Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
1983 .....................................
У ДАРОГУ СЯБРУ
Успаміны Максіма Лужаніна
Па свежым следзе гора
Расстанне...
Мусіць, гэта самае цяжкае з усіх, створаных чалавекам, слова. Чутна ў ім ростань па каханні, развітванне перад вандроўкай і адыход назаўсёды.
Некалькі дзён мы ў расстанні з сябрам. Але ён тут, непадалёку, у сваім горадзе, толькі не можа зрабіць кроку, усміхнуцца, адказаць на тэлефонны званок.
У свеце вялікай паэзіі паменшала на адзін голас. Але які голас! Душэўны і разумны, смутны і вясёлы і, галоўнае, блізкі ўсім, усюды.
У нас, яго сяброў, стала менш яшчэ і на плячо. А якое плячо! Гатовае заўсёды памагчы, спагадлівае, надзейнае.
Непаўторнасць гэтага голасу нязменна чуецца і вылучае яго сярод іншых, надзейнасць яго пляча падпірае нас у дарозе. Пра паэта нельга гаварыць як пра адсутнага. Светлы ў паэтычным абліччы сваім застанецца ён для нас, калі перагарыць боль ад немагчымасці звярнуцца і паціснуць руку, а яшчэ святлейшы для тых, што прыйдуць пасля нас.
За дзень да так горка спасцігшай нас бяды ў нарачанскім піянерскім лагеры, непадалёку ад прыазёрнага дома паэта, на сустрэчу з літаратарамі сышліся не менш за паўтысячы маладых душ. Давялося сказаць ім: госцячы ў гэтых цудоўных мясцінах, прымайце ў душу як мага больш навакольнага хараства, тады і самі будзеце харашэць духоўна. Як паэты, што жывуць зусім поблізу на беразе Нарачы...
Тут было ўспамянута імя Аркадзя Куляшова, зала зварухнулася і прыціхла. Стала ясна, як моцна ўладаюць дзіцячымі сэрцамі «Камсамольскі білет», «Сцяг брыгады», «Прыгоды цымбал».
Зараз не пара дашуквацца сакрэту, чым бралі ў палон творы Аркадзя Куляшова. Можа, гэта і не сакрэт зусім, а тое гарманічнае і арганічнае спалучэнне пачуцця, думкі і слова, якое становіцца паэзіяй незалежна ад волі аўтара.
Куляшоў уладна гаспадарыў над сваімі тварэннямі, яны не выходзілі з-пад яго волі, застаючыся ў той жа час здабыткамі высокай паэзіі, непасрэднай, шчырай, усхваляванай.
Аднойчы, на ад’ездзе ў падмаскоўны санаторый, ён расказваў, як ні дзіўна гэта, змест (!) будучай паэмы «Варшаўскі шлях». Не толькі разгортваў задуму і ўводзіў у настрой, а падрабязна выкладаў, што будзе сказана ў кожным раздзеле і нават у паасобных строфах.
Былі пяройдзены, як мне здалося, дазволенага для допуску ў твор, калі ён жыве больш ва ўяўленні, бродзіць і ў пэўнай ступені застаецца за заслонай для самога аўтара. Кожны старонні дотык, хай сабе толькі вынясенне на іншыя вочы і вушы, можа пашкодзіць, нешта спрасціць, спудзіць асабліва запаветнае, цнатлівае, парушыць споведзь сам-насам перад чыстым небам і белым аркушам.
А перада мною быў развінуты твор у цэласці і на такой ступені работы, якую можна груба параўнаць з вышываннем: тканіна распялена, нацягнута, на канву ледзь-ледзь нанесены ўзор, трэба падбіраць адпаведныя колеры нітак, каб замацаваць малюнак у фарбах.
– Ну, вось, – пажартавалася тады, – ты вылажыў што, як і да чаго. Пакуль ты там будзеш лячыцца, вазьму і напішу паэму.
– Бадай што, напішаш. Ды ўсё роўна не так, як чуецца мне. Паспрабуй.
З тым і паехаў. У санаторыі не спачываў, вядома, не таму, што збаяўся, быццам нехта выперадзіць. Паэма даспела зусім, толькі сядай ды запісвай, і сапраўды праз месяц прыехала ў Мінск закончаная і разы са два ўласнаручна перастуканая на машынцы.
Мы шмат працавалі разам. Столькі гадоў, колькі трэба, каб прыдумаць сюжэты, запісаць іх, абмеркаваць разам з рэжысёрам, потым напісаць і зацвердзіць у многіх інстанцыях тры сцэнарыі, а пасля паставіць тры карціны. Гэта не так мала, як здаецца, у канечным разе не менш за пяць-шэсць гадоў.
Была яшчэ праца над дзесяткамі, калі не сотнямі сумесна ўхваленых і прынятых, праўленых і адхіленых сцэнарыяў. Апошніх было даволі многа, думаецца аднак, ніводзін з пацярпеўшых няўдачу аўтараў не крыўдаваў. Нават адмаўляючы што-небудзь, Аркадзь Куляшоў умеў падаць руку надзеі, абудзіць жаданне пачаць новую работу больш дасканала. А калі дзе-небудзь ён рабіў пралік, адразу ж гаварыў пра гэта.
Так было і са мною. Доўгі час ён не мог дараваць сабе зробленых пад гарачую руку ўпічак у адрас майго верша «Васілёк». Прыгадваў гэтае непаразуменне часта, у гаворках са мною і другімі паэтамі, не шкадаваў асуджэння сабе і сваім дарадцам. Нарэшце, знайшоў даўнейшае сваё выступленне, надрукаваў яго зноў, абвясціўшы, што ў адносінах да «Васілька» быў несправядлівы.
А ў артыкуле да мае шасцідзесятае гадавіны пералічыў, як высветлілася, знарок, да ведама крытыкі, амаль усе назвы маіх вершаў, якія цаніў асабліва, казаў, што, маючы столькі, можна ўвайсці ў некалькі літаратур. Я нязменна ўключаю ўкладзены ім спіс рэчаў ва ўсе кнігі выбранага – адбор быў суровы, прыдзірлівы, а з куляшоўскім густам не лічыцца нельга.
Захаваліся ў мяне сшыткі вершаў са слядамі зялёнага алоўка. Звычайна, паслухаўшы прачытанае ўголас, Куляшоў браўся за рукапіс і з алоўкам правяраў слыхавое ўражанне вачамі. Калі дзе-небудзь з’яўлялася адзнака, – папраўляй і не спрачайся, ён у нечым мае рацыю.
Пра ўпадабанае гаварыў скупа і заўсёды амаль аднолькава: гэтага ці гэтак яшчэ не было. Аднойчы праслухаў больш за дзесятак толькі што перабеленых вершаў і закурыў: «Усё – свежае». Аднак услед за ухвалай аспрэчыў маю трактоўку адной з’явы, я заўпарціўся на сваім, аднак у друк верш той не аддаў. Праз год перачытаў: праўда была не мая.