своечасова, калі аналагічныя працэсы абнаўлення паспяхова прайшлі па ўсёй Еўропе.
Паміж Янкам Купалам і Аркадзем Куляшовым у той перыяд сапраўды існавала істотнае падабенства. Гэта іх вершы закідваліся ў якасці ўлётак за лінію фронту. Я маю на ўвазе купалаўскіх «Партызанаў» і куляшоўскія «Ліст з палону», «Над брацкай магілай» і «Баладу аб чатырох заложніках».
Больш таго, у канцы 1943-га за лінію фронту павандравала і паэма «Сцяг брыгады», але трапіла яна не ў нашы лясы, дзе творы сваіх паэтаў чытала ўсё насельніцтва Беларусі, уключаючы партызанаў і паліцыю, а да партызанаў Сербіі.
Пра гэта яшчэ ў 1976 годзе расказаў на VII з’ездзе пісьменнікаў Ніл Гілевіч – згадваючы сваю гаворку з чарнагорскім паэтам Радаванам Зогавічам:
«– Дзесьці ў канцы 43-га ў Чарнагорыю, дзе мы вялі цяжкія баі, савецкі самалёт даставіў пазарэз патрэбныя нам боепрыпасы і медыкаменты – і тое, і другое катастрафічна скончылася. Там аказалася і некалькі новых савецкіх кніг аб вайне, у тым ліку – паэма Куляшова «Сцяг брыгады» ў перакладзе Ісакоўскага. Паэма літаральна ашаламіла мяне. Я чытаў яе і перачытваў шмат разоў, чытаў таварышам па зброі, якія трошкі разумелі рускую мову, а для тых, хто не разумеў, асобныя мясціны сам перакладаў на сербскую.
Гэта была паэзія, якая радніла нас з савецкімі братамі – радніла ў нянавісці да фашыстаў і веры ў перамогу, паэзія, якая прыдавала нам духоўнай моцы і сілы...»
ІІІчыры прыхільнік паэзіі Аркадзя Куляшова, паэт Мікола Аўрамчык расказаў мне, быццам мой бацька лічыў, што сябра яго юнацтва, паэт Змітрок Астапенка, арыштаваны ў 1933 годзе і высланы ў Сібір, – жывы.
Вядома, што Астапенку ўдалося ўцячы з лагера і трапіць на фронт. У 1944-м ён быццам бы загінуў у Славацкіх Татрах, дзе змагаўся ў патрызанскім атрадзе. Гісторыя жыцця гэтага неардынарнага чалавека надзвычай цікавая, але гаворка зараз не пра гэта.
Пасля вайны невядома адкуль у Саюзе пісьменнікаў з’явілася паэма Змітрака Астапенкі «Эдэм» і была надрукавана.
Бацьку ўразіла і ўсцешыла ў ёй тое, што сябра выкарыстаў у сваёй паэме адзін фармальны прыём са «Сцяга брыгады». Куляшоў разумеў, што выкарыстоўваючы ў паэме яго наватарскі прыём, Астапенка паведамляў, што чытаў «Сцяг брыгады», што ўхваляе твор, і што сам ён жывы. На жаль, бацька, мабыць, памыляўся, лічачы, што яго сябра перажыў вайну. Куляшоў не ведаў, што той мог пазнаёміцца са «Сцягам брыгады» яшчэ ў канцы 43-га ў Славакіі, як Зогавіч у Чарнагорыі.
Вяртаючыся да героя нашай гаворкі, скажу, што яму пашчасціла ў тым, што з пачатку вайны ён апынуўся на перадавой у калектыве, які складаўся з шасці чалавек. Навідавоку ён быў недасягальны для рэпрэсіўнай машыны ні з таго, ні з гэтага боку.
А ўявіце сабе, што ў тую студню скінулі Аляксандра Мікалаевіча? Няцяжка здагадацца, што чакала Аркадзя Куляшова пасля вайны, калі б яго бацька быў знішчаны партызанамі як здраднік.
Мяне заўсёды здзіўляла, чаму прэмію за лепшую ваенную паэму Куляшоў атрымаў не ў 1945 годзе. Магчыма, і таму, што запланаваная загадзя траўля ўсё-такі пачалася. З ёю, мабыць, і быў звязаны другі бацькаў інфаркт. Падставай быў усё той жа Аляксандр Мікалаевіч.
Спачатку немцы спалілі хату каменданта-вальнадумца. Калі ж ён, нарэшце, аб’явіўся ў Хоцімску, сям’ю арыштавалі, а праз пэўны час Аляксандра Мікалаевіча з шаснаццацігадовым сынам адправілі на прымусовыя работы ў Нямеччыну.
Калі яны вярнуліся адтуль, ім не выдавалі дакументаў і нікуды не выпускалі. Грамадская сітуацыя для Аркадзя Куляшова была такой, што прымусіла яго пайсці на «ваенную хістрасць»: напісаць старшыні Саюза пісьменнікаў ліст, у якім аўтар задае Міхасю Ціханавічу пытанне: ці не параіць яму той адрачыся ад бацькі, як гэта зрабіў некалі Паўлік Марозаў.
Толькі дзякуючы зухаватаму капітану паэту Пятру Прыходзьку, які літаральна вырваў з рук мясцовага НКУС і цягніком давёз да Мінска чалавека без дакументаў, нягледзячы на суровы кантроль на чыгунцы, адбылася сустрэча бацькі з сынам.
Яна ўсё праясніла. Схадзілі на прыём да Панамарэнкі, і той даў загад чыноўнікам з Саюза пісьменнікаў спыніць траўлю «адзінага ў СП сапраўднага паэта-франтавіка».
У кастрычніку 1977-га бацька вельмі здзівіў мяне, папрасіўшы не займацца яго літаратурнай спадчынай, бо лічыў, што пасля смерці яго імя падвергнецца шальмаванню. Я з ім не згадзілася, сказаўшы, што плён працы таленавітага чалавека – вялікая каштоўнасць нацыі. Аднак факты – рэч упартая. Праца над зборам твораў Аркадзя Куляшова, якая ўжо два гады вялася Інстытутам літаратуры АН БССР, была спынена ў год смерці Петруся Броўкі на карысць дзевяцітомніка апошняга. У Броўкі была, праўда, істотная перавага над Куляшовым: першы з’яўляўся Героем Сацыялістычнай Працы. Што да куляшоўскага сямітомніка, то да працы над ім Акадэмія навук так і не вярнулася, хоць з таго часу прайшло ўжо 23 гады. А што, калі Аркадзь Куляшоў проста паўтарае лёс Аляксандра Пушкіна? I праз два гады, калі нашчадкам ужо не трэба будзе выплачваць аўтарскі ганарар, беларускі чытач атрымае, нарэшце, доступ да твораў любімага паэта?
Памятаю, як у 1978 годзе ў рэдакцыі навукова-пазнавальных перадач сцерлі навучальную передачу пра Аркадзя Куляшова, нягледзячы на тое, што яна атрымала вышэйшую ацэнку калектыву. Замест сцёртай мне прапанавалі зрабіць другую, якая адпавядала б назве «Я хочу, чтоб к штыку приравняли перо!» Я рабіла вялікія намаганні, каб выканаць заданне, але пракрустава ложа вобраза Маякоўскага аказалася зацесным для паэзіі Куляшова.
На апошнім з’ездзе Саюза пісьменнікаў, што адбыўся 29 мая, Алена Кобец-Філімонава расказала мне, што 3 ліпеня 1944 года, у дзень вызвалення Мінска прысутнічала на сустрэчы Аркадзя Куляшова з мінчукамі на вуліцы Інтэрнацыянальнай. Пятнаццацігадовай дзяўчынцы запаў у душу абаяльны паэт у форме капітана з баявымі адзнакамі на гімнасцёрцы (медалём «За отвагу» і ордэнам «Боевого Красного знамени») і яго жывы аповед пра Маякоўскага.
Што да Куляшова, то вобраз «пяра-штыха» – актуальны толькі для яго ваеннай паэзіі на рускай мове. А той, хто «спусціў» мне гэтую назву, магчыма, пераносіў на паэзію Куляшова чыёсьці адмоўнае стаўленне, сфарміраванае, магчыма, яшчэ ў гады вайны і ніколі не перагледжанае, або ўласнае павярхоўнае веданне.
Падобнае можа здарацца з пісьменнікамі толькі ў сітуацыі, якую можна акрэсліць як «дзве радзімы – два патрыятызмы».
Аркадзь Куляшоў быў патрыётам дзяржавы, якая называлася СССР. Адначасова ён не пераставаў быць патрыётам сваёй «малой радзімы», якой у межах СССР была Беларусь.
Калі «дзяржаўны» патрыятызм савецкага паэта Аркадзя Куляшова цаніўся адпаведна таленту аўтара, то яго «мясцовы» мог сыходзіць у пэўных колах за факт светапогляднай абмежаванасці аўтара.
Невыпадкова шчыры сябра паэта Аляксандр Твардоўскі падкідаў яму ідэю пераходзіць на рускую мову.
Разважаў ён слушна. У плане кар’еры руская мова адкрывала зусім іншыя магчымасці: на некалькі парадкаў большыя тыражы і, адпаведна, ганарары, іншыя магчымасці друкавацца. Бацькавы перакладчыкі ў Маскве атрымлівалі за пераклад яго вершаў значна больш, чым ён у Беларусі за публікацыю ўласных. Да таго ж кожны буйны твор Куляшова прабіваў сабе дарогу да беларускага чытача толькі пасля таго, як быў надрукаваны ў перакладзе на рускую мову.
Марыя Іларыёнаўна, жонка Твардоўскага, як, магчыма, і ён сам, не раз задаваліся пытаннем пра непрактычнасць сябра: думка пра беларускі патрыятызм не прыходзіла ў галаву рускаму чалавеку. Яго патрыятызм не раздвойваўся на дзяржаўны і нацыянальны і не ўносіў у душу разладу, роднаснага амбівалентнасці.
Адсюль, я думаю, такое дзіўнае для адукаванай жанчыны і недарэчнае для знаўцы творчасці Аркадзя Куляшова меркаванне пра яго слабае валоданне рускай мовай. Насамрэч, бацька быў чалавекам бездакорнай граматнасці і валодаў рускай мовай не горш, чым беларускай. Не трэба забываць, што ён скончыў рускую пачатковую школу, бо яго родныя Саматэвічы, як і ўся Магілёўшчына, да 1926 года заставаліся ў складзе РСФСР.
А да Марыі Іларыёнаўны, думаю, трапіла нешта, напісанае рукой маёй маці, вясковай сіраты, якая пайшла ў школу дзесяцігадовай, што адбілася на яе пісьменнасці, тым больш, што ў далейшым мела месца двухмоўе. Вынікам стала «трасянка».
Драма беларускага грамадства ў тым, што ў свядомасці яе жыхароў здаўна патэнцыяльна існуе паняцце «дзвюх радзім». Яно спараджае паняцце двух патрыятызмаў, што ў лёсавызначальны момант расколвае грамадства. Насельніцтву краіны з такім геапалітычным статусам варта было б разумець, што яе жыхароў аб’ядноўвае лёс Беларусі, што ён – адзіная для ўсіх рэальнасць і надзея.